Вы тут

"Роднай прыродзе" спаўняецца 45 гадоў!


Фота Аляксандра Батуры

Першыя нумары «Роднай прыроды», якія пабачылі свет у 1972 годзе, – гэта інфармацыйна-метадычны бюлетэнь Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па ахове прыроды, Прэзідыумаў Рэспубліканскіх таварыстваў аховы прыроды, паляўнічых і рыбаловаў, камісіі па ахове прыроды АН БССР. За больш чым чатыры дзесяцігоддзі часопіс трансфармаваўся з метадычнага выдання для спецыялістаў у грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны экалагічны часопіс для шырокай чытацкай аўдыторыі. На ім выраслі пакаленні экалагічна адукаваных беларусаў.

Зараз часопіс выглядае вельмі прэзентабельна: мелаваная папера, поўнакаляровы друк. І ўсё, ж якім бы прыгожым не было афармленне, галоўнае – змест выдання. Дарэчы, часопіс выдаецца на дзвюх мовах – беларускай і рускай.

“Мы вельмі цэнім усе тыя магчымасці, якія даюць сучасныя тэхналогіі, але ў нашым часопісе вы не знойдзеце публікацыі, падпісанай “па матэрыялах сеткі інтэрнэт”, – кажа галоўны рэдактар часопіса Алена Стэльмах. – Журналісты атрымліваюць інфармацыю толькі з першакрыніц”. Сярод экспертаў часопіса – супрацоўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтральнага Батанічнага саду, іншых профільных арганізацый.

У цэнтры ўвагі часопіса ўсе гэтыя гады: узаемаадносіны чалавека з прыродай, наступствы негатыўнага ўплыву безгаспадарчых адносін да навакольнага асяроддзя, аб'яднанне аднадумцаў – абаронцаў прыроды.

У часопісе можна знайсці самую разнастайную інфармацыю аб флоры і фаўне Беларусі, дзякуючы эксклюзіўным фотарэпартажам адкрыць для сябе непаўторную прыгажосць роднай прыроды, здзейсніць завочнае падарожжа па ўнікальных мясцінах Беларусі.

Вядомыя этнографы знаёмяць чытачоў з народнымі прыметамі, заснаванымі на прыродных з’явах. Новыя рубрыкі пашыраюць геаграфію публікацый пра прыроду іншых краін.

Фота Андрэя Шымчука

Добры часопіс той, які захоўваецца ў падпісчыкаў з пазнакамі пра найбольш цікавыя для іх публікацыі. Мы дакладна ведаем, што рэкамендацыі нашых спецыялістаў папулярныя ў дачнікаў і пчаляроў, рыбакоў і аматараў "ціхага палявання". Шмат карыснага знаходзяць для сябе прыхільнікі лекавых раслін.

Вялікі раздзел часопіса прызначаны для юных чытачоў – тут тэматычныя казкі і загадкі, “Почемучка” для самых маленькіх. І галоўнае – спецвыпуск “Юны натураліст” для школьнікаў. “ЮН” – гэта шмат карыснай інфармацыі, неабходнай пры падрыхтоўцы вучнямі хатніх заданняў па біялогіі, геаграфіі. Прыцягвае ўвагу маляўнічы постэр з фотаздымкамі жывёл, насякомых, раслін з “Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь”. Па сутнасці, “Юны натураліст” – гэта другі часопіс пад адной вокладкай.

“Для нас вельмі важна зваротная сувязь з чытачамі, таму існуе добрая традыцыя праводзіць творчыя конкурсы, – кажа Алена Стэльмах. – Надта парадавалі ўдзельнікі конкурсу фатаграфій “Краявіды малой Радзімы”. Калекцыя іх здымкаў – зачараванне нашай любімай Беларуссю”.

Сучаснага чытача “Роднай прыроды” ўсё больш цікавіць экалагічная чысціня навакольнага яго свету, і ён сам схільны творча падыходзіць да свайго побыту. У дапамогу нашым чытачам – рубрыка «Экапарады ад Машы Зялёнай».

Выбар хатняга гадаванца, яго выхаванне – няпростая задача, у часопісе нямала падказак, як з гэтым добра справіцца. Ёсць свае прыхільнікі і ў рубрыкі «Акварыумістыка для пачаткоўцаў».

У 2017 годзе чытачоў чакаюць новыя займальныя праекты. “У студзеньскім нумары запрашаем нашых сяброў у “Школу юнага Рабінзона”. Весці ўрокі будзе Аляксандр Піскуноў, – чалавек у лесе бывалы. Акрамя таго, Аляксандр Уладзіміравіч напісаў шмат кніг пра прыроду, беражлівае стаўленне да яе. У нашай школе чытачы даведаюцца, як арыентавацца на мясцовасці, здабываць агонь без запалак, будаваць найпростыя хованкі, – распавядае Алена Стэльмах. – Таксама запрашаем у займальнае падарожжа па музеях прыроды, у тым ліку школьных.

Фота Георгія Гулеўскага

“Мой родны кут, як ты мне мілы ...” – хто не памятае гэты ўзнёслы радок класіка? Колькі пяшчотных фарбаў і замілавання ў ім! У новай рубрыцы часопіса “Паэзія жывых гукаў” беларускія пісьменнікі раскажуць пра прыроду, як найлепшую крыніцу натхнення, прадставяць сваю творчасць”.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.