Вы тут

Задача школы — падрыхтаваць дзіця да выхаду ў самастойнае жыццё


«Перанос факультатываў на шосты школьны дзень дазваляе не перагружаць дзяцей цягам вучэбнага тыдня, але калі правядзенне факультатыву, дапусцім, у чацвер задавальняе ўсіх — і школьнікаў, і настаўнікаў, і бацькоў, то няма сэнсу аўтаматычна пераносіць яго на суботу», — такое меркаванне выказаў журналістам міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА падчас наведвання ў суботу Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12 будаўніцтва.


Па словах міністра, галоўная задача школы — падрыхтаваць дзіця да выхаду ў самастойнае жыццё, выхаваць добрага грамадзяніна, сем'яніна і прафесіянала. Натуральна, што за пяць дзён вучэбнага тыдня немагчыма рэалізаваць усе гэтыя задачы, тым больш што ў дзіцяці павінен заставацца яшчэ і асабісты час.

— Мы разглядаем шосты школьны дзень як магчымасць для больш рацыянальнага і карыснага выкарыстання гэтага часу вучнямі. У суботу ў школах могуць праходзіць фізкультурна-аздараўленчыя, культурна-творчыя мерапрыемствы, сустрэчы бацькоў з настаўнікамі-прадметнікамі, бацькоўскія сходы. Абавязкова павінна выразна прасочвацца супрацоўніцтва педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, — патлумачыў сваю думку міністр адукацыі.

Яшчэ адзін важны аспект школьнай суботы — арганізацыя прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №12 будаўніцтва ўжо можа падзяліцца сваім досведам у гэтым кірунку. Кожную суботу тут сустракаюць гасцей са школ і расказваюць ім аб прафесіях, якія можна атрымаць у ліцэі, а затым даюць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў вучэбных майстэрнях. «Гэта форма работы дазваляе дзіцяці падумаць, чым бы яно хацела займацца, куды пайсці далей вучыцца. Акрамя таго, элементарныя навыкі працоўнага навучання спатрэбяцца ў жыцці кожнаму: і маладым хлопцам, і дзяўчатам», — падкрэсліў міністр адукацыі.

Ігар Карпенка таксама паведаміў, што работа над абнаўленнем зместу навучальных праграм працягваецца, паколькі пастаянна з'яўляюцца новыя веды, якія трэба ў той ці іншай меры даць яшчэ ў школе: «Мы будзем глядзець, што павінна заставацца ў гэтых праграмах, а што не, на якія тэмы трэба вылучыць больш гадзін, а на якія менш. Гэта пастаянны працэс».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Карысная субота

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?