23 Люты, чацвер

Вы тут

Як будзе святкавацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання


Прадстаўляць Беларусь можна па-рознаму: праз адметныя вырабы, тавары, праз мастацтва, але найлепш пра краіну расказваюць людзі. Думаецца, асоба Францыска Скарыны — Чалавека Свету, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё еўрапейскай культуры, аб'яднаў сваёй працай многія гарады і краіны, — і сёння з'яўляецца найлепшым дыпламатам. Таму невыпадкова ў плане святкавання 500-годдзя беларускага кнігавыдання, якое мы шырока адзначаем сёлета, так многа міжнародных праектаў. Пра Скарыну будуць расказваць нашы суайчыннікі, праводзячы Дні беларускай культуры ў розных краінах. На яго ж звернуць увагу госці іншых дзяржаў, якія завітаюць да нас на канферэнцыі, выстаўкі, сімпозіумы.


Не забудуцца на першадрукара і самі беларусы. Да шырокага святкавання далучацца выдаўцы, мастакі, тэатралы, музейшчыкі. Так, падчас пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, што прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы, быў абмеркаваны план святочных мерапрыемстваў. Ужо сёння ён уключае каля шасці дзясяткаў пунктаў і закранае фактычна ўсе сферы грамадскага і культурнага жыцця краіны. Свята атрымала свой стылёвы лагатып, пра яго будуць нагадваць і адмыслова распрацаваныя плакаты, якія размесцяцца ў кнігарнях, кіёсках «Белсаюздруку», бібліятэках.

— Увесь мінулы год для выдаўцоў стаў перыядам плённай працы, каб тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання яшчэ раз нагадала і самім беларусам, і ўсяму свету, як шмат было зроблена нашымі суайчыннікамі ў далёкім мінулым, каб сучасная Беларусь мацавалася гістарычнымі каранямі, — заўважыла сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта, міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Але гэта не толькі наша свята, гэта свята для ўсіх усходніх славян. Дзякуючы нашаму першадрукару шырокае кола людзей атрымала магчымасць чытаць біблейскія тэксты.

Міністр інфармацыі нагадала, што яшчэ летась падчас сімпозіума «Пісьменнік і час», што праходзіў у дні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, тэма скарынаўскай спадчыны была адной з цэнтральных, яна застанецца ў ліку галоўных і сёлета. Знакавымі для нас з'яўляюцца і многія кніжныя праекты, ужо рэалізаваныя і тыя, якія яшчэ працягваюцца. Так, кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету», што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», пабывала на многіх кніжных выстаўках па ўсім свеце. З ёй пазнаёміліся ў парламенце Сербіі, Скарыну па-сербску чытаў і прэзідэнт гэтай краіны. Першадрукар разам з айчыннай кнігай будзе шырока крочыць па свеце і сёлета. Плануецца, што айчынныя выдаўцы прадставяць свае праекты ў Літве, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Германіі, Расіі. Члены беларускіх дэлегацый будуць не толькі паказваць нашу кнігу, але і ўдзельнічаць у круглых сталах, навуковых канферэнцых.

— Адзначэнне юбілеяў беларускага кнігадрукавання і ўшанаванне памяці першадрукара ўжо мае сваю гісторыю, — расказаў сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта, міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. — Першае выданне, прысвечанае даследаванню спадчыны Скарыны, у 1925 годзе падрыхтаваў Інстытут беларускай культуры. У ліку іншых знакавых мерапрыемстваў сёлета ў верасні мы плануем правесці міжнародны кангрэс, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, зладзім і выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха», які дапоўніць святкаванне 950-годдзя Мінска і далучыць сталіцу да тэмы беларускага пісьменства.

Таксама міністр культуры выказаў прапанову ў знак пашаны надаць імя Францыска Скарыны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Вобраз першадрукара будзе ўвасоблены і на тэатральнай сцэне. Так, летась Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай і Беларусбанкам правёў конкурс п'ес, прысвечаных першадрукару. І яго плён ужо бачны сёлета. Пастаноўка аднаго з пераможцаў падрыхтавана ў Магілёўскім тэатры, рыхтуецца спектакль і ў тэатры беларускай драматургіі.

Думаецца, святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стане сапраўды агульнанародным. Гэта пацвярджаецца і шырынёй агляду тэмы ў айчынным друку.

— Юбілей кнігадрукавання — нагода шырока расказаць пра культуру, асветніцтва Беларусі, — заўважыў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Гэтая тэма гучыць на старонках рэспубліканскіх і рэгіянальных газет, у электронных СМІ, на радыё і тэлебачанні. Важнае месца тут займаюць матэрыялы, звязаныя з прадстаўленнем скарынаўскіх адрасоў у свеце.

Скарынаўскі год распачынаецца, і да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання змогуць далучыцца многія жыхары і госці краіны. Саюз пісьменнікаў Беларусі ўжо распачаў дзіцячы праект «У гасцях у Францыска Скарыны», хутка будзе аб'яўлены творчы конкурс «Скарынавай душой успешчанае слова». Можна быць упэўненымі: нас чакае яшчэ многа сюрпрызаў і цікавінак.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Першадрукар — наш пасол ва ўсім свеце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зачараваныя небам

Зачараваныя небам

У ваенных верталётчыкаў, бацькі і сына Паўлавых, на дваіх — больш як 5 тысяч гадзін, праведзеных над аблокамі.

Грамадства

Як мама ў дэкрэце вырашыла агучваць дыяфільмы свайго дзяцінства

Як мама ў дэкрэце вырашыла агучваць дыяфільмы свайго дзяцінства

Аднойчы мама ў дэкрэце і рэжысёр па адукацыі Наталля Леванава знайшла ў бацькоўскім доме праектар са стужкамі.

Грамадства

Сёння мы прапаноўваем вам свой погляд на крытэрыі «мужчынскасці»

Сёння мы прапаноўваем вам свой погляд на крытэрыі «мужчынскасці»

Першае правіла Бацькоўскага клуба — не казаць пра Бацькоўскі клуб.

Культура

Народны мастак Беларусі Іван Міско — пра самае запаветнае

Народны мастак Беларусі Іван Міско — пра самае запаветнае

Яго заўсёды можна знайсці ў сваёй майстэрні (цяпер майстэрні-музеі). Тут скульптар і ў выхадныя дні.