Вы тут

Як у Беларусі аптымізуюць бюджэты сельсаветаў


Сёння кожны пяты бюджэт пярвічнага ўзроўню бездатацыйны, тры з пяці — з умераным узроўнем датацый і толькі кожны пяты — датуецца з вышэйшых бюджэтаў на 50 і болей працэнтаў. Гэта неблагі вынік, але яшчэ ёсць над чым працаваць. Пра заканадаўчыя меры, якія накіраваны на аптымізацыю бюджэтаў сельсаветаў, нам расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў — начальнік упраўлення мясцовых бюджэтаў Таццяна АСТРЭЙКА.


Размяркоўваем выдаткі

Увогуле ў структуры даходаў мясцовых бюджэтаў пераважаюць уласныя паступленні — яны складаюць у сярэднім каля 70%. А ў Мінску — амаль 100%. Мясцовыя бюджэты маюць адносна стабільныя і раўнамерна размеркаваныя крыніцы даходаў: падаходны падатак (з 2015 года стаўка падвышаная з 12 да 13%), падаткі на ўласнасць (цалкам залічваюцца ў мясцовыя бюджэты), падатак на дабаўленую вартасць (31% падатку, сабранага ў краіне, размяркоўваецца паміж рэгіёнамі згодна з колькасцю насельніцтва). Важна, што самі мясцовыя ўлады могуць уплываць на свае даходы. Так, напрыклад, з падаткам на ўласнасць — органы мясцовага самакіравання маюць права павышаць ці паніжаць стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць да 2,5 раза.

Каб у кожнага грамадзяніна быў роўны доступ да паслуг, часам рэспубліканскі бюджэт прадастаўляе фінансавую падтрымку ў выглядзе датацыі і субвенцый. У 2017 годзе такім чынам плануецца перадаць 3,2 млрд рублёў, што складае 19% выдаткаў рэспубліканскага бюджэту. Датацыі — асноўны від фінансавай падтрымкі мясцовых бюджэтаў (яны пераважаюць над субвенцыямі: 70% да 30%). Іх можна выдаткаваць па сваіх меркаваннях, а вось субвенцыі — толькі на канкрэтныя праекты. Напрыклад, на будаўніцтва інфраструктуры, рэабілітацыю тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1 студзеня 2016 года ўсе субвенцыі дзеляцца на аснове празрыстых правілаў. Пастановамі ўрада ўсталяваны парадак іх размеркавання.

Летась пачалі дзейнічаць адзіныя правілы размеркавання падатковых паступленняў паміж бюджэтамі згодна з нормай артыкула 28 Бюджэтнага кодэкса. Так, нарматывы адлічэнняў ад падаткаў у мясцовыя бюджэты захоўваюцца не менш за тры гады. Гэта дадае прадказальнасці. «Сельсаветам гарантавана, што гэты нарматыў будзе ўстойлівым. Для таго каб ён быў больш высокім, трэба працаваць і прад'яўляць эканамічныя разлікі».

Цяпер разглядаецца пытанне аб прадастаўленні мясцовым выканаўчым органам магчымасці прыцягваць арганізацыі, якія размешчаны ў населеных пунктах (незалежна ад формы ўласнасці), да выканання работ па добраўпарадкаванні тэрыторый, прылеглых да іх зямельных участкаў за кошт уласных сродкаў. Мяжа для выканання гэтых работ будзе складаць 50 м у бок вулічна-дарожнай сеткі. «Добраўпарадкаванне тэрыторый — асноўны аб'ём выдаткаў бюджэтаў пярвічнага ўзроўню і асноўная іх праблема. Рэалізацыя гэтай меры дазволіць некалькі знізіць нагрузку на мясцовыя бюджэты, размеркаваўшы яе часткова на прадпрыемствы. Гэта нармальна, калі арганізацыі прымуць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторый, на якіх яны працуюць».

Трэніруемся... на сабаках

Падатковая аўтаномія мясцовых органаў улады у нас невысокая, але яе стараюцца развіваць крок за крокам. Пакуль не ўсё атрымліваецца. Ёсць у нас мясцовы падатак за валоданне сабакамі. Раней яго памер усталёўваўся ў залежнасці ад вышыні сабакі ў карку. Адзін з раёнаў устанавіў такі ўзровень плацяжоў за валоданне сабакамі, што ён перавысіў кошт камунальных паслуг у месяц. Для таго каб абараніць насельніцтва ад такіх дзеянняў, у Падатковы кодэкс унесены змены: з 1 студзеня 2017 года ён стаў фіксаваны — 0,3 базавай велічыні. Пры гэтым захаваны павышаны нарматыў для сабак небяспечных парод — 1,5 базавай велічыні. Сёлета яшчэ адной навацыяй у гэтым кірунку стала тое, што мясцовым Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню прадастаўлена права на памяншэнне (раней было і на павелічэнне) — але не больш, чым у 2 разы — ставак такога падатку.

— Мая мара — што прыйдзе той час, калі нашы мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць адміністраваць на высокім прафесійным узроўні падатак на нерухомасць, — расказвае Таццяна Астрэйка. — Гэта буйны падатак, і для таго каб ён стаў мясцовым, як у іншых краінах, трэба патрэніравацца на «сабаках». Цяпер мы разам з навукоўцамі прапрацоўваем пытанні паэтапнага пашырэння падатковай аўтаноміі бюджэтаў першаснага ўзроўню. Напрыклад, мэтазгоднасць залічэння ў бюджэты першаснага ўзроўню адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў, збору за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, цалкам курортнага збору і збору з нарыхтоўшчыкаў. Акрамя таго, у мэтах зніжэння адміністрацыйных выдаткаў трэба рацыянальна ўзбуйняць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Мінскі аблвыканкам, напрыклад, дае магчымасць грамадзянам унесці свае прапановы ў гэтым кірунку. Мінская вобласць — лідар па ўзбуйненні адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Куды сродкі ідуць?

Міністэрства фінансаў вядзе актыўную работу па пашырэнні распаўсюджання інфармацыі аб мясцовых бюджэтах. На яго сайце размяшчаюцца звесткі аб бюджэтах усіх узроўняў. Плануецца, што ў хуткім часе з'явяцца карты і іншыя інтэрактыўныя прадукты. У карыстальніка будзе выбар: даверыцца меркаванням экспертаў Мінфіна і скарыстацца гатовай аналітыкай ці адкрыць бюджэт любога ўзроўню на свой густ.

— У ідэале трэба, каб на сайце кожнага выканкама або Савета дэпутатаў размяшчалася інфармацыя пра бюджэт гэтага рэгіёна. Калі мы кажам, што грошы выдаткаваны на капітальны рамонт, добра было б, каб мясцовыя органы расказвалі, што пабудаваны паліклініка ці дзіцячы сад, адрамантаваны дамы па такіх адрасах. Каб людзі адчувалі клопат, — тлумачыць Таццяна Астрэйка. — Кожны з нас з'яўляецца падаткаплацельшчыкам, і, па сутнасці, за гэтыя грошы мы купляем бюджэтныя паслугі. Таму важна, каб грамадзяне былі праінфармаваныя аб тым, як расходуюцца гэтыя сродкі, каб яны маглі зрабіць выснову, наколькі рацыянальна ўлада кіруе даходамі, якія ёй даверылі. Добра, калі б гэту ініцыятыву, якая рэалізуецца Мінфінам, падхапілі і ў рэгіёнах.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бюджэт ствараем разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?