Вы тут

Гаспадарам дамоў пад знос дазволяць іх рамонт


Перад планаваннем капітальнага рамонту лепш загадзя пацікавіцца аб магчымай канфіскацыі вашага ўчастка.

Гэта сапраўды не зразумела, калі жыхарам асобных масіваў прыватнага сектара населеных пунктаў было катэгарычна забаронена паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы, бо чыноўнікі ў нейкіх там планах прапісалі, што іх зямля будзе ў перспектыве выкарыстоўвацца па іншым прызначэнні. А вось на практыцы часта атрымлівалася так, што час ідзе і нічога не мяняецца, а людзі працягваюць жыць у дамах без рамонту, бо на паперах існуе верагоднасць магчымага зносу іх пабудоў. Аднак у такім падвешаным стане людзі жыць ужо не жадаюць...


Улады людзей пачулі, пасля чаго спецыялістамі быў падрыхтаваны праект дакумента, які прадугледжвае карэкціроўку Указа «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў». Якім чынам новыя нормы падрыхтаванага праекта будуць закранаць інтарэсы вышэйназваных уласнікаў жылля?

Намеснік начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Марына Астапенка паведаміла нам, што цяпер грамадзянам Беларусі дазволяць займацца мадэрнізацыяй, рамонтам і рэканструкцыяй пабудоў, размешчаных на зямельных участках, якія падлягаюць у будучыні адабранню для дзяржаўных патрэб.

Рамонт і прыбудовы

Паводле слоў Марыны Астапенкі, папраўкі ў праект указа не прадугледжваюць карэнных змен у падыходах да прадастаўлення і канфіскацыі зямельных участкаў. Аднак галоўная навацыя дакумента — гэта магчымасць грамадзянам займацца паляпшэннем сваіх жыллёвых умоў у выпадку, калі іх дом размешчаны на ўчастку, які ў будучыні плануецца адабраць для дзяржпатрэб. «Адна з істотных паправак — можна выкарыстоўваць зямельныя ўчасткі і размешчаную на іх маёмасць і аб'екты, займацца рамонтам, дабудовай і гэтак далей, аж да прыняцця рашэння аб канфіскацыі зямельнага ўчастка», — заявіла Марына Астапенка. Паводле яе слоў, у праекце ўказа таксама будзе вызначана, менавіта ў які канкрэтны перыяд і якім чынам дзяржава кампенсуе грамадзяніну выдаткі, што звязаны з канфіскацыяй зямельнага ўчастка і зносам размешчаных на ім будынкаў.

Перад стартам рэканструкцыі зазірні на геапартал

Спадарыня Астапенка адзначыла, што ў праекце ўказа будзе таксама агаворана, за колькі часу да канфіскацыі ўчастка грамадзяніну спатрэбіцца атрымліваць рашэнне мясцовых органаў улады на рамонт і рэканструкцыю будынкаў. «Зразумела, што калі грамадзянін збіраецца ажыццяўляць такія работы менавіта зараз, а знос пабудоў і канфіскацыя участкаў запланаваны ў 2018—2019 гадах, то выканкам наўрад ці дасць на гэта дазвол», — заўважыла яна. Са свайго боку, галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства «Белдзіпразем» Мікалай Бабёр заўважыў, што ў Беларусі з 2013 года працуе партал зямельна-інфармацыйнай сістэмы нашай краіны (gіsmap.by). «Мы вядзём работу такім чынам, каб распрацаваныя генпланы былі даступныя інвестарам і грамадзянам. Мы ўжо адпрацавалі гэтае пытанне на прыкладзе Дзяржынска, але патрэбныя яшчэ некаторыя адміністрацыйныя працэдуры, каб гэтыя даныя сталі даступныя ўсім», — сказаў спецыяліст. Паводле яго слоў, ужо цяпер на партале можна знайсці інфармацыю аб канфіскацыі зямельных участкаў. У гэтай сувязі Бабёр растлумачыў, што працэдура праходзіць у некалькі этапаў: спачатку прымаецца рашэнне аб канфіскацыі, потым яно дакументальна афармляецца, а затым вызначаюцца межы зямельных участкаў. Інфармацыя аб адбіранні ўчастка становіцца даступнай тады, калі рашэнне ўжо прынята, хоць да фактычнай канфіскацыі яшчэ можа прайсці пэўны, часам і даволі працяглы, час.

Для немаладых жыхароў індывідуальных пабудоў спецыялісты раяць удакладняць будучыню іх тэрыторый непасрэдна ў адпаведных аддзелах мясцовых выканкамаў.

Не марудзіць з рашэннямі і адказваць за іх

Марына Астапенка таксама паведаміла, што ў праекце ўказа плануюць увесці новую норму, якая тычыцца тэрмінаў разгляду заяў людзей, што жадаюць атрымаць зямельны ўчастак пад нейкія мэты. Цяпер, калі мясцовыя ўлады вырашаюць адмовіць грамадзяніну прадаставіць такі ўчастак, то выканкамы павінны будуць аб'явіць аб гэтым рашэнні максімум на працягу 10 дзён пасля атрымання такой заявы ад кліента.

У падрыхтаваным дакуменце прадугледжваецца і ўзмацненне кантролю з боку мясцовых улад за свае прынятыя рашэнні, якія тычацца зямельных пытанняў. Атрымліваецца, што старшыні выканкамаў цяпер будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці за выкананне сваіх рашэнняў (за невыкананне іх, за недакладнае ці нясвоечасовае выкананне і г. д.).

Прапісалі ў праекце ўказа і тое, што ў сістэме Дзяржкаммаёмасці сёння актыўна ажыццяўляецца развіццё інфармацыйных тэхналогій. У сувязі з гэтым перадача землеўпарадкавальных матэрыялаў прадугледжваецца ў лічбавым варыянце паміж землеўпарадкавальнымі службамі, арганізацыямі па рэгістрацыі маёмасці і зямельных участкаў; а таксама праз абмен інфармацыяй «у электронцы» паміж мясцовымі выканкамамі.

Махінацыі не пройдуць

Прадстаўнікі Дзяржкаммаёмасці заўважылі, што зямельныя службы ўжо сутыкаліся з выпадкамі, калі прадпрымальныя грамадзяне запрошвалі за будынкі, якія падлягалі зносу, а таксама і за канфіскаваныя ўчасткі, астранамічныя сумы. Падобная практыка таксама ўлічваецца спецыялістамі. У гэтай сувязі Марына Астапенка падкрэсліла, што ўсе такія пытанні будуць прапісаны і канкрэтна рэгламентаваны новым указам. Таму і займацца бутафорскім будаўніцтвам людзям будзе не выгадна, удакладніла пазіцыю камітэта намеснік начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Дзяржкаммаёмасці.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не азіраючыся на генплан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».