Вы тут

Вялікая размова з Прэзідэнтам (анлайн)


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства праходзіла ў пашыраным фармаце пад агульнай назвай "Вялікая размова з Прэзідэнтам".

У ім прымалі ўдзел каля чатырох дзясяткаў журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. На сустрэчу былі запрошаны і шматлікія эксперты, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб'яднанняў. Яны таксама прымалі ўдзел у дыялогу па найбольш актуальных тэмах.

Прамая трансляцыя сустрэчы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі пачалася а 10 гадзіне. Яна вялась па тэлеканалах "Беларусь 1", "Беларусь 24" і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Тэлеверсія сустрэчы будзе паказана ў вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.


Цікавыя факты

Самая доўгая па часе прэс-канферэнцыя Прэзідэнта адбылася 29 студзеня 2015 года і доўжылася 7 гадзін 7 хвілін. Падчас яе пытанні задавалі журналісты беларускіх і замежных СМІ. Другое, трэцяе і чацвёртае месцы займаюць прэс-канферэнцыі для журналістаў рэгіянальных расійскіх СМІ 2014, 2016 і 2013 гадоў адпаведна. Кожная з іх працягвалася прыкладна 5,5 гадзін.

Штогадовыя сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ кіраўнік дзяржавы звычайна праводзіць у канцы ці пачатку года. Першая такая маштабная сустрэча (з беларускімі і замежнымі журналістамі) адбылася 30 снежня 2009 года. 


Беларускія СМІ падрыхтаваліся да "Вялікай размовы з Прэзідэнтам"

Тэлеканал "СТБ" у ранішнім эфіры даў агляд чаканняў журналістаў ад гэтага "круглага стала". Карэспандэнт "Звязды" Надзея Юшкевіч расказала, што плануе задаць пытанне пра адраджэнне малых вёсак. Гэту тэму Аляксандр Лукашэнка закранаў падчас свайго выступу на V Усебеларускім сходзе і прапанаваў бізнесменам паўдзельнічаць у развіцці родных сёл.

БЕЛТА дала магчымасць кожнаму задаць сваё пытанне Прэзідэнту. Для гэтага заходзьце на сайт агенцтва ці ў акаўнты сацыяльных сетак. Спытаць пра тое, што хвалюе, можна да пачатку прэс-каферэнцыі (да 10 гадзін).

Тым часам tut.by зрабіў сваю падборку актуальных тэм для абмеркавання з Прэзідэнтам. У топ-12 уваходзяць пытанні пра інтэграцыю ў ЕАЭС, карупцыю, эканоміку і новыя тэхналогіі.

Меркаванні экспертаў наконт "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" сабраны ў рэпартажы рэпарцёра АТН Белтэлерадыёкампаніі Веранікі Бута.

Так, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман расказаў, што такі фармат размовы заўсёды ўздымае ўзровень даверу. "Пасля таго, як пройдзе мерапрыемства, мы, магчыма, правядзем чарговае апытанне і ўбачым, вырас давер ці не".


zviazda.by вяла анлайн-рэпартаж. Наш карэспандэнт Надзея Юшкевіч перадавала з месца падзей.


17.25. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства — журналістам, экспертам, грамадскім, дзяржаўным і палітычным дзеячам. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" завяршылася. Яна працягвалася як ніякая папярэдняя доўга — 7 гадзін і 20 хвілін.


17.21. Прэзідэнт назваў сённяшні дыялог удалым і цяпер чакае выканання ўсіх зробленых даручэнняў.


17.20. Пытанне ад эксперта Аляксея Дзерманта пра беларускую мару. Па словах кіраўніка дзяржавы, беларуская мара — гэта "каб была капейка ў кішэні на ўсе патрэбы". А калі казаць пра дзяржаву ў цэлым — то каб было ціха, мірна, спакойна. Каб людзям было зручна жыць, каб цягнула вярнуцца на Радзіму. "Калі ваша душа будзе тут, значыць я нездарма пражыў сваё прэзідэнцтва", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


17.10. Прэзідэнт пракаментаваў нядаўні выпадак, калі жанчына забралася на будаўнічы кран. Адзначыў, што ставіцца да такога адмоўна, і падобнага кшталту пытанні трэба вырашаць цывылізывана. Аднак пры тым дадаў, што жыць разам з мінулым мужам і яго новай жонкай — гэта ненармальна.


17.08. Пабіты рэкорд! Да гэтага моманту самая доўгая па часе прэс-канферэнцыя Прэзідэнта адбылася 29 студзеня 2015 года і доўжылася 7 гадзін 7 хвілін.


17.01. Прэзідэнт адзначыў, што Мытны кодэкс Беларусь не падпісала, бо шмат што не працуе. На пытанне, ці будуць прыняты меры ў адказ на ўвядзенне Расіяй прыгранічнай зоны, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што “расіяне могуць быць упэўнены, што яны змогуць прыязджаць ў Беларусь”.


16.52. Да інтэрв'ю Прэзідэнт ставіцца неадназначна. З аднаго боку станоўча, з іншага — лічыць, што гутарку можна было б зрабіць лепшай. 


16.49. Журналістка са "Спутніка" запытала аб інтэрв'ю сына Мікалая. "Вы ведаеце маё стаўленне да дзяцей, асабліва да малодшага, — сказаў Прэзідэнт. — Ён не хоча быць прэзідэнтам, бо разумее, што гэта не цараванне, а няпростая праца".


16.41. З рук Прэзідэнта таксама можна атрымаць шакаладныя цукеркі без кансервантаў, а яшчэ — гарэлку з аднайменнай назвай. "Ад яе галава светлая, і нават раніцай не баліць, бо робіцца з выключна чыстай вады і спірту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


16.38. Прэзідэнту шыюць касцюм у атэлье для чыноўнікаў, а касцюм "Brioni" занадта дарагі. Туфлі — "Марко", і нават майткі беларускія!


16.37. Прэзідэнт паведаміў, што хутка з'явіцца шакалад ад яго імені. Без цукру.


16.35. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму больш даспадобы чырвоныя гальштукі ад беларускіх вытворцаў, але гэта не перайманне ад Трампа (амерыканскі прэзідэнт аддае перавагу гэтаму колеру).


16.26. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тарыфы ЖКП трэба павышаць так, каб чалавек ад іх не пацярпеў. Галоўнае – гэта прыбыткі насельніцтва. Калі яны будуць расці, тады людзі могуць падтрымаць гэты накірунак.


16.16. Палітычны аналітык Пётр Пятроўскі задаў пытанне пра тое, як сёлета будзе развівацца навука. "Навука павінна перш за ўсё служыць сваёй краіне". Палова з таго, што дасталося ад Савецкага Саюза, зараз непатрэбная. Прэзідэнт абазначыў кірункі для развіцця. Гэта фундаментальныя даследаванні, асабліва прыкладнога характару, навука ў ВНУ. У накірункі, у якіх нашы вучоныя маюць напрацоўкі, але развіваць пакуль не плануюць, можна прыцягваць замежныя інвестыцыі, і працаваць такім чынам.


16.06. "Давайце дадзім шанц усім спартыўным школам, але калі не будзе выніка, то не трэба разлічваць на дапамогу".


16.01. Максім Рыжанкоў, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта: “У выпадку, калі перамагае наша заяўка, у Латвіі будуць змагацца каманды паўночнага рэгіёну, а мы можам запрасіць да сябе каманду Расіі. Гэта дасць нам поўныя залы і прыток турыстаў”.


15.57. Карэспандэнт газеты “Прессбол” цікавіцца: якія шанцы ў нас правесці чэмпіянат свету па хакеі яшчэ раз? Шанцы вялікія, лічыць Прэзідэнт. Ёсць у Латвіі бізнесмены, якія гатовыя нам дапамагчы яго правесці.


15.56. Надзея Юшкевіч: Працуем ужо амаль 6 гадзін. У журналістаў усе яшчэ шмат пытанняў: адразу па некалькі рук узнімаецца пасля таго, як кіраўнік краіны адкажа на чарговае пытанне. Нагадаем, перад пачаткай размовы Прэзідэнт выказаўся, што працягласць сустрэчы будзе залежыць не ад яго, а ад журналістаў.


15.50. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначыў, што пытанне пра бязвізавы рэжым абмяркоўвалася адкрыта і расійскі бок ведаў пра падрыхтоўку гэтага рашэння. “Калі мы ўбачым, што рэжым працуе, мы зможам прапанаваць больш доўгі час для знаходжання іншаземцаў у нашай краіне”.



15.43. "Бярэзінскі запаведнік, возера Нарач – вось тыя мясціны, дзе можна сапраўды адпачыць. Мірскі замак, Брэсцкая крэпасць… Мы гатовы гэта паказаць свету. Беларусь – гэта адкрытая краіна".


15.40. Карэспандэнт “Першага канала” (Расія) запытаў, чаму безвізавы рэжым Беларусь увяла менавіта на пяць дзён і чым будзе прыцягваць турыстаў. Прэзідэнт адказаў, што такім чынам мы апрабуем падобны фармат. Наш скарб – гэта прырода і людзі. А для рускага чалавека абавязкова наведаць і Брэсцкую крэпасць.


15.29. Што тычыцца аплаты жыллёва-камунальных паслуг, то тут цэны павінны суадносіцца з заробкамі насельніцтва. У краінах, дзе сярэдняя зарплата вышэйшая, і кошты на ЖКП большыя.


15.27. Прэзідэнт узняў тэму ільготнага крэдытавання жылля. “У Мінску мы будаваць не будзем, — пракаментаваў Прэзідэнт. — Не хачу, каб мы ў сталіцу сабралі ўсю краіну. Варта развіваць рэгіёны".


15.21. Карэспандэнт БелТА агучыў пытанні, якія паступілі на сайт агенцтва. Яны тычацца эканамічнага плану. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым рэчышчы лічыць адной з найважнейшых тэму цэнаўтварэння. Ён паабяцаў надаць ёй асаблівую ўвагу.



15.09. Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, задаў пытанне пра “зніклых” беларусаў. Прэзідэнт адказаў, што калісьці адзін з такіх адшукаўся. Аднойчы прагучала заява, што знойдзена адна з магіл “зніклых”. Але целаў у ёй не было. "Спадзяюся, дзесьці іх сляды ёсць", - сказаў Прэзідэнт.


14.58. Пытанне задае Мікалай Радаман, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, кіраўнік агракамбіната “Сноў”, аднаго з самых паспяховых у краіны. Яго хвалююць формы ўласнасці ў сельскай гаспадарцы і акцыянаванне. 

На яго думку, ад гэтага залежыць, як будзе працавацца наступнаму пакаленню на зямлі.


14.47. Пытанне ад брэсцкай абласной газеты “Заря” аб прыцягненні інвестыцый у рэгіёнах. На думку Аляксандра Лукашэнкі, усе ўмовы для гэтага створаны і часам такія магчымасці людзі нават не здольныя выкарыстаць. Пытанне інвестыцый пераклікаецца з зямельным (з ім варта быць асабліва асцярожным). Але ў Беларусі шмат пустуючых участкаў, жытла, што трэба больш актыўна выкарыстоўваць.


14.39. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк"Незалежнасць – гэта і ёсць нацыянальная ідэя для Беларусі".


14.37. Аляксандр Лукашэнка: "Мы адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе нават сутыкненняў, па вялікім рахунку, не было. Мы павінны гэта захаваць".


14.29. "Я падпісваю загады аб смяротным пакаранні. Вы не ўяўляеце, што са мной робіцца. І я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе". Аляксандр Лукашэнка сказаў, што адчувае вялікую адказнасць, калі адхіляе просьбу аб памілаванні. Але, калі бачыш, што зрабілі гэтыя людзі, “кроў стыне ў жылах. Хто даў ім права забіраць чужое жыццё?"


14.26. "Жыццё такое кароткае - за яго трэба паспець нешта зрабіць".


14.22. У нашым грамадстве мовы не сталі каменем сутыкнення. "Я лічу, добра, што мне ўдалося пагасіць напал у грамадстве па мовах", - зазначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нельга дзяліць людзей па прынцыпе ведання беларускай мовы.


14.13. "Якім быў дэпутатам, такім застаўся Прэзідэнтам".


13.57. Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты "Народная воля", запытаў пра тое, пад які працэнт быў дадзены крэдыт аднаму з чыноўнікаў у Драздах. Прэзідэнт паабяцаў, што пацікавіцца гэтым пытаннем асобна. Але чыноўнікі таксама людзі, дадаў Аляксандр Лукашэнка, і іх варта падтрымліваць.


13.50. Прэзідэнт пра нацыянальную ідэю: "Патрэбна такая ідэя, каб яна захапіла ўсіх". 


13.49. Андрэй Крывашэеў, палітычны аглядальнік "Беларусь 1", задаў пытанне пра нацыянальную ідэю Беларусі. Па словах кіраўніка дзяржавы, пакуль ні ён, ні Анатоль Рубінаў, ні Аляксандр Радзькоў дакладна яе не сфармуляваў. Пакуль мы не прыйшлі да той кропкі, калі яна выстраліць, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. Да яе мусіць падвесці само жыццё. "Патрэбны час. Ён расставіць усё па сваіх месцах", — адзначыў Прэзідэнт.


13.42. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю аб правядзенні канферэнцыі. На яго думку, гэта дапаможа замежнікам стварыць аб’ектыўнае ўражанне аб нашай краіне.

13.38. Яўген Прэйгерман, эксперт Ліберальнага клуба, прапанаваў праводзіць штогадовую канферэнцыю па знешняй палітыцы. 


13.38. Прэзідэнт закрануў тэму лагераў для бежанцаў. Аляксандр Лукашэнка кажа, што мы папрасілі ў Еўрасаюза 7 мільёнаў долараў для "ізалятараў на мяжы". "Ніякіх лагераў па прыёме бежанцаў мы ніколі не будавалі і будаваць не будзем", падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 


13.37. Прэзідэнт вельмі грунтоўна адказвае на кожнае пытанне. З дадатковай інфармацыяй выступаюць прадстаўнікі ўраду. Эксперты, аналітыкі дзеляцца з Прэзідэнтам сваімі меркаваннямі па набалелых праблемах. З пытаннямі ад журналістамі і каментарыямі  сапраўдны ажыятаж.


13.35. Карэспандэнт Deutsche Welle спытала пра адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што трэба дамаўляцца. У Мінску з’явілася больш прадстаўнікоў дзелавых колаў Германіі. "Я з імі сустракаўся, і мы вядзем перамовы па стварэнні новых прадпрыемстваў". Галоўнае, каб нашы партнёры зразумелі, што Беларусь гэта суверэнная дзяржава.


13.29. "АЭС — гэта новыя тэхналогіі. Мы не можам увесь час хадзіць у лапцях"


13.27. Аляксандр Лукашэнка: "Чаму ў Беларусі не можа быць АЭС? Яе будуе Расія — атамная краіна. Яны ў выніку таксама вельмі зацікаўлены, каб паказаць новае пакаленне атамных станцый, самых бяспечных".


Лукашэнка: Ніводны камень у бок рускага чалавека кінуты не будзе


13.22. Аляксандр Лукашэнка: "Калі б мы маглі атрымліваць крэдыты на Захадзе, гэта было б добра. Але пытанні бяспекі стаяць перад эканамічнымі".


Рассельгаснагляд адрэагаваў на даручэнне Лукашэнкі распачаць справу на Данкверта


13.17. Для таго, каб ажыццяўляць дыктатуру, трэба мець для гэтага рэсурсы. Напрыклад, ядзерную зброю. У Беларусі гэтага няма.


13.16. Палітолаг Аляксей Бяляеў спытаў пра адносіны Беларусі і Захаду. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў шматвектарнасць нашай палітыкі.


13.10. Палітолаг Кірыл Коктыш: "На еўразійскай прасторы трэба многія рэчы навучыцца рабіць сваімі рукамі. Можна пабудаваць магутныя сувязі на ўзаемазалежнасці. Напрыклад, калі узнікаюць кааперацыі па вытворчасцях. Гэта можа быць прывабна і для расійскага грамадства".


13.07. "Ні адзін рускі чалавек не паверыць, што Лукашэнка — вораг Расіі"



13.01. Палітолаг Кірыл Коктыш спытаў пра партнёрства Беларусі і Расіі. Зараз яно шмат у чым завязана на дыялогу лідараў двух дзяржаў. Тым часам неабходна больш задзейнічаць інстытуты, якія існуюць у Саюзнай дзяржаве. 
Гэта ўваходзіць у парадак дня ЕАЭС, — адзначыў Прэзідэнт. Эканоміка Беларусі стварала фінішную прадукцыю Савецкага Саюза. БелАЗ трымаў 35% сусветнага рынку і забяспечвалі ўсю постсавецкую прастору. "Эканоміка мяне падштурхнула да таго, што не трэба ірваць гэтыя сувязі".


12.54. Аляксандр Лукашэнка: "Мы не кралі, не прыватызавалі, па кішэнях не раскладвалі".


12.49. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што складана прабівацца на іншыя рынкі. Як можна на іх змагацца з расіянамі? Яны амаль усе захопленыя. І з Расіяй складана канкураваць. Звыклы для Беларусі рынак — постсавецкі. 


12.48. "Я ўжо не той Лукашэнка, што ў 38 гадоў".


12.45. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Дональд Трамп — гэта прэзідэнт Амерыкі, а не сусвету, і ўсю планету ён не пераверне. Такі кіраўнік дзяржавы — гэта выбар амерыканскага народу, а не кагосьці іншага.



12.39. Кожная дзяржава мае права прымаць тых, каго лічыць патрэбным. Чаму гэта мусіць насцярожваць? Прэзідэнт не бачыць нічога адмоўнага ў тым, што ў нашу краіну прыедуць замежныя турысты і правядуць тут некалькі дзён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Расіяй дакумент аб стварэнні памежнай зоны быў падпісаны раней за прынятае Беларуссю рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму.


12.34. Аляксандр Лукашэнка: "Ніякай вайны не будзе. Мы проста будзем абараняць сябе і сваю незалежнасць".


12.28. Прэзідэнт закрануў тэму прадуктаў харчавання і ўвядзення эмбарга. Па словах Прэзідэнта, беларускія тавары і перапрацовачныя заводы знаходзяцца на ўзроўні, вышэйшым за замежныя. Яны заўжды гарантуюць высокую якасць. Праблемы ў тым, каб перапрацоўваць не айчынную, а імпартуемую прадукцыю, Аляксандр Лукашэнка не бачыць. Бо гэта займае толькі 5-7% ад загружанасці вытворчасці.


12.19. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў нафтагазавыя пытанні з Расіяй. Прэзідэнт расказаў пра тэлефонную гутарку з Уладзімірам Пуцінам, прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, і сустрэчу з Дзмітрыем Мядзведзевым, прэм’ер-міністрам. Пра тое, як вырашалася грашовае пытанне па продажы і куплі нафты ды газу, пра кампенсацыю розніцы праз іншыя каналы. "Дамовіліся на той момант, каб урад давёў гэтыя пытанні да канца. Зрабіць не змаглі. Можа, там акцыі ў "Газпраме"?


12.10. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Расіі, напэўна, з’явілася насцярожанасць, што "Беларусь сыдзе". Але Уладзімір Макей, міністр замежных спраў, без згоды Прэзідэнта не вядзе перамовы ні ў Брусэлі, ні ў Вашынгтоне. "Расія — гэта святое. Мы з гэтай адной калыскі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Але ёсць дзве незалежныя дзяржавы. Хаця Беларусь не была ініцыятарам распаду СССР. 


12.06. Карэспандэнт МДТРК "Мир" спытаў пра адносіны з Расіяй напярэдадні паседжання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое плануюць правесці 9 лютага. "Гэта тэма вельмі вострая, — адзначыў Прэзідэнт. — Наша краіна блізкая з Расіяй, як і з Казахстанам. У апошні час сітуацыя развіваецца не лепшым чынам. У Расіі існуе шырокі спектр розных меркаванняў. У тым ліку прыхільнікі розных ідэй ёсць у кіраўніцтве, часам іх меркаванні разыходзяцца з меркаваннямі і рашэннямі прэзідэнта. Абвастрэнні адносінаў былі і раней. Без расійскай нафты мы абыдземся. Гэта будзе вельмі цяжка, але незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашыма". Знайсці выйсце можна і ў гэтай сітуацыі. Прэзідэнт нагадаў пра закупкі нафты ў Азербайджана і Венесуэлы.


11.58. Аляксандр Лукашэнка: "Пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе".


11.48. Прэзідэнт расказаў, што сапраўды шануе сваё прадпрыемства той, хто стварыў яго з нуля. Бізнесмены-прыватызатары прыходзяць і сыходзяць. У такіх прадпрымальнікаў няма трапяткога стаўлення да сваёй справы.


11.44. Прэзідэнт: "Крызіс перш за ўсё ў галаве".


11.41. "Я прыхільнік справядлівай палітыкі. У законах усяго не прапішаш", — адзначыў Прэзідэнт. У выпадках, калі ў законе ёсць недакладнасці, Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае паступаць справядліва.


11.40. Прэзідэнт: "Справядлівасць павінна быць пакладзена ў аснову ўсіх адносін, у тым ліку дзяржавы і чалавека".


11.35. Па словах кіраўніка дзяржавы, Савет па прадпрымальніцтве, які створаны пры Прэзідэнце, "дрэнна працуе". Яго зараз рэфармуюць. Аляксандр Лукашэнка курыруе працу Савета і стараецца накіраваць яго на разгляд канцэптуальных пытанняў.




11.30. "Нам трэба ўсё сваімі мазгамі і сваімі рукамі ствараць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.


11.23. Што да аптымізацыі дзяржструктур, то Прэзідэнт адзначыў, што павышэння заробкаў не будзе, пакуль не скароцяць апарат і не прыбяруць лішнія функцыі.


11.18. Зборы ад утрыманцаў прынеслі 12,5 млн рублёў у бюджэт. Прэзідэнт адзначыў, што папраўка пра вызваленне ад падатку ў сувязі са складанай жыццёвай сітуацыяй дае магчымасць прымаць рашэнні мясцовым уладам без бюракратычных выдаткаў.


11.09. Газета "СБ - Беларусь сегодня": пытанне пра выкананне дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Аляксандр Лукашэнка адказаў пра несправядлівасць таго, што адны працуюць з раніцы да ночы, а іншыя жывуць нядрэнна, але нічога не робяць. Па яго словах, зборамі незадаволена невялікая частка насельніцтва. Да таго ж дзяржава прапануе бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і іншыя ільготы.


11.03. Па словах Марыяны Шчоткінай, намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, да нядаўняга часу міністра працы і сацыяльнай абароны, каля 2% ВУП краіны сыходзіць на 11 відаў грашовай дапамогі. А таксама дзейнічаюць рознага плану ільготы. Толькі ў нас усе атрымліваюць іх, незалежна ад таго, працуюць ці не. І толькі ў Беларусі выплата па дэкрэтным адпачынку прывязана да сярэдняга заробку.


10.57. "Субота павінна была быць спартыўным днём", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Таксама дапушчальныя 2-3 гадзіны факультатываў, але не паўнавартасны вучэбны дзень. "Мы працуем над сістэмай адукацыі, мы яе адрэгулюем", — дадаў Прэзідэнт.


10.55. Што да шостага вучэбнага дня ў школах, то Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта была яго ініцыятыва. Аднак перапрацаваць школьны дзень неабходна. "У нас школа перагрузіла дзяцей так, што ім дыхаць няма чым", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У дзяцей павінна быць больш вольнага часу, каб займацца спортам, музыкай.


10.52. Адна з праблем, агучаных у відэаапытанні, — праца для моладзі. "Цудаў не здараецца", лічыць Прэзідэнт, і адразу пасля заканчэння ўніверсітэта чакаць мільёнаў на першым месцы працы нельга. Але маладыя людзі абавязкова павінны працаўладкавацца, і такую магчымасць мусіць гарантаваць дзяржава.


10.50. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему з дзіцячымі садкамі.


10.45. Што тычыцца будаўніцтва, і, у прыватнасці, другой кальцавой аўтадарогі, яна будавалася ў асноўным за кошт уласных сродкаў, з уласным цэментам. Аказалася, што будаўнічыя матэрыялы могуць быць рэнтабельныя, калі, напрыклад, замяніць вугаль на торф. Па словах Прэзідэнта, хутка дарога будзе дабудавана, засталося прыкладна 15 кіламетраў.


10.41. Ці атрымаецца захаваць шматвектарнасць знешняй палітыкі? Так, вядома, "гэта наш лёс", кажа Прэзідэнт, "мы ўсе на адным крыле". І ўсе суседзі — родныя Беларусі, "яны ад Госпада". Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ніводная паездка — візіт для наладжвання кантактаў — не была стратнай.


10.38. Пра прадпрымальніцтва. Па словах Прэзідэнта, плануецца скараціць колькасць праверак, на якія часта скардзяцца бізнесмены. І трэба, перш за ўсё, прад’яўляць "санкцыі" да кіраўніка прадпрыемства. Тады ён сам будзе клапаціцца аб тым, каб усё было добра на вытворчасці. "Сёння шмат хто ідзе ў прадпрымальнікі, але ў сваіх няўдачах нельга абвінавачваць дзяржаву, наракаць варта на сябе," — сказаў Прэзідэнт.


10.33. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму ільгот для дзяцей. Іх, па словах Прэзідэнта, так шмат, што складана пералічыць, а некаторыя захаваліся нават са сталінскіх часоў. Падтрымліваць трэба тых, каму сапраўды гэта патрэбна. Напрыклад, шматдзетныя сям’і, бо з гэтым наўпрост звязана дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, рост колькасці насельніцтва. Але і шматдзетным нельга складаць рукі.


10.29. Адказваючы на адно з пытанняў (пра тое, калі перастануць будавацца спартыўныя палацы), — Прэзідэнт заявіў, што гэта робіцца перш за ўсё для людзей, для таго, каб беларусы займаліся спортам. "І гэта акупна, менш у аптэку будуць хадзіць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


10.26. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сярэдняя зарплата ў 500 долараў — рэальная, бо ў снежні яна склала 412 долараў. "Мы жывем у рыначнай эканоміцы, падабаецца нам гэта ці не. Задача дзяржавы – ствараць умовы для таго, каб людзі мелі магчымасць нармальна зарабіць. І лічбы ў 500 долараў у гэтым годзе трэба дасягнуць".


10.18. На пытанне аб тым, як павялічыць заробкі і пенсіі, Прэзідэнт адказаў, што толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі, а не пазык, "калі мы ў рэальным сектары эканомікі зробім больш, якасна і прададзім па выгаднай цане".


10.15. Прэс-служба Прэзідэнта падрыхтавала відэаапытанне беларусаў. Па словах Наталлі Эйсмант, асноўныя пытанні — эканамічныя. Большасць з іх тычыцца пенсій і зарплат.


10.09. Прэзідэнт прапанаваў журналістам не проста задаваць пытанні, але і выказваць свае меркаванні.


10.06. Вы - той зрэз нашага грамадства, які акумулюе ўсе, што ў ім адбываецца, - сказаў у пачатку размовы Прэзідэнт.


10.03. Вялікая размова з Прэзідэнтам пачалася.


9.58. Толькі што прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант абазначыла, як будзем працаваць падчас прэс-канферэнцыі. Журналіст, які хоча задаць пытаннне Прэзідэнту, падымае руку. Наталля Эйсмант дае яму слова. Ён уключае мікрафон і задае пытанне.


9.57. Аналітычны партал "Еўразія-Эксперт" таксама дае магчымасць задаць пытанне на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
Самае актуальнае і арыгінальнае пытанне ад падпісчыкаў па тэме інтэграцыі ў ЕАЭС агучыць сустаршыня рэдакцыйнага савета аналітычнага партала "Еўразія-Эксперт".


9.50. Мерапрыемства адбываецца ў выставачным цэнтры БелЭкспа на праспекце Пераможцаў.


9.48. Перад кожным удзельнікам размовы нататнік і ручка. 


9.47. Усё арганізавана па-дзелавому. На ўваходзе ў будынак трэба было толькі прайсці праз рамку-металашукальнік. На ўваходзе ў залу, дзе будзе адбывацца прэс-канферэнцыя, толькі праверылі пашпарты. 


9.44. Чакаем Прэзідэнта.


9.43. Усе ўжо на сваіх месцах.


9.29. Настрой ва ўсіх добры: бадзёры і трошкі ўзрушаны. У прэс-цэнтры працуе Wi-fi.

Дарэчы, журналісты розных СМІ будуць працаваць не толькі ў зале, дзе будзе непасрэдна адбывацца размова з кіраўніком дзяржавы. Многія з іх  застануцца ў прэс-цэнтры.


9.27. Перад сустрэчай з кіраўніком дзяржавы ў холе шматлюдна: палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі рэлігійных канфесій абменьваюцца чаканнямі і думкамі.

Для журналістаў арганізавана праца ў прэс-цэнтры, дзе ёсць гарбата і кава, а таксама розныя закускі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.