Вы тут

Хто я і дзе…


Валерыя ДАНІЛЕВІЧ

нарадзілася 15 лістапада 1992 года ў вёсцы Ражанка Шчучынскага раёна. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Натхняецца творчасцю С. Жадана, А. Разанава, А. Адамовіча, В. Морт, А. Хадановіча, В. Рыжкова. Лічыць, што ніколі нельга спыняцца на шляху да асабістага ідэалуа.


Хто я і дзе…

1

Гэты горад даўно перастаў быць калыскай маці,

Гэты горад здзічэў і цяпер не ратуе нікога.

Горад-шыбеніца глядзіць ашалелым вокам

На свой народ недалёкі,

Што не верыць ні ў чорта, ні ў Бога,

Ні ў сябе самога.

 

Гэты горад хапае ахвяру,

Павуціннем бясконцых вуліц сціскае цела,

Прыціскае да горла нож сумневаў,

Рэжа скуру

І праз бурую вадкасць

Высмоктвае радасць і мары,

Пакідаючы ў спустошанай абалонцы боль і гора.

 

Звар’яцела смяецца горад,

Калі бачыць, што нехта больш не можа

Трываць.

 

Ты адчуваеш, што кропка прыцэла

Лашчыць тваю патыліцу,

І абіраеш бясконца 

Блукаць сярод аднатыпных дамоў, 

Думаеш, што схаваўся, не трапіў у пастку. 

Але гэтая частка квартала 

Чакала цябе даўно —

Ты пятляеш сярод зубоў

У варожай пашчы.

 

І аднойчы горад самкне сківіцы.

 

2

Пасля таго, як старыя сышлі ў глебу

На вечны спакой,

Мы з маці

Прыбіраліся ў хаце.

 

Там было невыносна пуста,

Толькі Матка Боска 

Глядзела з абраза на нас. 

 

На стале замест стоса 

Бліноў і кружочка лою — 

Толькі чарка гарэлкі, 

Накрытая лустай хлеба. 

 

Было ціха. Так ціха, ажно звінела ў вушах. 

Нават стрэлка 

Гадзінніка ад адчаю 

Замоўкла, спыніўшы час. 

 

Жыццё паставіла шах 

І мат, 

Як звычайна. 

Быў чалавек — шчаўчок, і яго няма. 

 

У такія моманты думаеш пра працяг, 

Сон не ідзе, доўга круцішся ў ложку. 

Цягне 

Хутчэй саджаць 

Дрэвы, нараджаць, 

Пакуль дзюбай 

Касы смерць не скінула з шахматнай дошкі.

 

* * *

Валасы 

Пасівеюць, адыдзеш да вечнага сну, 

Прарасцеш з магілы чырвоным дыванам пярэсны. 

 

Праз гады з таго дуба, 

Што ты пасадзіў увесну, 

Для твайго ўнука саб’юць труну.

 

3

Кожнаму з нас 

У свой час 

На размеркаванні лёсу 

Хросныя 

Падарылі балванку жыцця. 

Пяшчотна ўклалі яе ў рукі, 

А што з ёй рабіць — 

Нязграбнай ды босай — 

А ні гуку. 

 

Насіць яе гогалем? 

Прадаваць бессаромна за срэбра? 

 

Які працяг, 

Ці працягнем тое, што трэба, 

Ці працягнем да канца ўвогуле? 

 

Я вось жыццё абточвала 

Пад ціхі лускат 

Станка часу. 

Раз за разам 

Рабіла насечкі, старанна зразала хібы. 

 

Сцякала 

Кроў па руках, 

Але хіба ж гэта спыняла, 

Калі было яшчэ столькі неапрацаванага метала. 

 

У пыльнай майстэрні пуста, 

Станок саржавеў — 

Дарабіў сваю працу. 

А ў мяне 

Замест правай рукі — кукса, 

Замест левай рукі — кукса 

 

Ды распілаваная балванка ў шуфлядцы.

 

4

Ты кажаш, што ляцець з вясёлкі, 

Як з амерыканскай горкі, 

Немагчыма?  

Пацісну плячыма 

І пайду збіраць спелыя зоркі 

На варэнне. 

 

Потым буду падаць насеннем 

У глебу 

І прарастаць мядовай расінай 

На тонкай спіне 

Пралескі, 

 

Цягнуцца да неба 

Густым падлескам, 

Танцаваць факстрот 

У гумовых ботах 

І сукенцы з мараў 

У абдымку з чаротам 

На лоне 

Жамчужнай рэчкі. 

 

* * *

Дарэчы, 

Перад тым, як ты будзеш 

Старанна 

Круціць пальцам ля скроні 

І выклікаць санітараў, 

Спытай, ці лётаюць рыбы, 

Махаючы хібамі, 

У крабаў са дна акіяна.

 

5

Панурая 

Восень 

Хутка 

Пралезла пад скуру 

Прастудай, 

Пусціла брудныя 

Парасткі смутку 

У кожную клетку, 

Прыбіла мой позірк да столі 

І пралілася шматдзённым дажджом з вачэй. 

Не саромейся, восень, 

Давай болей болю, 

Болей болю, 

Болей гаючага 

Болю, 

Хутчэй! 

 

Не шкадуй мяне, восень, 

Лупцуй ашалелаю бурай, 

Абрывай бура-жоўтае лісце маіх надзей, 

Ну, а потым 

Да поту 

Грэбай 

Яго ў кучы 

І палі, каб жывога не засталося 

Нідзе. 

 

Абдымі мяне, восень, 

Халодным кастрычніцкім ветрам, 

Сцісні рэбры 

Да гучнага хрусту, 

Да кропляў з вачэй, 

Хай самота цячэ 

Па шчацэ, 

Можа, стане лягчэй. 

Разбудзі мяне, восень, старанна 

З пяшчотнай любоўю, 

Раздзялі мой сняданак, 

Дай на цябе паглядзець 

Вiнавата — 

У сваё адлюстраванне: 

Тыя ж незагойныя раны 

І заганы 

Тыя ж. 

 

* * *

Мая восень сышла, пакінуўшы кубак гарбаты i паліто на ласціку, 

Буду грэцца 

І лаціць сэрца, 

Што разбілася, спадзяюся, на шчасце.

 

6

Калі самота пускае атруту 

У кроў 

Летуценняў, 

Са змрочнага ценю 

Пакутаў 

Адразу 

З’яўляецца клоўн —

Мой асабісты блазан. 

 

Ён умела жанглюе марамі, 

Пад гітару 

Спявае роспачныя частушкі, 

На аднаколавым 

Ровары 

Разносіць водар 

Жартаў 

Наўкола 

І за даўгія вушы 

Выцягвае з капелюша 

Удачу. 

 

Гледачы рагочуць,

І мне, відавочна, 

Смяяцца варта, 

Але я ўсё роўна 

Плачу — 

Я з дзяцінства баюся клоўнаў.

 

7

— Калі на гэтай планеце ўсё канчаткова абрыдне 

І стане зусім неістотна, хто я і дзе я, 

Я апрану герметычны скафандр з надзеі 

Ды веры

І палячу да экзасферы — 

Наперад. 

Туды, дзе нізкі 

Зорак

Смяюцца так блізка 

І нізка, 

Казычуць золак 

Заспаны, 

А потым рассыпаюцца дробнымі пырскамі 

Над роўняддзю галактычнага акіяна. 

 

Пакінуўшы непрыкметна 

Гора, 

Пакуты 

І смутак 

У чорных дзірах, 

Я буду пухнатай ласкай

Ныраць у кратовыя норы, 

Каб трапіць хутчэй у казку — 

Мой іншапланетны 

Вырай. 

 

Я буду ляцець туды бясспынна і доўга, 

Пайду на пасадку над кратэрным логам 

Пад спевы мусона, 

Што цягнуць у сон. 

 

— Не страшна табе? А калі там зусім нічога?

— А калі там усё?!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».