Вы тут

Усё пра банкаўскую ячэйку


Выкарыстанне банкаўскай ячэйкі з'яўляецца надзейным спосабам перадачы грошай ад пакупніка да прадаўца пры здзелках на другасным рынку жылля.

Гістарычна з прыёмам каштоўнасцяў на захоўванне і было звязана зараджэнне ўсёй банкаўскай справы. Іншыя банкаўскія паслугі (рахункі, уклады, крэдыты) з'явіліся значна пазней і выцякалі якраз з аперацый па захоўванні.


Не проста сейф

Што такое банкаўская ячэйка? Яна ўяўляе сабой металічны сейф, які размешчаны непасрэдна ў банку, у спецыяльным памяшканні з браніраванымі дзвярыма (банкаўскім сховішчы), дзе працуе ўзмоцненая ахова, сістэмы сігналізацыі і відэаназірання. Металічныя сейфы маюць розныя памеры, абсталяваныя сучаснымі замкамі і маюць два ключы. Адзін з ключоў аддаецца трымальніку ячэйкі, а другі застаецца ў банка. Адкрыць можна толькі выкарыстоўваючы два ключы адначасова. Банкаўскія (дэпазітарныя) ячэйкі прызначаны для захоўвання наяўных грашовых сродкаў, каштоўных папер, дакументаў, ювелірных вырабаў, каштоўных металаў, прадметаў антыкварыяту, твораў мастацтва, электронных інфармацыйных носьбітаў і іншых рэчаў. Выключэнне складаюць таксічныя, радыеактыўныя, выбуховыя, наркатычныя, лёгкаўзгаральныя рэчывы, зброя і прадметы, якія ствараюць моцныя электрычныя і магнітныя палі.

Каму і навошта?

Традыцыйна актуальнасць паслугі захоўвання каштоўнасцяў у банкаўскіх ячэйках у разы ўзрастае летам (у перыяд адпачынкаў), а таксама ў дні навагодніх свят. Банкаўская ячэйка стане сховішчам вашых каштоўнасцяў і ў выпадку, калі трэба будзе працяглая камандзіроўка або працяглы ад'езд.

Многія людзі проста захоўваюць зберажэнні і каштоўнасці ў банку, бо лічаць, што трымаць іх дома небяспечна. Акрамя гэтага, такая ячэйка часта выкарыстоўваецца як інструмент гарантыі пры заключэнні розных грамадзянска-прававых здзелак. Напрыклад, гэтая банкаўская паслуга стала вельмі папулярнай пры перадачы грошай ад пакупніка да прадаўца пры здзелках на другасным рынку жылля. Як гэта працуе?

Так, пакупнік заключае з банкам дагавор арэнды ячэйкі на пэўны перыяд часу і закладвае ў яе грошы. Пасля завяршэння рэгістрацыі здзелкі прадавец прад'яўляе ў банк пашпарт, зарэгістраваны дагавор куплі-продажу і іншыя дакументы, устаноўленыя пагадненнем бакоў, і забірае грошы. Калі ж з нейкіх прычын дакументы не былі аформлены і здзелка не адбылася, то пакупнік можа забраць свае грошы, паказаўшы дакументы, якія пацвярджаюць, што здзелка не адбылася.

Канфідэнцыяльнасць ці поўны давер

Адносіны банка і карыстальніка банкаўскай ячэйкі юрыдычна рэгулююцца двума відамі дагавораў. Гэта можа быць дакумент аб арэндзе або дагавор захоўвання. У выпадку заключэння вамі дагавора захоўвання банк складзе вопіс, у якім будуць названы ўсе размешчаныя ў ячэйцы прадметы, і будзе несці поўную адказнасць за іх захаванне. Работнікі банка будуць прысутнічаць пры закладцы каштоўнасцяў і кантраляваць усе аперацыі, зробленыя кліентам з каштоўнасцямі ў далейшым. Пры заключаным дагаворы аб арэндзе банк не ведае пра змесціва ячэйкі, таму, адпаведна, не нясе адказнасці за яго.

Ад капеек да рубля

Колькі каштуе такая паслуга? Як правіла, цана паслугі залежыць ад чатырох галоўных фактараў. Значэнне мае памер ячэйкі (чым яна большая, тым даражэй), тэрмін выкарыстання (чым на большы тэрмін вы складаеце дагавор, тым танней абыдзецца для вас адзін дзень арэнды), факт таго, ці з'яўляецеся вы кліентам банка, а таксама мэта размяшчэння каштоўнасцяў «пад замок» (пры заключэнні дагавора захоўвання кошт паслугі, як правіла, вышэйшы, чым пры заключэнні дагавора аб арэндзе). Некаторыя банкі просяць унесці залог (страхавы дэпазіт), які пасля заканчэння дзеяння дагавора і вызвалення ячэйкі банк вяртае ў поўным аб'ёме.

Як гэта працуе на практыцы, мы вырашылі разгледзець на прыкладзе карыстання дэпазітным сейфам Беларусбанка. У дагаворы гэтай фінансавай установы прапісваецца, што кліент мае бесперашкодны доступ да дэпазітнага сейфа ў адпаведнасці з рэжымам работы дэпазітарных сховішчаў, а таксама бясплатнае наведванне яго незалежна ад колькасці наведванняў у дзень. Плата за прадастаўленне дэпазітнага сейфа для захоўвання каштоўнасцяў складае 40 капеек за адзін дзень (з ПДВ).

Існуе ў нашай краіне і паслуга па прадастаўленні банкаўскай ячэйкі ў аўтаматычным дэпазітарным сховішчы. Гэта ўнікальная пакуль для Беларусі паслуга каштуе ўжо больш — рубель за адзін дзень. Аднак спажыўцы кажуць, што паслуга гэтага каштуе, бо мае шмат пераваг.

Уласны сейф — кругласутачна

Аўтаматычнае дэпазітарнае сховішча было ўведзена летась у эксплуатацыю Белаграпрамбанкам. Цяпер там кліенту банка прадастаўляецца бесперашкодны доступ да банкаўскіх ячэек 24 гадзіны ў суткі. Дастаўка кліенту індывідуальнай ячэйкі з аўтаматычнага сховішча ў кліенцкі пакой ажыццяўляецца пры дапамозе пластыкавай карткі з абавязковым уводам ПІН-кода і ідэнтыфікацыяй кліента па адбітках пальцаў. Кожная ячэйка зачыняецца на механічны замок, ключ ад якога выдаецца кліенту.

Вага прадметаў банкаўскага захоўвання, якія знаходзяцца ў ячэйцы, не павінна перавышаць 25 кг. Прадметам банкаўскага захоўвання і ў гэтым сховішчы не могуць быць халодная і агнястрэльная зброя, боепрыпасы да яе, выбухованебяспечныя, лёгкаўзгаральныя, наркатычныя, радыеактыўныя, хімічныя, бактэрыялагічныя рэчывы, а таксама прадметы і рэчывы, здольныя нанесці матэрыяльную ці іншую шкоду банку (або трэцім асобам) і якія ўяўляюць па сваёй прыродзе пагрозу для здароўя, жыцця людзей і навакольнага асяроддзя.

Аўтаматычнае дэпазітарнае сховішча ўвесь час знаходзіцца пад цэнтралізаванай аховай Дэпартамента аховы МУС Беларусі.

Сам сабе гаспадар

Чаму некаторыя людзі і юрыдычныя асобы карыстаюцца менавіта такой паслугай замест таго, каб размясціць грошы ў дэпазіт, укласці ў фінансавы інструмент? Захоўванне каштоўнасцяў у індывідуальных банкаўскіх ячэйках не прыносіць прыбытку. Больш за тое, такое захоўванне з'яўляецца расходным артыкулам.

Аднак у гэтай паслугі ёсць некалькі пераваг. Спецыялісты Нацбанка адзначаюць, што ў дачыненні да каштоўнасцяў, якія ляжаць у ячэйках, банк не мае ніякіх маёмасных правоў. Гэта структура з'яўляецца ўладальнікам толькі абсталявання для захоўвання, але не саміх каштоўнасцяў. Кліент заўсёды можа самастойна забраць іх, а гэтая паслуга забяспечвае няхай і не абсалютную, але максімальную сярод іншых банкаўскіх паслуг канфідэнцыяльнасць.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ідэальная таямніца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.