Вы тут

Я і мой кот


У наш час, калі ўсё больш жанчын становяцца прэзідэнтамі не толькі кампаній, але і дзяржаў, як думаеце, што можа зрабіць у адказ моцны і незалежны мужчына? Не-не, нават не спрабуйце здагадацца, усё роўна не атрымаецца! Гэта бомба, разрыў шаблону! Ён павінен... завесці ката! Так-так, мужчыны-кашатнікі становяцца сімвалам «новай мужнасці». Ці незалежнасці. («Часам, калі я гляджу на свайго ката, мне здаецца, што ён усім сваім выглядам кажа мне: «Вось я — кот! А чаго ў жыцці дабіўся ты?») Як нагадваюць даследчыкі, у пачатку ХХ стагоддзя выявы кошак у жаночых строях выкарыстоўваліся ў амерыканскай антысуфражысцкай прапагандзе, каб паказаць, што дам, якія дабіваюцца правоў і свабод, нельга ўспрымаць усур'ёз. («Чаму ўсе завуць цябе Маланкай? — Бачыў брутальны шрам у мяне на шыі? — Ну, так. — Я атрымала яго, калі зашпільвала пухавік».) У віктарыянскую эпоху расквітнеў вобраз «моцнай незалежнай жанчыны» — векавухі, што праводзіць дні ў акружэнні шматлікіх пушыстых гадаванцаў. І ён дайшоў да нашых дзён. («Калі скласці статусы адзінокіх жанчын «УКантакце», атрымаецца любая песня Стаса Міхайлава».)


Толькі цяпер гэты вобраз перанеслі на мужчын. Даследчыкі лічаць, што такім чынам сучасныя маладыя людзі даюць бой стэрэатыпам адносна мускулістасці, згодна з якімі лепшым сябрам сапраўднага мужыка павінен быць не грозны сабака, і даюць «зялёнае святло» больш інтэлігентнаму тыпу мужнасці. (Ага. «Сямейнае становішча — сплю з катом». І гэта ўжо не анекдот.) У сеціве ёсць старонка «Гарачыя хлопцы з коцікамі», на якую падпісана больш за... 70 тысяч чалавек. («Калі ваш кот сядзіць перад дзвярыма і чакае, што вы іх адчыніце, але потым, калі вы падышлі і адчынілі, не выходзіць, значыць, ён проста хацеў, каб выйшлі вы».) Дарыць гадаванцам прыгожае адзенне (?), адзначаць дзень нараджэння любімай жывёлы — усё гэта «гарачыя хлопцы з коцікамі» лічаць цалкам прымальным. («Патрапіць у рай пры жыцці цалкам рэальна — трэба проста нарадзіцца катом у рыбным аддзеле рынка».)

Здавалася б, мужчыны заводзяць катоў, бо іх не цікавяць адносіны з прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва. («Чаму, калі чуецца стук у дзверы, мой кот заўсёды думае, што гэта да яго?») А што, захацеў раней збегчы з карпаратыву, заўсёды можна спаслацца, што дома любімая жывёла не кормленая! («У п'янай дзяўчыны дзве крайнасці: кандыдат псіхалагічных навук і сексуальная кошачка».) Даследчык з Аўстраліі (там з 2,3 мільёна ўладальнікаў катоў адзін мільён — мужчыны) абвяргае гэтую думку, сцвярджаючы, што мужчыны-кашатнікі аддаюць перавагу настольным гульням і чытанню замест спартыўных мерапрыемстваў і начных клубаў і ўвогуле — лічаць сябе інтэлектуаламі. І галоўнае: насуперак стэрэатыпам 70 працэнтаў уладальнікаў катоў жанатыя ці знаходзяцца ў адносінах, а не праводзяць час у адзіноце. («Запіска ад сужэнца, прымацаваная магніцікам на халадзільніку: «Люся, пакінь грошай! Мне на корм і кату на ежу!»)

Хаця... Хто яго насамрэч ведае, можа, у гэтых даследаваннях нешта і ёсць? Вось чаму мог навучыць, напрыклад, персанаж амерыканскага мульціка? («Дзяцінства — гэта калі ты глядзіш «Тома і Джэры» і радуешся за мышку. Сталасць — калі ты разумееш, што Джэры — закончаны казёл, садыст і мярзотнік, і становіцца рэальна шкада ката».) Хіба толькі ката ў ботах (яго яшчэ ў «Шрэку» можна пабачыць) можна лічыць станоўчым персанажам, які дапамагае іншым. («Учора з дачкой намалявалі кацяня. Ранкам знайшлі такога ж за дзвярыма. Сёння будзем маляваць дом у Іспаніі і машыну...») Зусім іншая справа — нашы героі мульцікаў. Не, зразумела, што кот Леапольд з яго заклікам «Давайце жыць дружна!» быў пачуты не заўсёды. («Каб даказаць, хто ў доме гаспадар, я тры гадзіны тыцкаў ката носам у дакументы на кватэру».) Вось у каго мы сапраўды многа чаму навучыліся, дык гэта ў ката Матроскіна! Усе ж дзякуючы яму ведаюць, як правільна есці бутэрброды, так? («А ці нельга неяк больш сціпла корм для катоў называць? Чаму мой кот жарэ рагу з труса ў сметанковым соусе, а я — макароны з сасіскай?») Гэта ўвогуле не кот, а сапраўдны філосаф, скарбонка мудрасці! Памятаеце: «Каб нешта непатрэбнае прадаць, гэта самае непатрэбнае спачатку трэба купіць»? Невыпадкова бацька дзядзькі Фёдара сказаў: «Быў бы ў мяне такі кот, я, магчыма б, і не жаніўся ніколі». Жартую, канешне. Бо самі ж ведаеце пра жанчын... («У краме. «Дарагі, я так рада, што ты зараз купіш мне футра! — Я гэта гаварыў? — Не, але ты гаварыў, што ў нас заўсёды думкі сыходзяцца!»)

Сацыёлаг з універсітэта Фліндэрса вывучае прадмет, які называецца «котамужнасць». («Так і хочацца быць нармальнай жанчынай, але... мяў».) На думку даследчыка, на станаўленне анлайн-супольнасці кашатнікаў паўплывала некалькі фактараў. Па-першае, гэта ўрбанізацыя: у горадзе больш практычна трымаць ката, а не сабаку. Па-другое, гэта метрасексуалізацыя: з'яўленне ў ХХІ стагоддзі маладых людзей, дастаткова ўпэўненых у сабе, каб не хаваць ад навакольных жаночы бок свайго «я». («Падчас тых рэдкіх выпадкаў, калі мой кот падыходзіць да мяне, каб я яго пагладзіў, я ўцякаю і хаваюся пад ложак. Няхай ведае — як гэта!»)... Як адносіцца да такіх даследаванняў? Дачыталі і добра. Галоўнае, свайму гадаванцу нічога не гаварыце. Бо «калі мірныя жыхары засынаюць, прачынаюцца каты»...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.