Вы тут

За і cупраць каўбасы і тушонкі з баброў


Пасля навіны пра тое, што ў Беларусі могуць пачаць вырабляць каўбасу і тушонку з баброў, інтэрнэт «не змаўкае». Адны абмяркоўваюць перспектывы рэалізацыі такой прадукцыі, іншыя асуджаюць саму ідэю. Карэспандэнты «Звязды» вырашылі таксама падыскутаваць на гэту тэму.


  • За

Каўбасе з баброў — быць!

Бабры міжволі сталі галоўнымі ньюсмейкерамі ў беларускім сеціве.

Нават закон аб «дармаедах» не здолеў нагэтулькі ўзварушыць «інтэрнаўтаў», як інавацыйная ідэя рабіць з рачных грызуноў каўбасу. Пакуль адны з навіны рагаталі, іншыя аператыўна кляпалі пратэстную анлайн-петыцыю. І на той час, калі рыхтаваўся гэты артыкул, яе «падпісалі» больш за 100 тысяч чалавек. Што ж, абарона жывёл — справа высакародная. Але нават самую высакародную ідэю можна давесці да абсурду. Што мы і назіраем на прыкладзе баброў.

Паспрабуем разважаць рацыянальна. Баброў сапраўды распладзілася забагата, і шкода ад іх дзейнасці неўзабаве перавысіць карысць. Ды і законы прыроды ніхто не адмяняў. Калі папуляцыя празмерна разрастаецца, немінуча запускаецца механізм самарэгулявання. Узрастае ўнутрывідавая агрэсія або пачынаецца мор. Ці ёсць бабру прынцыповая розніца — быць загрызеным суродзічам, памерці ад эпідэміі або трапіць пад адстрэл?

Зрэшты, адстрэл — справа не надта простая. Да ведама «канапавых» натуралістаў: бабёр — не рахманы кабанчык у хлеўчуку. Гэта дзікі звер, што жыве ў непралазных мясцінах, да якіх яшчэ трэба дабрацца. І стаяць ды пазіраваць, пакуль вы цэліце ў яго са стрэльбы, ён не будзе. Шабулдых! — і лаві пад карчамі. Ды і паляванне адбываецца ў строга вызначаныя тэрміны. Таму наўрад ці каўбаса з бабра стане масавым прадуктам. Хутчэй, рэдкім і дарагім ласункам для турыстаў.

Што да «мірнага» рашэння праблемы, пра якое кажа аўтар петыцыі, то ў мяне адно пытанне: як вы сабе гэта ўяўляеце? Адправіць лішніх баброў каланізаваць Марс? Зладзіць масавую стэрылізацыю? На жаль, адстрэл застаецца самым эфектыўным спосабам рэгуляваць колькасць жывёл. А раз іншага выйсця няма, то чаму карыснае і смачнае мяса мусіць прападаць? І гэта не «дзікунства» і не «варварства», а шараговы прыклад прыродакарыстання.

Так, чалавек на працягу сваёй гісторыі эксплуатуе жывёл. Свіней і кароў гадуюць дзеля мяса. На мышах і малпах выпрабоўваюць лекі. На курыных эмбрыёнах гадуюць штамы вірусаў для вакцын. А з крыві цялят робяць медыцынскія прэпараты. А нутрый — блізкіх «сваякоў» бабра — даўно і паспяхова пускаюць на хатнюю каўбасу. А таксама масава адстрэльваюць дзікоў — пераносчыкаў афрыканскай чумы. Але ж дзе петыцыі ў абарону ўсёй гэтай жыўнасці? Чаму «пашанцавала» толькі бабрам?

Усё проста: яны трапілі ў медыйнае поле. Таму і прыцягнулі да сябе столькі ўвагі. Заяві Мінсельгасхарч пра паштэт з вяртлявых чаротавак — узнімецца той самы лямант. (Хоць, як выглядае чаротаўка, — мала хто ведае.). А што адбываецца на фермах і ў лабараторыях — абывацелю нецікава. Бо не медыйна.

Калі ж мы сапраўды такія міласэрныя, то будзем паслядоўнымі і не абмяжуемся аднымі бабрамі. Давайце адмовімся ад усіх жывёльных прадуктаў! І ад сучаснай фармакалогіі таксама. І будзем паміраць ад хвароб дзеля паратунку лабараторных мышак. Ці гатовыя мы на гэта? Калі не — дык варта кінуць гэты псеўдагуманістычны лямант. І змірыцца з той роляй спажыўца, на якую выраклі нас эвалюцыя і наша біялагічная прырода.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by


  • Супраць

Усе бабры добрыя

Чаго пра людзей не скажаш...

Калі я расказала сяброўцы навіну аб тым, што з баброў пачнуць рабіць каўбасу і тушонку, яна палічыла гэта такім нясмешным жартам. Але перспектыва рэальная. Ужо 105 тысяч чалавек падпісалі петыцыю ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання супраць гэтага. І збор подпісаў працягваецца...

Супраць ідэі выступаюць не толькі вегетарыянцы і аматары мілых звяркоў. Звернем увагу на саму прапанову. Спачатку смак. Тыя, хто выступаюць «за», гавораць пра тое, што, калі мяса бабра правільна зварыць са спецыямі, — яно будзе вельмі смачным, застанецца толькі нямоцны рыбны пах. Але, увага, з баброў будуць рабіць каўбасу і тушонку. Як гэта выкарыстоўваць? Класці на хлеб і рабіць бутэрброд? У гэтым выпадку, па-першае, дзічына, якая б яна ні была, мае спецыфічны смак і пах. Прабачце, але гараджане не будуць цярпець, і, калі дадаць у каўбасу шмат натуральнага бабровага мяса, пасля першага кавалачка астатні прадукт паляціць у сметніцу. Калі перабіваць пах рыбы і дадаваць шмат спецый ці іншых інгрэдыентаў, то навошта нам увогуле гэта каўбаса быццам з бабром, але без мяса?

Яшчэ застаецца адкрытым пытанне, як яе вырабляць. Для вытворчых маштабаў — не тыя аб'ёмы. А ці будзе выгада для прыватных мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў? Пакуль чаргі з ахвотных пачаставацца такой тушонкай няма.

Дарэчы, калісьці бабры ўвогуле былі занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ды і сёння іх менш за норму — 81% ад аптымальнай колькасці па краіне. Так, ёсць мясціны, дзе баброў шмат, але калі туды накіруюцца ўсе паляўнічыя, наколькі стабільнай застанецца сітуацыя? Так хутка бабёр зноў вернецца ў шэраг чырванакніжнікаў.

Да таго ж давайце глядзець на перспектыву. Гарады і прадпрыемствы растуць — экалагічная сітуацыя пагаршаецца. Згодна са статыстыкай, якая складаецца са звестак Сусветнага банка, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, Глабальнай Сеткі Экалагічнага следу, беларусы штогод выкарыстоўваюць больш рэсурсаў, чым можа аднавіць наша прырода. Таму берагчы наш раслінны і жывёльны свет — адна з асноўных задач. Тым часам бабёр станоўча ўплывае на стан рэк. І значнае змяншэнне гэтага віду адмоўна адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі.

А як сачыць за тым, каб паляванне не стала бескантрольным? Ляснічых да кожнага бабра не паставіш, ды і няма іх столькі. А па словах начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Сяргея Шастакова, цана на баброў можа падняцца, калі будзе попыт на мяса. І што спыніць людзей пайсці забіваць нават на тэрыторыях, не прызначаных для гэтага? Нам патрэбны ўсплёск браканьерства? Цяпер паляўнічыя штогод забіваюць каля 9000 баброў і толькі прыкладна пятую частку з гэтага — паляўнічыя лясгасаў. Гэта значыць, большасць — гэта «прыватнікі», колькасць якіх можа яшчэ вырасці.

Пасткі для баброў могуць не злавіць, а пакалечыць жывёліну. Адзін з маіх знаёмых у свой час паляваў на баброў. Аднойчы ў сваёй пастцы ён знайшоў бабровую лапку. Верагодна, жывёліна з усяе сілы імкнулася вырвацца з палону, не зважаючы, што калечыць сябе. А праз год на тым жа месцы яму трапіў даверлівы бабёр... без лапы.

Але пужае іншы бок справы. Баброў плануюць спецыяльна вырошчваць для каўбасы. Я нават не магу ўявіць сабе гэтую бабровую ферму. Бабёр даволі разумная жывёла. Яму трэба валіць дрэвы, будаваць сваю хатку... Гэта не курыца, якая задаволіцца зернем і будзе таўчыся ў куратніку са сваімі родзічамі. Бабры — сямейныя жывёлы. Яны жывуць разам са сваімі дзецьмі, а калі тыя вырастаюць, дапамагаюць ім будаваць уласную хатку. Няўжо ў нас ёсць такая вялікая патрэба, каб іх забіваць?

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: За... і cупраць

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.