19 Жнівень, субота

Вы тут

Першакніга беларусаў


Газета «Звязда» сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распачынае новую рубрыку «Полацкі сшытак». Менавіта сёлета, у Год навукі, а таксама 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, прафесійныя даследчыкі раскажуць пра тыя пісьмовыя, моўныя скарбы, на якія багатая Полаччына — радзіма нашага першадрукара Францыска Скарыны.

Лексічныя таямніцы, асаблівасці мясцовых гаворак, звесткі і меркаванні пра Полацкія летапісы, вядомыя і невядомыя старонкі «Жыція Еўфрасінні Полацкай», яскравыя назвы населеных пунктаў і адметныя прозвішчы палачан і нават графіці Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра — пра ўсё гэта неўзабаве можна будзе прачытаць на старонках нашай газеты.

А сёння разам з вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдатам філалагічных навук Ірынай Будзько прапануем перанесціся на старонкі першакнігі беларусаў — Полацкага Евангелля ХІІ стагоддзя, — і гэта падарожжа, нам падаецца, атрымаецца сапраўды захапляльным!


Вядомае выказванне аб тым, што Полацк з'яўляецца калыскай беларускай культуры, з кожным годам атрымлівае ўсё больш фактычных доказаў і навуковых пацвярджэнняў. Першыя праваслаўныя цэрквы, месца, дзе нарадзіліся першая беларуская святая і беларускі першадрукар...Усё гэта Полаччына. Зараз мы можам дадаць і яшчэ адзін факт: месца стварэння першакнігі беларусаў, якая захавалася і да нашых дзён, нягледзячы на амаль тысячагадовую складаную гісторыю, поўную таямніц, перыпетый, катаклізмаў...


Гісторыя славянскай культуры, і ў першую чаргу — пісьмовай, абумоўлена развіццём культурна-асветніцкіх традыцый, закладзеных святымі братамі Кірылам і Мяфодзіем. Большасць рукапісаў, якія дайшлі да нас з часоў Сярэднявечча, — гэта творы сакральнага характару: Евангеллі (каля чвэрці ўсіх зарэгістраваных старажытных помнікаў пісьменства), Псалтыры, зборнікі царкоўных песнапенняў, манастырскія статуты і г.д. І сёння дакладна невядома, якія тэксты сталі першымі з перакладзеных на стараславянскую мову Кірылам і Мяфодзіем. Вядома толькі, што гэта былі ўрыўкі з Евангелляў і Псалтыроў на старажытнагрэчаскай мове, якія мелі практычнае прызначэнне і выкарыстоўваліся падчас царкоўных службаў. Кананічны тэкст размяшчаўся ў іх не ў храналагічным парадку, а ў парадку чытання па днях года, таму такія Евангеллі і Псалтыры называліся апракаснымі (ад грэчаскага apracos — тыднёвы). Менавіта апракаснае Евангелле пачалі перакладаць святыя браты на стараславянскую мову.

Пачынаючы з ХІ стагоддзя колькасць старажытных рукапісаў, якія распаўсюджваліся на ўсходнеславянскіх землях, павялічвалася з неверагоднай хуткасцю. Пры цэрквах і манастырах ствараліся скрыпторыі — своеасаблівыя лабараторыі па перапісванні святых тэкстаў. І хоць аднаму чалавеку трэба было 8—10 месяцаў, каб перапісаць кнігу (бо першыя кнігі былі напісаны ўставам, кожная літара выпісвалася вельмі дасканала, старонкі аздабляліся арнаментам, малюнкамі і ініцыяламі), ужо за першыя стагоддзі колькасць рукапісных кніг на землях Старажытнай Русі налічвала тысячы асобнікаў.

Беларускія землі таксама зрабілі вялікі ўнёсак у асвету старажытных славян. Побач з Кіеўскай, Галіцка-Валынскай, Наўгародскай школамі вельмі хутка заявіла пра сябе Полацкая зямля. Пра старажытныя рукапісы полацкага паходжання мы ведаем дастаткова шмат, ужо за перыяд з ХІІ па XVІ стагоддзе там былі створаны сотні помнікаў: і Евангеллі, і Псалтыры, і летапісы, і агіяграфічныя творы, і дзелавыя акты, і граматы.

Пачэснае мясца сярод пералічаных твораў займае Полацкае Евангелле ХІІ, магчыма, пачатку ХІІІ стагоддзяў. Помнік напісаны буйнымі правільнымі (устаўнымі) літарамі, уяўляе сабой поўнае апракаснае Евангелле (хоць на сённяшні дзень захавалася толькі дзве траціны тэксту). На палях помніка зроблены пазнейшыя прыпіскі паўуставам і скорапісам, якія датуюцца XІV і XVІ стагоддзямі. З прыпісак мы даведваемся аб фактах перадачы зямельнай маёмасці полацкаму Свята-Троіцкаму манастыру, у якім і захоўвалася святыня.

Полацкае Евангелле — самы старажытны рукапісны тэкст з тых, што з'явіліся на беларускіх землях у часы Сярэднявечча, які дайшоў да нас. Старэйшае за яго толькі Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя, але ад яго захавалася толькі 11 аркушаў. Евангельскі тэкст пісаны на пергаменце, тонка вырабленай скуры маладых цялят. Нягледзячы на амаль тысячу гадоў, якія аддзяляюць нас ад моманту стварэння гэтай кнігі, мы можам адзначыць вельмі добрую ступень захаванасці гэтага помніка. За выключэннем першай старонкі, якая толькі нядаўна была адрэстаўравана, астатняя частка кнігі амаль не пашкоджана, тэкст чытаецца лёгка, літары выразныя, не выцертыя, толькі чарніла трохі выцвіла. У якасці ўпрыгожанняў выкарыстаны арнамент візантыйскага тыпу, ініцыялы (загалоўныя літары) напісаны чырвонай фарбай, часам сустракаецца і сіні колер. Некаторыя найбольш простыя элементы арнаменту выкарыстоўваюцца і ў якасці знакаў на палях. Са знакаў прыпынку выкарыстана толькі кропка, якая ставілася пасярэдзіне радка і абазначала канец цэльнага фрагмента тэксту. Як і ва ўсіх помніках пісьменства таго часу, словы пісаліся без прабелаў і пераносіліся на наступны радок без знакаў пераносу, што значна ўскладняла чытанне і разуменне тэксту. На першай старонцы ў якасці ўпрыгожання калісьці быў арнамент з выкарыстаннем срэбра, якое з часам акіслілася і пачарнела.

Як ужо адзначалася, рукапіс добра захаваўся і з'яўляецца першай кнігай беларускіх земляў, якая дайшла да нас фактычна ў поўным аб'ёме. Полацкае Евангелле выкарыстоўвалася ў якасці напрастольнага, з моманту стварэння захоўвалася ў манастыры ў Полацку, адкуль было вывезена падчас вайны з Іванам Грозным у XVІ стагоддзі. На некалькі стагоддзяў сляды помніка губляюцца. Кніга згадваецца толькі ў ХІХ стагоддзі ў пераліку адной з прыватных расійскіх бібліятэк. Неўзабаве рукапіс выкупіла Расійская нацыянальная бібліятэка імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, дзе помнік захоўваецца і па сённяшні дзень. Старажытная кніга рассыпалася на асобныя аркушы, некаторыя з іх зніклі, а некаторыя былі знойдзены ў іншай калекцыі і захоўваюцца цяпер у Маскве пад назвай «Лісткі Ундольскага». Асабліва пацярпела другая частка Полацкага Евангелля, там не хапае большасці старонак, у ХІХ стагоддзі кніга была пераплецена нанава, і апошнія старонкі пераблытаны. У рукапісе маюцца дзве нумарацыі арабскімі лічбамі: ніжняя, старая, з пропускамі, і верхняя, больш новая, якая ўлічваецца і цяпер. Тэкст евангельскіх чытанняў напісаны двума почыркамі.

Пры вывучэнні Полацкага Евангелля былі выяўлены наступныя дыялектныя рысы: цоканне (калі гукі ц і ч супадаюць у маўленні ў адным гуку ц; яшчэ і сёння можна пачуць на Полаччыне словы тыпу вадзіцка, крыніцка, а тады, амаль тысячу гадоў таму, з'ява гэтая была яшчэ больш распаўсюджанай і з'яўлялася яскравай прыкметай старажытнага крывіцкага дыялекту), на старонках Евангелля старажытны пісец напісаў человецьскаго (замест человечьскаго), личемери (замест лицемери), очетъ (замест оцетъ), отроца (замест отроча). Зафіксавана аканне: арамафы, араматы (замест ароматы), праказа (замест проказа), скарпия (замест скорпия). Гук р — зацвярдзелы: умроша (замест умреша), горко (замест горько), горуще (замест горяще). На ўсходзе беларускіх земляў адзначана таксама дыялектная з'ява, якая называецца звужэнне (пераход гука о ў галосны у), якая таксама знайшла адлюстраванне на старонках старажытнай кнігі: в утрубу (замест в утробу), в субуту (замест в суботу), небеснуму (замест небесному). Такіх апісак, або памылак, не больш за 10 на ўвесь старажытны тэкст, які займае 370 старонак.

У старажытнасці перапісваннем кніг маглі займацца толькі вельмі падрыхтаваныя, пісьменныя людзі. Як нам вядома з «Жыція Еўфрасінні Полацкай», сама Прападобная таксама ўласнай рукою перапісвала святыя кнігі. Моўны аналіз рукапісу дае падставу сцвярджаць, што перапісчык (або два перапісчыкі) быў мясцовым жыхаром, носьбітам старажытнай полацкай гаворкі, якая ўвабрала ў сябе адметныя рысы дыялекту старажытных крывічоў, протаплемені беларусаў.

Нягледзячы на тое што звесткі пра Полацкае Евангелле фігуруюць у навуковых даследаваннях і розных даведачных выданнях ужо амаль 150 гадоў, усебаковага вывучэння гэты знакавы для беларусаў помнік пісьменства дачакаўся толькі ў пачатку ХХІ стагоддзя. Яго мову, структуру тэксту даследавалі ў аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 2013 годзе намаганнямі Беларускай праваслаўнай царквы было зроблена факсімільнае выданне гэтага знакавага помніка. Такая падзея стала першым крокам на шляху вяртання страчаных гістарычных каштоўнасцяў. Побач з Крыжом Еўфрасінні Полацкай, слуцкімі паясамі факсімільнае выданне Полацкага Евангелля зойме пачэснае месца сярод скарбаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў.

Ірына БУДЗЬКО

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.