Вы тут

У маладзёжнай палітыцы ўсё па-даросламу


Напярэдадні выбараў у Маладзёжную палату пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутаў 5-га склікання прайшоў чарговы «Адкрыты дыялог». На ім патэнцыйныя кандыдаты даведаліся, як у Мінску рэалізуецца практыка маладзёжнага парламентарызму і што чакае іх падчас выбарчай кампаніі.


— На мой погляд, Маладзёжная палата — гэта шыкоўная пляцоўка, дзе могуць паспрабаваць свае сілы тыя хлопцы і дзяўчаты, якія з маладога ўзросту сур'ёзна задумваюцца звязаць сваю будучыню з палітыкай, — падкрэсліў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль ПАНАСЮК. — За час існавання Маладзёжнай палаты (яна была ўтворана ў 2007 годзе) практыка паказала, што тыя, хто прайшоў праз яе калісьці, у баку ад палітычнага жыцця сталіцы і краіны не засталіся.

— Самае галоўнае ў Маладзёжнай палаце — гэта магчымасці. Іх можна выкарыстаць як для асабістага росту маладога лідара, так і для развіцця нашай сталіцы, — выказаў сваю думку Сяргей Клішэвіч, які выконвае абавязкі сакратара Мінскага гарадскога камітэта БРСМ. — Акрамя таго, я разглядаю Маладзёжную палату ў якасці кадравага рэзерву, адкуль можна браць маладых ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат на кіруючыя пасады, у тым ліку і ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Пра змены ў чарговай выбарчай кампаніі ў Маладзёжную палату расказаў яе дзеючы старшыня Ягор Макарэвіч.

Па яго словах, сістэма выбараў у гэтым годзе стала больш складаная, але толькі для таго, каб іх вынікі былі больш аб'ектыўнымі. Кандыдатамі ў парламент могуць быць вучні 10—11-х класаў агульных сярэдніх устаноў, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, студэнты першых — трэціх курсаў ВНУ Мінска.

Для таго каб зарэгістравацца ў якасці кандыдата, неабходна падаць наступныя дакументы ў электронным выглядзе: рэгістрацыйную форму, аўтабіяграфію і бланкі з сабранымі подпісамі (не менш за сотню). Аднак самым галоўным пунктам на этапе рэгістрацыі з'яўляецца праект па адным з 50 прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы, які павінен прадставіць кандыдат.

Пасля рэгістрацыі кожны атрымае электроннае пасведчанне, якое дазволіць яму праводзіць у навучальных установах перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы.

Першым этапам выбараў будзе пяцідзённае электроннае галасаванне — маладзёжны праймерыз, на аснове якога ад кожнай з 57 выбарчых акруг у наступны тур пройдуць па тры лідары. Далей яны павінны будуць правесці паўторную агітацыю сярод выбаршчыкаў і паўдзельнічаць у дэбатах. Заключным этапам выбараў стане адзіны дзень галасавання: па яго выніках і вызначацца члены Маладзёжнай палаты 5-га склікання.

І хаця афіцыйны старт выбарчай кампаніі будзе дадзены не раней чым праз месяц, хлопцы і дзяўчаты, якія збіраюцца ў ёй удзельнічаць, ужо актыўна рыхтуюцца. Адзінаццацікласніца 71-й школы Святлана Людчык лічыць, што беларускай моладзі не хапае палітычных ведаў. Таму яе перадвыбарчая праграма накіравана на правядзенне мерапрыемстваў у гэтым кірунку.

— Я планую прасоўваць ідэі, якія датычацца культуры, у прыватнасці, захавання і аднаўлення архітэктурных помнікаў, — падзяліўся Ігнат Цуканаў, вучань 11-га класа СШ №194. Хлопец ужо напісаў некалькі навукова-даследчых работ на гэту тэму і цяпер хоча прымяніць свае тэарэтычныя здабыткі на практыцы.

Ганна КУРАК, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.