Вы тут

Таццяна Сулімава: “Ровар устойлівы, пакуль едзе”




Таццяна Сулімава: “Ровар устойлівы, пакуль едзе”

 

Пра дзяцінства

Дзяцінства ў мяне было савецкае: школу я скончыла ў 1992 годзе. У маім жыцці былі ўсе знакавыя этапы таго часу: была акцябронкам, піянерам... Калі прыйшла пара ўступаць у камсамол, аказалася, што ўсе ранейшыя каштоўнасцi былі прыдуманымі, насамрэч усё па-іншаму.

Напэўна, зараз я ўяўляю сябе іншай, чым была, але ўяўляю я сябе дапытлівай, зацікаўленай, як і большасць маіх равеснікаў. Мы запісваліся ва ўсе магчымыя бясплатныя гурткі і спартыўныя секцыі, нікуды не паспявалі. Я хадзіла і на баян, і ў секцыю фатаграфавання (праз месяц перапісалася ў гурток макрамэ, а потом на лыжы)... Як і ва ўсіх маіх равеснікаў, дзяцінства было свабоднае: выйшаў і пайшоў. У двары  не было ні адной машыны, яны тады былі такой рэдкасцю, што калі я на праспекце Незалежнасці шпацыравала з бацькамі, бачыла адну – дзве і заўсёды цiкавiлася, цi не аўто гэта таварыша Слюнькова? Гэтае адчуванне свабоды, шырыні вулiц захавалася.

Часам я была сціплай, кампексавала і перажывала з-за сваіх недахопаў, часам, наадварот, вельмі ўпэўненай і прабіўной.

 

Пра правільнае і няправільнае

1990-я гады пакінулі адбітак на маім светапоглядзе, унутранай структуры, характары. Першапачаткова мы чыталі, што акцябронак павінен стаць піянерам, піянер – камсамольцам, камсамолец – камуністам. Я вельмі верыла ў гэтую схему, пра якую казалі бацькі: скончыць школу, паступіць у інстытут, выйсці замуж, атрымаць кватэру, нарадзіць дзяцей – і будзе ўсё як трэба. Калі я зразумела, што схема не працуе, глебы пад нагамі няма, у мяне замест разгубленасці з’явілася нечаканая радасць. Я адчула, што гэта не пустэча, а пачатак новага, у якім я магу пабудаваць усё так, як я хачу. З гэтага часу я люблю, калі нешта ідзе не так. З гэтага “не так” заўсёды атрымліваецца штосьці нечаканае, новае, цікавае. Галоўнае – своечасова ўключыць сваю асобу ў перамены, не заставацца пасіўна ў баку ад падзей.

 

Пра ўпэўненасць

Усё прыходзіць да нас праз цяжкасці. Тое, што даецца лёгка, не ўспрымаецца. Асоба чалавека фарміруецца тымі рысамі, якія ён выхаваў, яны мацней укараняюцца – як мышцы, якія спартсмен развівае падчас трэніровак. Толькі тое, што мы ў сабе культывуем, потым становіцца намі. Таму з няўпэўненасці таго дзіця вырасла мая ўпэўненасць. Я вельмі шмат хварэла і памятаю з дзяцінства ўвесь час гэтае адчуванне збянтэжанасці, калі ты прыходзіш і нічога не разумееш. Баішся сказаць нешта не тое. Паступова я перамагла няўпэўненасць, прымаючы яе як частку мяне. Я знайшла глебу пад нагамі і зараз разумею, што калі мае думкі не супадаюць з меркаваннем іншых, я маю на іх права, бо яны народжаны мной, унікальным стварэннем.

 

Пра працу

Я ўвесь час час думала, што буду паступаць ці на журфак, ці ў тэатральна-мастацкі інстытут. Арганізоўвала школьныя пастаноўкі ці іграла ў іх. Пісала тэксты ў школьную газету. Усё маё жыццё вяло мяне да гэтага, астатнія напрамкі проста не складаліся. У тэатральна-мастацкім (сёння – Акадэмія мастацтваў) іспыты былі раней, я пайшла туды, даведалася, што набрала патрэбную колькасць балаў.

Канешне, былі сумневы, бо студэнтаў 1 – 2 курсаў там часта адлічваюць за прафесійную непрыдатнасць. Я думала, што калі мяне адлічаць, то пайду на журфак. Мяне не выгналі, я скончыла акадэмію і паставіла спектакль “Бот і яго шкарпэтка” па п’есе Герберта Ахтернбуша ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Пасля мяне запрасілі на радыё “Рокс”, і маё жыццё змянілася. Уліўшыся ў гэтую плынь, я зразумела, што дынамічнасць радыё падыходзіць мне больш, чым тэатральная удумлівасць. Напэўна, яшчэ і таму, што тады мне было каля 20 гадоў – узрост, калі хочацца быць там, дзе жыццё віруе.

У мяне няма магчымасці чакаць натхнення ці пісаць у той момант, калі хочацца. Я магу пісаць тады, калі мне трэба пісаць. Калі з’явілася думка, а запісаць не магу, трымаю яе ў галаве, пра сябе пішу гэты тэкст, а калі надыходзіць момант, перапісваю, але, як правіла, ён атрымліваецца зусім іншы. Я хаджу, адзначаю нейкія словы, выразы, думкі. Вельмі люблю ўстаўляць у свой тэкст жыццёвыя выразы – гэта робіць яго больш простым і эмацыйна блізкім чытачу.

 

Пра крытыку

Я часам крытыкую сябе за тое, што мне трэба здаваць тэкст, а я не дастаткова глыбока прадумала яго, і атрымліваецца, можа быць, пацешная, але плынь свядомасці. З боку гэта можа быць не заўважна, але я ведаю, што магу лепш. Ці, напрыклад, не вычытала лішні раз: здала сёння, а магла б яшчэ падумаць і перачытаць. На радыё магу пакрытыкаваць сябе за няправільныя націскі – сачу за гэтым, слухаючы і людзей, і сябе. Часам няправільна называю прозвішча – так нельга, але ў наш час, калі ўсё хутка, такія памылкі часта праскокваюць, асабліва на радыё. Крытыкую сябе за тое, што лію шмат вады: не сабралася, сама не зразумела, што хацела сказаць… Прамы эфір некаторыя рэчы прабачае, калі ён эмацыйна напоўнены. А бывае, чалавек кажа правільныя рэчы, але ад яго не ідзе ніякай энергетыкі – гэта горш. За чалавекам, які піша ці вядзе на радыё, заўсёды адчуваецца, чаго ён хоча: казаць пра сябе і свой стан ці думаць пра больш глабальнае.

 

Пра хуткасць і грунтоўнасць

Ёсць людзі, якім трэба сябе паднімаць, а мне сябе – асаджваць. Я часта хачу паспець тое, што паспець немагчыма. Атрымліваю асалоду, калі ўсё атрымліваецца. Ровар устойлівы, пакуль ён едзе, і чым хутчэй круцяцца педалі, тым лепш. Эмацыйнае выгаранне ў мяне здараецца ў паўзах, калі ўсё спыняецца. Тады я губляю глебу пад нагамі, не разумею, што адбываецца і імкнуся загрузіць сябе вялікай колькасцю спраў, каб не было прастою. Але часам трэба сябе супакоіць і ўсадзіць, каб падумаць ці зрабіць штосьці больш грунтоўнае, глыбокае. Мне не хапае ўдумлівасці і грунтоўнасці. Я больш ушыркі, чым у глыбіню.

 

Пра мару

Гісторыя, якую я бачыла, – нібы шматслойны пірог: нарадзілася я ў адной эпосе, зараз жыву пры зусім іншым павароце падзей. Спадзяюся, што яшчэ праз некалькі гадоў у мяне атрымаецца гэты пірог спячы ў кнігу пра маё пакаленне – дзяцей, народжаных у 1970-я, 1980-я гады: якімі мы сталі, якія розныя ў нас лёсы. Такія гісторыі пра маіх сяброў дзяцінства і юнацтва круцяцца ўва мне і кранаюць маё сэрца. Спадзяюся, што калі-небудзь змагу сесці, мяне няшмат што будзе адцягваць, і я збяруся і напішу вельмі кранальную і прыгожую кнігу пра жыццё. Пра тое, як чалавек пражывае і пераадольвае рознае, кім ён робіцца нарэшце пасля таго, як шмат разоў памёр і зноў нарадзіўся. Кнігу пра людзей, якія штосьці пераадольваюць і кудысьці ідуць, я б хацела напісаць.

 

Парада

Тым, хто хоча стаць журналістам, раю шмат чытаць. Практычна, з алоўкам. Пісьменніцтва бярэцца з чытання і не атрымаецца без літаратурнага багажа. Можна нават паразітычна дзейнічаць: збіраць словы, вучыцца браць усё лепшае з напісанага да цябе і думаць сваё. Калі ты ўвесь час шукаеш, дзе добра напісана, думаеш, як бы ты напісаў, гэта першая прыкмета таго, што ты можаш стаць журналістам.

Нават самую банальную думку можна выказаць праз нечаканае бачанне. Тэм няшмат, і калі журналіст не піша пра навіны, то ён піша пра адно і тое ж – пра станы, праблемы і адносіны людзей. Калі ты пішаш па-іншаму, то ты аўтар. Калі пішаш, як усе, то ты пераймальнік.

І галоўнае – не саромецца пісаць і дасылаць свае тэксты. Я з дзяцінства дасылала вершы ў газеты, ні адзін не надрукавалі, мне заўсёды пісалі: “Дарагі сябра, вялікі дзякуй за твае вершы, але яны нам не падыходзяць. Але ты пішы нам яшчэ”. Я запамінала “пішы яшчэ”. Гэта важна – не чуць дрэннае, што кажуць пра цябе, і памятаць, што літаратура цябе чакае.

 

Запісала Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.