Вы тут

Што адбываецца ў Румыніі?


У Румыніі адменена скандальная пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой, у прыватнасці, ад крымінальнай адказнасці вызваляліся чыноўнікі за карупцыю са шкодай менш за 200 тыс. леяў (44 тыс. еўра). Гэта адбылося на надзвычайным пасяджэнні кабінета міністраў у нядзелю. «Я не хачу падзяляць Румынію», — заявіў у тэлезвароце прэм'ер-міністр Сорына Грындзяну. Кіраўнік урада выступіў пасля таго, як пратэстоўцы ў суботу выйшлі на вуліцы Бухарэста і ўтварылі жывы ланцуг вакол будынка парламента. Увогуле ж акцыі пратэсту на мінулым тыдні сабралі па ўсёй краіне, па розных ацэнках, 300—500 тысяч чалавек і сталі найбуйнейшымі з часу падзення камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе. Куды могуць прывесці Румынію «рэвалюцыйныя» настроі?


Не да «сацыялкі»?

Пасля сусветнага крызісу 2008—2009 гадоў Румынія дамовілася аб атрыманні 20 млрд еўра крэдыту ад МВФ і ЕС у абмен на зніжэнне заробкаў у дзяржсектары на 25%, пенсій — на 15% і згортванне шэрагу сацыяльных праграм. Палітыка «зацягвання паясоў» паўплывала на румынскую эканоміку — летась ВУП краіны павялічыўся больш чым на 5% (самы высокі паказчык у ЕС). Адразу з'явіліся меркаванні, што Румынія — новы еўрапейскі эканамічны «тыгр». Штуршком да росту сталі беспрэцэдэнтныя падатковыя паслабленні. Падобныя меры прывялі ў выніку да зніжэння спажывецкіх цэн і спажывецкага «буму».

Яшчэ адным індыкатарам эканамічнага поспеху Румыніі стала з'яўленне на працягу года новых прадпрыемстваў з удзелам замежных інвестараў. У сакавіку амерыканская кампанія 8x8, якая спецыялізуецца на распрацоўцы VoІP-сістэм, адкрыла ў горадзе Клуж-Напока свой першы аперацыйны цэнтр ва Усходняй Еўропе. Нямецкая кампанія Daіmler месяцам пазней адкрыла ў горадзе Себеш прадпрыемства па вытворчасці каробак перадач новага пакалення для аўтамабіляў Mercedes-Benz. Кошт праекта склаў 300 млн еўра, было створана 500 працоўных месцаў. У верасні ў горадзе Слаціна італьянская кампанія Pіrellі адкрыла свой новы завод па вытворчасці шын (з 2005 года кампанія інвеставала ў Румынію 555 мільёнаў еўра і стварыла больш за 2200 новых працоўных месцаў). У гэтым жа месяцы ў горадзе Гімбау быў запушчаны новы завод кампаніі Aіrbus на плошчы 10 тыс. кв. м, які будзе выпускаць цяжкія верталёты H215. Плануецца, што першы лятальны апарат павінен сысці з канвеера ў 2018 годзе. Аб'ём інвестыцый склаў 52 млн еўра.

З іншага боку, паўстала праблема «ўцечкі мазгоў», што прывяло, напрыклад, да крызісу ў сістэме аховы здароўя. «У нас сур'ёзны недахоп урачоў. У 2011 годзе ў румынскіх шпіталях працавала 21,4 тыс. дактароў. Да лістапада 2013-га іх засталося толькі 14,4 тыс.», — расказвае прэзідэнт румынскага Каледжа ўрачоў Васіл Астарастоі.

Сацдэмы&лібералы

Румынскія сацыял-дэмакраты ў снежні вярнуліся да ўлады ў краіне, пацвярджаючы статус найбуйнейшай палітычнай партыі рэспублікі. Па выніках парламенцкіх выбараў сацыял-дэмакратычная партыя (СДП) набрала больш за 45% галасоў як у Сенаце, так і ў Палаце дэпутатаў і абышла галоўнага апанента — Нацыянал-ліберальную партыю (НЛП). Падчас перадвыбарчай кампаніі сацыял-дэмакраты абяцалі павышэнне заробкаў і зніжэнне падаткаў, тады як праграма лібералаў зводзілася да працягу барацьбы з карупцыяй.

Спыніць эміграцыю, павысіць мінімальную зарплату і стварыць новую інфраструктуру — тры ключавыя абяцанні цяперашняга прэм'ер-міністра Румыніі 43-гадовага Сорына Грындзяну. Каб румыны не шукалі работу за мяжой, новы ўрад зменіць эканамічныя прыярытэты, павялічыўшы бюджэтныя выдаткі на пенсіі, аплату працы і медыцыну. «У нармальнай краіне ўрад шукае спосабы павысіць зарплаты для сваіх грамадзян, а не панізіць заробкі ў надзеі, што гэта прыцягне замежных інвестараў. Мы хочам прыцягнуць інвестыцыі з-за мяжы, але толькі тыя, якія створаць добра аплатныя працоўныя месцы для румынаў», — цытуе Сорына Грындзяну інфармагенцтва Deutsche Welle.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што эканамічны рост павінен быць заўважаны ў кішэнях румынаў. Кіраўнік урада анансаваў рост мінімальнай заработнай платы з 1250 леяў (275 еўра) да 1450 у 2017 годзе, а затым і да 1750 у 2020 годзе. Аклады супрацоўнікаў медыцынскай і адукацыйнай сферы ўзрастуць на 15%, пенсіі — на 9%. Падатак на даходы фізічных асоб знізіцца з 16 да 10%, а неабкладаемая падатковая база, незалежна ад крыніцы даходаў, складзе 2000 лееў (крыху менш за 450 еўра). Апаненты сацыял-дэмакратаў не хавалі свайго скепсісу з нагоды ініцыятыў Грындзяну. «Бюджэт краіны — не бяздонная бочка», — напісаў у Facebook экс-прэм'ер Дачыян Чолаш. На яго думку, у будучыні гэта пагражае абярнуцца дадатковай нагрузкай на плечы добрасумленных падаткаплацельшчыкаў. Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, прымаючы прысягу новага ўрада, іранічна заўважыў, што спадзяецца пачуць тлумачэнні, якім чынам пры заяўленым сцэнарыі плануецца захаваць дэфіцыт бюджэту ў межах 3% ад ВУП.

Прадчуванне грамадзянскай вайны

Калі кандыдатура прэм'ер-міністра і яго сацыяльная палітыка прадэманстравалі адсутнасць кансэнсусу паміж прэзідэнтам і СДП (досыць прадказальнае), то праект пастановы аб амністыі перавёў гэта ў стадыю жорсткага канфлікту. Нацыянальнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй за апошнія некалькі гадоў адправіла за краты шматлікіх высокапастаўленых чыноўнікаў і бізнесменаў, у большасці сваёй — сацыял-дэмакратаў. У сваю чаргу, СДП сцвярджае, што насамрэч гаворка ідзе пра злоўжыванні органаў правасуддзя, якія выконваюць палітычны заказ прэзідэнта і нацлібералаў.

Пратэсты пачаліся ў сярэдзіне студзеня гэтага года пасля аб'явы аб планах урада часткова дэкрыміналізаваць перавышэнне чыноўнікамі паўнамоцтваў і абвясціць амністыю асуджаным за шэраг няцяжкіх злачынстваў, якія агучыў міністр юстыцыі Фларын Іардаке. У адпаведнасці з гэтым дэкрэтам, супраць карумпаваных чыноўнікаў, якія нанеслі ўрон дзяржаве на суму менш за 44 тысячы еўра, не павінны адкрывацца крымінальныя справы. Улады таксама ўнеслі на разгляд парламента праект закона аб амністыі зняволеных, турэмны тэрмін якіх не перавышае 5 гадоў. З турмаў меркавалася вызваліць амаль 2,5 тысячы чалавек.

Указ павінен быў уступіць у сілу 10 лютага. Улады Румыніі тлумачылі, што змякчэнне пакарання для карупцыянераў і амністыя асуджаных з невялікімі тэрмінамі дапамогуць справіцца з перапоўненасцю турмаў. Праціўнікі змяненняў настойвалі, што сярод памілаваных могуць апынуцца ўплывовыя палітыкі, асуджаныя за карупцыю. У лік амніставаных мог трапіць старшыня кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі, спікер Палаты дэпутатаў Лівіу Драгня, асуджаны ўмоўна па справе аб карупцыі са шкодай у 24 тыс. еўра і арганізацыі фіктыўнай занятасці, а таксама медыямагнат Дан Вайкулеску, які атрымаў 10 гадоў за адмыванне грошай.

Супраць амністыі і ўнясення паправак у Крымінальны кодэкс выступіў прэзідэнт Румыніі. На сваёй старонцы ў Facebook ён назваў дзеянні ўрада непрымальнымі і «злачынствам супраць правасуддзя». Ёханіс быў і сярод удзельнікаў пратэстных акцый: «Я прыйшоў на плошчу, як тысячы румынаў, каб паказаць сваё абурэнне. Банда палітыкаў хоча змяніць крымінальнае заканадаўства Румыніі, хоча аслабіць вяршэнства закона. Мы не можам гэтага дазволіць». Папраўкі да Крымінальнага кодэкса былі ўспрыняты часткай румынскага грамадства як рэвізія курсу на барацьбу з карупцыяй. Яго эфектыўнасць стала ці не галоўным нацыянальным брэндам Румыніі за апошнія гады і заслужыла высокія ацэнкі з боку міжнародных прававых інстытутаў.

Малдаўскі палітолаг Уладзімір Букарскі прагназуе, што беспарадкі здольныя выліцца ў поўнамаштабную рэвалюцыю і прывесці да поўнай капітуляцыі сацыял-дэмакратаў. «Гэта можа прывесці да яшчэ большага супрацьстаяння, аж да грамадзянскай вайны. У грамадстве ёсць розныя сілы, этнасы, рэгіянальныя традыцыі, усё гэта можа ўсплыць на паверхню», — папярэджвае эксперт.

Між тым вулічныя маніфестацыі ў Румыніі працягваюцца. Дэманстранты, якія сабраліся на плошчы Вікторыі ў нядзелю падчас надзвычайнага пасяджэння ўрада, заяўлялі, што не вераць кабінету міністраў Сорына Грындзяну, і патрабавалі яго адстаўкі. «Людзі працягнуць аказваць ціск на гэты ўрад», — заўважыла румынскі палітолаг Мірча Марыян. Адметна, што на вуліцы выйшлі і прыхільнікі ўрада з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта, які, на іх погляд, справакаваў палітычны крызіс. Так што сітуацыя надзвычай складаная, Румынія пераўтварылася ў паўнаважкую «гарачую кропку» Еўропы.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Кульбіт «карпацкага тыгра»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».