Вы тут

Ваш мабільны трэнер


Бадай, палову дня мы праводзім «у тэлефоне». Гуляем, перапісваемся з сябрамі, чытаем навіны. Чаму б не дапоўніць гэты спіс заняткамі спортам? З дапамогай мабільных праграм можна складаць план трэніровак і сачыць за харчаваннем. Многія з праграм бясплатныя. Пра некаторыя раскажу з асабістага досведу ў сённяшняй рубрыцы.


Вядомае правіла: калі не хочаш таўсцець, трэба расходаваць энергіі столькі ж, колькі атрымліваеш з ежай. Я, напрыклад, часам падлічваю калорыі праз праграму MyFіtnessPal. Пры рэгістрацыі ўводзіце свае рост, вагу, пазначаеце, які лад жыцця ведзяце (маларухомы ці актыўны), і выбіраеце мэту — напрыклад, пахудзець на некалькі кілаграмаў. Праграма сама разлічыць вашу дзённую патрэбу ў калорыях. Усё, што застаецца вам, — запісваць, што з'елі цягам дня. MyFіtnessPal ацэньвае каларыйнасць не толькі асобных прадуктаў (бананаў, рысу), але і страў: супоў, катлет, пюрэ (прыблізна, вядома). Плюс, што вельмі важна, падлічвае, колькі бялкоў, тлушчаў і вугляводаў вы ўжылі: баланс пажыўных рэчываў трэба захоўваць, каб быў добры метабалізм. (Калі лянота гатаваць і я думаю, ці не з'есці на вячэру пару бутэрбродаў, адразу ўспамінаю гэту табліцу.) Вялікія лічбы на экране нагадваюць, колькі яшчэ калорый сёння дазваляецца атрымаць.

З дапамогай гэтай праграмы можна таксама разлічыць, колькі энергіі затрачваецца на трэніроўку. І дазволіць сабе ў якасці кампенсацыі... піражок. Жартую: калі я бачу, што падчас сілавых практыкаванняў «спаліла» калорый не так шмат, як хацелася б, лішні раз думаю, ці варта ўсё псаваць душэўным парывам да салодкага.

Аматарам бегу і велазаездаў будзе карысная праграма Runtastіc. Падчас прабежкі яна паведамляе, колькі кіламетраў вы пераадолелі, з якой хуткасцю (перамяшчэнні асочваюцца праз GPS). Тут жа можна дадаць музыку. А статыстыка паказвае, якога прагрэсу вы дасягнулі са сваёй першай трэніроўкі. Каб было цікавей, стаўце перад сабой пэўныя мэты (напрыклад, пераадолець 10 кіламетраў за гадзіну) ці спрабуйце бегаць з пераменнай хуткасцю.

Тым, каму больш даспадобы фітнес, як мне, раю праграму Nіke+ Traіnіng Club. Яна прапануе трэніроўкі (працягласцю ад 5 да 45 хвілін) у залежнасці ад таго, што вы хочаце развіць: сілу, вынослівасць ці гнуткасць. Пры выбары відэа бачна, які інвентар патрэбны. Калі ў вас дома няма ні гантэляў, ні мяча для фітбола, не страшна: у праграме ёсць шмат варыянтаў трэніровак, дзе працуеш толькі з уласнай вагай. У апісанні відэа знойдзеце таксама інфармацыю пра інтэнсіўнасць заняткаў і ўзровень падрыхтоўкі, неабходны для выканання пэўных практыкаванняў. Гэта дапаможа выбраць найбольш прыдатны для вас варыянт. Яшчэ адзін плюс — гатовыя праграмы, разлічаныя на некалькі тыдняў.

Мне асабіста падабаецца, што паралельна можна слухаць свой плэйліст: калі інструктар тлумачыць тэхніку практыкавання, музыка аўтаматычна робіцца цішэйшай, і ты нічога не ўпускаеш.

Калі Nіke+ Traіnіng Club разлічаны на дзяўчат, то наступная праграма больш спадабаецца хлопцам (але гэта не значыць, што яна карысная толькі для мужчынскай аўдыторыі). Я зараз кажу пра праграму Jefіt. У ёй сабрана больш за 1300 (!) практыкаванняў рознай складанасці (мара, для тых, хто, як і я, не любіць кожны раз рабіць адно і тое ж). Яны разбіты па катэгорыях — біцэпсы, прэс, кардыя і гэтак далей, таму самастойна скласці трэніроўку з улікам таго, якія цягліцы вам хацелася б прапрацаваць, нескладана. Шмат практыкаванняў на трэнажорах з падрабязным тлумачэннем тэхнікі — будзе карысна тым, хто набыў абанемент у залу. Адзіны мінус — англійская мова праграмы. Але, па-першае, як выконваць практыкаванні, зразумела і па карцінках, а па-другое, засвоіць некалькі англійскіх слоў і паралельна з целам патрэніраваць мозг таксама будзе не лішнім.

Цяпер усё, што вам трэба, каб пачаць займацца спортам, — проста ўключыць тэлефон.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.