Вы тут

Як атрымаць арэнднае жыллё маладому спецыялісту


Пра тое, хто з маладых спецыялістаў можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё, якія дакументы для гэтага патрэбны і як увогуле атрымаць бюджэтныя метры, расказвае наш карэспандэнт, якая ўжо больш за паўгода жыве ў такой кватэры.


Яно вам сапраўды трэба?

Перш за ўсё варта пачаць з цвёрдага разумення, што вам «гэта» сапраўды патрэбна. «Паляванне» на арэнднае жыллё — справа нялёгкая, таму лепш адразу ўзважыць свае сілы. Прычым датычыцца гэта як фізічных, так і маральных выдаткаў. Добра, калі побач з вамі будзе такі ж, як і вы, змагар за бюджэтныя метры.

Акрамя «каманды», сабраць трэба і пакет дакументаў. Адзначу адразу, што ў Мінску, напрыклад, у залежнасці ад раёна пералік неабходных папер можа вар'іравацца, таму лепш асабіста загадзя даведацца, чаго ад вас чакаюць. Увогуле, неабходна зрабіць копію працоўнага дагавора, накіравання на працу (завізіраваўшы іх у аддзеле кадраў), пашпарта, дыплома аб адукацыі, працоўнай кніжкі. Таксама трэба ўзяць даведку аб адсутнасці права на аб'екты нерухомай маёмасці на тэрыторыі Беларусі. Памятайце, уладальніку палацаў бюджэтныя метры «не свецяць». Неабходна і даведка аб жылым памяшканні і «складзе» сям'і (дзе вы зарэгістраваныя). Адным з найважнейшых дакументаў з'яўляецца індывідуальнае хадайніцтва за подпісам кіраўніка арганізацыі, у якую вы былі накіраваны як малады спецыяліст.

Права на першачарговае прадастаўленне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання камунальнага жыллёвага фонду згодна з Палажэннем аб уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і аб парадку прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2013 года №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін», маюць грамадзяне ў сувязі з характарам працоўных (службовых) адносін з ліку маладых спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю за кошт рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і прыбылі па размеркаванні, суддзяў, пракурорскіх работнікаў, ваеннаслужачых, навукоўцаў і інш. (пункт 77).

Трымаць руку «на пульсе»

Пра наяўнасць свабодных арэндных кватэр у Мінску паведамляецца на сайце Мінгарвыканкама. Але я параіла б сачыць за «гарачым жыллём» на сайтах адміністрацый раёнаў сталіцы. Там звесткі аб бюджэтных метрах з'яўляюцца трохі хутчэй, а ўжо потым гэтая інфармацыя групуецца на адзінай старонцы гарвыканкама. Тут трэба разумець, якую ролю адыгрывае час. Пасля заканчэння тэрміну прыёму заяў галоўным прэтэндэнтам на кватэру становіцца менавіта той, хто першым падаў дакументы. Некалькі разоў сама станавілася «закладніцай» хвіліны. Вельмі крыўдна, калі перад тваім носам падаюць заяву на тое ж жыллё, што і ты...

Яшчэ мінулай вясной у сталіцы існавала практыка паведамляць пра арэнднае жыллё «загадзя». Так, інфармацыя аб наяўнасці кватэр у тым ці іншым раёне горада магла з'явіцца напярэдадні вечарам, у той час калі дакументы прымаліся толькі на заўтра з 8 гадзін ранку. Каб быць першымі, людзі літаральна начавалі каля адміністрацый. І гэта, трэба адзначыць, працавала, праверана. Цяпер пра свабодныя жылыя памяшканні паведамляецца толькі ў дзень прыёму дакументаў.

Памятайце, што «пагоня» за арэндным жыллём з часам ператвараецца ў работу, на якую трэба хадзіць рэгулярна і заўжды своечасова. Таму, каб не «праспаць», трымайце заўсёды адкрытымі закладкі з бюджэтнымі кватэрамі на тэлефоне, камп'ютары, планшэце. Я, напрыклад, 12 разоў падавала дакументы, і толькі трынаццаты стаў шчаслівым.

Сама падача ўсіх гэтых неабходных паперак — працэдура нескладаная. Да пакета дакументаў, які проста па змаўчанні павінен быць заўсёды з вамі, трэба яшчэ напісаць заяву на ўжо канкрэтную, абраную вамі кватэру (з указаннем адраса). Узор заявы можна запытаць у «Адным акне». Тэрмін разгляду вашага звароту — месяц. Аб любым рашэнні вам павінны паведаміць пісьмова. Падаваць дакументы на арэнднае жыллё можна ў любы раён Мінска незалежна ад таго, дзе знаходзіцца ваша работа.

Кватэра ўсё ж часовая...

Яшчэ адзін важны аспект датычыцца таго, ці можаце вы адзін, без мужа/жонкі, дзяцей, прэтэндаваць на двух-трохпакаёвую кватэру? Заканадаўства не ўтрымлівае нарматываў па гэтым пытанні. Вядома, што ў сталіцы існуе практыка прадастаўляць арэндную кватэру зыходзячы з колькаснага складу сям'і прэтэндэнта з разліку 15—20 квадратных метраў на чалавека. Так, адзінокі прэтэндэнт або жонка з мужам могуць прэтэндаваць на аднапакаёўку, з адным дзіцем — на двухпакаёўку і г.д. Для першачаргавікоў падобнае жыллё заўсёды даецца на перыяд працоўных (службовых) адносін, і скасаванне працоўнага дагавора з'яўляецца падставай для высялення. Трэба памятаць, што арэндную кватэру можна страціць без прадастаўлення якой-небудзь альтэрнатывы і ў выпадках запазычанасці па арэнднай плаце або за камунальныя плацяжы больш чым за два месяцы, здачы арандаванага жылля трэцім асобам.

Што тычыцца пражывання ў кватэры, то зрабіць мінімальны касметычны рамонт вам ніхто не забараняе, а вось цалкам мяняць знешні выгляд кватэры не рэкамендуецца. Плата за карыстанне арэнднай кватэрай уключаецца ў жыроўку. Кошт залежыць ад плошчы жылога памяшкання. Напрыклад, за 22 квадратныя метры прыйдзецца заплаціць каля 18 рублёў (без уліку камунальных паслуг). Тут пры разліку памеру арэнднай платы прымяняецца дадатковы паніжальны каэфіцыент 0,2. Таксама кошт залежыць і ад размяшчэння кватэры. У цэнтры горада арэндная плата будзе большай, чым на ўскраіне сталіцы. Кватэры прапануюцца або ў новабудоўлях, або з жыллёвага фонду, які вызваляецца (паўторнае засяленне).

Наймальнік мае права прапісацца сам і прапісаць членаў сваёй сям'і (мужа/жонку, дзяцей) у арандаванай кватэры. Жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання камунальнага жыллёвага фонду не могуць быць прыватызаваныя і не перадаюцца ў спадчыну.

Афіцыйна

Настасся ПАПКОВА, галоўны спецыяліст аддзела прававой работы і рэалізацыі жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама:

— Першыя заявы на арэнднае жыллё ў сувязі з характарам працоўных (службовых) адносін службы «Адно акно» адміністрацый раёнаў Мінска або выканкамаў пачалі прымаць з красавіка 2014 года, калі ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта №563. Раней такое права было прадастаўлена толькі вайскоўцам.

У 2016 годзе ў Мінску не было запланавана будаўніцтва арэнднага жылля, у сувязі з чым фонд жылых памяшканняў гэтага тыпу фарміраваўся ў асноўным толькі з ліку вызваляемых жылых памяшканняў, колькасць якіх адносна невялікая. Пры гэтым попыт на такое жыллё значна перавышае яго прапанову. Летась у сталіцы фонд камунальнага арэнднага жылля папоўніўся ўсяго толькі 100 кватэрамі ў двух дамах па вуліцы Солтыса. З іх 30 кватэр (з агульнай колькасці незаселеных жылых памяшканняў толькі 30% у адпаведнасці з заканадаўствам могуць выкарыстоўвацца на мэты забеспячэння арэндным жыллём асоб, якія маюць першачарговае права на яго атрыманне) былі прадастаўлены першачаргавікам, у тым ліку і маладым спецыялістам.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН, Уладзіміра НІКАНОВІЧА


«Магістр» надзей не спраўдзіў 

І інтэлігентныя суседзі не дапамаглі.

Некаторыя маладыя людзі, яшчэ не сутыкнуўшыся ў рэальнасці з арэндным жыллём, думаюць, што адзін толькі факт яго атрымання вырашыць адну з галоўных жыццёвых праблем. Насамрэч гэта, бывае, не зусім так. Маладая пара — назавём іх Таццяна і Міхаіл — пажылі некаторы час у вядомым сталічным жылым комплексе для маладых навукоўцаў «Магістр», але потым мусілі добраахвотна адмовіцца ад арэнднай кватэры. Сваю гісторыю пагадзілася расказаць Таццяна:


— У 2014 годзе я, скончыўшы ўніверсітэт, па размеркаванні патрапіла ў адзін з даследчых інстытутаў Акадэміі навук. Паколькі мы з мужам не з Мінска, адразу напісалі заяву на інтэрнат. Тады ж даведалася пра чаргу на арэнднае жыллё: дамы яшчэ будавалі, іх павінны былі здаць у эксплуатацыю праз некалькі месяцаў. Ахвотных было крыху больш, чым абяцаных кватэр. Аднак з-за невялікай колькасці аднапакаёвак (двухпакаёвыя былі даражэйшыя і па плошчы іх маглі займаць толькі сем'і мінімум з двух чалавек) і з-за таго, што абяцаны для работнікаў навукі паніжальны каэфіцыент не быў прыменены, колькасць тых, хто меў патрэбу ў жыллі, і саміх кватэр стала прыкладна аднолькавай. Я, як малады спецыяліст, з самага пачатку была ў першачарговым спісе.

Як расказала далей Таццяна, заяву яны напісалі ў канцы жніўня, пачулі, што да лістапада ўсё вырашыцца. Потым тэрмін расцягнулі да снежня. У рэшце рэшт ключы ад кватэры пара атрымала толькі ў канцы лютага.

— Паколькі дом быў новы, кватэры атрымалі па жэрабю. Нам дасталася двухпакаёвая кватэра на першым паверсе, яна была па плошчы крыху большай, чым двухпакаёўкі на паверхах вышэй, — каля 60 квадратных метраў разам з балконам, — прыгадвае дзяўчына.

На кухні меліся і пліта, і ракавіна. У кватэры быў зроблены рамонт, усё выглядала чыста і акуратна. Шпалеры і сантэхніка, праўда, былі самымі таннымі («краны пачалі цячы літаральна праз некалькі месяцаў»). Мэблі не было ніякай, з-за чаго пары па першым часе было цяжкавата, бо давялося набываць усё «з нуля» і адразу: у кватэры не мелася нават табурэткі. Суседзямі Тані і Мішы былі выключна работнікі Акадэміі навук, таму шумна было толькі падчас пераезду і рамонту ва ўсіх і адразу, пасля ніякіх праблем не ўзнікала.

З-за чаго ж пара мусіла адмовіцца ад такога доўгачаканага яшчэ зусім нядаўна арэнднага жылля?

— Памер платы за кватэру складаў 270—280 рублёў разам з камунальнымі плацяжамі, — кажа Таццяна. — Галоўнай прычынай адмовы ад арэнднага жылля стала тое, што сярэднямесячны заробак у мяне на той час быў каля 250 рублёў. Кватэра «прывязвала» да работы, бо дагавор заключаўся на час працоўных адносін. Таму паўставаў выбар: або ўсе грошы аддаваць за арэнднае жыллё, як быццам бы «таннае», або мяняць работу і пераязджаць на здымную кватэру. Мы з мужам зрабілі выбар на карысць другога варыянта.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.