Вы тут

Як у Брэсцкім раёне вядзецца прафілактыка афрыканскай чумы свіней


Адна старшыня сельскага Савета — праўда, не ў Брэсцкім, а ў іншым раёне вобласці, дзе свінакомплекс уступіў у строй адносна нядаўна, — так характарызавала работу па забароне пагалоўя свіней на асабістых падворках: «Амаль да баявых дзеянняў даходзіць». Што і казаць, працэс барацьбы за чысціню хлявоў ад традыцыйных у вёсцы свіней у так званай буфернай зоне ідзе напружана. Ну што за справа ўмоўнай бабцы Мані да вашай фермы прамысловых маштабаў?! Яна прывыкла пад Каляды кабанчыка на падворку асвежаваць, ды каб унукі з горада прыехалі, ды ў сумку ім свежых каўбас: і пальцам пханай, і крывянкі, і вантрабянкі — пакласці. І так было ўсё жыццё. А тут раптам — нельга.


Адна супраць дзевяноста тысяч

— І бабку шкада, асабліва, калі заходзіш на падворак, а яна ледзьве не галосіць. Але ж нічога не зробіш. Не вартая адна свіння пагалоўя колькасцю 90 тысяч, — гаворыць намеснік галоўнага ўрача ветэрынарнай станцыі Брэсцкага раёна Аксана ЧАПУЛЯНЕЦ. — Менавіта столькі сёння налічваецца на свінаводчым комплексе «Заходні», які размешчаны на тэрыторыі Матыкальскага сельсавета. Тут жа, дарэчы, ёсць яшчэ адна свінаферма, хоць у дзясяткі разоў меншая — пагалоўе сялянска-фермерскай гаспадаркі «Прыбужскае» ў вёсцы Чылеева вымяраецца недзе дзвюма тысячамі.

Як вядома, і ў нашай краіне фіксаваліся асобныя выпадкі афрыканскай чумы свіней (АЧС), і ў суседніх дзяржавах такія ўспышкі адбываюцца рэгулярна, таму і прымаюцца асаблівыя меры бяспекі. Пастановай Савета Міністраў ад 28 жніўня 2013 года зацверджана ўсталяванне буфернай зоны вакол свінагадоўчых комплексаў — гэта значыць, тэрыторыі, на якой разводзіць свіней у прыватным сектары забараняецца. Пазней прымаліся і ўдакладняліся іншыя нарматыўныя дакументы па названай тэме. Сённяшняя буферная зона Брэсцкага раёна ўстаноўлена на падставе рашэння райвыканкама, якое было прынята два гады
таму, у студзені 2015 года. Такім чынам, у зону забароны свіней трапіла дзевяць вёсак Матыкальскага сельсавета: Вялікія і Малыя Матыкалы, Нехалсты, Вялікая і Малая Ракавіца, Чылеева, Заполле, хутары Матыкалы і Збарамірава, а таксама пяць вёсак суседняга Лышчыцкага сельсавета: Малыя Шчытнікі, Лышчыцы, Новыя Лышчыцы, Астрамечава, Кашылава. Гэта тэрыторыя з насельніцтвам у невялікі райцэнтр. Таму работа па прафілактыцы праводзіцца вялікая.

Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Сяргей КУПРЫЯНАЎ паведамляе, што пачыналі, вядома, з асветы і тлумачэнняў. Найперш праз сродкі масавай інфармацыі паведамлялі сяльчанам пра небяспеку і каварнасць афрыканскай чумы свіней, якая ў лічаныя дні здольная выкасіць любое па колькасці пагалоўе жывёлы. Абараніць ад захворвання прыватную свінку практычна немагчыма. Вірус перадаецца найперш праз кармы, якія не прайшлі дастатковую цеплавую апрацоўку, а значыць, прыгатаваныя ў хатніх умовах. Менавіта кармы тояць у сабе галоўную пагрозу. Любое кукурузнае поле сёння могуць наведаць дзікі, якія пакінуць на ім адходы сваёй жыццядзейнасці, і корм з кукурузы становіцца патэнцыяльна небяспечным. Яшчэ вірус пераносяць грызуны: мышы, пацукі. І калі пагалоўе дзікоў у лесе хоць бы ўмоўна кантралюецца, то дробных разносчыкаў заразы кантраляваць немагчыма. Яны могуць пагрызці караняплод, а таксама пранікнуць у любы прыватны хлеў і паесці са свінога карыта, і гэтага будзе дастаткова для перадачы віруса. Таму выхад застаецца толькі адзін — не трымаць свіней.

Ад асветніцкай гутаркі да санкцыі пракурора

У вёсках найперш правялі сельскія сходы, на якіх, як няцяжка здагадацца, людзі не выказалі захаплення ад новых парадкаў вядзення прыватнай гаспадаркі. Але былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны, і працэс увасаблення ў жыццё рашэння выканкама пайшоў. Нельга сказаць, што ўсе і адразу пазбавіліся ад прывычных у гаспадарцы парсючкоў.

У раёне створана рабочая група па абходу асабістых падворкаў грамадзян, якія пражываюць у буфернай зоне. У яе склад увайшлі прадстаўнікі ветстанцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС, ЖКГ, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і абодвух сельвыканкамаў. Раз у квартал названая група абходзіць падворкі вяскоўцаў.

— Гэтыя рэйды спачатку людзі ўспрымалі напружана, зараз ставяцца з большым разумен-
нем, — расказвае Аксана Чапулянец. — Рэйды ў большасці сваёй носяць асветніцкі характар, з вяскоўцамі гутараць, нагадваюць аб неабходнасці вымушаных мер. А гаспадарчыя пабудовы спецыялісты аглядаюць на прадмет утрымання свіней толькі са згоды грамадзян. Калі ж ёсць папярэдняя інфармацыя, што, напрыклад, пэўны грамадзянін парушае забарону, тады бярэцца санкцыя пракурора. Даводзіцца прыбягаць і да такіх спосабаў агляду.

На жаль, парушэнні раз-пораз выяўляюцца. Так за 2016 год было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці пяць чалавек. У якасці спагнання за парушэнне забароны прадугледжана ад папярэджання да штрафу у памеры ад адной да 20 базавых велічынь. У кожным канкрэтным выпадку прымяняецца пэўная мера адказнасці. Бывае, выяўлена адна «крымінальная» свінка ў хляве, знаходзілі і некалькі свінаматак з парасятамі ў адной з гаспадынь, як гэта здарылася летась.

Вядома, групе спецыялістаў, якая ходзіць па падворках, не пазайздросціш. Службовым асобам даводзіцца чуць у свой адрас і пагрозы, і праклёны. І яшчэ аб адной непрыемнай рэчы расказалі ў рабочай групе. Здараюцца прыкрыя выпадкі, калі адзін сусед хоча «пажартаваць» над другім і ананімна заяўляе пра парушэнне ім забароны. Кампетэнтныя асобы прыязджаюць на месца, а там нічога няма, значыць, выклік фальшывы. Калі такія «жартаўнікі» будуць выяўлены, яны панясуць адказнасць.

Ці таварыш гусь свінні?

Многія людзі, як ужо гаварылася, хваравіта ўспрынялі забарону. У пачатку кампаніі па ўсталяванні буфернай зоны было нямала зваротаў у органы ўлады, на прамыя лініі, у тым ліку да старшыні аблвыканкама. І кіраўнік вобласці заўсёды падкрэсліваў, што забараняючы, трэба прапаноўваць сельскім гаспадарам нейкую альтэрнатыву.

Старшыня Лышчыцкага сельскага Савета Іна ДЗЯЧЭК расказала, што з самага пачатку мясцовая ўлада прапаноўвала сялянам пераключыцца на птушкагадоўлю. У першы год забароны, успамінае Іна Анатолеўна, дамовіліся з Мінскай птушкафабрыкай і прадалі ў Лышчыцах больш за тры тысячы куранят. Налета ахвотных купляць маладняк курэй стала менш, людзі самі сталі вызначаць прыярытэты падсобнай гаспадаркі, хто пераключыўся на трусагадоўлю, хто стаў разводзіць бройлерных індыкоў. Цяпер купіць маладняк не праблема, прыватныя гандляры па заяўцы прывязуць колькі захочаш куранят ці індычанят.

У буферную зону трапілі дзве найбуйнейшыя вёскі сельсавета — Астрамечава і Новыя Лышчыцы з насельніцтвам каля трох тысяч чалавек. Вядома, былі праблемы, і не малыя. «Але некаторыя гаспадары ўжо пераключыліся на развядзенне іншай жыўнасці і не скардзяцца», — кажа старшыня сельвыканкама.

Уладзімір ЛЕТАШКОЎ, старшыня Матыкальскага сельскага Савета паведаміў карэспандэнту газеты, што ў 10 населеных пунктах сельсавета прыватнікі могуць разводзіць свіней, дзевяць вёсак, у тым ліку Матыкалы, трапілі пад забарону. Апошнім часам тут паспяхова разводзяць курэй, гусей, індыкоў, качак, крыху займаюцца трусагадоўляй.

— Раней, — адзначыў кіраўнік мясцовай улады — тая самая ўлада настойліва прапаноўвала грамадзянам набываць маладняк свіней, а цяпер сталі забараняць. Вядома, былі і скаргі, і нараканні, і незадаволенасць, першая хваля якіх, на шчасце, схлынула. Праводзім работу, тлумачым, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — Што значыць адным вірусам знішчыць пагалоўе «Заходняга»? Гэта не толькі велізарныя эканамічныя страты, гэта больш за тысяча чалавек без працы і сродкаў да існавання, у тым ліку іх сваякі і аднавяскоўцы. Комплекс знаходзіцца за пяць кіламетраў ад Матыкалаў. Сюды, дарэчы, сельгаспрадпрыемства перанесла свой фірменны магазін, дзе прадукцыя прадаецца крыху танней, чым у іншым рознічным гандлі.

А адну даўнюю праблему Матыкалаў, можна сказаць, вырашыла забарона. Тут вельмі шчыльная забудова, горад побач, але ж гэта ўсё роўна вёска. І шэраг гаспадароў займаліся вясковым промыслам — свінагадоўляй. У некаторых колькасць парасят даходзіла да 50—70. Можна сабе ўявіць, як было пры гэтым суседзям — летам вокны адкрыць нельга. Таму бясконцымі сталі скаргі, а то і разборкі з удзелам сельвыканкама... Цяпер праблема вырашылася аўтаматычна. Гаспадары цяпер разводзяць курэй ды гусей.

Афрыканская чума свіней (АЧС), або хвароба Мантгамеры — высокакантагіёзная вірусная хвароба свіней. Вядома больш за 100 гадоў. Лячэння ад яе не існуе. Пры заражэнні ўсё пагалоўе знішчаецца і спальваецца. У Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі АЧС у 2013 годзе на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна і ў філіяле «Лучоса» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў». У красавіку 2013 года ў Баранавіцкім раёне на комплексе «Усходні» было знішчана 20 000 свіней. Афіцыйна аб'яўлена пра захворванне на рэпрадуктыўна-рэспіраторны сіндром свіней, хоць чуткі хадзілі менавіта пра афрыканскую чуму.

Пастаянна з'яўляецца інфармацыя пра новыя зарэгістраваныя выпадкі падзяжу свіней ад афрыканскай чумы ў Расіі, Украіне, Польшчы, краінах Балтыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Зона адчужэння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».