Вы тут

Чалавечы фактар інфармацыйнага грамадства


Тое, чаго баялася гадоў з восем, з таго часу, як атрымала першую зарплатную пластыкавую картку, здарылася-такі. Банкамат яе «з'еў». Хаця, калі больш дакладна, не банкамат, а інфакіёск. І не «з'еў», а «падавіўся». Што яшчэ больш, як высветлілася, сітуацыю ўскладніла.


Неспадзяванка гэта здарылася са мной на ўваходзе ў метро. Ляцела-спяшалася, і раптам — як абухом па галаве — гэта ж люты на дварэ, а праязны ў кішэні на студзень! У тралейбусе, нават не здагадваючыся пра тое, «зайцам» праехала, а вось у падземцы за такія фокусы маеш усе шанцы ад турнікета па нагах атрымаць. Яшчэ і грозная кабета на варце ля будкі стаіць. Карацей, бясплатна не праскочыш. І чарга да кас — ледзь не на вуліцы пачынаецца...

Хаця чаго яны, дзівакі, стаяць-гаруюць? — падумалася. Вунь ажно чатыры інфакіёскі вісяць каля тых кас, і ніводнага чалавека ля іх. Гэта ж так проста: прыклаў да спецыяльнай налепкі пластыкавую картку праязнога, уставіў у адтуліну плацежную картку, панаціскаў на сенсарным экране адпаведныя кнопкі — максімум пяць хвілін, і праязны папоўнены, ніякі турнікет не страшны. З такімі аптымістычнымі думкамі я ўпэўнена накіравалася да зялёнай скрыні на сцяне, што прывабліва мігцела яркім экранам.

Зрабіўшы патрэбныя маніпуляцыі з праязным, выбраўшы ўжо на экране часовы адрэзак і від транспарту, уставіла плацежную картку ў «рот» цуда-машыне. Тая ўсхліпнула, неяк слаба пацягнула да сябе мой «пластык» і заціхла, працягваючы патрабаваць з экрана «ўстаўце карту». Пракляты аўтамат, не пакінуўшы нават краёчка карткі, каб можна было выхапіць яе з пашчы, так і не забраў яе куды трэба: яна захрасла ў шчыліне — ні туды, ні сюды... Мая, зялёненькая, любімая, на якой — увесь бюджэт!

Крыху пагаварыўшы з аўтаматам, скарыстаўшы ўвесь патэнцыял уздзеяння ад улагоджвання да прамых пагроз, не атрымаўшы жаданага выніку і стараючыся не панікаваць, я набрала тэлефонны нумар, напісаны на інфакіёску. Супрацоўніца банка, якая прадставілася Дзіянай, ветліва выслухала эмацыянальны маналог і... папрасіла сказаць ёй нумар інфакіёска (дзеля чаго ён быў патрэбен, я так і не зразумела). Нумара таго, як вы ўжо, пэўна, здагадаліся, я не знайшла. Тады ветлівая Дзіяна папрасіла пашукаць яго... на суседніх банкаматах і інфакіёсках. На злосную цётку, якая з тэлефонам у руцэ аглядае ўсе аўтаматы, заглядае ім на дно і ледзь не нюхае іх, пачалі ўжо азірацца людзі. Вынікам гэтых манеўраў стаў падыход ахоўніка метрапалітэна. Дазнаўшыся, у чым справа, ён таксама паспрабаваў угледзець той няшчасны нумар, але, пераканаўшыся ў безвыніковасці такіх намаганняў, спаслаўся на службу і пажадаў мне поспеху ў маёй нялёгкай справе.

Дзіяна цярпліва чакала на тым канцы провада (што ёй, грошы ж «капалі» з майго мабільнага). Нарэшце на маё з'едлівае пытанне, нашто ўсё-ткі нумар, калі я разоў дваццаць ужо паведаміла дакладнае месцазнаходжанне таго няшчаснага аўтамата, дзяўчына ўздыхнула: «Добра, пашукаю спецыяліста». Прайшло яшчэ хвілін дзесяць. Вы думаеце, што я пачула нарэшце? Правільна: «На жаль, усе нашы спецыялісты занятыя, выехаць да вас ніхто не можа». На маё ўжо шчыра абуранае «дык што мне загадаеце рабіць?!» Дзіяна ніякавата памаўчала, а потым па-змоўніцку прапанавала: «А вы паспрабуйце картку чым-небудзь далей праштурхнуць...»

Нічога не заставалася, як скарыстацца парадай кампетэнтнага спецыяліста. З дапамогай праязнога, рызыкуючы страціць і яго, я націснула на захраслую картку, што прагледжвалася ў шчыліне аўтамата. Ён незадаволена рохнуў і картку нарэшце глынуў. Праз хвіліну напісаўшы на экране, што «часова не працуе», мае пластыкавыя грошы машына такі выплюнула. Дзіяне я сказала «дзякуй». Тая паблажліва адказала «няма за што». Аб тым, каб папрасіць прабачэння, у яе, напэўна, і думкі не ўзнікла.

Гісторыя гэта каштавала мне, акрамя патрачаных нерваў, сорак хвілін часу, сарванай сустрэчы (а каб я спяшалася на самалёт, напрыклад?), спісанай з тэлефона кругленькай сумы. Праязны я папоўніла ўжо традыцыйным спосабам — стаўшы ў чаргу да касы. Не ведаю, ці хутка я асмелюся (дый ці асмелюся ўвогуле) пайсці па альтэрнатыўным шляху, збочыўшы да інфакіёска.

Пакуль стаяла ў чарзе, шмат пра што паспела падумаць. Успомніць іншыя «ляпы», якія здараліся на роўным месцы пры выкарыстанні сучасных тэхналогій (пра тое, як у вёсцы ў адну вуліцу камп'ютар не знаходзіў назву гэтай вуліцы, а без яе адмаўляўся афармляць аперацыю, я нядаўна пісала). Паразважаць чарговы раз пра тое, што калі мы ўжо працуем над стварэннем інфармацыйнага грамадства, назваўшы яго адным з дзяржаўных прыярытэтаў, дык не варта забываць пра суправаджэнне гэтых новых інфармацыйных тэхналогій, якое залежыць выключна ад людзей. Каб на тых жа банкаматах вісела інструкцыя (пажадана не на адной мове), што рабіць у тым ці іншым выпадку. Каб тэрміналы ў магазінах стаялі якасныя, каб тыя ж карткі не выходзілі са строю раз на паўгода (колькі разоў была за мяжой, а толькі ў нас бачыла, як касірка, каб картка спрацавала ў тэрмінале, надзявае на яе цэлафанавы пакет). Каб урачы не ленаваліся запаўняць электронныя рэцэпты (маці нядаўна пачула ў паліклініцы: а яно вам трэба?). Каб інтэрнэт-банкінг можна было падключыць, не адыходзячы ад камп'ютара, а не па такой, падазраю, выключна нашай схеме: «запоўніце заяўку, пакіньце паштовы адрас, мы вам вышлем на яго дагавор, вы яго падпішаце, адправіце назад, і тады мы вас падключым...» Пакуль жа даволі часта ў нас атрымліваецца, як у анекдоце пра японскую наварочаную бензапілу і суровых сібірскіх мужыкоў. (Памятаеце, праэксперыментаваўшы з бярвёнамі рознай таўшчыні, з якімі піла лёгка справілася, у яе ўткнулі жалезны лом і пайшлі зноў валіць лес сякерамі.)

А яшчэ я ўспомніла, што літаральна праз некалькі дзён мы адкрываем бязвізавы ўезд праз аэрапорт і чакаем шмат турыстаў. І ўявіла, што б рабіў на маім месцы прыезджы еўрапеец, рашыўшы набыць білет на метро (а што ён падаўся б да інфакіёска, дык гэта дакладна, бо ў многіх краінах альтэрнатывы гэтаму спосабу ў выглядзе касіраў ужо даўно няма). І што б ён расказаў пасля пра свае мінскія прыгоды дома.

Яны ж, дзівакі, анекдота пра бензапілу і лом не ведаюць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.