Вы тут

Свой пакой


Свой пакой

Вірджынію Вулф лічаць адной з асноўных фігур мадэрнісцкай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя. Яе творчасць неаднаразова разглядалася пад лупай фемінізму. З гэтага пункта можна распавядаць і пра эсе «Свой пакой». Тым больш, што заяўленая ў ім тэма — «Жанчына і літаратура». Але мы не будзем так рабіць.

«Свой пакой» — твор на стыку мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, эсе з выдуманым апавяданнем, расповед з пабочнымі меркаваннямі і рознабаковымі поглядамі. У творы выразна акрэслена мяжа, калі мастацкі ўхіл пачынае дамінаваць. Аўтар «уголас» прапануе перайсці да літаратурнай формы і аўтаматычна становіцца галоўным героем свайго расповеду. Яна не змяняе пол, толькі бярэ псеўданім, і піша ад жаночага «я». Пры гэтым выказваннем «У кожнай жанчыны, калі яна збіраецца пісаць, павінны быць сродкі і свой пакой» закідае кручок, вага і кошт якога адчуваюцца толькі па прачытанні. Пры гэтым адчапіцца ад думкі, што эсе напісана пра жанчын і для жанчын, амаль немагчыма. Але разглядаць яго як аўтарскае раскрыццё пэўнага пласта ў гісторыі літаратуры ніхто не забараняе.

Сюжэт заснаваны на дзеяннях пісьменніцы, якая трапіла ў бібліятэку. Але трэба адзначыць, што «спадарыні дапускаюцца ў бібліятэку толькі ў кампаніі члена ўніверсітэцкага савета або з рэкамендацыйным лістом». Яна там перабірае кнігі мінулых стагоддзяў і разбіраецца, што адбывалася з жанчынамі ў літаратуры, пераглядае іх творы, робіць аналіз выдадзенага — спрабуе вызначыць прычынна-выніковыя сувязі.

Напрыклад, мы даведваемся, што пра жанчын у літаратуры да ХVІІІ стагоддзя нічога не вядома. Можа, не было таленавітых, можа, яны не дапускаліся да справы, можа, не цікавіліся літаратурай? Толькі вось «талент не вырастае сярод батрацтва, цемры, халопства. Не расквітнеў ён у старажытных саксаў з брытамі. Не відаць і сёння ў працоўных. Дык ці мог ён развіцца сярод жанчын, калі за працу яны браліся, паводле слоў прафесара Трэвельяна, ледзь не на парозе дзіцячага пакоя, змушаныя бацькамі і ўсёй уладай закона з укладам?»

Аўтар піша, што «безыменнасць, жаданне захутацца ў вуаль у жанчын у крыві». Карэл Бэл, Джордж Эліат, Жорж Санд — псеўданімы жанчын-пісьменніц, якія выбралі мужчынскія імёны для прадстаўлення сваёй творчасці свету. Так адбывалася з-за ўмоўнасці: «галоснасць жанчыне агідная». Да таго ж, жанчына сярэдняга класа нават у пачатку ХІХ стагоддзя не магла і марыць аб сваім пакоі, ціхім ці замкнёным ад астатніх жыхароў дома. Быў адзін агульны, у якім прыходзілася пісаць. Адзначаецца, што ў такіх умовах «пісаць прозу было лягчэй, чым п’есы або вершы», бо патрэба ў вялікай засяроджанасці адсутнічала. Як распавядае Вірджынія Вулф, «Джэйн Осцін хавала свае рукапісы ці прыкрывала іх прамакаткай».

З вышэйзгаданага вынікае і тое, пра што пісалі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Аснова тэкстаў — назіранне характараў або аналізаванне пачуццяў. Што даволі арганічна існавала ў жанры рамана. Пры гэтым літаратурныя папярэднікі — мужчыны, якія пісалі выразным, без вычварнасці і празмернасцей стылем (Тэкерэй, Дыкенс, Бальзак). «Калі свабода і паўната выказвання — плоць мастацтва, то адсутнасць традыцыі, убоства і неадпаведнасць сродкаў павінны былі вельмі паўплываць на пісьменніцкую справу жанчын. Акрамя таго, кніга ж складаецца не з вобразаў, пастаўленых у шэраг, а, так бы мовіць, з архітэктуры вобразаў у форме аркад і купалаў. Але і гэтая форма таксама справа мужчынскіх рук». І атрымалася, што менавіта раман найбольш падыходзіў для жаночых пальцаў, бо быў «малады і мяккі». Праўда, у тэкстах адзначалася арыентаванне на «мужчынскія каштоўнасці». А ў 1880 годзе, як распавядае аўтар, жанчыны пішуць без усялякай нянавісці, без страху, без горычы, без асуджэння і без пратэсту.

Але мы таксама павінны ведаць, што «гэтыя добрыя кнігі — і «Вільет», і «Навальнічны перавал», і «Мідлмарч» — напісаны жанчынамі, чый жыццёвы досвед быў абмежаваны чатырма сценамі бацькоўскага дома, жанчынамі настолькі беднымі, што ім даводзілася літаральна па дзесцях (па 24 старонкі) купляць паперу, каб завяршыць той самы «Навальнічны перавал» ці «Джэйн Эйр».

З іншага боку, сотні жанчын з пачатку ХVIII стагоддзя атрымлівалі грошы за пераклады і слабыя раманы, якія ўжо наўрад ці знойдзеш, і маглі дапамагаць сваім родным. Так яны зараблялі сваёй творчасцю і пачыналі адчуваць вагу «пустой бязглуздзіцы».

Эсе «Свой пакой» датуецца 1928 годам. Аўтар адзначае, што ў той час адчувалася амаль роўнае палажэнне розных палоў у літаратуры. Жанчыны пішуць і вершы, і п’есы, і крытыку, гістарычныя і біяграфічныя кнігі, апісанні вандровак і даследаванні. Тэмы разнастайныя. «І жанчына пачынае распрацоўваць літаратуру як мастацтва, а не толькі як метад самавызначэння».

Аўтар дае параду прыстасоўваць кнігі да свайго існавання: «можна загадзя сказаць, што ў жанчыны кнігі павінны быць карацейшымі, больш сціслымі, чым у мужчын, і разлічанымі на няшматгадзіннае бесперапыннае сядзенне. Бо адрывацца жанчыне ўсё роўна давядзецца. Акрамя таго, нервовыя сістэмы ў мужчын і жанчын неаднолькавыя, і калі вы хочаце, каб ваша працавала напоўніцу, трэба высветліць, што вам падыдзе — гэтыя лекцыі, прыдуманыя манахамі тысячу гадоў таму, ці ўсё ж нешта іншае?» А пакою надае жаночае ўвасабленне: «Пакоі такія розныя: спакойныя, грозныя, з вокнамі на мора ці ў турэмны двор, завешаныя вяроўкамі для бялізны, у шоўку, жорсткія, як конскі волас, ці мяккія, быццам пух, — дастаткова пераступіць парог любога пакоя на любой вуліцы, і ў твар ударыць уся шматскладаная сіла жаночага».

Вірджынія Вулф падымае таксама тэму андрагійнага розуму і разважае над тым, што ў чалавечай свядомасці таксама ёсць два полы. І падаецца, галоўны вынік эсе датычыцца ўсіх. «Да той пары, пакуль вы пішаце, як думаеце, толькі вашы думкі і пачуцці маюць значэнне, а ці на стагоддзі вы пішаце, ці на некалькі гадзін, гэтага ніхто не ведае. Але ахвяраваць хаця б адным валаском з галавы свайго вобраза, ценем яго — гэта самая нізкая здрада, побач з якой звычайныя страшныя чалавечыя ахвяраванні ўласнасцю ці дабрадзейнасцю пададуцца проста цмянай плямінкай».

Юля ВАЎЧОК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.