Вы тут

Праз 12 гадоў Беларусь пазмагаецца з румынамі ў розыгрышы Кубка Дэвіса


Афішу з удзелам гэтых каманд можна было ўбачыць яшчэ ў 2005 годзе, тады паядынак праходзіў у рамках 1-га круга Сусветнай групы і склаўся паспяхова для нашых сапернікаў. Два ачкі румынскай зборнай прынёс Андрэй Павел, абыграўшы ў адзіночных сустрэчах спачатку Максіма Мірнага, а затым і Уладзіміра Валчкова. Зараз Павел — капітан зборнай Румыніі, а Валчкоў — капітан каманды Беларусі. Выходзіць, на мінскіх кортах будзе дадатковая інтрыга.


Румынія ўдзельнічае ў Кубку Дэвіса з 1922 года. За гэты час каманда тройчы падбіралася да фіналу (у 1969, 1971 і 1972 гадах), але кожны раз кубак пераможцы даставаўся зборнай ЗША. У 2011-м каманда страціла былую моц і спусцілася ў І групу Еўра-Афрыканскай зоны, дзе гуляе да гэтага часу.

Сёння зборная Румыніі займае 31-ы радок у камандным рэйтынгу Кубка Дэвіса, Беларусь — 38-ы.

— Я добра памятаю, як мы гулялі ў 2005 годзе... Я змагаўся на корце з Максам Мірным і Уладзімірам Валчковым. Тады поспех быў на нашым баку. Мы вельмі паважаем гульцоў зборнай Беларусі. Я даўно ведаю Максіма, Уладзіміра і хлопцаў, якія цяпер гуляюць. Думаю, гэта будзе выдатны матч. Мы ўпэўненыя ў сабе і, вядома, жадаем выйграць, — заявіў Андрэй Павел, які ўжо прывёз сваю каманду ў Мінск.

У яе складзе чацвёра тэнісістаў: вопытны Хорыя Тэкаў і Адрыян Унгур, Марыус Копіл і дэбютант турніру Нікалае Фрунзэ.

— Гульцы, якія выступалі ў тым матчы ў 2005 годзе, ужо скончылі сваю кар'еру, — успамінае Максім Мірны.Спадзяюся, новая хваля румынскіх тэнісістаў дасць нам больш шанцаў на перамогу. Варта ўлічыць і той факт, што мы гуляем дома, будзем спадзявацца, што родныя сцены нам дапамогуць, — дадаў лідар беларускай зборнай.

Дарэчы, Хорыя Тэкаў некаторы час выступаў у пары з Максімам Мірным (сезон 2013 года), але вялікіх поспехаў гэты тандэм не дасягнуў.

— Сапернікі выглядаюць вельмі пераканаўча, у іх будзе вельмі моцная пара. Па адзіночных гульцах у іх таксама ёсць некаторая перавага, румынскі першы нумар у рэйтынгу вышэй за нашага лідара. Але ёсць і плюсы, Ягор Герасімаў і Ілья Івашка па гульні знаёмыя з канкурэнтамі, гэта можа нам дапамагчы, — адзначыў капітан беларусаў Уладзімір Валчкоў.

Наша каманда пачала выступаць у Кубку Дэвіса нашмат пазней за румынаў — толькі ў 1994 годзе. Лепшым дасягненнем зборнай з'яўляецца выхад у паўфінал Сусветнай групы ў 2004 годзе. У папярэднім сезоне ў першым крузе ІІ Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса беларускія тэнісісты абгулялі зборную Егіпта — 3:1, затым на дамашніх кортах былі мацнейшыя за латышоў — 4:1, а ў верасні адолелі каманду Даніі з тым жа лікам (4:1) .

Плануецца, што на мінскіх кортах за нашу каманду згуляюць Максім Мірны, Яраслаў Шыла, Ілья Івашка і Ягор Герасімаў.

— Наша мэта — Сусветная група, пастараемся зрабіць усё магчымае для перамогі, каб рухацца далей ужо сёлета, — заявіў Яраслаў Шыла.

У пятніцу ў Цэнтры тэніса пройдуць два адзіночныя паядынкі, у суботу адбудзецца парная сустрэча і завершыцца супрацьстаянне адзіночнымі матчамі ў нядзелю. Уваход на трыбуны — свабодны. Калі нашай камандзе ўдасца выйсці пераможцай беларуска-румынскай «бітвы», у красавіку нас будзе чакаць матч супраць Аўстрыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узяць рэванш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?