Вы тут

З серады ў нас чакаюцца маразы да мінус 28 градусаў


На гэтым тыдні на тэрыторыі Беларусі прагназуецца істотнае ўзмацненне маразоў, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


А справа ў тым, што найбліжэйшымі днямі ў краіне пачне гаспадарыць ультрапалярны арктычны антыцыклон. На гэты раз паветраныя масы, якія распаўсюджваюцца з боку Карскага мора, прынясуць у Беларусь вельмі халоднае надвор'е. Больш таго, пахаладанне стане сапраўды «кусачым» на фоне моцнага ветру. Тэмпература паветра па адчуваннях будзе здавацца на 5—7 градусаў ніжэйшай за фактычную. Халадней будзе на паўночным усходзе, а трохі цяплей — на паўднёвым захадзе краіны. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца.

Ужо сёння максімальная тэмпература паветра складзе мінус 12—18 градусаў, па паўднёвым захадзе — 8—11 марозу. Самымі халоднымі днямі тыдня будуць серада і чацвер, калі тэмпература паветра ўначы складзе мінус 13—20 градусаў, па паўночным усходзе — 21—24 марозу, а пры праясненнях — да мінус 28 градусаў. Толькі ў паўднёва-заходніх раёнах чакаецца 9—12 марозу. Удзень прагназуецца ад мінус 9 градусаў па паўднёвым захадзе да 17 марозу па паўночным усходзе. У сераду па паўднёва-заходняй частцы краіны чакаецца снег, слабая мяцеліца, а ў чацвер будзе пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе Беларусі магчымы кароткачасовы снег.

Па-лютаўску холадна будзе і ў пятніцу. Тады тэмпература паветра ўначы складзе мінус 12—19 градусаў, а пры праясненнях — да 20—25 марозу. Удзень маразы будуць мякчэйшыя, калі чакаецца мінус 5—12 градусаў. На працягу сутак — пераважна без ападкаў.

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў айчынных спецыялістаў, у выхадныя дні характар надвор'я крыху зменіцца, бо з'явіцца воблачнасць, а маразы аслабнуць. Тэмпература паветра ўначы на суботу і нядзелю складзе мінус 8—15 градусаў, аднак пры праясненнях — да 20 марозу. Праўда, ужо ўдзень мяркуецца цалкам камфортнае для зімы надвор'е — ад мінус 3 да мінус 10 градусаў. Ападкаў амаль не будзе, аднак на ўсходзе краіны магчымы невялікі снег.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дастаем аблавухі і валёнкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».