Вы тут

Лекі — толькі з аптэкі


У многіх краінах продаж лекаў у інтэрнэце дазволены, але пакуль не ў нас.

Лекавыя сродкі — прадукцыя асаблівая, гарантыю якасці тут дае дзяржава. На ўзроўні вытворчасці, дыстрыбуцыі і рознічнай рэалізацыі. Набываючы лекі ў аптэцы, мы можам быць упэўнены, што лекі адпавядаюць усім неабходным крытэрыям эфектыўнасці, якасці і бяспекі на папярэдніх этапах. А пакупка праз інтэрнэт — гэта немагчымасць кантролю якасці, адсутнасць гарантый адпаведных умоў вытворчасці і захоўвання. Тым больш, размова ў такім выпадку ідзе аб самалячэнні. Наш чалавек асабліва любіць эксперыментаваць з лекамі для пахудзення і ад імпатэнцыі. А такіх прапаноў у інтэрнэце больш за ўсё.


— Мы сутыкаліся з продажам прэпарату для пахудзення, забароненага да выкарыстання ў нашай, і не толькі, краіне, — адзначае начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла РЭУЦКАЯ. — Некалі ён быў распрацаваны адной вядомай фармкарпарацыяй, якая пазней адмовілася ад яго вытворчасці, бо выявіліся вельмі сур'ёзныя ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы. Аднак продаж прадаўжаецца. Мы бачым у інтэрнэце нямала аб'яў і сайтаў, якія прапануюць паправіць здароўе, маніторым сітуацыю і інфармуем аб парушэннях міністэрствы гандлю, унутраных спраў, па падатках. Сусветная арганізацыя аховы здароўя сцвярджае, што інтэрнэт — галоўная крыніца распаўсюджвання фальшывых лекаў і біялагічна актыўных дабавак.

Факты размяшчэння рэкламы аб продажы лекаў выяўляюцца, яна прыпыняецца. Рэалізацыя лекавых сродкаў у нашай краіне дазваляецца толькі стацыянарным аптэкам, іншыя віды рэалізацыі заканадаўствам забаронены, нагадвае спецыяліст.

Што да БАДаў, то, па-першае, нельга прыпісваць ім лекавыя вартасці. Паводле заканадаўства, гэта дадатковая крыніца біялагічна актыўных рэчываў, вітамінаў і мінералаў, а зусім не лекавы сродак. Нельга прыпісваць БАДам тэрапеўтычны эфект або медыцынскія паказанні, а рэалізацыя такога тавару павінна ажыццяўляцца пры наяўнасці пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, што будзе пацвярджаць бяспеку і наяўнасць пералічаных вытворцам кампанентаў.

Не толькі з інтэрнэтам, але і з рэкламнымі лісткамі накшталт «Дзіўная моц прыроды», што раскідваюцца апошнім часам па нашых паштовых скрынях, трэба быць асцярожнымі. Звычайна там распісаны цудадзейныя прадукты, якія абяцаюць вылечыць усё! Аднак рэклама лекаў павінна, паводле заканадаўства, узгадняцца з Міністэрствам аховы здароўя, а апошняе сцвярджае, што да гэтай друкаванай прадукцыі не мае ніякага дачынення. Дарэчы, выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якім належыць прадукцыя, у нас ужо былі. Памер штрафу ў такім выпадку складае ад 10 да 40 базавых велічынь (для юрыдычнай асобы — 20—50 базавых). Праўда, ужо ідзе размова аб павелічэнні штрафу да 40—200 базавых для юрасоб, ад 30 да 100 — для індывідуальных прадпрымальнікаў і для фізічных асоб — ад 10 да 50.

— «Вярнуць зрок стала магчымым», «мужчынская моц адновіцца» — гэта нагадвае спрэчку з Богам, — кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі — начальнік аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла ЖЫЛЕВІЧ.— Не заўсёды можна дасягнуць поспеху ў лячэнні, шлях да выздараўлення часам бывае працяглым і няпростым. Несумленныя людзі карыстаюцца нашай верай у цуд, але шлях да здароўя пачынаецца з прафілактыкі, а калі ўзнікла захворванне, неабходна звярнуцца да ўрача і выконваць яго рэкамендацыі. Адны лекі выклікаюць прывыканне, іншыя не дапамогуць у вашым выпадку, але справакуюць пры гэтым пабочныя эфекты. Толькі ўрач павінен узважыць усё. На жаль, імкненне займацца самалячэннем прывяло да антыбіётыкарэзістэнтнасці, калі з'яўляюцца пацыенты, на арганізм якіх не ўздзейнічае ніводзін з існуючых антыбіётыкаў. Са шкоднымі наступствамі самалячэння можна сутыкнуцца не адразу, а толькі праз нейкі час, а сцвярджэнні суседа аб тым, што «яму дапамагло», проста пацвярджаюць эфект пустышкі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».