Вы тут

Ток-шоу «Дзіцячы доктар» адзначае першую гадавіну


...Пры любым узроўні развіцця медыцыны дзеці хварэлі, хварэюць і будуць хварэць — гэта аксіёма. Рэч толькі ў тым, як сустрэнуць чарговую балячку бацькі: спакойна і ў поўным інфармацыйна-лекавым узбраенні або ў паніцы, абапіраючыся хіба на бабуліны пужалкі, народныя забабоны і рэкамендацыі суседкі. Дапамагае ў гэтай барацьбе якраз ток-шоу «Дзіцячы доктар», якое чатыры разы на тыдзень, што называецца, з першых вуснаў дае адказы на актуальныя пытанні дзіцячага здароўя.


Вядучыя сямейна-медыцынскай перадачы — не тэлежурналісты, а сучасныя практыкуючыя педыятры Вольга Кардаш, Дзмітрый Часноў і Валерый Андрыенка, якія за кадрам працягваюць весці прыём маленькіх пацыентаў у беларускіх клініках, а на здымачную пляцоўку да іх прыходзяць больш вузкія спецыялісты — кардыёлагі, неўролагі, псіхолагі, отарыналарынголагі, хірургі і прадстаўнікі іншых сфер дзіцячай медыцыны. «Звязда» пабывала на здымках ток-шоу і даведалася, як адчуваюць сябе ўрачы ў ролі медыяперсон, ці менш стала ахвотнікаў лячыцца праз інтэрнэт і ці плануе ў будучыні «наш адказ доктару Камароўскаму» мяняць фармат.

...На пляцоўцы кожны заняты сваёй справай: вядучы і запрошаны эксперт-медык падрабязна разглядаюць пэўную тэму дзіцячага здароўя, дэманструюць медыцынскія і бытавыя тэхнічныя навінкі, даюць карысныя парады. Дарослыя госці ўважліва слухаюць спецыялістаў (сёння, напрыклад, на павестцы дня «Дзіцячага доктара» — грудное выкормліванне, вітамін Д, прастуда ў немаўлят і такая хвароба, як адэноідыт); дзеці ж — як мае быць — гуляюць у сваім цацачным гарадку з размалёўкамі, канструктарамі, калыскамі, машынкамі, кубікамі... Час ад часу хто-небудзь з асабліва гарэзлівай малечы бяжыць пахваліцца сваімі поспехамі бацькам або цішком падбіраецца да доктарскай тумбы — але гэта ніяк не адбіваецца на здымачным працэсе, наадварот, толькі спрыяе больш нефармальнай і даверлівай атмасферы.

«Спачатку ўжыцца ў ролю тэлевядучага было складана, — прызнаецца Дзмітрый Часноў, — хоць тэма і блізкая з прафесійнага пункту гледжання, але ўрач і шоумэн — дзве зусім розныя прафесіі. Давялося многаму вучыцца, каб правільна трымаць сябе і весці гутарку на здымачнай пляцоўцы. Але дзякуючы калектыву, які заўжды дапамагае і падказвае, гэта нарэшце атрымалася, і сёння паправак ад рэдактара, рэжысёра атрымліваем усё менш. Тым больш што сцэнарый у нас не распісаны да дробязяў, ёсць толькі тэматычны «ствол» перадачы з асноўнымі адгалінаваннямі, але ў некаторых момантах мы можам паэксперыментаваць, дадаць нейкі асабісты вопыт, пажартаваць — гумар у гэтай справе, на мой погляд, наогул абавязковы, і найлепшыя выпускі атрымліваюцца пры ўдзеле вясёлых, дасціпных экспертаў».

Урачы трымаюцца перад камерамі так упэўнена, што лішнія дублі тут робяць рэдка — хіба толькі для ўступнага і развітальнага слоў ды запісу апладысментаў. «Мы так разы тры паўтаралі», — спачувальна гаворыць адна са старэйшых дзяўчынак, назіраючы за стараннямі дарослых.

— Вось, глядзіце, сучасны небулайзер, — дэманструе доктар адзін з дапаможнікаў пры лячэнні прастуд. — Хто смелы, хто вырашыцца выпрабаваць на сабе?

— Я! — дружна падбягаюць адразу некалькі дзяўчат.

— Праўда, ён вельмі зручны і зусім бясшумны?

— Не, шумны! — не менш дружна раптам адгукаюцца дзеці.

— А я нічога не чую, — разгублена прыслухоўваецца педыятр, але малеча хорам крычыць: «Чуваць, чуваць!» — выклікаючы дружны рогат усіх прысутных.

Пад канец заняткаў трэнер-інструктар Марына Панкова па традыцыі праводзіць з дзецьмі аздараўленчую гімнастыку, заахвоціўшы да практыкаванняў і бацькоў. «Ат, якая маладзец, усіх разварушыла!» — хваліць нябачны рэжысёр. «Гэта мы разам з дзядзькам Дзімам прыдумалі», — прызнаецца трэнер, а «дзядзька Дзіма» — загадчык прыёмнага аддзялення сталічнай 3-й дзіцячай бальніцы Дзмітрый Часноў — толькі хітравата ўсміхаецца ў вусы і прапануе дзецям пачаставацца карысным кісламалочным напоем — «можаце маму пачаставаць, альбо нават доктара, а вось выплюхваць на сябе і на доктара лепш не трэба». Пакуль ідзе «перазменка» перад запісам наступнага выпуску ток-шоу, Дзмітрый Міхайлавіч падсумоўвае вынікі амаль гадавой работы ў праграме:

— Я штодня размаўляю з мамамі, і прыемна чуць ад іх, што ўсё больш людзей глядзяць нашу праграму і ўдзячныя ёй за веды, за тое, што гэта інфармацыя ідзе ад першакрыніц — нашых экспертаў, урачоў-прафесіяналаў высокага ўзроўню. Спадзяюся, што адпаведна ўсё менш людзей звяртаюцца па дыягназ свайму дзіцяці ў інтэрнэт, асабліва на «мамскія» форумы.

— Наколькі вялікае значэнне ў дачыненнях з бацькамі мае асоба самога ўрача? Педыятраў-мужчын у нас не так шмат, і, можа, да вас часцей прыслухоўваюцца?

— У грамадстве ўсё яшчэ існуюць стэрэатыпы наконт як быццам «чыста жаночых» прафесій, такіх, як педагог, выхавальнік, дзіцячы ўрач, таму да нас стаўленне больш насцярожанае. Аднак калі ўжо доўгі час працуеш у гэтай сферы, то даводзіцца чуць: «Як добра, што ў нас сёння ўрач-мужчына!» Бо псіхалогія ўзаемаадносін жанчыны з дзецьмі і мужчыны з дзецьмі зусім розная яшчэ на генетычным узроўні.

— Па маіх назіраннях, узровень даверу да ўрачоў, незалежна ад полу, прыкладна аднолькавы. Праўда, мы можам даваць рэкамендацыі больш настойліва і строга, чым жанчыны-педыятры, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін вядучы «Дзіцячага доктара» Валерый Андрыенка. — У жанчын стаўленне да маленькіх пацыентаў больш мацярынскае, спачувальнае — а ў медыцыне гэтых эмоцый быць не павінна, трэба, каб лячэнне праходзіла па ўсіх нормах.

— Сёння «Дзіцячага доктара» гледачы ўсё яшчэ параўноўваюць са «Школай доктара Камароўскага» або ў беларускай праграмы склалася сваё адметнае аблічча і стыль?

— Доктар Камароўскі як педыятр — выдатны прафесіянал, няма пытанняў. Але таксама гэта ўжо брэнд, на які працуе вялізная каманда ўрачоў розных спецыяльнасцяў, і з яго харызмай папулярна данесці да гледачоў пэўны медыцынскі матэрыял вельмі лёгка. Але ў нас ёсць свае ўрачы, не менш вопытныя і прафесійныя, таму мы арыентуемся менавіта на беларускія рэаліі і дзелімся з гледачамі не сваім асабістым меркаваннем, а запрашаем разнастайных экспертаў, якія больш поўна і глыбока дапамагаюць разгледзець тую ці іншую тэму, ад груднога выкормлівання да псіхалогіі школьнікаў.

— Словам, можна адказаць коратка: не параўноўваюць нас з доктарам Камароўскім, — запэўнівае Валерый Андрыенка.

«Не скажу, што сёння адкрыла для сябе штосьці невядомае, — падзялілася ўражаннямі адна з матуль, — у мяне ўсё ж двое дзяцей, ёсць пэўны вопыт. Але некаторыя рэчы забываеш, пэўныя нормы з цягам часу мяняюцца, і нават у простых, паўсядзённых рэчах ёсць нюансы, якія не лішне паўтарыць або ўдакладніць у канкрэтных урачоў».

Зрэшты, за мінулы год праграма заваявала давер не толькі бацькоў, але таксама і саміх беларускіх медыкаў. «Мы ўзнімаем тэмы не глыбокія, часам, здаецца, нават відавочныя, але ў той жа час вострыя, бо яны хвалююць практычна кожную сям'ю, — зазначаюць вядучыя. — І бывае, што калегі, калі на прыёме папросту не хапае часу на падрабязную кансультацыю, раяць пацыентам: паглядзіце праграму «Дзіцячы доктар», яе можна лёгка знайсці ў інтэрнэце — там усё раскладзена па палічках».

2 лютага праграме споўніўся роўна год, і да гэтай даты творчая група падрыхтавала спецыяльную тэму «Нам годзік: што мы ўмеем». «Дзеці — наша ўсё, — усміхаецца кіраўнік праграмы Наталля Шаруба, — таму мы запрасілі ў госці сапраўднага імянінніка, і не толькі зрабілі маленькае свята з дапамогай эколага, які падказаў, як выбраць правільныя ласункі, дзіцячы посуд, упрыгожанні, свечкі і г.д., але і разам з урачом-неўролагам праверылі, што ўмее аднагадовае дзіця. Атрымаўся адначасова і святочны, і карысны выпуск».

— Дзень нараджэння — час не толькі прымаць віншаванні, але і строіць планы на будучыню. Ці чакаць гледачам перамен у «Дзіцячым доктары»?

— Наконт новых вядучых або павелічэння эфірнага часу дакладна сказаць не магу, але ўсё магчыма. А вось у змесце пэўныя перамены мы рыхтуем. Цяпер мы гаворым пра немаўлят раз на тыдзень, але заўважылі, што бацькі цікавяцца гэтай тэмай часцей, літаральна ў кожнай праграме гучаць пытанні. Таму задумалі стварыць у праграме асобны «дзіцячы пакой», дзе будзе жыць немаўля, — пакуль нават не вырашылі, будзе гэта лялька або сапраўдны маленькі чалавек, — і пастаянна гаварыць пра яго здароўе і развіццё.

P.S. «Дзіцячы доктар» вядзе прыём на канале «Беларусь 1» з аўторка па пятніцу ў 14.20. Запісацца на ўдзел у праграме можна на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках або па тэлефоне (8-017) 389 62 01.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: ...Што доктар прапісаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.