Вы тут

Якая існуе альтэрнатыва гарачкапаніжальным?


Ібупрафен і парацэтамол адпускаюцца без рэцэпта, аднак іх нельга лічыць аднолькавымі, а ўжываць трэба з вялікай асцярожнасцю. Абодва выкарыстоўваюцца для зняцця высокай тэмпературы і ліхаманкі. Больш працягла ўжываюць ібупрафен — яго супрацьзапаленчы эфект можа праявіцца і праз нейкі час, прэпарат не толькі знімае боль, але і пазбаўляе ацёку, пачырванення. Парацэтамол жа не з'яўляецца нестэроідным супрацьзапаленчым прэпаратам, ліквідуе толькі боль.


Як і ў выпадку з любымі іншымі лекамі, тут не падыходзіць прынцып «чым больш, тым лепш». Перадазіроўка лекаў заўсёды небяспечная — не тое што палёгкі не будзе, можна наогул інвалідам застацца.

— Парацэтамол пры ўжыванні больш за 4000 мг у суткі і больш за 1000 мг за адзін раз можа парушыць функцыю печані, — расказала загадчыца 2-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Вольга ЯЧЭЙКА. — Зафіксаваны выпадкі найцяжэйшага пашкоджання печані, калі за адзін дзень чалавек ужываў 6 і болей таблетак, кожная з якіх па 650 мг. Акрамя таго, наяўнасць у арганізме нават невялікай дозы алкаголю павышае верагоднасць узнікнення праблем з гэтым органам.

Перадазіроўка ібупрафену (больш за 3200 мг у суткі і больш за 800 мг за адзін прыём) не менш разбуральная. Ібупрафен хоць і не прыводзіць да пячоначнай недастатковасці, але выклікае сур'ёзныя пабочныя эфекты, звязаныя з кішэчнікам або страўнікам. Можа ўзнікнуць унутранае кровацячэнне, бываюць ваніты, кашаль з кроўю. Хворым з язвай страўніка, іншымі захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту трэба з асцярожнасцю прымаць ібупрафен або аддаць перавагу парацэтамолу. Дарэчы, ён лічыцца больш бяспечным і для дзяцей.

Зніжаць тэмпературу цела неабходна толькі ў крытычных сітуацыях. У дзяцей да года гэта будзе павышэнне да 38 градусаў, у дашкалят — да 38,5 °С, у падлеткаў і дарослых — да 39,9 °С. Калі ж лічбы не дасягнулі піка, то для палёгкі можна выкарыстоўваць і народныя сродкі.

  • Напрыклад, абціранні звычайнай вадой пакаёвай тэмпературы або гарэлкай з 3-працэнтным воцатам 1:1. Можна рабіць і кампрэсы з тым жа складам. Тканіну, складзеную ў некалькі слаёў, змочваюць у растворы з воцатам або ў вадзе і накладваюць на лоб, лыткі і ўнутраны згіб локцяў.
  • Заліце шклянкай кіпеню 2 ст. лыжкі сухіх ягад маліны, дайце настояцца 15—20 хвілін. За паўтары-дзве гадзіны трэба выпіць тры такія шклянкі. Зніжаюць тэмпературу і свежыя ягады маліны.
  • Змяшайце ў роўных частках сухія ягады маліны і кветкі ліпы. 2 ст. л. сумесі заліце 2 шклянкамі кіпеню, гатуйце 5 хвілін на слабым агні. Адвар прымаць цёплым, па паўшклянкі 3—4 разы ў дзень.
  • 2—3 лыжкі свежых або замарожаных журавін расціснуць у шклянцы і заліць цёплай вадой. Такі морс можна ўжываць без абмежаванняў.
  • Сок і мякаць апельсіна таксама выдатны сродак ад тэмпературы. Можна нарыхтаваць парашок з цэдры і гатаваць пры высокай тэмпературы.
  • Сталовая лыжка лісця ажыны на шклянку гарачай вады плюс лыжка мёду.
  • Ешце вішню, грушы і кавун.
  • Выцісніце сок аднаго лімона, разбаўце гатаванай вадой напалову. Піце цёплым і працірайце паверхню скуры.
  • Сталовую лыжку здробненых галінак або ягад абляпіхі заліць 1,5 шклянкі кіпеню, гатаваць пад накрыўкай 15 хвілін, даць настояцца на працягу 2 гадзін.

Майце на ўвазе, што цукар часткова разбурае вітамін С, таму калі нейкія ягады падаюцца вам надта кіслымі, вазьміце лепей крыху мёду.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: А лоб гарыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».