Вы тут

Тэрмін навучання ў магістратуры будзе вызначацца з заказчыкам кадраў


«Па сутнасці, мы павінны сёння вызначыцца са стратэгічнымі прыярытэтамі, шмат разоў усё ўзважыць, каб зразумець, наколькі будзе апраўдана ўнясенне ў Кодэкс аб адукацыі тых ці іншых дапаўненняў і карэкціровак», — такую думку выказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА на семінары-нарадзе, які арганізавала для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі кіраўніцтва Міністэрства адукацыі.


Як ужо паведамлялася раней, да 1 ліпеня Кодэкс аб адукацыі плануецца ўнесці на разгляд у парламент. Па словах міністра адукацыі Ігара Карпенкі, работа над яго праектам уступіла ў завяршальную стадыю: «Каб прыняцце законапраекта прайшло як мага хутчэй і, галоўнае, каб канчатковы дакумент атрымаўся максімальна якасным, ён ужо сёння выносіцца на грамадскае абмеркаванне — магчымасць выказацца ёсць ва ўсіх. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва акажацца максімальна плённым...»

Каб не рыхтаваць «паўфабрыкаты»...

— Мы проста абавязаны ўлічваць сусветныя тэндэнцыі хоць бы таму, што знаходзімся ў цэнтры Еўропы, а суседнія краіны актыўна рэфармуюць свае сістэмы адукацыі. Заставацца закрытымі пры наяўнасці адкрытай эканомікі немагчыма. Але ў нас ёсць перавагі: мы можам аналізаваць досвед іншых, вучыцца на чужых памылках і не дапускаць сваіх. Трэба не дапусціць любых гвалтоўных пераўтварэнняў, — падзялілася сваім бачаннем Ірына Старавойтава. — Рэформы ў сістэме адукацыі эфектыўныя толькі тады, калі яны не супярэчаць эканамічным законам і прынцыпам і накіраваныя на ўзмацненне яе сацыяльнай і культуралагічнай ролі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК таксама лічыць, што бяздумная ломка сістэмы адукацыі можа прывесці да небяспечных наступстваў.

— Перад савецкай сістэмай адукацыі стаяла задача па выхаванні ўсебакова развітой гарманічнай асобы. Страта гэтай звышзадачы ў апошнія дзесяцігоддзі прывяла да пераўтварэння адукацыі ў сферу паслуг. У сваю чаргу, пераўтварэнне школьнага настаўніка і ўніверсітэцкага прафесара ў прадстаўніка паслугі (фактычна афіцыянта) рэзка знізіла прэстыж педагагічнай прафесіі, — падзяліўся сваім бачаннем парламентарый. — Усё гэта мы павінны ўлічваць пры рэалізацыі «дарожнай карты» Балонскага працэсу і інтэграцыі ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору. А яна, заўважу, вельмі разнастайная: ёсць нямецкая мадэль, якая асабіста мне вельмі блізкая, фінская мадэль, а ёсць англасаксонская. Між іншым лідзіруюць сёння па выніках розных міжнародных даследаванняў адукацыйных дасягненняў Сінгапур і Кітай. Наша нацыянальная сістэма адукацыі працуе не для таго, каб рыхтаваць «паўфабрыкаты» для еўрапейскага рынку працы, — яна нацэлена, у першую чаргу, на вырашэнне стратэгічных задач па ўмацаванні суверэнітэту нашай краіны, выхаванні грамадзяніна і патрыёта, які будзе тут і цяпер працаваць на карысць сваёй радзімы і вынікам яго працы стане прадукт самага высокага сусветнага ўзроўню.

Каго возьмуць у першы клас?

«Новая рэдакцыя кодэкса — гэта не рэвалюцыя, а натуральны эвалюцыйны працэс, — заспакоіў усіх першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ. — Абапіраючыся на практыку прымянення цяперашняга кодэкса, мы разумеем, што для таго, каб не стрымліваць развіццё сістэмы адукацыі, кодэкс павінен мець больш канцэптуальны і рамачны характар, таму шэраг паўнамоцтваў для прыняцця рашэнняў будзе дэлегаваны ўраду, Міністэрству адукацыі і мясцовым органам улады.

Вадзім Богуш спыніўся на самых важных момантах, якія знайшлі адлюстраванне ў праекце. На ўзроўні дашкольнай адукацыі плануецца выключыць некаторыя віды ўстаноў — такія, як яслі, яслі-сад і санаторныя яслі-сад. Гэта не значыць, што дзесьці яслі закрыюцца — яны будуць па-ранейшаму дзейнічаць у складзе ўстаноў дашкольнай адукацыі ці як структурныя падраздзяленні ва ўстановах адукацыі і іншых арганізацыях, якія рэалізуюць праграмы дашкольнай адукацыі. У праекце кодэкса засталіся тры віды ўстаноў дашкольнай адукацыі: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.

Паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў аб напаўняльнасці дзіцячых дашкольных устаноў перадаюцца мясцовым выканаўчым органам улады. Таксама ўстановам дашкольнай адукацыі будзе дадзена права рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ніякага перагляду тэрмінаў навучання не плануецца. Агульная сярэдняя адукацыя застаецца 11-гадовай: пачатковая адукацыя (чатыры гады) — базавая адукацыя (пяць гадоў) — сярэдняя адукацыя (два гады). На трэцяй ступені школы ў апошнія гады ўжо рэалізуюцца падыходы, звязаныя з профільнай падрыхтоўкай. У кодэксе профільнае навучанне на старшай ступені школы будзе заканадаўча замацаванае.

Прыём у першы клас прадугледжваецца з шасці гадоў. Пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і (ці) па заяве законнага прадстаўніка дзіця можа пайсці ў школу і ў больш познім узросце. А калі ў бацькоў ёсць жаданне аддаць дзіця ў школу да дасягнення шасці гадоў, такая магчымасць прадугледжваецца толькі з дазволу заснавальніка ўстановы адукацыі на месцы. Канкрэтная сітуацыя будзе разглядацца ў інтарэсах канкрэтнага дзіцяці...

Таксама праектам кодэкса прадугледжваецца магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў у шосты школьны дзень не толькі для старшакласнікаў, але і для навучэнцаў 5—9-х класаў. Акрамя таго, у кодэксе занатоўваецца магчымасць спалучэння навучання ў хатніх умовах і ў школе для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на падставе рашэнняў урачэбна-кансультацыйных камісій і заявы законнага прадстаўніка.

Падрыхтоўка рабочага — за 6 месяцаў

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе функцыянаваць толькі адзін від установы — прафесійны ліцэй. Ён будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесіі рабочага з паралельным атрыманнем альбо без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі застаецца таксама адзін від навучальнай установы — каледж, які будзе рэалізоўваць усе вышэйназваныя праграмы прафесійнага ліцэя і адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку і інтэграваныя.

Акрамя таго, плануецца аптымізаваць тэрміны атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што прывядзе да скарачэння тэрміну навучання ў прафтэхустановах на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і на аснове спецыяльнай адукацыі на паўгода. Падрыхтоўка па рабочай спецыяльнасці на аснове агульнай сярэдняй адукацыі будзе займаць ад шасці месяцаў да аднаго года.

Таксама на паўгода будзе зменшаны тэрмін навучання на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калі цяпер ніжняя мяжа ў тэрміне навучання на базе 9 класаў складае тры гады, то па новых нормах, якія плануецца прыняць, мінімальны тэрмін будзе складаць 2,5 года. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі новы тэрмін складзе ад 1,5 да 3 гадоў (існуючая норма — ад 2,5 да 4 гадоў). На аснове ПТА — ад года да трох гадоў. Безумоўна, гэта патрабуе перапрацоўкі адукацыйных праграм.

Экзамен для «вядучага» ўніверсітэта

На ўзроўні вышэйшай адукацыі застаюцца тры тыпы ўстаноў: інстытут, акадэмія (кансерваторыя) і ўніверсітэт. Мяркуецца ўвядзенне двух статусаў: нацыянальная ўстанова адукацыі і вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі. Першы статус будзе прысвойвацца Прэзідэнтам, а другі — урадам. Пры гэтым статус вядучай установы вышэйшай адукацыі, які прадастаўляецца на конкурснай аснове, вымагае пацвярджэння на адпаведнасць шэрагу крытэрыяў раз у пяць гадоў. «На наш погляд, гэта будзе добрым стымулам для развіцця ўніверсітэтаў», — дадаў Вадзім Богуш.

У структуры вышэйшай адукацыі будуць рэалізоўвацца праграмы на ўзроўні бакалаўрыята на базе агульнай сярэдняй адукацыі з працягласцю ад 4 да 4,5 года. Таксама ў скарочаны тэрмін (3 гады) будуць рэалізоўвацца і інтэграваныя праграмы на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Тэрмін навучання ў магістратуры (ад года да двух) будзе вызначацца ўстановай вышэйшай адукацыі сумесна з заказчыкам кадраў. Таксама будуць рэалізоўвацца і бесперапынныя адукацыйныя праграмы з тэрмінам навучання ад 5 да 6 гадоў. Па шэрагу складаных тэхнічных спецыяльнасцяў ці, напрыклад, пры падрыхтоўцы ўрачоў проста немагчыма рэалізаваць праграму ў выглядзе двухступеньчатай падрыхтоўкі.

У праекце кодэкса прадугледжваецца магчымасць для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў аднаго кірунку. Мінімальнай адзінкай стане спецыяльнасць. Ад спецыялізацый плануецца адмовіцца.

Абавязак ці сацыяльная гарантыя?

Яшчэ адно важнае пытанне, якое заўсёды горача абмяркоўваецца ў грамадстве, датычыцца размеркавання выпускнікоў.

— Як сведчыць практыка, яно з'яўляецца важным гарантам сацыяльнай абароны з боку дзяржавы: мы нагружаем нашы ўніверсітэты і заказчыкаў кадраў неабходнасцю стварэння працоўных месцаў і даём выпускнікам магчымасць аказацца не ва ўмовах канкурэнцыі на рынку працы, а паступова ўвайсці і асвоіцца ў прафесіі на прадастаўленым ім першым працоўным месцы, — адзначыў Вадзім Богуш. — З улікам важнасці службы ў войску яе тэрмін будзе па-ранейшаму залічвацца ў тэрмін работы па размеркаванні. Акрамя таго, статус маладога спецыяліста плануецца распаўсюдзіць і на выпускнікоў платнай формы навучання, якія таксама пажадалі размеркавацца. Штогод просяць даць ім першае працоўнае месца каля тысячы студэнтаў-платнікаў па ўсёй краіне. Яны бяруць накіраванне на работу, але не карыстаюцца прывілеямі маладога спецыяліста і не атрымліваюць стымулюючыя выплаты, паколькі цяпер гэта права наймальніка, а не яго абавязак, а мы жадаем заканадаўча замацаваць за працадаўцамі і адказнасць.

Патрабуе заканадаўчага замацавання і магчымасць для студэнтаў старшых курсаў вучыцца па праграме перападрыхтоўкі, атрымліваючы дадатковую кваліфікацыю.

У цэлым у кодэксе закладваецца модульны падыход да зместу адукацыйных праграм. Будзе створана база для выкарыстання сістэмы заліковых адзінак, якая дазволіць у будучыні больш эфектыўна рэалізоўваць інтэграваныя праграмы і сеткавую падрыхтоўку, прычым не толькі ў рамках Беларусі, але і з замежнымі партнёрамі. Частка паўнамоцтваў, звязаных з фарміраваннем адукацыйных праграм, перадаецца на ўзровень універсітэтаў: якаснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў дазволіць гэту задачу паспяхова вырашыць.

І яшчэ адзін важны момант праекта кодэкса. У мэтах сацыяльнай абароны выпускнікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выпускнікоў, якія з'яўляюцца дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, што атрымалі прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, будзе ўводзіцца браніраванне рабочых месцаў для іх працаўладкавання, калі месца працы не можа быць прадастаўлена ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй шляхам размеркавання ў сувязі з яго адсутнасцю. Пры гэтым прадугледжваецца ўнясенне адпаведных нормаў і ў заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Важна адзначыць, што выпускнікі, якія будуць працаўладкоўвацца за кошт броні, не згубяць статус маладога спецыяліста ці маладога рабочага.

Не менш важны момант — рэалізацыя пераходных палажэнняў. Паколькі наперадзе ўсіх чакае вялікі аб'ём работ, звязаных з карэкціроўкай падзаконных актаў, пераходны перыяд для Міністэрства адукацыі будзе складаць адзін год, а для ўстаноў адукацыі — два гады. Кодэкс уступіць у сілу з 1 верасня на наступны год пасля яго прыняцця. Вадзім Богуш дадаў, што тыя асобы, якія паступаюць вучыцца ва ўмовах дзеючага на сённяшні дзень адукацыйнага заканадаўства, працягнуць навучацца на ранейшых умовах.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Эвалюцыя, а не рэвалюцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».