Вы тут

Пра кальцый, цынк і медзь у нашым арганізме раскажуць валасы


Прычынай некаторых сур'ёзных захворванняў, страты валасоў або стомленасці могуць стаць таксічныя металы ў арганізме. А даведацца аб іх наяўнасці можна... па валасах, сапраўдным мінеральным пашпарце! Волас змяшчае ўсю інфармацыю пра мінеральныя рэчывы, што паступаюць у арганізм з ежай, вадой і паветрам.


— На падставе даследавання валасоў можна меркаваць пра нашы захворванні, шкодныя звычкі і ўмовы працы, — тлумачыць навуковы супрацоўнік навукова-даследчага сектара Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат біялагічных навук Юлія ЖЫЛЬЦОВА. — Неяк да нас звярнуўся чалавек з дэрматытам, прычыну якога ўрачы ніяк не маглі ўстанавіць. Мы выявілі ў валасах перавышэнне медзі, а пасля высветлілася, што ў гэтай сям'і не так даўно замянілі трубы на медныя. Перадазіроўка атрымалася, такім чынам, праз ваду. У валасах курцоў выяўляецца перавышэнне свінцу і кадмію, у алергікаў звычайна ў дэфіцыце цынк і кальцый, злоўжыванне алкаголем зніжае колькасць жыццёва неабходных калію, кальцыю, цынку, жалеза, магнію. Увогуле беларусам не хапае ў першую чаргу ёду, селену, медзі, цынку, назіраецца дысбаланс кальцыю, лішак якога таксама шкодны.

Вызначыць колькасць жалеза, кадмію, калію, кальцыю, марганцу, медзі, мыш'яку, нікелю, свінцу, стронцыю, тытану, хрому, цынку і іншых элементаў можна з дапамогай спектрометра энергіі рэнтгенаўскага выпраменьвання. Гэты апарат дазваляе выкарыстоўваць для даследавання не толькі валасы, але і прадукты харчавання, расліны, нават глебу...

Працэдура вымярэння займае гадзіны чатыры. Спачатку трэба ахвяраваць пасмай нефарбаваных валасоў, якім давядзецца прайсці працэдуру ачышчэння, здрабнення, склейвання і прасавання ў невялікую таблетку, якая і будзе даследавана. Выдадзеная пацыенту элементаграма будзе змяшчаць інфармацыю аб дэфіцыце/лішку шэрагу мікраэлементаў і іх суадносінах, а таксама рэкамендацыі па харчаванні. Дзякуючы правільнаму харчаванню можна атрымаць аптымальную колькасць мікраэлементаў без рызыкі перадазіроўкі.

«Сёлета мы пачынаем праект, які працягнецца да 2020 года і будзе праводзіцца разам з Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, — дадае Юлія Жыльцова. — Гэта будзе спроба прааналізаваць элементны склад у людзей рознага ўзросту і прафесій, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. Вынікам даследавання стануць рэкамендацыі па здароўезберагальных паводзінах з улікам элементных анамалій асяроддзя пражывання і жыццядзейнасці».

P.S. Прайсці даследаванне можна ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д. Сахарава па вул. Даўгабродская, 23/1, п. 304, тэл.: + 375 17 398 93 44.

Загаловак у газеце: Мінеральны пашпарт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».