Вы тут

Першае ў Беларусі ралі на трактарах прайшло ў Віцебскай вобласці


Напярэдадні Дня беларускай навукі жыхары пасёлкаў Парыж і Мосар сталі балельшчыкамі незвычайнага для нашай краіны спаборніцтва. Кіроўцы новай мадэлі трактароў МТЗ выпрабоўвалі свае машыны пагоднымі і прыроднымі ўмовамі. За гонкай гледачы сачылі з вышыні — відэакамеры на квадракоптарах перадавалі «карцінку» з трасы ў анлайн-рэжыме.


Калі на старце ўдзельнікі сустрэліся з цалкам знаёмай «перашкодай» і на поўнай хуткасці прамінулі кукурузнае поле, то далей пілоты сельскагаспадарчай тэхнікі па лёдзе пераадольвалі вадаём, шукалі брод у ямах з граззю і стараліся ўтрымацца на слізкім маршруце цераз лес.

У спаборніцтвах удзельнічала дзве каманды. У першай былі машыны, якія толькі сышлі з канвеера і прадстаўлялі Мінскі трактарны завод. Другая складалася з трактароў, якія працавалі ў сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласці. Акрамя агульнага заезду, кіроўцы новай тэхнікі паспелі згуляць у трактарны футбол вялізнымі мячамі. Яшчэ адным цікавым для гледачоў відовішчам стала «перацягванне каната». У выніку гусенічны трактар хоць і перакапаў зямлю побач з сабой, але здолеў зрушыць з месца свайго калёснага сабрата.

На фінішы ў пасёлку Мосар Глыбоцкага раёна экіпажы сустракалі віншаваннямі і падарункамі. А гледачы змаглі пафатаграфавацца на фоне магутнай тэхнікі і пасядзець у кабіне. Як адзначыў губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў, падчас першага ў краіне заезду на трактарах асноўнай задачай было паказаць сімбіёз прамысловасці і сельскай гаспадаркі, прадэманстраваць якасць тэхнікі і прафесіяналізм людзей, якія працуюць на ёй.

Ва УП «Паўночны» механізатар Мікалай Чухноў прыйшоў следам за бацькам і працуе ўжо каля 30 гадоў. Трактар МТЗ 3522 атрымаў гэтым летам, прычым асвоіў новую тэхніку настолькі, што стаў лепшым працаўніком раёна падчас пасяўной. Прадстаўляць Віцебскую вобласць на ралі мужчына адправіўся разам са сваім «жалезным сябрам», да фінішу прыйшоў трэцім.

— Наша тэхніка на гоначны балід непадобная. Трактар больш прыстасаваны цягнуць за сабою цяжкі агрэгат, таму самая высокая хуткасць, якую развівае «Беларус», — 39 кіламетраў у гадзіну. У лесе было і вузка, і слізка, так што абагнаць саперніка на гэтым участку не атрымлівалася. У асноўным, на маршруце абышлося без непрыемнасцяў, гразевую лужыну праскочыў так хутка, што нават запэцкацца не паспеў. Калі поле ўзворваеш, то, часам, трукі куды цікавейшыя даводзіцца выпісваць, — жартуе Мікалай. — Куды больш складана было ўтрымацца ў кабіне. Ехаць давялося папярок барознаў, прычым замест таго, каб скідаць хуткасць, трэба было наадварот, ціснуць на педаль.

Першае трактарнае ралі выклікала інтарэс у гледачоў і, па словах прадстаўніка МТЗ, можа атрымаць працяг у наступныя гады.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Трактарныя гонкі пад... Парыжам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?