Вы тут

Адбылася «Вялікая размова з Прэзідэнтам»


Першую ў гэтым годзе прэс-канферэнцыю Прэзідэнта Беларусі ў грамадстве чакалі з асаблівай цікавасцю. Яе новы фармат быў закладзены ў самой назве — «Вялікая размова з Прэзідэнтам», сутнасць якой растлумачыў сам кіраўнік дзяржавы. «Наша сённяшняя сустрэча праходзіць у крыху незвычайным фармаце для многіх. Гэта і не прэс-канферэнцыя, і не інтэрв'ю. Форму нашай сённяшняй размовы дыктуе само жыццё: без дыялогу сёння нікуды, заўтра — тым больш, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У зале прысутнічаюць не толькі журналісты, але і шырокае кола беларускай грамадскасці. І вядома, галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства будуць звычайныя, простыя грамадзяне. Абмяркоўваць прапаную абсалютна ўсё, што хвалюе вас, вашых знаёмых, блізкіх».

Прэзідэнт падкрэсліў, што на сустрэчы яму хацелася б абмеркаваць праблемы, якія хвалююць беларускі народ. «Закрытых тэм няма. І не проста пытайце, калі ў вас будуць пытанні, але выказвайце і сваё меркаванне — шчыра і адкрыта».

У 2016 годзе ў беларускай дзяржавы не ўсё атрымалася, але ўдалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей, адзначыў Прэзідэнт, звярнуўшы пры гэтым увагу, што разважанні аб стабільнасці — гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.

«Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. «Але ў адным мы адзіныя — у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Размова, якая доўжылася без малога восем гадзін, атрымалася сапраўды шчырай, адкрытай і рознабаковай. Яе ўдзельнікі — журналісты, палітолагі, парламентарыі, кіраўнікі прадпрыемстваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый — не толькі задавалі Прэзідэнту пытанні, але і ўступалі з кіраўніком дзяржавы ў зацікаўлены дыялог і нават у дыскусію. Былі пачутыя і думкі, і клопаты простых грамадзян: на самым пачатку сустрэчы быў паказаны сюжэт, аб чым хочуць спытаць Прэзідэнта людзі на вуліцы. Пытанні героі сюжэта агучвалі розныя, у большасці сваёй — надзённыя, тыя, што хвалююць сёння многіх. Кіраўнік дзяржавы пачаў сваю работу з адказаў менавіта на іх, пасля слова па чарзе атрымлівалі прадстаўнікі СМІ і эксперты. Размова ў прамым эфіры транслявалася па тэлебачанні і радыё, многія глядзелі трансляцыю ў інтэрнэце ў рэжыме анлайн. Нашы чытачы сёння маюць магчымасць пазнаёміцца з важнымі для ўсіх без перабольшання тэмамі падрабязна, з акцэнтамі на самым галоўным.


Аб зарплаце $500

Патрабаванне аб павышэнні ў Беларусі сярэдняй заработнай платы ў 2017 годзе павінна быць выканана, заявіў Прэзідэнт. «Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».

«Сярэдняя зарплата ў краіне $500 — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. — Заўвага БЕЛТА.) — не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы — хто колькі заробіць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы «ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца».

Патрабаванне аб павышэнні сярэдняй заработнай платы да $500 да канца 2017 года Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым у адносінах да людзей, якія працуюць. «Чаму ў Беларусі многія раз'язджаюць на шыкоўных лімузінах, маюць магчымасць па паўгода адпачываць на нятанных курортах, выводзіць у афшоры грошы, а іншыя павінны перабівацца з вады на хлеб? Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я не рэтраград, не папуліст: $500 сярэдняй зарплаты — гэта справядліва. Амаль алігархі беларускія могуць адпачываць і раз'язджаць на шыкоўных машынах толькі таму, што працуюць людзі. Дык давайце дадзім ім хаця б $500. Вось і ўся эканамічная мадэль. З гэтага я зыходжу. На большым пакуль не настойваю. Але хтосьці, можа, і $600 атрымае, і $1000 — і на здароўе».

«Гэта ганьба, калі мы, нябедныя людзі (і такіх нямала), прыходзім да ўрача, патрабуем ад урача, каб ён нас вылечыў на высокім узроўні, і не думаем аб тым, што гэты ўрач сёння атрымлівае нейкіх Br800, а то і гэтага не мае. Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, — зноў падкрэсліў беларускі лідар. — Трэба ў жыцці крыху разбірацца, жыццё гэта адчуваць».

Пры гэтым Прэзідэнт паставіў умову: людзям трэба даць магчымасць зарабляць $500. «Людзі не павінны звяртацца да Прэзідэнта і гаварыць: «Дай $500 зарплату». Я магу даць, але тады праз падаткі я павінен буду з усіх вас у два разы больш узяць і тады даць праз бюджэт. Трэба ставіць пытанне аб заробленых грашах. Прадукцыйнасць заўсёды павінна быць вышэйшая», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Даведзена заданне па штогадовым стварэнні не менш як 50 тыс. рабочых месц. «Не думаю, што нехта прыпіскамі займаецца. Можа, недзе і ёсць, але ўсё ж такі працэс пайшоў», — канстатаваў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ствараемыя рабочыя месцы павінны быць не мінулага стагоддзя, а будучага.

«Мы манілаўшчынай не займаемся, не абяцаем мільён. Але калі будзем ствараць па 50 тыс. кожны год, гэта ўжо будзе добра. У такім напрамку будзем дзейнічаць і даваць магчымасць людзям зарабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Што заробiм — тое i атрымаем»

Заработная плата i пенсii могуць быць павышаны толькi за кошт эфектыўнай работы эканомiкi, заявiў Прэзiдэнт. «Зарплаты i пенсii могуць быць павялiчаны толькi тады, калi ў эканомiцы вырабiм больш, якасней i прададзiм па больш высокай цане, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — Ёсць другi шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас i так запазычанасць вялiкая — дзяржаўная, карпаратыўная i г.д. Асаблiва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць i за кошт гэтага павышаць зарплаты i пенсii, не трэба».

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што перш за ўсё трэба клапацiцца аб вытворчасцi: «што заробiм, тое i атрымаем». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павiнен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасцi працы.

Што датычыцца павышэння зарплаты дзяржслужачым са скарачэннем апарату за кошт лiквiдацыi лiшнiх функцый. «Што датычыцца дзяржструктур, яны ж бедныя ў нас. Дзяржслужачыя ў нас бедныя, i вы з гэтым згодзiцеся. Але я iм сказаў: пакуль не лiквiдуеце лiшнiя функцыi i ў сувязi з гэтым не скароцiце апарат — нiякага павышэння зарплаты. Нават калi мне гэта будзе пагражаць, як вы часта гаворыце, унутры ў каманды Лукашэнкi спее нейкi пераварот, яны хутка яго скiнуць. Няхай лепш скiнуць, але калi я ў гэтым перакананы i бачу, што не толькi я, але i вы з гэтым згодны, я ўсё роўна гэтага даб'юся. Рознiца ў тэрмiнах».

Гаворачы пра цэны, кiраўнiк дзяржавы заўважыў, што дзяржава будзе сачыць за сiстэмай цэнаўтварэння, каб не дапусцiць перакосаў. «Ёсць пэўныя патрабаваннi па цэнаўтварэннi. Таму што ў людзей на першым месцы стаiць праблема коштаў. Гэта паказваюць даследаваннi, якiя мы праводзiм. Я не магу не рэагаваць i адхiлiцца ад гэтага пытання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, дзяржава павiнна сачыць за цэнамi, але нi ў якiм разе не зацiскаць iх. «Гэтага дапусцiць нельга», — падкрэслiў Прэзiдэнт. Ён нагадаў, што ў мiнулым годзе ў Беларусi было створана Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю, якое павiнна займацца ў тым лiку i пытаннямi цэнаўтварэння.

Аб iльготах i льготнiках

«Iльгатаваць будзем толькi тое, што заўтра дасць вынiк», — падкрэслiў Прэзiдэнт. «Яшчэ раз падкрэслiваю — мы жывём у рыначнай эканомiцы. Тым больш, усе хочуць у СГА — вы ведаеце, як ставяцца ў СГА да льгот», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт акцэнтаваў увагу, што ў пытаннi прадастаўлення льгот трэба ўлiчваць эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых сродкаў. «Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкiя невялiкiя грошы — каму вы iх дасце? Проста «закапаць у пясок», або вы падумаеце, што прынясе гэта пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа i ў дзяржаве», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

«Усе льготы i iншае — вы ж разумееце, што гэта ўсё з кiшэнi нашага народа. Нехта ў бюджэт аддае грошы, а некага мы з бюджэту льгатуем», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. З улiкам гэтага льготы даюцца ў першую чаргу тым, каго дзяржава абавязана падтрымлiваць, — сярод iх шматдзетныя сем'i, ваенныя.

«Насельнiцтва ў Беларусi павiнна быць у 2-3 разы больш. Гэта галоўная сiла краiны», — падкрэслiў Прэзiдэнт. У сувязi з гэтым дзяржава прадоўжыць падтрымлiваць шматдзетныя сем'i. У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што шматдзетныя сем'i не павiнны скласцi рукi i разлiчваць толькi на падтрымку Прэзiдэнта.

«Дзяржава павiнна дапамагчы, i мы гэта робiм. Калi ў нас будзе больш грошай, мы будзем больш дапамагаць», — адзначыў Прэзiдэнт.

Падтрымка ваенных таксама застанецца адным з прыярытэтаў дзяржавы. «У любы момант (ваенны. — Заўвага БЕЛТА) пойдзе па загадзе i аддасць сваё жыццё. Дык давайце дадзiм iм магчымасць мець свой куток, каб ён мог жыць i гадаваць сваiх дзяцей», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Што датычыцца льготнага крэдытавання жыллёвага будаўнiцтва, яго аб'ёмы будуць павялiчвацца з ростам эканомiкi, заявiў Прэзiдэнт. «Нiхто не адмяняў iльготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, iх трэба недзе ўзяць. I на доўгi час. А гэта грошы прадпрыемстваў i вашы грошы. Iльготнае жыллё было i ёсць, але не ў такiм аб'ёме. Будзем багацейшыя — будзе больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, павелiчэнне аб'ёмаў будаўнiцтва жылля разглядаецца як лакаматыў эканомiкi. «Калi чалавек пабудаваў кватэру, туды шмат чаго трэба, i ён пачынае гэта купляць, рухаючы наперад развiццё прадпрыемстваў. З гэтага пункту гледжання мы глядзiм на пашырэнне жыллёвага будаўнiцтва», — растлумачыў Прэзiдэнт.

Аб дзiцячых садах, школьных праграмах i маладых спецыялiстах

Гаворачы пра будаўнiцтва сацыяльнай iнфраструктуры ў новых мiкрараёнах (дзiцячыя сады, бальнiцы), кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што гэта праблема вырашаецца. «Мы гэту праблему вырашым, бо яна звязана з дзецьмi, гэта адказнасць дзяржавы, асаблiва дзiцячыя сады», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка i патлумачыў, што, магчыма, гэта пытанне вырашаецца не так хутка ў сувязi з фiнансавай сiтуацыяй у краiне.

Прэзiдэнт звярнуў увагу, што праблема з дзiцячымi садамi актуальная, у асноўным, для Мiнска. «Бяда атрымалася: у цэнтры горада перасталi нараджаць, вызвалiлiся дзiцячыя сады, ды i ў школах месцы ёсць, а ў мiкрараёнах — наадварот. У нас атрымалася так, што дзiця трэба везцi з Каменнай Горкi ў цэнтр у дзiцячы сад, дзе ёсць месцы. Мы падумалi-падумалi — нiкуды ад гэтага не дзецца, давялося нават прадаваць некаторыя дзiцячыя сады ў цэнтры, а грошы перакiдваць, каб пабудаваць у мiкрараёнах iнфраструктуру. Вось такая сiтуацыя склалася», — адзначыў ён.

Прэзiдэнт даручыў перагледзець школьныя праграмы i падручнiкi для таго, каб аптымiзаваць нагрузку на дзяцей. «Дзецi вельмi загружаны, iм дыхаць няма калi, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзецi займалiся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухi, для здароўя, каб яны нармальнымi, здаровымi, прыгожымi раслi. А калi ў каго-небудзь ёсць здольнасцi да музыкi, маляваць карцiны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны i так дзесяць гадзiн у школе занятыя ўжо ў сёмым класе».

У той жа час настаўнiк павiнен больш часу працаваць з вучнямi ў школе, каб на дамашняе заданне iм даводзiлася затрачваць нават не дзве гадзiны ў дзень. «А ў нас сёння чатыры, у старшых класах — пяць, i яшчэ рэпетытарства», — заўважыў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклiкае ў большай ступенi арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне. «Калi мы заканчвалi школу, мы ведалi, адкуль у лямпачцы святло, маглi хаця б закруцiць у патрон лямпачку, маглi разетку адрамантаваць. Мы разумелi ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэту разетку — заб'е! Нас вучылi гэтаму ў школе. Нам паказвалi, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска i гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелi рабiць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэнiцца — ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрознiць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрознiць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

«I ўсе плачуцца ў школе — зарплата малая... Дык навучыце дзяцей жыць!» — сказаў Прэзiдэнт, звяртаючыся да педагогаў.

Паводле яго слоў, субота якраз павiнна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання i часам — рэпетытарства. Няма неабходнасцi ў празмерных нагрузках.

Гаворачы аб маладых спецыялiстах пасля заканчэння навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час было прынята рашэнне, што першае рабочае месца дзяржава гарантуе. Аднак многiя, не маючы вопыту работы, iрвуцца адразу ў бiзнесмены. «Вы хочаце такiмi стаць адразу? Гэтак цудаў не бывае! Трэба iсцi па спецыяльнасцi, ты ж вызначыў для сябе гэту спецыяльнасць — педагога, юрыста, эканамiста (дзяваць iх няма куды сёння), журналiста i гэтак далей. Iдзi i працуй. Табе першае месца па спецыяльнасцi дзяржава прадастаўляе. Не рвiся адразу наверх i не думай, што табе адразу ж на наступны год мiльёны пасыплюцца ў кiшэню», — сказаў Прэзiдэнт.

У той жа час кiраўнiк дзяржавы папрасiў дакладваць яму аб фактах, калi прадугледжанае заканадаўствам першае рабочае месца па нейкiх прычынах не прадастаўляецца. «Разбяромся, прытым, на працягу некалькiх сутак», — запэўнiў Прэзiдэнт.

Аб Дэкрэце нумар 3 i транспартным зборы

Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасцi адмены Дэкрэта нумар 3 «Аб папярэджаннi сацыяльнага ўтрыманства». «Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калi мы з вамi прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранiзм i ён не патрэбны, мы яго адменiм. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нiдзе не працуе i не ўдзельнiчае ў фiнансаваннi дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках i карыстаецца ўсiмi дабротамi, напрыклад, бясплатнай адукацыяй i медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем iх да таго, каб яны працавалi. I мы ж не прымушаем працаваць, але атрымлiваеш паслугу — заплацi», — заўважыў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былi ўнесены змяненнi. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызвалiць грамадзянiна ад выплаты падатку, калi чалавек трапiў у цяжкую жыццёвую сiтуацыю.

«Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму», — рэзюмаваў Прэзiдэнт.

Адказваючы на пытанне аб тым, куды iдуць сродкi транспартнага збору, Прэзiдэнт адзначыў: «Я паабяцаў, што мы ўсё да капейкi накiруем на будаўнiцтва i рамонт дарог. Тут было прынята канцэптуальнае рашэнне», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. Ён адзначыў, што многiя, асаблiва аўтамабiлiсты, абуралiся ўвядзеннем транспартнага збору. «Як быццам можна на аўтамабiлi перамяшчацца без дарог? Гэта ж для вас дарогi рабiлiся», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кiраўнiк дзяржавы растлумачыў, што сродкi ў асноўным пайшлi на будаўнiцтва другой кальцавой аўтадарогi. «Пабудаваць яе ў бетоне была мая iдэя, маё патрабаванне, — падкрэслiў Прэзiдэнт, закрануўшы таксама пытанне вытворчасцi цэменту ў Беларусi. — Нам не было куды дзяваць цэмент, за гэта мяне таксама крытыкуюць — закрану i гэта пытанне. Мы калiсьцi выраблялi 4,5 млн т цэменту, сёння вырабляем 9 млн т, а то i 10 млн т можам вырабiць. Раней быў вялiкi попыт на цэмент. I я прыняў рашэнне, калi самi будуем, цэменту не хапае, давайце нашы цэментныя заводы мадэрнiзуем i пашырым. Тым больш рэсурсы свае, сыравiна свая», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калi надышоў крызiс, Расiя i iншыя суседзi пачалi купляць менш цэменту, таму давялося пашырыць сферу яго прымянення. «Адсюль i ўзнiкла iдэя выкарыстоўваць яго пры будаўнiцтве другой кальцавой. Калi нехта не разумее гэтага, мне шкада. Мы пабудавалi дарогу, але i там не хапiла гэтай крыхi, якую мы збiралi, i давялося з бюджэту дабаўляць грошы. I калi вы намякаеце, што яны расходаваны кудысьцi не туды, я гарантую, што гэта не так», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што засталося завяршыць невялiкi кусок дарогi ад Астрашыцкага Гарадка да Кургана Славы. «Застаўся кавалачак — кiламетраў 15. Там ёсць добрая дарога, але яе трэба зрабiць пад першую катэгорыю, у гэтым годзе мы завершым. У нас атрымалася цудоўная дарога, дарога будучага для таго, каб разгрузiць гэту кальцавую (першую кальцавую. — Заўвага БЕЛТА), каб Мiнск не задыхнуўся, вось туды пайшлi гэтыя грошы», — рэзюмаваў Прэзiдэнт.

Аб беларускай мадэлi эканомiкi i лёсе вядучых прадпрыемстваў

«Лiчу, што мадэль нашага развiцця i наогул славянскiх народаў — сацыяльна арыентаваная эканомiка. Я не прымаю тут, у Беларусi асаблiва, iншай мадэлi. Я вельмi ўважлiва назiраю за варыянтам Расii, Украiны i г.д. I малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэслiў, што любая дзяржава нечага варта, калi яна звернута да людзей. «Калi чалавек ад гэтага нiчога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканомiка — гэта эканомiка для людзей», — растлумачыў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканомiка Беларусi цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. «Я дзейнiчаю зыходзячы з той канцэпцыi, якую прапаноўваў на прэзiдэнцкiх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомiкi. А як? Абяцаў адно, а рабiць iншае буду? Гэта не мая палiтыка. Я прыхiльнiк адкрытай, сумленнай i справядлiвай палiтыкi. У законе ўсё не прапiшаш. А калi не прапiсана, рабi справядлiва. I я справядлiвасць стаўлю вышэй за любы закон», — падкрэслiў Прэзiдэнт.

Цяжкiя часы аднолькава ўдарылi па прыватных i дзяржаўных прадпрыемствах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт расказаў, што асабiста кантралюе стан спраў на такiх прамысловых гiгантах, як МТЗ, МАЗ, «Гомсельмаш», БМЗ, параўноўвае з тым, што адбываецца на прыватызаваных прадпрыемствах, напрыклад, «Амкадоры».

Разам з тым «Амкадор» выйграе ў хуткасцi рэалiзацыi праектаў. «Глядзiш — за год-паўтара ўжо стаiць новае вытворчае прадпрыемства, гэта значыць хутчэй гэта робiцца. Але ўсё роўна тыя ж праблемы — абаротных сродкаў не хапае», — канстатаваў кiраўнiк дзяржавы.

Пры гэтым Прэiздэнт не хацеў бы, каб замест паўнацэннай вытворчасцi МАЗ пачаў выконваць функцыю падсобнага цэха. «Я не супраць, давайце скааперуемся (з расiянамi), адзiны рынак i гэтай далей. Цана — добра, гатовы прадаць танна, аб'яднаць МАЗ i КамАЗ. Але я баюся, каб з МАЗа ён не ператварыўся ў нейкi цэх, дзе будуць гайкi рабiць, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўжо гэту гаечную вытворчасць на МАЗе прайшлi, у тым лiку з немцамi, калi я стаў Прэзiдэнтам. Мы прайшлi i не хочам, каб замест МАЗа заўтра дыскi штампавалi або гайкi з балтамi круцiлi».

Паводле слоў Прэзiдэнта, ён загадзя паспрабаваў удакладнiць у партнёраў, колькi грошай яны плануюць укласцi ў развiццё гэтага прадпрыемства, аднак выразнага адказу не атрымаў. «Што я няправiльна зрабiў? Я паставiў перад iмi пытаннi — мадэрнiзацыя, пашырэнне вытворчасцi, новыя рынкi, iнвесцiраванне i цана прадпрыемства. I яшчэ сказаў: майце на ўвазе, наступны эфект — вы мне павiнны паказаць, што ў бюджэт больш паступiла грошай ад гэтага прадпрыемства i людзей вы не выкiнулi на вулiцу, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны не прынялi мае ўмовы. Дык я штосьцi новае вынайшаў, штосьцi невыканальнае перад iмi паставiў?»

«Не хачу нагнятаць абстаноўку, але вы павiнны разумець: мы выжывем. Я ў гэтым проста ўпэўнены. Але калi мы разыдземся, калi памiж намi ўзнiкне вось гэта бездань, яе потым засыпаць, выраўнаваць спатрэбяцца дзесяцiгоддзi. I Пуцiна не будзе, i Лукашэнкi не будзе, i мы пакiнем у спадчыну нашым дзецям i ўнукам гэта няшчасце», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Аб прадпрымальнiках, iнвестыцыях i прыватнай уласнасцi на зямлю

Савет па прадпрымальнiцтве пры Прэзiдэнце будзе рэфармаваны. Паводле слоў Прэзiдэнта, цяпер гэты орган працуе неэфектыўна. Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што прадпрымальнiкi павiнны прыняць актыўны ўдзел у фармiраваннi абноўленага складу савета. «Накiруйце таго, хто там павiнен быць. Але без тых, хто ўмее толькi балбатаць, але нiчога не хоча рабiць», — даручыў Прэзiдэнт. Кiраўнiк дзяржавы лiчыць, што члены савета павiнны быць сумленнымi i гаварыць аб тым, што ў цэлым хвалюе прадпрымальнiкаў.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кiраўнiку цэнтра Мiзеса Яраславу Раманчуку ўвайсцi ў Савет па прадпрымальнiцтве. «Калi вы захочаце як перадавы чалавек быць членам гэтага савета, я супраць не буду. Мы цяпер падбiраем добрага старшыню, каб ён меў адмiнiстрацыйны рэсурс, мог дастукацца да Прэзiдэнта ў любы час. Па задуме i яго палажэннях, савет павiнен акумуляваць увесь негатыў, але не толькi ў прыватнасцi, а ў цэлым, i ўносiць Прэзiдэнту для вырашэння», — растлумачыў кiраўнiк дзяржавы. Пакуль, паводле яго слоў, члены савета ў асноўным вырашаюць асабiстыя пытаннi, звязаныя са сваёй прадпрымальнiцкай дзейнасцю.

Прэзiдэнт падчас размовы паабяцаў строга разабрацца па фактах «наездаў» на iнвестараў. «Разборкi будуць жорсткiя, калi паступiць сiгнал аб тым, што на iнвестара нехта «наехаў», — у нас зусiм iншая палiтыка. Калi такое будзе, давядзiце да мяне, разбяромся, у мяне ўлады для гэтага дастаткова, — падкрэслiў беларускi лiдар. — Ёсць людзi, якiя любога паставяць на месца за «наезды», за рэкет».

На думку Аляксандра Лукашэнкi, у Беларусi прыняты вычарпальныя меры для прыцягнення iнвестыцый. «Патрэбны проста веды, iмкненнi, уменнi. Ну i грошы», — дадаў Прэзiдэнт.

Ён праiнфармаваў аб перагаворах з КНР па прыцягненнi $700 млн для малога i сярэдняга бiзнесу. «Я думаю, мы дамовiмся, i нейкую суму будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бiзнес i г.д.)», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прычым бiзнес павiнен прыносiць карысць не толькi iнвестарам, але i дзяржаве, рэзюмаваў ён.

Што датычыцца прыватнай уласнасцi на зямлю, спяшацца тут не трэба, лiчыць кiраўнiк дзяржавы. «Не гатовы пакуль для гэтага. Тым больш што аддаём зямлю ў арэнду на працяглы перыяд — калi ласка, iдзi, працуй, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Кажуць, маўляў, калi зямля будзе ў прыватнай уласнасцi, то яе не адбяруць. Ды кiньце: калi вы парушыце закон, то адбяруць, у нас жа ў адпаведнасцi з законам вызначана канфiскацыя маёмасцi».

Прэзiдэнт лiчыць лiшнiм зацыклiвацца на пытаннi прыватнай уласнасцi на зямлю. «У нас ёсць усё для таго, каб працаваць справядлiва i сумленна. Калi ты ўзяў зямлю для сельгаспрызначэння ў арэнду — займайся сельскай гаспадаркай, калi ўзяў зямлю пад прысядзiбны ўчастак i для абслугоўвання дома — будуй дом i займайся прысядзiбным участкам, толькi не хлусi, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — У нас зямля дагледжаная, усе зайздросцяць. У тым лiку i таму, што яна не ў прыватнай уласнасцi».

Канфліктаў з Расіяй быць не павінна

Расіяне заўсёды былі для Беларусі блізкімі людзьмі, заявіў Аляксандр Лукашэнка «Пакуль я — Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. «Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага — сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць», — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго складваюцца часам няпростыя, але ў цэлым добрыя адносіны з расійскім Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку «некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі самога Прэзідэнта», канстатаваў беларускі лідар.

З-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла $15 млрд, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у Расіі агучваецца крытыка ў адрас Беларусі, у свой час там знялі цыкл фільмаў «Хросны бацька». «Я не бачыў ніводнага, усё збіраюся да гэтага вярнуцца, паглядзець, аб чым яны. Але кажуць, што даходзіць да зняваг Прэзідэнта. Гэта што, нармальна? А мы ж дамовіліся з расіянамі, з прэзідэнтамі: мы можам спрачацца, колькі хочаце, але не дапускаецца зневажанне адзін аднаго», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі такіх выказванняў у адрас Прэзідэнта і прэм'ер-міністра Расіі не было. «Пачынаецца ад асабістага — да эканомікі. Гэта не нармальна, гэта трэба заканчваць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён сказаў, што Беларусь падала ў суд наконт скарачэння паставак расійскай нафты. «Спрэчка ішла выключна наконт газу. Яны пачалі ў парушэнне ўсіх дамоўленасцей рэзаць нафту. Мы звярнуліся, вядома, у суд. Судовы разбор будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія — дзве самыя блізкія краіны, і такія канфлікты не павінны быць.

Далей Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь не парушыла ніводнага дагавора з Расіяй. «Іншая справа, — сказаў ён, — расійскі бок. Па нафце дамовіліся 24 млн т штогод пастаўляць. Да 18-ці скарацілі, потым да 16-ці нібыта хочуць, а наогул гавораць — 12 будзем пастаўляць», — расказаў Прэзідэнт. Закранаючы перагаворы па кошце расійскага газу для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у 2016 годзе плаціла $107 за тыс. куб.м, хоць павінна была плаціць $83 — па формуле роўнадаходных цэн і з улікам спаду кошту нафты на сусветных рынках.

Раней агавораная для Беларусі цана складала $132,77 за тыс. куб.м. Расійскі бок, як адзначыў Прэзідэнт, палічыў, што Беларусь недаплаціла $550 млн, калі зыходзіць з цаны ў памеры $132,77 за тыс.куб.м, і запатрабаваў гэту суму вярнуць. «Вярніце нам $550 млн і іншае. І ўсё там зайшло ў тупік», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, расійскім кіраўніцтвам прапаноўваліся розныя варыянты ўрэгулявання гэтай сітуацыі, праблема пакуль застаецца нявырашанай.

Пагранічная зона — чыста палітычны выпад

Што датычыць увядзення Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, то гэта, на думку Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца чыста палітычным выпадам.

«Яны ад каго граніцу закрываюць сёння? Што гэта за пагранічная зона 30 км? Яны што, лепш абараняюць граніцу, чым мы? У тысячу разоў горш. І ў іх ёсць дзе абараняць граніцу. Гэта (увядзенне Расіяй пагранічнай зоны), лічу, чыста палітычны выпад. Нельга гэтага рабіць», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт заўважыў, што ўстанаўленне пагранічнай зоны расійскі бок апраўдвае ўвядзеннем пяцідзённага бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што такі загад быў падпісаны Федэральнай службай бяспекі Расіі яшчэ ў канцы снежня 2016 года.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў свой час Беларусь неаднаразова прымала рашэнне не закрываць граніцу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не паўплывае на нацыянальную бяспеку Расіі, паколькі мытны і пагранічны кантроль у пункце прыбыцця іншаземцаў беларускі бок адмяняць не мае намеру. Да таго ж Беларусь і Расія карыстаюцца адзіным спісам грамадзян, чыё знаходжанне ў краінах непажадана. «Мы свята аберагаем агульную прастору. Для нас расіянін ніколі не быў чужым чалавекам і не будзе. Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга», — лічыць беларускі лідар.

Нафтагазавая сітуацыя: прагрэс пакуль адсутнічае

Аляксандр Лукашэнка таксама канстатуе адсутнасць прагрэсу ў перагаворах з Расіяй па пастаўках у Беларусь нафты і газу. Паводле яго слоў, урады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку.

«Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, добра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэта цяганіна», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. «І Беларусь плаціла гэту цану», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ.

Расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па дагаворанай цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. «Так яно і атрымліваецца — мы ўжо да меж дайшлі», — заўважыў Прэзідэнт.

Як сказаў Прэзідэнт, за нанясенне ўрону Беларусі з-за праблем з пастаўкамі прадуктаў харчавання на расійскі рынак на кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта трэба ўзбудзіць крымінальную справу. «Трэба вывучыць пытанне, Ігар Анатольевіч (міністр унутраных спраў Беларусі), і ўзбудзіць крымінальную справу па Данкверце, як некалі па Керымаве і Баўмгертнеры было, за нанясенне ўрону дзяржаве», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «ўсе гэтыя Данкверты — людзі зацікаўленыя». «У кожнага — вялікія латыфундыі, яны самі часта з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту. Яны, вядома, па якасці і цане не могуць канкурыраваць з беларускай прадукцыяй. Цяпер вы разумееце, чаму ўстанаўліваюцца гэтыя бар'еры», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы і нагадаў, што Расія закупляе каля 7 млн т малочнай прадукцыі. «Мы ж пастаўляем ім крыху больш за 4 млн т — 3 млн т яшчэ свабодна. Дык чаго вы ўпіраецеся, чаго блакіруеце беларускі тавар? Нам жа яго трэба прадаць, каб заплаціць за нафту і газ. Я расійскаму боку заўсёды аб гэтым кажу — мы на гэтым не нажываемся», — канстатаваў ён.

Гістарычнае мінулае даражэйшае, чым нафта

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь можа абысціся без расійскай нафты, хоць гэта і будзе цяжка.

«Нам будзе вельмі цяжка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але свабода, незалежнасць не ацэньваюцца ніякімі грашамі». Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта несупастаўна, калі на адной чашы незалежнасць, а на другой — расійская, іранская, азербайджанская або амерыканская нафта». «Незалежнасць, прыстойнасць, наша гістарычнае мінулае даражэйшае, чым нафта», — дадаў беларускі лідар.

Беларусь усё роўна знойдзе выхад, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэтага ў Расіі, на жаль, не разумеюць», — канстатаваў ён. Прэзідэнт назваў магчымыя прычыны цяперашняга стану беларуска-расійскіх адносін. «Напэўна, у Расіі з'явілася нейкая насцярожанасць, што Беларусь пойдзе на Захад», — выказаў меркаванне беларускі лідар. Некаторыя расійскія СМІ крытыкуюць за гэта кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзіміра Макея. «Ніякі Макей без згоды Прэзідэнта не вядзе перагаворы ні ў Бруселі, ні ў Берліне, ні ў Вашынгтоне. У Расіі ўсе павінны разумець, што гэта ўзгодненая пазіцыя, на якую мяне некалі падштурхнуў мой сябар, Прэзідэнт Пуцін», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад санкцыямі, Уладзімір Пуцін раіў яму выйсці з заходнімі калегамі на нармальныя адносіны. Цяпер, пасля адмены санкцый, яны развіваюцца больш актыўна, але не на шкоду ўзаемадзеянню з Расіяй. «Расія — гэта святое», — падагульніў Прэзідэнт.

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не заўсёды расійскі бок прымае беларускую дэлегацыю належным чынам. Паводле слоў Прэзідэнта, часам стаўленне да беларускай дэлегацыі наплявацельскае. «Прыязджаюць міністры — з імі размаўляць не хочуць. Проста наплявацельскае стаўленне», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. «Было так, што нават некаторыя вышэйшыя службовыя асобы ехалі, сядзелі ў прыёмнай з раніцы да вечара», — дадаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не будзе на гэта спакойна глядзець, і інфармаваў аб сітуацыі расійскага калегу.

Аляксандр Лукашэнка катэгарэчна абвергнуў чуткі пра тое, што Беларусь быццам пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты. «Такі момант — Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга — яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну — малако, яблыкі, рыбу і іншае — мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі — гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак. «Мы ім паставім выключна беларускае, у нас пры гэтым, як у савецкія часы, на экспарт якасць павінна быць ідэальная. Транзіту мы ў Расію не накіроўваем», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт расказаў, што і ў Беларусі выяўляюцца выпадкі, калі сапраўды пераклейваюцца наклейкі або падробліваюцца накладныя на санкцыйныя прадукты. «Але гэта мізэр, гэта нават не паўпрацэнта, гэта сотыя працэнта. І мы з гэтым змагаемся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што часцей за ўсё такія махінацыі ажыццяўляюцца пры непасрэдным удзеле расійскіх мытнікаў і іншых службовых асоб.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў: «У мяне просяць забясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Гэта па-брацку? Гэта прыстойна?»

Як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, у свой час размова ішла аб продажы на нявыгадных для Беларусі ўмовах «Інтэграла», МЗКЦ, «Пеленга» і «Гродна Азота», а таксама аб далучэнні МАЗа да КамАЗа. Аднак ён не згадзіўся.

«Мы расіянам гаворым: давайце вашы і нашы лепшыя прадпрыемствы ахоўваць, давайце не будзем ствараць альтэрнатыўныя прадпрыемствы ў Расіі. Ну навошта ствараць, напрыклад, вытворчасць БелАЗ у Расіі?» — задаўся пытаннем Прэзідэнт.

«Я часта Пуціну гавару: калі «лясне» наша эканоміка, як мінімум дзесяць мільёнаў праблем з'явіцца ў цябе і ў прадпрыемстваў. Дык калі мы адзіныя, трэба дапамагаць хаця б крэдытамі, я не гавару — субсідзіраваннем, крэдыт даць гэтым прадпрыемствам, каб яны працавалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт катэгарычна ўпэўнены, што ні адзін рускі чалавек не паверыць, што Лукашэнка вораг Расіі. «Я не прэтэндую ні на што расійскае, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але вы гэта робіце дарэмна, на гэтым вы пацерпіце вялікае паражэнне. Ні адзін рускі чалавек, ні адзін расіянін не паверыць, што Беларусь, што Лукашэнка — вораг Расіі, чужы, што ён на Захад павярнуўся і яшчэ некуды. Гэтаму не павераць. І ваша кіраўніцтва на гэтым апячэцца», — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да ўдзельніка сустрэчы з РФ, які задаў пытанне. «Вось самы страшны корань зла. Так нельга паводзіць сябе», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь прыме вучэнні «Захад-2017»

Прэзідэнт таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі прыняць сумесныя ваенныя вучэнні з Расіяй «Захад-2017». «Мы прымем гэтыя вучэнні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней ён прапанаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну праводзіць вучэнні рознага маштабу з перыядычнасцю праз два гады, прычым па чарзе. Вучэнні «Захад-2017» будуць адкрытымі, «на іх запросяць тых, хто хоча пераканацца ў тым, што мы ні на каго не збіраемся нападаць». «Неймаверна, што мы станем агрэсарам супраць нейкай краіны. У нас толькі абарончая пазіцыя», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Гаворачы аб крытыцы маючых адбыцца сумесных вучэнняў у некаторых СМІ, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія не ставіць мэту акупіраваць Беларусь. «Расійскія войскі, якія будуць уведзены ў Беларусь, гэтак жа адсюль і пойдуць. Расія ніколі не акупіруе Беларусь», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У гэтай сувязі ён таксама адзначыў, што абарона дзяржавы з'яўляецца фундаментальным крытэрыем. «Ніякая эканоміка не патрэбна дзяржаве, калі людзі не будуць адчуваць сябе ў бяспецы, калі яны будуць не абаронены», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Кажуць, ваенная база. Каму патрэбны гэтыя 10 самалётаў, якія Расія хацела пасадзіць у Бабруйску? — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я Пуціну гавару, трэба аднаўляць гэты аэрадром, там ужо ўзлётна-пасадачную паласу напалавіну разабралі. Гавару, дайце нам 20 самалётаў. У нас выдатныя пілоты, выдатная школа, вы ведаеце, што мы ўмеем ваяваць на ваенных самалётах, мы ж адзіная групоўка. Не. Шайгу (міністр абароны РФ) хацеў не так».

Прэзідэнт Беларусі адзначыў няяснасць задач з ваеннага пункту гледжання, якія павінна была б вырашыць такая база. «Што такое ў сучаснай вайне, дапусцім, супраць НАТА самалёт? Гэта 10 хвілін бою: ён узляцеў — і яго няма. Вайна сёння іншая. Гэта ў Сірыі можна лятаць, калі няма сістэмы проціпаветранай абароны. У нас жа ўсё відаць, нават калі самалёт узляцеў дзесьці за 200 км», — адзначыў беларускі лідар.

«І потым, што такое аэрадром на пярэднім краі тэатра ваенных дзеянняў, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог вайна — дзве ракеты на ўзлётна-пасадачнай паласе і ні адзін самалёт не ўзляціць. Навошта іх сюды? Потым Пуцін ужо сказаў, што час падлёту самалётаў са Смаленска складае 4 хвіліны. Тады я зноў задаў пытанне аб мэтазгоднасці такой ваеннай базы. Прэзідэнт Расіі згадзіўся, што яна ў Беларусі не патрэбна».

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што знаходжанне 10 або 20 расійскіх самалётаў у Беларусі нельга было б назваць паўнацэннай ваеннай базай, а дэманстрацыяй, якая краіне не патрэбна. Ён нагадаў, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года расійскаму боку прапаноўвалася перакінуць звяно знішчальнікаў для сумеснага забеспячэння бяспекі сусветнага першынства. Тады ў Баранавічы былі перакінуты чатыры самалёты. «Пасля таго, як адпрацавалі, я думаў, што пакінуць гэтыя самалёты тут. Не пакінулі. Потым зноў узнікла пытанне аб базе. Навошта? Усё ж ужо адпрацавана з пункту гледжання ваенных — няхай служаць далей як рускія, так і беларусы. Тады я зрабіў вывад, што гэта не ваенная прапанова», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб шматвектарнай палiтыцы i адносiнах з Захадам

«У нас няма iншага лёсу, як будаваць нашу знешнюю палiтыку як шматвектарную», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Разам з тым Прэзiдэнт заўважыў, што «ў нас не ўсё атрымалася з гэтай шматвектарнасцю».

«Вы гэта ведаеце, не хачу паўтарацца — ляцелi на адным крыле. Куды прыляцелi — таксама ведаеце. Таму мы, знаходзячыся сёння ў эпiцэнтры (нават не ў цэнтры Еўропы) гэтага еўразiйскага кантынента, не маем iншага шляху, як развiваць шматвектарную палiтыку, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — На народнай мове гэта традыцыйныя, згодна з нашым менталiтэтам, паняццi — мы павiнны сябраваць з усiмi нашымi суседзямi. Нам нi Расiя, нi Украiна, нi Польшча, нi Лiтва, нi Латвiя не чужыя. Таму што гэта нашы суседзi. Кропка. Больш нiчога не трэба гаварыць, хоць можна паставiць коску i пералiчыць многае».

«Што датычыцца далей вектараў — у нас адкрытая эканомiка. Што нам рабiць? Калi маглi б нашым суседзям прадаць усё (што вырабляецца ў краiне. — Заўвага БЕЛТА), каб нармальна жыць (45 працэнтаў або палавiну), тады не трэба ехаць на гэту далёкую дугу, як мяне нядаўна крытыкавалi некаторыя — чаго паехаў у Егiпет, Судан, — прадоўжыў кiраўнiк дзяржавы. — Лабiраваць сваю прадукцыю паехаў, як бы нi сорамна гэта было гаварыць. Iду туды, дзе адкрытыя дзверы. Дзякуй богу, апошнiм часам дзверы адкрылi многiя, вось туды i едзем. I нi адна паездка Прэзiдэнта стратнай не была».

Што датычыцца выбудоўвання адносiн з Захадам, «хачу, каб убачылi ў Беларусi суверэнную, незалежную дзяржаву, больш нiчога ад Захаду не хачу», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Адно з зададзеных Прэзiдэнту пытанняў датычылася двухбаковых адносiн з Германiяй. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь закупляла нямала нямецкага абсталявання для прадпрыемстваў, выкарыстоўвала германскiя крэдыты, сёння нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнiзуюцца за кошт гэтага.

«Мы вельмi хацелi б перайсцi на адкрыты дыялог i дамовiлiся, намалявалi пэўную дарожную карту, як жыць будзем далей, — сказаў Прэзiдэнт. — Мы высокатэхналагiчная краiна, вы — супервысокатэхналагiчная, немцы далёка наперад пайшлi. Нам патрэбны высокiя тэхналогii, энергазберагальныя, рэсурсазберагальныя, i мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Больш таго, ведаю, немцы хацелi б паўдзельнiчаць у прыватызацыi некаторых прадпрыемстваў. У нас не забаронена прыватызацыя любога прадпрыемства, але я выклаў свае падыходы, дакладна так, як бачу iх у адносiнах да Расii. Трэба садзiцца i дагаворвацца».

Як заўважыў кiраўнiк дзяржавы, у Беларусi з'явiлася шмат прадстаўнiкоў нямецкiх дзелавых колаў. «Я з некаторымi з iх сустракаўся, i мы цяпер вядзём перагаворы па стварэннi новых прадпрыемстваў, — расказаў Прэзiдэнт. — Таму я хачу, каб вы нарэшце ўбачылi ў Беларусi сучасную незалежную дзяржаву i ўсё, што з гэтага вынiкае. Больш я нiчога ад Захаду не хачу. А калi вы думаеце, што Лукашэнка развярнуўся i пайшоў на Захад, слухайце, гэта для наiўных. Я разумею: нiхто мяне там не чакае, я абсалютна нiкому там не патрэбны, як i Беларусь з нейкiм канкурэнтным таварам там таксама не патрэбна. Там ёсць Германiя, Францыя... Давайце нармальныя адносiны падтрымлiваць i вырашаць праблемы, з якiмi сутыкнулiся. Можа, мы вам у нечым будзем карыснымi».

«Не мы былi вiной санкцый. Мы мелi права вызначаць сваю палiтыку так, як трэба. Нiякай дыктатуры ў нас не было i быць не можа. Таму што для таго, каб ажыццяўляць дыктатуру, трэба мець рэсурс. У нас што, ядзерная або яшчэ нейкая лятальная зброя, у нас што, эканомiка такая, што мы можам каму-небудзь дыктаваць? Таму нiякай дыктатуры», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Зняцце краiнамi Захаду санкцый павiнна даць дадатковыя магчымасцi айчыннай эканомiцы, лiчыць Прэзiдэнт. «Мы не заслугоўвалi санкцый. Знялi iх — добра. Мы пачалi дамаўляцца, напрыклад, па тэкстылi i г.д. Мы хочам, каб наша эканомiка не тое што ўздыхнула за кошт Захаду, але хаця б дадатковы глыток яна павiнна атрымаць», — сказаў беларускi лiдар. Ён падкрэслiў, што запатрабуе немалых намаганняў прасоўванне на заходнiя рынкi прадукцыi айчыннага машынабудаўнiчага, а таксама нафтахiмiчнага комплексу i iншай.

У сувязi з гэтым Прэзiдэнт Беларусi лiчыць першачарговым пытаннем фiнансаванне: «На Захадзе вялiкая колькасць грошай, i калi б мы маглi падкрэдытоўвацца там хаця б пад сярэднi невялiкi працэнт, гэта для нас было б добра. Гэта значыць, мы змаглi б атрымаць больш танныя грошы. Працуем цяпер па розных напрамках, такая магчымасць ёсць, яна адкрываецца. Што ў гэтым дрэннага?»

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў iдэю правядзення мiжнароднай канферэнцыi па Беларусi, адзначыўшы, што на гэту канферэнцыю маглi б прыехаць i тыя людзi, «якiя некалi крытыкавалi нас», якiя з недаверам ставiлiся. «Няпраўда, што мы не пускаем тых людзей, якiя нас дзесьцi крытыкуюць або дрэнна гавораць, — не мая пазiцыя. Нават на чэмпiянат свету практычна ўсiх пусцiлi. Калi яны сумленныя, паедуць з iншым меркаваннем. Няхай мы недзе не дацягваем, але ў нас прыгожая краiна, у нас цудоўныя людзi. Няхай яны гэта ўбачаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт дадаў, што ён не прытрымлiваецца пазiцыi iзаляцыянiзму. «Гэта не мая палiтыка — забараняць i не пускаць. Забаронамi ты нiчога не даб'ешся», — сказаў ён. Галоўнае — без зняваг, акцэнтаваў увагу кiраўнiк дзяржавы.

«Я нiколi не нарываюся на непрыемнасцi. Я ўжо шмат што паспрабаваў i апёкся на ўсiм, што папала. Дзе трэба, магу адступiць i быць гiбкiм, але, калi зневажаюць маю дзяржаву i народ, я з гэтым нiколi не змiруся», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аб адносiнах з МВФ i аб будаўнiцтве АЭС

Прэзiдэнт расказаў, як iдуць перагаворы з Мiжнародным валютным фондам аб новай праграме для Беларусi.

Адным з пытанняў, што абмяркоўваюцца з мiжнароднымi экспертамi, з'яўляецца павышэнне эфектыўнасцi кiравання дзяржаўнымi прадпрыемствамi, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Пiтэр Долман (кiраўнiк мiсii МВФ па Беларусi. — Заўвага БЕЛТА) спачатку не ўспрымаў наогул Беларусь. Цяпер два пытаннi засталiся, адно з iх — дзяржуласнасць. I тое, яны толькi пытаюцца аб перспектывах дзяржпрадпрыемстваў, не кажуць парэзаць iх на кавалкi, раздаць i прадаць. Калi я iм растлумачыў, што адбудзецца, калi мы аб'явiм аб продажы прадпрыемстваў, i дзе яны апынуцца, яны ўжо не ставяць гэта пытанне», — заявiў кiраўнiк дзяржавы.

«Справа не ў тым, што Лукашэнка закасцянеў i не ведае, што рабiць. Мы ўсё робiм, але рознiца ў тым, што гэта нельга зрабiць адным махам. Перш за ўсё я бачу тут лёсы людзей», — заявiў Прэзiдэнт.

У Беларусi з МВФ у ходзе перамоў няма разыходжанняў па пытаннях жыллёва-камунальных паслуг i кiравання дзяржпрадпрыемствамi, заявiў Аляксандр Лукашэнка. «Адзiнае, што было пытанне: яны па ЖКГ патрабавалi ад нас у 2017 цi 2018 годзе стопрацэнтую аплату. Рана цi позна мы да гэтага прыйдзем. Я прасiў, каб яны ўвайшлi ў становiшча: у нас цяпер сiтуацыя такая, што мы не зможам насельнiцтву навязаць стопрацэнтную аплату, i я прасiў, каб гэта было па часе расцягнута».

«Я думаю, мы тут дамовiмся, — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. — Больш за тое, мы зараз адпрацоўваем сiстэму кампенсацыi i дапамогi тым, хто не можа i не павiнен, можа быць, на гэтым этапе плацiць 100% па паслугах ЖКГ, асаблiва — хто не можа. I гэта будзе рабiцца ўвогуле ў электронным выглядзе, скажам так».

«Ужо з кастрычнiка працуе сiстэма безнаяўных жыллёвых субсiдый», — удакладнiў намеснiк прэм'ер-мiнiстра Беларусi Анатоль Калiнiн, якi прысутнiчаў на сустрэчы.

«Пакуль я не ўбачу, што гэтая сiстэма працуе i што чалавек не пацерпiць ад гэтага, я не згодны iсцi адразу на стопрацэнтнае павышэнне. Вось паглядзiм на гэтую сiстэму — каб людзi не пакрыўдзiлiся. У адваротным выпадку мы атрымаем неплацяжы i проста крыўды людзей», — адзначыў Прэзiдэнт.

«Ну а галоўнае ж — гэта прыбыткi насельнiцтва. Калi людзi будуць адчуваць, што мы пачынаем дадаваць па выплатах сацыяльных i заработнай плаце, думаю, людзi падтрымаюць гэта, рана цi позна гэта трэба будзе рабiць. Таму праблем у нас амаль не засталося з МВФ», — рэзюмаваў кiраўнiк дзяржавы.

Што датычыцца пытання пра будаўнiцтва БелАЭС, яго не трэба палiтызаваць, лiчыць Прэзiдэнт. «Я лiтоўцам гавару: навошта вы ваюеце супраць нас? Мы ж не крычым, што ў вас небяспечная Iгналiнская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай бог што здарыцца, гэта ж горшая станцыя ў свеце! Мы вас разумеем i не крычым», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Прэзiдэнт падкрэслiў, што БелАЭС гатова прыняць на работу лiтоўскiх спецыялiстаў, якiя вызвалiлiся, сюды гатовы прыехаць i пераязджаюць працаваць мноства людзей. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусi электраэнергiю гатовы прадаць Лiтве па нармальных цэнах. «Яны згаджаюцца, а потым на публiцы пачынаюць палiтызаваць гэта пытанне. Але палiтыку трэба проста адкiнуць i забыць. Эканомiка сваю справу зробiць: калi з'явiцца танная электраэнергiя, тады мы i дамовiмся», — сказаў Прэзiдэнт.

Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах i агрэгатах станцыi ўжо ўдалося аптымiзаваць затраты на сотнi мiльёнаў долараў, сказаў ён. «Сямашка (намеснiк прэм'ер-мiнiстра Беларусi. — Заўвага БЕЛТА) адказвае за кожны болт i гайку», — запэўнiў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што станцыю будуе Расiя — ядзерная краiна. I ў яе iнтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый — самае бяспечнае. Беларусь жа зацiкаўлена ў бяспечнасцi гэтай АЭС больш, чым хтосьцi: у постчарнобыльскай краiне людзi ставяцца да пытанняў бяспекi вельмi сур'ёзна.

Аб нацыянальнай iдэi i аб ВНУ на беларускай мове

Кiраўнiк дзяржавы расказаў, што ў краiне на працягу доўгага часу спрабавалi сфармуляваць нацыянальную iдэю, прыцягвалi да гэтага розных экспертаў i грамадскiх дзеячаў. «Мы не змаглi яе адмiнiстрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлi ў сваiм развiццi да той кропкi, калi б гэта iдэя ўдарыла ўсiх па розуму i па сэрцу. Я супакоiўся: калi грамадства нiчога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмi адказна. Мы жывём як жывём, без гэтай iдэi. Яе няма, а хацелася б», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзiдэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную iдэю немагчыма.

Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камiсii па адукацыi, культуры i навуцы Палаты прадстаўнiкоў Алены Анiсiм стварыць у Беларусi нацыянальны ўнiверсiтэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы мой пункт гледжання наконт моў — беларускай, рускай i iншых — ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмi акуратна стаўлюся да гэтага пытання. I, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай».

«Што датычыцца нацыянальнага ўнiверсiтэта, то адразу ўзнiкае пытанне: а Беларускi дзяржунiверсiтэт у нас не нацыянальны? Цi iншыя якiя-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць i рускую мову, i беларускую, i англiйскую, i iншыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Размова iдзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, — прадоўжыў ён. — Вы ведаеце, я не магу сказаць «не» i не магу сказаць «так», таму што гэта трэба прапрацаваць. «Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

«Толькi я вось супраць таго, каб некаторыя людзi выхвалялiся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускi, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Ну не трэба!»

«Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмi добра навучымся. Але я вас заклiнаю i прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовiцеся ад свайго, роднага. Вы камусьцi падарунак зробiце», — падкрэслiў ён.

«Не спяшайцеся! Руская мова — гэта вялiкае i гэта наша, — адзначыў Прэзiдэнт. — Я ж вам расказваў прыклад, калi мне Уладзiмiр Уладзiмiравiч Пуцiн гаворыць: дзякуй табе за тое, што ты так ставiшся да рускай мовы. Я кажу: гэта наша мова, яна ў нас дзяржаўная нараўне з беларускай. Беларуская — таму што мы нацыя. Гэта прыкмета нацыi, таму ў нас ёсць беларуская мова. Але мы багацейшыя за вас, таму што мы ведаем дзве мовы: беларускую i рускую».

«Трэба ўсё рабiць вельмi асцярожна, вельмi акуратна», — яшчэ раз падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Падставім плячо спорту

Прэзідэнт закрануў таксама некаторыя пытанні спорту і здаровага ладу жыцця. «Усялякія намёкі, што Прэзідэнт занадта шмат пабудаваў гэтых лядовых палацаў, — нікчэмныя, мы будавалі іх для людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што хацеў бы атрымаць ад лядовых палацаў аддачу. Гэтыя і іншыя спартыўныя аб'екты будуюцца ў Беларусі для таго, каб умацоўваць здароўе, прывіваць любоў да спорту ў людзей, у тым ліку ў падрастаючага пакалення. «Хачу, каб дзеці ў Беларусі ўмелі трымаць клюшку, бегаць на каньках і хоць бы з маленькай горкі маглі катацца на лыжах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што шанцы Беларусі і Латвіі прыняць ЧС-2021 па хакеі вялікія. «Адзін з маіх сяброў, які мае непасрэднае дачыненне да хакея ў Латвіі, распавёў, што там ёсць людзі на дзяржаўным узроўні, а таксама бізнес, якія гатовыя пайсці ў звязцы і падаць сумесную заяўку ў выпадку падтрымкі з боку Прэзідэнта Беларусі. Прапанова прыйшла з Латвіі і не афішавалася».

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што падумаў і пагадзіўся з такой прапановай, таму што Беларусь прэтэндавала асобна на чэмпіянат свету ў алімпійскі год. «Зразумела, што такое алімпійскі год для правядзення чэмпіянату, мы ўжо з гэтым сутыкаліся, разумеем, што́ за каманды ўдзельнічаюць у турніры, што гэта будучыня хакея. Аднак хацелася б неяк па-іншаму. Я пагадзіўся, але сказаў партнёрам, каб яны нам падказвалі, дзе трэба, падстаўлялі плячо. Зараз ідзе гэты працэс, і верагоднасць таго, што чэмпіянат свету можа быць тут, такая ж, як і ў іншых краінах-прэтэндэнтах, нават, можа быць, крыху вышэй», — распавёў Аляксандр лукашэнка.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў выказаў меркаванне, што правядзенне сумесна двума краінамі чэмпіянату прыцягвае больш заўзятараў. Гэта значыць, кожны бок прымае ў сябе больш папулярныя на яе тэрыторыі каманды. «Для Еўропы сёння такія праекты, якія развіваюць адносіны паміж народамі, паміж дзяржавамі, пераважныя. Такія моманты спрыяюць, каб наша сумесная заяўка глядзелася больш прывабна, чым адзінкавая заяўка Фінляндыі на гэты ж чэмпіянат. Тым больш, мы з латвійцамі дамовіліся, што пры паспяховым для нас зыходзе ў Латвіі будуць змагацца каманды, больш цікавыя для паўночнага рэгіёну, для нас жа прынцыпова выбраць каманду Расіі. Зразумела, што з прысутнасцю гэтай каманды тут будуць поўныя трыбуны і з балельшчыкамі не будзе ніякіх пытанняў», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Аб мараторыi на смяротную кару, лагерах бежанцаў i першынстве закона

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што не мае права адмянiць смяротную кару або накласцi мараторый на яе прымяненне, паколькi праведзены ў Беларусi рэферэндум паказаў: большасць насельнiцтва падтрымлiвае вышэйшую меру пакарання. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгарнуць у грамадстве (у парламенце, партыях, грамадскiх аб'яднаннях) дыскусiю па гэтым пытаннi, каб вывучыць усе «за» i «супраць». «I калi мы потым у грамадства спытаем, i людзi прагаласуюць большасцю супраць смяротнай кары, я ў гэты ж дзень падпiшу па вынiках гэтага рэферэндуму», — падкрэслiў Прэзiдэнт.

Акрамя таго, звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы, пытанне аб смяротнай кары часта палiтызуецца: «Я часта кажу еўрапейцам: давайце пачнём з Амерыкi. Вы iх прымусiце адмянiць смяротную кару. I iншых, у каго грошы вялiкiя бераце, з кiм абдымаецеся. Давайце з iх пачнём. Вось яны, двайныя стандарты».

Прэзiдэнт нагадаў, што ў Расii даўно было прынята рашэнне ўвесцi мараторый на смяротную кару, аднак у краiне з часам сталi шкадаваць аб гэтым. Цяпер адмянiць яго там не адважваюцца па шэрагу прычын. «Так, сапраўды, можа, дрэнна, што мы на гэтым кавалку зямлi адны апынулiся ў такой сiтуацыi. А можа, мы маем рацыю? Тыя, хто гэта ўвялi, сёння гатовы адмянiць такi мараторый, але не ведаюць, як гэта зрабiць».

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму, якая прагучала ў СМI, маўляў, Беларусь стварае лагеры для бежанцаў, 7 млн (еўра. — Заўвага БЕЛТА) Еўрасаюз выдзелiў. «Дакладвае мне камандуючы пагранвойскамi, я яму кажу — якiя лагеры ствараеш? Ён адказаў — калi б хоць адзiн лагер будавалi, мы адразу б вам далажылi як галоўнакамандуючаму. Дык што маецца на ўвазе? Мы, гаворыць, папрасiлi ў Еўрасаюза, калi вы хочаце з намi па мiграцыйнай тэме супрацоўнiчаць, дайце нам грошай (тое, што я заўсёды гаварыў — плацiце, тады мы будзем вас неяк абараняць), i мы хочам пабудаваць iзалятары часовага ўтрымання на гранiцы, калi мы затрымлiваем, каб яны хаця б у чалавечых умовах там знаходзiлiся, пакуль вырашым, што з iмi рабiць», — расказаў Прэзiдэнт.

«Але нiякiх лагераў па прыёме бежанцаў мы нiколi не будавалi i будаваць не будзем», — запэўнiў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што нi ў якiм выпадку не пойдзе на тое, каб «стварыць тут нейкi адстойнiк, гэтага нiколi не будзе».

У Беларусi не павiнна быць палiцэйскай дзяржавы. «Усё павiнна быць абгрунтавана, па законе», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы, гаворачы аб затрыманнях чыноўнiкаў i бiзнесменаў.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што не павiнна быць такога i няма цяпер, калi ў цяжкi для краiны час хтосьцi з чыноўнiкаў будуе сабе асабнякi i рэзiдэнцыi. «Можа, хтосьцi i павёў сябе непрыстойна, але мы ж гэтага не тоiм. Я часам пабойваюся: у нас столькi на пасадку пайшло чыноўнiкаў, i немалога калiбру. Але гэта павiнна быць справядлiва: узяў — сеў, не браў — жывi i працуй. У нас не павiнна быць палiцэйскай дзяржавы», — адзначыў Прэзiдэнт.

Беларускi народ справядлiвы i нават крыху савецкi, адзначыў Прэзiдэнт. «Гэта шчасце. Але трэба адвыкаць з-за вугла паглядаць суседу ў кiшэню, у агарод. Часы мяняюцца, мы далi свабоду людзям, далi магчымасць зарабiць, не парушыўшы закон. Так, я бачу, што ён багаты, але закон ён не парушыў, мы ж не можам яго даймаць. Так мы ўсiх разгонiм у краiне — нiкога не застанецца. I ў савецкае мiнулае нiхто не хоча вяртацца, дык давайце выберам дарогу, каб кагосьцi не пакрыўдзiць, не зачапiць, не насалiць празмерна. Давайце шукаць кансэнсус, каб праз 25 гадоў незалежнасцi з-за соткi зямлi або нейкай халупы не пачалi касiць адзiн аднаго — тыя часы мiнулi», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб беларускай гасцiннасцi i беларускай мары

Прэзiдэнт на сустрэчы расказаў, што можна паглядзець у Беларусi турыстам, якiя прыедуць пасля запуску пяцiдзённага бязвiзавага рэжыму.

«Вось кажуць: а што гэта за краiна — Беларусь? Прыедуць i ўбачаць. На чэмпiянаце свету па хакеi ў нас пабывалi тысячы людзей, паехалi з добрым настроем i ўражаннямi. Справа ж нават не столькi ў аб'ектах, краiна — гэта, перш за ўсё, людзi», — адзначыў Прэзiдэнт. Ён сказаў, што самi беларусы могуць назваць тысячу месц у краiне, якiя трэба ўбачыць.

На думку кiраўнiка дзяржавы, турысту варта пабываць у Брэсцкай крэпасцi, Белавежскай пушчы, Бярэзiнскiм бiясферным запаведнiку, на Нарачы, Прыпяцi, убачыць Мiрскi замак i iншыя выдатныя мясцiны. У Беларусi беражлiва захавалi прыроду, хоць такое стаўленне да яе сустракаецца не ва ўсiх краiнах, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Цiкава турыстам i наведванне беларускай сталiцы. «Вось гэта мы гатовы паказаць усяму свету. А самае галоўнае, што ёсць такая краiна — Беларусь, i яна адкрытая, мы не закрываемся нi ад каго», — заявiў кiраўнiк дзяржавы.

Гаворачы аб тэрмiнах бязвiзавага рэжыму, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што, магчыма, пяцi дзён мала: «Можа, мы нешта недапрацавалi... Але гэта якраз нешта беларускае: зрабiць спачатку акуратна, паўкроку».

Аляксандр Лукашэнка расказаў i пра сваё разуменне беларускай мары.

«Я быў бы рады, каб у беларусаў заўсёды была капейка ў кiшэнi на задавальненне сваiх патрэб. I я вельмi хацеў бы, каб мая краiна была цiхай, спакойнай i камфортнай для жыцця людзей», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Беларускi лiдар прызнаўся, што ўжо на другiя суткi пасля ад'езду з Беларусi яму хочацца дадому. «Дзе б я нi быў (а ўжо ўвесь свет аб'ехаў), два днi — i хачу дадому. Больш за два днi не магу быць за межамi сваёй краiны. Не таму, што я Прэзiдэнт, а як чалавек», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

«Я хачу, каб кожнага беларуса цягнула на Радзiму: калi ваша душа будзе тут, значыць, я не дарма пражыў сваё прэзiдэнцтва», — рэзюмаваў ён.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Размова — вялікая. Тэмы — надзённыя

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?