Вы тут

Лукашэнка правёў нараду па аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта


Як паведаміў карэспандэнт БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў дзяржапараце неабходна бесперапыннае кадравае абнаўленне.


«Мае патрабаванні да аптымізацыі дзяржапарату нязменныя. Неабходна бесперапыннае кадравае абнаўленне. У гэтай сферы павінны застацца толькі тыя, у каго гараць вочы, хто хоча працаваць і прыносіць карысць дзяржаве. Іншага не дадзена», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі павінна быць у авангардзе абнаўлення работы дзяржаўных органаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму пры назначэнні кіраўніка і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта была пастаўлена задача спакойна, разумна і без кампанейшчыны рэфармаваць гэту структуру. «Як галоўны палітычны штаб кіраўніка дзяржавы яна павінна быць у авангардзе абнаўлення работы дзяржаўных органаў, стаўшы прыкладам гэтага абнаўлення і аптымізацыі, якую мы пачалі», — сказаў Прэзідэнт. У першую чаргу гэта неабходна для павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўнага апарату. «Меншымі сіламі можна і трэба вырашаць задачы на самых галоўных напрамках», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Вы павінны выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, якія вельмі патрэбны для развіцця нашай дзяржавы. Часам гэтых ідэй дастаткова ў нашым грамадстве. Апошняя размова — якраз сведчанне таго. Адміністрацыя павінна стаць маналітным экспертным цэнтрам, дзе выпрацоўваюцца ўзважаныя рашэнні па важнейшых для краіны пытаннях. І я чакаю ад яе кіраўніцтва зладжанай і дакладнай работы».

У тым ліку для рэалізацыі гэтай задачы да работы Адміністрацыі неабходна падключаць экспертныя колы па самых розных напрамках. Асобныя даручэнні дадзены і па аналізе эфектыўнасці работы арганізацый, падпарадкаваных Адміністрацыі Прэзідэнта. «Прайшла «Вялікая размова з Прэзідэнтам» — Прэзідэнт заўважыў галоўнае: не чакайце нарматыўна-прававых актаў. Сказана Прэзідэнтам — заўтра павінна быць выканана», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Патрабуецца аб'ектыўная ацэнка дзейнасці Акадэміі кіравання (дарэчы, ацэнку я ўжо даў). Калі ласка, выконвайце і не зацягвайце. Калі цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі кіравання не разумее, што рабіць, яго трэба неадкладна замяніць. Туды яно было і накіравана для таго, каб правесці нармальную работу», — заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у Акадэміі кіравання ўдасканаленне работы неабходна пачынаць з адукацыйных праграм.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрыманне адукацыі ў Акадэміі кіравання не павінна быць расцягнутым, аднак будучы кіраўнік павінен атрымліваць максімум неабходных ведаў. «Ён адтуль павінен выйсці з добрым веданнем замежнай мовы. Гэта ж не справа, што сёння дзяржслужачыя праз перакладчыка размаўляюць са сваімі равеснікамі за мяжой, экспертамі і іншымі. Пэўныя веданні юрыспрудэнцыі, асабліва эканомікі. Ну і кіраванне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Адбор у Акадэмію кіравання з гэтага года павінен быць пастаўлены на самы высокі ўзровень».

Нараканні Прэзідэнт выказаў і ў адрас Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта. «Мы яго бачым часта? Ён якім быў з самага пачатку яго стварэння, так такім і застаўся. Гэта павінен быць самы лепшы экспертны, аналітычны цэнтр, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Якая там аналітыка? Якія там даследаванні? Каму яны патрэбны? Там павінны быць сканцэнтраваны самыя моцныя кадры. Няхай іх будзе менш, але яны таксама павінны працаваць, прыцягваючы туды (на пазаштатнай аснове ў якасці экспертаў. — Заўвага БЕЛТА) тыя кадры і сілы, якія ёсць у краіне». «Усюды павінен быць мінімум служачых. За кошт гэтага мы павінны даць людзям нармальную зарплату».

Аляксандр Лукашэнка не задаволены і работай Нацыянальнага прэс-цэнтра. «Я наогул не разумею, чым ён займаецца, — сказаў Прэзідэнт. — Кожны дзень павінна быць навізна. Калі гэтай навізны няма, кіраўніка быць не павінна».

«Трэба прадоўжыць удасканаленне нацыянальнай ідэалогіі. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця. Важна адмовіцца ад усяго паказушнага і надуманага. Ні ў якім выпадку не павінна быць нейкіх фармальных і непатрэбных мерапрыемстваў», — запатрабаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, неабходна выбудаваць сістэму ідэалагічнай работы ў дзяржаве.

Прэзідэнт адзначыў, што ідэалагічны работнік павінен валодаць не толькі ведамі, але і асаблівымі ўласнымі якасцямі. «Гэта ад прыроды адораныя людзі, якія маюць пэўную харызму і могуць не толькі данесці да людзей нешта па тэме, але і ўплываць на іх свядомасць. Важна, каб гэта былі яшчэ і кіраўнікі. Гэта лішні фактар даверу людзей да такога чалавека, які будзе перад імі выступаць», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў ідэалагічнай рабоце неабходна дзейнічаць па прынцыпе «лепш менш, ды лепей». «Фармалізму быць не павінна», — падкрэсліў ён.

«Неабходны строгі кантроль за працэсам дэбюракратызацыі і імгненнае рэагаванне на змяненні сітуацыі ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай і іншых сферах. Ніводная праблема, якая хвалюе нашых грамадзян, не павінна застацца без вашай увагі, — сказаў беларускі лідар. — Ніякай цяганіны, ніякага скідвання, як гэта было ў савецкія часы і існуе часта сёння, скаргаў і заяў на імя Прэзідэнта, Адміністрацыі Прэзідэнта ўніз».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць сітуацыі, калі скаргі ў выніку вяртаюцца ў тыя інстанцыі, на якія і скардзіліся людзі. «Я буду лічыць гэта як мінімум махровым бюракратызмам», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэба адкрыць прамы доступ памочнікаў — інспектараў па абласцях да Прэзідэнта пры неабходнасці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяляць выканальніцкай дысцыпліне. «Задачы неабходна выконваць хутка, якасна, без цяганіны і лішніх папер, патрабуючы таго ж ад усёй вертыкалі ўлады. Калі мы ідзём на аптымізацыю і прадугледжваем вельмі сур'ёзнае скарачэнне, — узамен — самая строгая выканальніцкая дысцыпліна. Толькі так мы можам захаваць кіруемасць у дзяржаве», — заявіў Прэзідэнт.

Загаловак у газеце: Лепш менш, ды — лепш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».