Вы тут

Бяспека перш за ўсё


Тэрарыстычны акт узрушыў мірную Канаду.


У нядзелю ў Ісламскі культурны цэнтр у Квебеку ўварваліся ўзброеныя людзі і адкрылі стральбу. Ёсць інфармацыя пра загінулых. Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо назваў тэрарыстычную атаку баязлівым нападам. Двое з нападаючых былі забітыя, аднаму, паводле папярэдняй інфармацыі, удалося ўцячы. Гэта самы гучны тэракт у Канадзе з моманту атакі 2014 года, калі тэрарысту ўдалося пракрасціся ў парламент.

Тэракт у Канадзе можа сыграць на руку новаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Ён якраз паспеў выдаць указ аб узмацненні жорсткасці іміграцыйнай палітыкі, які шырока абмяркоўваецца. Цяпер уезд у Злучаныя Штаты часова забаронены грамадзянам сямі мусульманскіх краін Блізкага Усходу і Афрыкі — Ірана, Ірака, Емена, Лівіі, Сірыі, Самалі і Судана. Нельга ўехаць з гэтых дзяржаў і ўладальнікам грын-карт (пасведчанняў на права жыхарства ў ЗША). Адразу пасля прыняцця ўказа сотні грамадзян гэтых краін перасталі пускаць на рэйсы ў ЗША і прадаваць ім білеты на палёты ў гэтым напрамку. Таксама ЗША на 120 дзён замарозілі праграму па прыняцці бежанцаў з Сірыі. Прэзідэнт Трамп абвясціў аб рашэнні стварыць мірныя зоны на тэрыторыі самой Сірыі, каб не прымаць больш бежанцаў на амерыканскай тэрыторыі. Указ падвергся шырокай крытыцы, у тым ліку і з боку вядомых прадстаўнікоў самой Рэспубліканскай партыі. Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы гарадоў. Сам амерыканскі прэзідэнт аб'явіў, што гэтая мера часовая, і праз тры месяцы татальныя абмежаванні супраць жыхароў сямі краін будуць знятыя. А палітыка выдачы амерыканскіх віз у дачыненні да жыхароў усіх краін будзе перагледжана.

На мінулым тыдні таксама адбылася тэлефонная размова Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным, якой многія чакалі ў надзеі, што напружанне паміж ЗША і Расіяй пры новым прэзідэнце пачне спадаць. Прыкметы гэтага ёсць — Дональд Трамп ужо некалькі разоў заявіў пра тое, што адмена санкцый магчымая. На жаль, у самой гутарцы тэма санкцый не абмяркоўвалася. Пазітывам стала тое, што бакі відавочна шукалі пункты для судакранання. Абмяркоўваліся канфлікты ў Сірыі і ва Украіне, падымаліся пытанні аб магчымасці асабістай сустрэчы і мерах па ўмацаванні эканамічных сувязяў. Сама працягласць размовы — 45 хвілін — дазваляе спадзявацца на змены да лепшага ў будучыні. Бакі з'яўляюцца аб'ектыўнымі саюзнікамі ў барацьбе з сусветным тэрарызмам, якая мае такое вялікае значэнне для новага амерыканскага прэзідэнта.

Калінінградская вобласць і Вільнюская вобласць сталі аб'ектам абмеркавання ў выступленнях двух парламентарыяў — Літвы і Расіі. 20 студзеня дэпутат сейма Літвы, Лінас Бальсіс, вядомы за межамі краіны больш як былы прэс-сакратар літоўскага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ, заявіў пра неабходнасць абмеркаваць пытанне аб адлучэнні Калінінградскай вобласці ад Расіі, у сувязі з тым, што яна не была перададзена Расіі назаўсёды. Першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Уладзімір Джабараў 29 студзеня ў адказ прапанаваў вярнуць Расіі Вільнюскі край, які ўвайшоў у склад Літвы толькі па выніках Другой сусветнай вайны. Гэтая віртуальная дыскусія стала яшчэ адным пацвярджэннем таго, што некаторыя палітыкі ЕС зусім не нацэлены на пошук кампрамісаў у стасунках з Расіяй, якія маглі б садзейнічаць зніжэнню напружання ў рэгіёне, а, наадварот, шукаюць штучныя зачэпкі для абвастрэння праблем. У той жа час пазітывам з'яўляецца рост колькасці тых палітыкаў у Еўрасаюзе, якія гатовыя ісці курсам на аслабленне напружанасці. У пачатку мінулага тыдня кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта заявіў, што антырасійскія санкцыі «неэфектыўныя і шкодныя» і наносяць вялікі ўрон экспарту тавараў з Венгрыі. Ён спадзяецца, што санкцыі могуць змякчыцца, калі будзе ў наяўнасці курс на паляпшэнне адносін паміж ЗША і Расіяй.

Для еўразійскай бяспекі важна тое, што ў апошнія гады ўмацаваліся адносіны Кітая і Расіі. Пацвярджэннем таму сталі падзеі мінулага тыдня. 23 студзеня кітайская газета Global Tіmes напісала, што Кітай размясціў міжкантынентальныя балістычныя ракеты Dongfeng-41 (DF-41) у паўночна-ўсходняй правінцыі Хэйлунцзян, якая мяжуе з Расіяй. Крэмль дастаткова хутка адрэагаваў. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў ужо на наступны дзень заявіў, што «ваеннае будаўніцтва ў Кітаі не ўспрымаем як пагрозу нашай краіне». Ён таксама падкрэсліў, што Кітай з'яўляецца «нашым стратэгічным саюзнікам, нашым партнёрам і ў палітычным, і ў гандлёва-эканамічным плане». 25 студзеня на брыфінгу прэс-сакратар МЗС КНР Хуа Чуньін назвала інфармацыю аб размяшчэнні ракет здагадкамі карыстальнікаў Інтэрнэту. Пры гэтым яна адзначыла «вельмі пазітыўны, прамалінейны і канструктыўны» каментарый расійскага боку, які характарызуе высокі ўзровень даверу паміж краінамі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.