Вы тут

У Віцебску для людзей з псіхічнымі захворваннямі стварылі клубны дом


У Віцебску для людзей з псіхічнымі захворваннямі створаны спецыяльны клубны дом. 1 лютага — афіцыйнае адкрыццё з удзелам прадстаўнікоў улады. Будуць і цікавыя госці. Напрыклад, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, які стаў паспяховым прадпрымальнікам. А карэспандэнт «Звязды» атрымаў адтуль запрашэнне стаць валанцёрам.


Май­стар-кла­сы.

На добрым рахунку...

Клубны дом «Крылы надзеі» функцыянуе на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г. Віцебска. Гэта ўстанова вядомая тым, што тут укараняюцца перадавыя метады работы і актыўна выкарыстоўваецца найлепшы замежны вопыт.

— Летась на конкурсе «Брэнд года» (па выніках 2015-га) цэнтр быў удастоены бронзавага медаля ў намінацыі «Актыўная сацыяльная пазіцыя». На тым жа конкурсе дыпломам фіналіста была адзначана дзейнасць у прафесійнай намінацыі «Навука і адукацыя» — за стварэнне «Народнага сацыяльнага ўніверсітэта», — расказвае намеснік дырэктара Анатоль МІХАЙЛАЎ.

Установа з'яўляецца яшчэ і вучэбным навукова-кансультацыйным цэнтрам. Тут праводзяцца лекцыі, семінары, «круглыя сталы», сустрэчы ў незвычайных фарматах: «Ореn Space» і «Сусветнае кафэ». Паспяхова рэалізуецца праект «Танцы на калясках».

Цэнтр — «лабараторыя» для навуковых даследаванняў. Тут вядзецца навукова-інавацыйная работа, рыхтуюцца даследчыя праекты. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава праходзяць у цэнтры практыку, пішуць дыпломныя работы... Былы міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна не раз давала высокую ацэнку дзейнасці супрацоўнікаў гэтай установы і валанцёраў.

Цяпер тут укараняецца чарговы кірунак дзейнасці.

— Мы маем гонар першымі ў вобласці распачаць новую форму работы з жыхарамі не толькі нашага раёна, але і ўсяго горада. Трэба стварыць аптымальныя ўмовы, каб людзі з псіхічнымі расстройствамі адчувалі ўвагу да сябе не толькі з боку медыкаў. Каб маглі знайсці месца ў грамадстве, — каментуе намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Вольга ГУРЧАНКА.

Ды­рэк­тар клуб­на­га до­ма Але­на Ба­ры­ла.

Як на Захадзе

Клубны дом — сацыяльная служба для людзей з псіхічнымі захворваннямі. Асноўная мэта — дапамагчы ім жыць паўнавартасным жыццём. Сотні падобных «клубаў» дзейнічаюць прыкладна ў 40 краінах. І штогод ствараюцца дзясяткі новых.

А першы з'явіўся ў 1948-м у Нью-Ёрку. Людзі, якія лячыліся ў псіхіятрычнай клініцы, аб'ядналіся для стварэння групы самадапамогі. Яе назва з англійскай перакладаецца як «Мы не адзінокія». З часам група стала інавацыйнай супольнасцю. Праз некалькі гадоў валанцёры дапамаглі ёй купіць будынак. Арганізацыю перайменавалі ў «Фантан Хаус». Кіраўнік атрымаў грант ад Нацыянальнага інстытута псіхічнага здароўя ЗША — на распрацоўку трэнінгавай праграмы, каб распаўсюджваць вопыт...

«Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў» выявіла, што выдаткі на работу двух супрацоўнікаў клубнага дома, якім дапамагаюць валанцёры, роўныя месячнаму знаходжанню пацыента ў стацыянары. А ў 60% тых, хто наведвае клубы, працягласць лячэння скарачаецца на трэць. Такім чынам, можна сэканоміць бюджэтныя сродкі.

У Беларусі клубныя дамы створаны ў сталіцы (у 2011-м), пазалетась — у Брэсце. А пасля віцяблян плануюць працягнуць эстафету гродзенцы.

Праект рэалізуецца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў у супрацоўніцтве з Парытэтным сацыяльным псіхіятрычным цэнтрам і клубным домам «Ластаўчына гняздо» (Мюнхен) пры падтрымцы нямецкага фонду «Акцыя — Чалавек».

Вучацца і вучаць...

Клубны дом афіцыйна справіць наваселле ў канцы студзеня — у некалькіх пакоях былога прытулку для непаўналетніх. Пакуль што члены клуба збіраюцца ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.

— Працуем штодня, акрамя выхадных. Можам сабрацца і на святы. У штаце я і сацыяльны работнік. Дапамагаюць валанцёры, якіх усё больш. У тым ліку гэта і псіхічна нездаровыя людзі. Сярод тых, для каго створаны клуб, людзі розных узростаў. І нямала вельмі адораных. Напрыклад, хлопец Барыс захапляецца камп'ютарамі і пажадаў вучыць камп'ютарнай грамаце, весці клубную старонку ў інтэрнэце. 32-гадовы Іван — чалавек з «залатымі рукамі». Сказаў, што гатовы нешта рамантаваць, мэблю збіраць. Прызнаўся, што не хоча тупець ля тэлевізара без працы. Ігару за 40 гадоў, у яго дзве вышэйшыя адукацыі. Ганна «на хаду» прыдумвае вершы, — тлумачыць дырэктар віцебскага клубнага дома «Крылы надзеі» Алена БАРЫЛА.

Для членаў клуба арганізуюць экскурсіі, наведванні тэатраў, майстар-класы. Напрыклад, вучыліся рабіць ёлкі с цеста, 3D паштоўкі. Вучацца кухарыць, выступаць у нумарах мастацкай самадзейнасці.

Важна, што клубны дом дапамагае знайсці працу. На старонцы на сацыяльным рэсурсе ёсць інфармацыя пра вакансіі. У прыватнасці, шукалі маляра вырабаў з дрэва з зарплатай 350 рублёў. Гэта вакансія і для тых, хто гатовы стаць вучнем. Столькі ж прапаноўвалі кур'еру, сартавальніку драўнінных матэрыялаў і вырабаў з дрэва. А на 50 рублёў больш — рамшчыку.

— Асаблівасць нашай дзейнасці ў тым, што нас не цікавіць дыягназ, мы не патрабуем даведак з дыспансера. Вы таксама можаце ўступіць у клуб. Чаму б не весці курс па азах журналістыкі? Цікавіцеся псіхалогіяй? Раскажыце і пра гэта, — прапанавала дырэктар.

У планах дабрачынныя акцыі для збору грошай на патрэбы клубнага дома. Яго члены зоймуцца і прапагандай таго, што людзі з праблемамі псіхікі могуць прыносіць карысць грамадству. Яны маюць права не быць чужымі і абузай, атрымаць шанц рэалізаваць сябе.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Клуб дае шанц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?