Вы тут

Усевалад Шымаў: Краіна зноў апынулася паміж молатам і кавадлам


Для Беларусі гэты год у знешнепалітычным плане пачынаецца даволі цікава. Прэзідэнт дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб бязвізавым уездзе для грамадзян 80 дзяржаў свету, а Еўрасаюз выдзеліў грошы на лагеры для бежанцаў на нашай тэрыторыі. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з палітолагам Усеваладам Шымавым, дацэнтам кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ, і высветліў, як зменяцца нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, з Расіяй і ці варта чакаць патокаў мігрантаў у Беларусі.


Акно ў Беларусь

— Якой рэакцыі на бязвізавы ўезд варта чакаць ад Еўрапейскага саюза?

— Складана сказаць, бо пакуль што асаблівай рэакцыі з боку ЕС мы не назіраем. Размовы аб палягчэнні візавага рэжыму вядуцца ўжо даўно. Беларусь у гэтым плане знаходзіцца ў няпростым становішчы, таму што візы для нас вельмі дарагія, нават калі параўноўваць з Расійскай Федэрацыяй. Таму я думаю, што гэты крок быў разлічаны на тое, што з боку ЕС будуць зроблены нейкія дзеянні ў адказ. Будзем чакаць.

— Якое рашэнне з боку Беларусі можа з'явіцца ўслед за гэтым крокам?

— Гэта пытанне не толькі беларуска-еўрапейскіх адносін, але і беларуска-расійскіх. У расійскіх СМІ рэакцыя на гэты крок была неадназначнай, а пазней з'явіліся паведамленні, што расійскі бок увёў нагляд пасажыраў з Беларусі ў аэрапортах, чаго ўжо даўно не было. Паколькі мы з'яўляемся ўдзельнікам інтэграцыйных аб'яднанняў з Расійскай Федэрацыяй, то і візавая палітыка ў дачыненні да трэціх краін павінна мець узгоднены характар. Таму далейшыя дзеянні Беларусі ў гэтым кірунку залежаць ад пазіцыі Расіі. Улічваючы яе складаныя адносіны з краінамі ЕС, а таксама з ЗША, такія крокі беларускага боку могуць успрымацца досыць хваравіта. Неабходны баланс, які задаволіць усе зацікаўленыя бакі.

— Які, на ваш погляд, вектар развіцця для Беларусі больш перспектыўны — Еўразійскі эканамічны або Еўрапейскі саюз?

— Безумоўна, ЕАЭС, таму што ў гістарычным, культурным, моўным і эканамічным кантэкстах мы прывязаны да гэтага рэгіёна. Тут нашы традыцыйныя рынкі збыту, тут рэсурсная база для беларускай эканомікі.

Акрамя таго, мы бачым, што еўрапейская інтэграцыя сёння перажывае вельмі глыбокі крызіс. Еўрапейскаму саюзу цяпер не да пашырэння. Калі яшчэ 10 гадоў таму, у часы імклівага пашырэння ЕС, узнікала ідэя пераарыентавацца на Захад, то сёння цалкам відавочна, што ў Еўропе нас абсалютна не чакаюць, Еўрасаюзу мы як удзельнік аб'яднання не патрэбныя, таму адказ на пытанне відавочны. Вядома, нам трэба падтрымліваць максімальна добрасуседскія і цесныя адносіны, але казаць пра інтэграцыю ў Еўрапейскі саюз — абсалютна бессэнсоўна.

Адзінства народа і мяжы

— На свята Божага Нараджэння Прэзідэнт заявіў: «Мы нікому не можам аддаць гэтую зямлю і гэтую дзяржаву. Яна нам дасталася ў няпростай гістарычнай рэчаіснасці... Усевалад Уладзіміравіч, чаму менавіта цяпер зайшла гаворка аб адзінстве народа і дзяржаўных межаў?

— Гэтая тэма стала праяўляцца не цяпер. На мой погляд, яна здабыла павышаную актуальнасць з 2014 года. Цалкам зразумела, што гэтыя словы прагучалі ў кантэксце ўкраінскага крызісу, а таксама ў кантэксце пагаршэння адносін паміж Расіяй і краінамі Захаду. У выніку абвастрэння Беларусь апынулася, з аднаго боку, у звыклым, а з другога — у некамфортным становішчы паміж молатам і кавадлам. Таму ў гэтай сітуацыі патрыятычная мабілізацыя грамадства выглядае цалкам заканамернай.

— Каму можа быць адрасавана заява нашага дзяржаўнага лідара?

— Думаю, што яна мае шматбаковага, шматвектарнага адрасата. Заява накіравана на розныя бакі: на поўдзень, на поўнач, на ўсход і на захад. Але ў першую чаргу для нас актуальна геапалітычнае супрацьстаянне Захаду і Усходу, якое існуе ў нашым рэгіёне. Таму пасыл тут накіраваны як і ў бок ЕС і НАТА, Злучаных Штатаў Амерыкі, з якімі ў нас адносіны дастаткова праблемныя заставаліся і застаюцца, нягледзячы на ўсе дыпламатычныя манеўры, што апошнім часам робяцца, так і ў бок Масквы, таму што адносіны паміж Расіяй і Беларуссю апошнім часам таксама носяць досыць праблемны характар. Гэта значыць, з аднаго боку, мы саюзнікі, а з другога — наша інтэграцыя прасоўваецца даволі цяжка з-за пэўных несупадзенняў трактовак нашага супрацоўніцтва. Таму гэта сігнал для Масквы аб тым, што для беларускага боку саюзніцтва з Расіяй застаецца прыярытэтам, але яно павінна будавацца на цалкам раўнапраўных узаемапаважлівых парытэтных асновах.

Ці трэба баяцца бежанцаў?

— Нядаўна стала вядома, што Еўрасаюз прафінансуе будаўніцтва лагераў для бежанцаў у Беларусі. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні колькасць мігрантаў у нас павялічыцца. Наколькі рэальна паўтарэнне сітуацыі Германіі, дзе пастаянна адбываюцца беспарадкі?

— Здарылася пэўнае непаразуменне. Наколькі я разумею, гаворка ідзе не пра тое, што да нас будуць дасылаць мігрантаў з Афрыкі ці той жа Сірыі. Гаворка менавіта пра тое, што будуць створаны цэнтры для тых, хто незаконна перайшоў мяжу, трапіў у Еўрасаюз з тэрыторыі Беларусі. Мы гаворым пра грамадзян Украіны, Расіі, краін Сярэдняй Азіі. У прынцыпе праблема не новая, Беларусь выступае як транзітны калідор для рознага роду нелегальных мігрантаў ужо даўно. І я думаю, што перагаворы, вынікам якіх стала фінансаванне лагераў з боку ЕС, вяліся даўно. Зноў жа, наш Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што Беларусь з'яўляецца фарпостам, бар'ерам на шляху нелегальнай міграцыі. Таму тут гаворка ідзе не пра тое, што да нас будуць перасяляць тых нелегальных мігрантаў, якія праніклі ў ЕС з тэрыторыі Турцыі, Паўночнай Афрыкі.

— Як ставіцца да бежанцаў беларусам?

— Беларусы проста не сутыкаліся з гэтай праблемай, таму сфармуляваных адносін у нас да іх няма. Бежанцы — гэта заўсёды праблемы. Гэта дадатковая сацыяльная нагрузка, гэта цяжкасці крымінальнага характару. Зразумела, што яны выклікаюць негатыў. Тая напружанасць, якая ўзнікла ў Еўропе, цалкам заканамерная.

Іншае пытанне, што самі ўцекачы ў такой сітуацыі не вінаватыя. Бежанцы, як правіла, з'яўляюцца ахвярамі абставін. Лагеры могуць стаць рассаднікамі крыміналу, наркаманіі, але не таму, што гэта людзі такія, сапсаваныя ад прыроды, гэта не так. Жыццё паставіла іх у такія ўмовы. Таму бежанцы — гэта глабальная праблема, звязаная з дэфектамі глабальнага развіцця, калі людзі вымушаныя пакідаць свае месцы жыхарства.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?