Вы тут

Як стаць першым сакратаром БРСМ?


Або Што такое «Сонца ў руках».

Ды проста! Дастаткова скарыстацца мабільнай гульнявой праграмай «Мой БРСМ», якую прадаставіць у фінале рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» адзін з пераможцаў гомельскага абласнога этапу вучань жлобінскай сярэдняй школы №10 Рэнат Тахаўтдзінаў. Сутнасць гульні ў тым, што карыстальнік «гадуе» галоўнага героя з простага члена маладзёжнай арганізацыі ў яе кіраўніка, выконваючы розныя заданні па тэме «БРСМ». Праўда, апошнія ў хлопца пакуль яшчэ ў распрацоўцы.


Дарэчы, іншы пераможца абласнога этапу конкурсу, гэтым разам з Міншчыны, прапануе на разгляд журы анімацыйную камп'ютарную гульню з падобнай назвай — «У Саюз з сябрамі» («Хачу ў БРСМ»). Яе распрацаваў педагог дадатковай адукацыі смалявіцкай сярэдняй школы №2 Максім Буракоў. У гульні можна ўявіць сябе валанцёрам з «Добрага Сэрца», прыняць удзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Аўтар лічыць, што яго праект зацікавіць і прыцягне юнакоў і дзяўчат у маладзёжны саюз.

Увогуле было б дзіўна, каб у час гаджэтаў маладыя і дапытлівыя розумы не скарысталіся магчымасцю давесці іх «да толку». І такіх прапаноў ад пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў сапраўды вельмі шмат. Праект мабільнай праграмы для школы School 201, якая дазволіць быць у курсе навін, раскладу ўрокаў і іншай карыснай інфармацыі, прэзентуе настаўнік інфарматыкі сталічнай сярэдняй школы №201 Сяргей Мінец, а каманда эканамічнага аддзялення Каледжа бізнесу і права з Мінска — мабільную праграму «Карма». Апошні праект, сцвярджаюць аўтары, не мае аналагаў ні ў нас, ні ў іншых краінах. У чым яго актуальнасць? Сёння ўсе грамадскія арганізацыі маюць патрэбу ў адзінай сістэме прыцягнення валанцёраў, што і заклікана зрабіць памянёная праграма. Пераможца брэсцкага абласнога этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі» студэнт Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Марчук з чэрвеня мінулага года распрацоўвае мабільную праграму для пакупак і плацяжоў анлайн «PhoenіxPay». Пры яе дапамозе можна будзе плаціць, браніраваць тавары і паслугі, сачыць за сваімі выдаткамі і выдаткамі сям'і. «Для бізнесу гэта яшчэ і магчымасць прыцягнення і ўтрымання кліентаў», коратка характарызуе сваю распрацоўку аўтар.

Дабрачыннасць, валанцёрства сёння, на шчасце, знаходзяць месца ў сэрцах і душах вельмі многіх маладых людзей. Не дзіва, што менавіта ў гэтых кірунках многія ўдзельнікі конкурсу стваралі свае праекты.

Напрыклад, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ганна Рагінская прапануе ўвазе журы свой — валанцёрскі тэатр пантамімы «Мімы спяшаюцца на дапамогу». Ён задумваўся спецыяльна для дзяцей з парушэннем слыху, для якіх звычайныя забавы не даступныя ў поўнай меры. «Гэты праект дапаможа ім далучыцца да новых відаў мастацтва, даведацца пра нешта новае, а таксама паспрыяе пераадоленню сарамлівасці і няўпэўненасці ў сабе, павысіць іх жыццёвы тонус», — лічыць Ганна.

А студэнткі факультэта эканомікі і права Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова Вікторыя Залогіна і Настасся Фядосенка разам са сваім навуковым кіраўніком распрацавалі дабрачынны сацыяльны праект з фінансава-эканамічнай выгадай «Сонца ў руках». Яго мэтай з'яўляецца «камерцыялізацыя вырабаў ручной работы сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, а менавіта выхаванцаў дзіцячых дамоў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі». Праект дасць мажлівасць зарабляць ім грошы праз інтэрнэт-краму, а таксама замежныя інтэрнэт-пляцоўкі і аўкцыёны. Вучаніца Крупскай сярэдняй школы Алеся Валасач правяла сапраўдную даследчыцкую работу па аднаўленні рэцэпта хлеба ваенных часоў. Асноўнай мэтай яе праекта «Хлеб жыцця — Хлеб Перамогі» з'яўляецца выхаванне беражлівага стаўлення да хлеба і пачуцця ўдзячнасці ўсім удзельнікам і відавочцам ваенных падзей.

Яшчэ адна даволі вялікая частка аўтарскіх распрацовак прадстаўнікоў пакалення ХХІ прысвечана рэчам даволі ўтылітарным і разам з тым карысным у многіх сферах. Вучань уздзенскай сярэдняй школы №1 Арцём Новікаў стаў пераможцам мінскага абласнога этапу конкурсу з праектам «Міні-свідравальны настольны станок». Апошні прызначаны для свідравання адтулін маленькага дыяметра і падыдзе, на думку аўтара, для вырабу друкаваных плат, стане ўвогуле сапраўднай знаходкай для радыёаматараў. «Вібрастол для вырабу тратуарнай пліткі» прапануюць увазе журы пераможцы мінскага абласнога этапу конкурсу — педагог дадатковай адукацыі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Валерый Пацына з навучэнцам гэтай жа навучальнай установы Уладзіславам Тышкевічам. Асаблівасцю вібрастала з'яўляецца аўтаматычная выгрузка з формаў бетонных вырабаў у адрозненне ад прамысловых аналагаў.

Студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Вольга Пахвалава, Настасся Талантава і Іван Рудакоў прапануюць свой праект «З'еш мяне». Аўтары кажуць, што адметная рыса стартапа крыецца ва ўнікальнасці і навізне ідэі для нашай краіны. У заходніх краінах вытворчасць ядомага посуду ўжо даўно існуе, а для Беларусі яна пакуль у навіну, асабліва калі гаварыць пра прамысловыя маштабы. Студэнты кажуць, што іх фірма будзе спецыялізавацца на выпуску ядомых пасудзін, якія яны збіраюцца пастаўляць у кавярні і рэстараны. Плануюць арганізаваць нават дастаўку на дом, каб гаспадыні маглі здзівіць і парадаваць сваіх гасцей. Ядомы посуд, які можа замяніць аднаразовы пластыкавы, — гэта, апроч іншага, яшчэ і экалагічны аспект, што дазволіць зрабіць горад больш чыстым, даводзяць аўтары стартапа. Праект «Камплект пасцельнай бялізны «Камфорт» дапамог стаць пераможцам магілёўскага абласнога этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі» навучэнцы філіяла БНТУ — Бабруйскага дзяржаўнага аўтатранспартнага каледжа Таццяне Курловіч. Камплект бялізны выглядае арыгінальна, калі не сказаць больш. На прасціне знаходзяцца... кішэні для мабільнага тэлефона, планшэта і іншых рэчаў. «Практычнасць яшчэ і ў тым, што ў падкоўдраніку ёсць адтуліны для рук. Гэта дапаможа з задавальненнем займацца сваімі любімымі справамі ў цяпле і ўтульнасці», — прэзентуе сваю ідэю Таццяна. Аўтарка праекта прапануе апроч таго выкарыстоўваць для вырабу камплекта пасцельнай бялізны тканіну з малюнкам... клавіятуры. Дзяўчына бачыць сваю задуму ўвасобленай у серыйную вытворчасць на айчынных прадпрыемствах, паколькі аналагаў, якія шыліся б прамысловым спосабам, у краіне няма.

Гэта толькі зусім невялікая частка праектаў, якія будуць прадстаўлены сёлета падчас фіналу рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», што ўжо не першы год праводзіць БРСМ. А чым яшчэ здзівяць журы, гледачоў і чытачоў маладыя і крэатыўныя розумы? Усяго ў фінале будуць удзельнічаць 119 праектаў з усёй краіны. Пачакаем, да падвядзення вынікаў гэтага адмысловага творчага спаборніцтва засталося зусім няшмат часу...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.