Вы тут

Дзе можа знаходзіцца прах Францыска Скарыны?


Некалькі падказак-арыенціраў для пошукаў

У даследаваннях жыцця і спадчыны першадрукара — Францыска Скарыны — шмат загадак і таямніц. Так, мы пакуль не ведаем, дзе памёр і дзе спачывае гэты асветнік, нястомны працаўнік, прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення ўсіх народаў і канфесій, асабліва хрысціянскіх.


Даследаванні пачынаюцца

І вельмі добра, што за высакародную справу пошукаў праху Францыска Скарыны ў Чэхіі і пераносу яго на Радзіму, у касцёл Святых Сымона і Алены, узяліся святары гэтага храма на чале з ксяндзом-пробашчам, кандыдатам гістарычных навук Уладзіславам Завальнюком. Таму, каб аблегчыць іх пошукі, старанні іншых скарыназнаўцаў, падзялюся вынікамі сваёй работы на працягу апошняга часу — як з вуснымі і друкаванымі, так і з віртуальнымі крыніцамі.

Найперш маю ўвагу прывабіў Чэскі-Крумлаў, дзе пры замку працаваў так званым садоўнікам, а па сутнасці як асветнік, батанік-лекар, старэйшы сын нашага першадрукара Сімяон.

Аднак тут часова патрэбна вярнуцца да віленскага перыяду жыцця і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны, бо ў чытача могуць узнікнуць пытанні: адкуль жа ў Скарыны ў Чэхіі ўзяліся два сыны, адзін з якіх там — дакладна, а другі — магчыма, займаліся тым жа, што і бацька, — батанічна-садоўніцка-лекарскай дзейнасцю. І чаму наш славуты суайчыннік вымушаны быў пакінуць роднасную і блізкую да Полацка Вільню, каб вярнуцца ў больш аддаленую і чужую Прагу? Для гэтага трэба хоць бегла спыніцца на падзеях ранейшых, 1520-х гадоў жыцця і дзейнасці Скарыны. Выдаўшы ў Празе не менш як 22 кнігі перакладаў з Бібліі, ён дзеля сувязі са сваім рэальным, пераважна праваслаўным чытачом, паехаў працягваць святую дзейнасць у Вільню — сталіцу агульнага і для продкаў беларусаў, амаль што самастойнага Вялікага Княства Літоўскага. Правёў там звыш дзесяці гадоў. У 1522 годзе выдаў запатрабаваную, амаль што агульнахрысціянскую «Малую подорожную книжицу». А ў 1525 годзе — «Апостол». І ўсё!

Аднак мы ведаем, што Скарына быў вельмі працавітым, не мог сядзець склаўшы рукі. Ведаем таксама, што ў другой палове 1520-х гадоў ён дапамагаў віленскаму біскупу Яну, сыну тагачаснага караля першай Рэчы Паспалітай. Мяркую, што менавіта па заданні біскупа наш першадрукар выконваў адказную і пачэсную работу — складанне першага Статута Вялікага Княства Літоўскага. Па традыцыі лічыцца, што гэтая па сутнасці першая ў Еўропе канстытуцыя стваралася ў асноўным Альбрэхтам Гаштольдам, з 1522 года адначасова канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводам, уладальнікам Геранёнаў, Астраўца і яшчэ дзясятка іншых маёнткаў. Але ўсебаковае вывучэнне гэтай магнацкай постаці майго земляка пераканала мяне, што ён мог толькі арганізоўваць напісанне. Адзінай жа постаццю ў ВКЛ, якая магла спалучыць у Статуце «права боскае» і «права чалавечае», з'яўляўся тады якраз сакратар біскупа Яна Францыск Скарына! Толькі ён з грамадзян ВКЛ паспяхова, за два гады, раней закончыў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і бліскуча стаў доктарам Падуанскага ўніверсітэта ў Італіі.

Летам аўтары Статута (відаць, пад зацікаўленай апекай біскупа Яна і яго бацькі, самога Жыгімонта Старога, мужа каралевы-рэфарматаркі Боны Сфорца, а можа, і яе самой) накіроўваліся на ўсход па «каралеўскім гасцінцы», падсілкоўваліся па дарозе ў спецыяльна адкрытай з іх дазволу карчме ў Касіне Вялікай і ехалі далей, у Астравец. Відаць, Скарына павінен быў і выдаць у Вільні першы Статут друкам, бо іначай для чаго ж ён выкрадаў у Каралеўцы друкара-габрэя і потым цярпеў за гэта пераследаванні прускага герцага?! Але як яно было з гэтым далей, я пакуль што не ведаю. Ва ўсякім выпадку, пасля першага Статута выйшлі ў абноўленых выданнях на працягу таго ж стагоддзя другі і трэці!

Адначасова з дзяржаўна-грамадскімі Скарына выконваў і сямейныя абавязкі, выхоўваў двух сыноў сваёй першай і адзінай жонкі Маргарыты, удавы ягонага віленскага грашовага дабрадзея Рыгора Адверніка, які памёр якраз у 1525 годзе, калі з'явілася другая з віленскіх кніжак. Праз год, вытрымаўшы жалобу, Маргарыта (узрост яе пакуль невядомы) выйшла замуж за Францыска, але неўзабаве і сама памерла.

Кас­цёл Свя­то­га Ві­та ў го­ра­дзе Чэс­кі-Крум­лаў.

Сыны — ці родныя?

Нарэшце ў 1534 годзе, перажыўшы пераследаванне прускага герцага Альбрэхта, прэтэнзіі на спадчыну (камяніцу) сваёй жонкі ў Вільні і, хутчэй за ўсе, няслушнае заключэнне ў познаньскую турму за даўгі свайго старэйшага брата Івана, Францыск Скарына павёз абодвух сыноў з сабой у Прагу, і неўзабаве яны ўжо там памагалі бацьку ў «садоўніцтве», разам і паасобку. Але ў мяне яшчэ ўзнікае пытанне: ці яго гэта былі сыны? Не магла іх Маргарыта нарадзіць за нейкія нялёгкія тры гады, калі той быў пераважна ў ад'ездзе. Хутчэй за ўсё, падумалася, праяўляючы хрысціянскую міласэрнасць, Францыск усынавіў іх, даволі дарослых, і навучаў знаёмай для сябе (прыгадаем яго экзамены ў Падуі), патрэбнай чалавецтву і прыродзе справе — медыцыне, тады пераважна прыродазнаўству.

А цяпер пераходзім да самай важнай часткі: дзе Скарына памёр і быў пахаваны? Адны сцвярджаюць, што, безумоўна, у Празе, іншыя — што яго кароль Чэхіі Фердынанд вывез як вопытнага спецыяліста і вернага слугу з сабой у Аўстрыю, трэція... Мяне ж найбольш пераконваюць супастаўленыя факты, прыведзеныя ў артыкуле вопытнага скарыназнаўца Вячаслава Чамярыцкага і змешчаныя ў шматтомным энцыклапедычным даведніку «Беларускія пісьменнікі».

Працытуем адтуль самы важны для нас крыху скарочаны абзац. У 1535 годзе Скарына вярнуўся (напэўна ж з двума сынамі, Сімяонам і Францішкам) «у Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда І Ф. Скарына прапрацаваў да лета 1539-га. Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма, у Паўднёвай) (учэпімся за апошняе слова! — Аўт.) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. На жаль, нам невядомыя ні дакладны час, ні месца пахавання. Найбольш імаверна, што памёр ён у 1551 годзе, бо ў пачатку наступнага года чэшскі кароль выдаў Скарынаву сыну Сімяону спецыяльную грамату (ад 29 студзеня) на права адшукваць па ўсёй краіне і наследаваць маёмасць свайго бацькі, ужо нябожчыка. У 1552-м справа аб нейкай частцы маёмасці разглядалася і ў Вільні, пра што сведчаць два нядаўна выяўленыя судовыя дэкрэты (ад 17 жніўня і 15 снежня) караля Жыгімонта Аўгуста. Сімяон Скарына ў 1570-я гг. жыў у Паўднёвай Чэхіі і таксама займаўся лекаваннем і садоўніцтвам (вядома ж, пры замку. — Аўт.). Другі сын першадрукара Францішак загінуў у 1541 годзе ў Празе ў час пажару. Нашчадкі Сімяона Скарыны жылі ў Чэхіі і Славакіі».

Кіруемся ў Чэскі-Крумлаў

Ад сябе дадам, што адзін з далёкіх, але свядомых у сваяцтве нашчадкаў, Ежы Скарына, жыў у сталіцы Мексікі, займаўся там таксама друкарствам, актыўна перапісваўся са мной. У адным з лістоў я спытаў у яго: што азначае, калі Францыск Скарына сапраўды перад смерцю «жыў у Паўднёвай Чэхіі», у старэйшага сына? Ён адказаў мне, што гэта быў Чэскі-Крумлаў, цэнтр нібы незалежнага герцагства. Ім кіравалі спачатку чэхі, а потым, па-суседску з Маравіяй, аўстрыйцы ці саксонцы...

І вось цяпер, калі такая інфармацыя вельмі спатрэбілася для пошукаў праха нашага першадрукара, я два дні, дзякуючы інтэрнэт-крыніцам «падарожнічаў» па Чэскім-Крумлаве. І аказалася, што рэальныя пошукі па гэтым паўднёвамараўскім горадзе, а таксама пошукі ў архівах суседніх дэканатаў могуць быць вельмі перспектыўнымі.

Мяркуйце самі. У Чэскім-Крумлаве — усяго два касцёлы. Адзін, у акружаным мурамі кляштары, адпадае як «ведамасны», закрыты. Другі — у імя Святога Віта, парафіяльны, гатычны па стылі, стаіць на беразе-паўвостраве Влтавы і якраз паблізу замка, асвечаны яшчэ задоўга да прыбыцця абодвух Скарынаў: парафіяльным ён стаў у 1329-м, цэнтрам Доўдлебскага дэканата ў 1374-м, а пасля перабудовы яшчэ раз асвечаны ў 1439 годзе. Скарынаў, як адказных прызамкавых асоб, маглі хаваць, прытым з належнымі надмагіллямі, толькі там, а факты пахавання — паведамляць і ў дэканат, назвы якога мяняліся.

Аднак далейшая гісторыя прыдворнага і парафіяльнага касцёла імя Святога Віта развівалася, як сведчаць крыніцы, пакручаста. У 1583 годзе ён стаў месцам пахавання прадстаўнікоў Рожмбергскага дома, у 1591 годзе быў адміністрацыйна перададзены ордэну езуітаў, які, напэўна ж, усходніх славян, не дужа шанаваў. Прытым у прэсвітэрыі ад надмагілляў, размешчаных нават у цэнтры касцёльнай залы, стала цесна. Таму новая ўладальніца замка, Марыя Эрнесціна фон Эгенберг, у 1717 годзе загадала іх вынесці (але куды, на якія могілкі?). Быў складзены спіс надмагілляў, які, сведчаць крыніцы, адзін захаваўся. Таму можа паслужыць каардынатамі ў пошуках праху нашага першадрукара. Аднак аказваецца, план графіні не быў тады выкананы: яна памерла ў 1719 годзе. Нават у 1750 годзе надмагільныя таблічкі з чырвонага мармуру ўсё ж віселі на сценах пры ўваходзе ў «капэлу» Яна Непамуцкага. Можа, вісяць там і цяпер?

Не, без пошукавага візіту ў касцёл Святога Віта і архівы навакольных дэканатаў тут яўна не абысціся.

Ну то за работу: духоўную, інтэлектуальную, пошукавую! Дакументаў пра Скарыну, першага нашага кнігавыдаўца і тым самым галоўнага нашага юбіляра сёлета, у Чэхіі павінна быць шмат і ў розных сховішчах.

Прафесар Адам МАЛЬДЗІС

Каментары

Пару заўвагаў: 1) капліца сьв Яна Непамуцкага была прыбудаваная ў 1725-6 г.г. і шыльда пры яе ўваходзе вісіць і па сёньня. Але тая шыльда не Скарыны. Як найхутчэй, шыльды з касьцёла ўсё-ткі вынесьлі, але не ў 1717-9, а ў 1725-6 падчас частковай рэканструкцыі касьцёла Адамам Праньцішкам Шварцэнбэргам.
Вось Вам сайт у дапамогу: http://www.ckrumlov.cz/cz1250/mesto/histor/i_stnaka.htm - па-чэску; http://www.ckrumlov.cz/uk/mesto/histor/t_stnaka.htm - па-ангельску.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»