Вы тут

Расліна загінула ці спіць?


Даглядаючы расліны і не жадаючы ім нашкодзіць, трэба ўлічваць, што ў іх ёсць перыяды актыўнага росту, а таксама перыяды спакою.

Відавочна, што садовыя расліны перажываюць тыя ці іншыя змены ў сувязі з умовамі надвор'я, але і пакаёвыя расліны таксама схільныя да іх. Неспрыяльныя ўмовы надвор'я служаць прычынай спячкі, у якую ўпадаюць расліны. На самай справе, многія расліны нават маюць патрэбу ў такім перыядзе спакою, каб выжыць. Падчас адной такой дрымоты лісце расліны ападае, і можа здацца, што яна загінула. Але, хутчэй за ўсё, гэта не так.


Віды, якім проста неабходны спакой, ніякім чынам нельга пазбаўляць яго. Калі вы ўсё ж паспрабуеце стварыць для сваіх раслін вечнае лета, перанёсшы іх у дом, то яны не пражывуць у такіх умовах больш за два гады. Пасля максімальнага перыяду бесперапыннага росту, расліна, родам з краін з умераным кліматам, міжволі пяройдзе ў стан спакою, незалежна ад пары года або прыродных умоў. Лісцевыя расліны скідаюць лісце, вечназялёныя не даюць новых парасткаў.

Як садовыя, так і пакаёвыя расліны могуць упасці ў спячку таксама і пасля атрыманага стрэсу. Напрыклад, калі расліну зусім не паліваюць, яна можа скінуць усё лісце і заснуць, каб захаваць вільгаць, якая засталася. Часам здаецца, што расліна памірае, але на самай справе такі ахоўны механізм ратуе ёй жыццё.

Зразумець, загінула расліна ці проста знаходзіцца ў стане спакою, дапаможа спецыяльная праверка.

Зрэжце кончык дубчыка памерам з аловак. Вазьміце дубчык і рэзка сагніце яго туды-сюды некалькі разоў. Жывая галінка будзе лёгка згінацца і ў рэшце рэшт расшчэпіцца, агаляючы вільготную драўніну ўнутры. Мёртвы дубчык трэсне, як толькі вы яго злёгку сагняце, і будзе сухі ўнутры. Можна таксама злёгку падрапаць нажом або пазногцем вонкавую частку галінкі. Калі расліна жывая, пад карой яна будзе зялёнага колеру і злёгку вільготнай навобмацак. А мёртвы дубчык будзе карычневага колеру, і вам з цяжкасцю ўдасца яго падрапаць. У такім выпадку трэба далей даследаваць сцябло і паспрабаваць падрапаць ніжнюю галінку, а то і сцябло каля самых каранёў. Расліна можа праявіць прыкметы жыцця ў гэтых месцах. Калі такое адбудзецца, трэба зразаць мёртвыя сцёблы амаль да самага кораня. Нягледзячы на тое, што яна выглядае мёртвай над паверхняй глебы, у спячай расліны будуць жывыя карані.

Калі праверка са згінаннем або драпаннем галінкі падасца непераканаўчай, можна дастаць расліну з вазона і праверыць, ці выглядаюць карані жывымі і здаровымі, ці яны цалкам згнілі або засохлі. Гнілыя карані будуць мець непрыемны пах, і гэта будзе азначаць, што расліна памерла. Калі ж карані выявяцца гнуткімі, то гэта наадварот будзе паказваць на тое, што расліна проста заснула. Бывае, што некаторыя карані могуць аказацца мёртвымі, а іншыя — жывымі, уключаючы і асноўны корань. Такім чынам, каб дапамагчы расліне аптымізаваць свае рэсурсы і ажыць з надыходам цяпла, вы можаце абрэзаць мёртвыя карані. Паспрабуйце пры гэтым не закрануць асноўны корань і іншыя здаровыя карані.

Расліна можа заснуць, але гэта не значыць, што яна зусім не мае патрэбы ў доглядзе. Ёй не патрэбна святло, але расліну ўсё ж трэба час ад часу паліваць: адзін раз у месяц будзе дастаткова. Даволі просты догляд, але ў халодны перыяд многія людзі паліваюць расліны гэтак жа часта, як і летам. Гэта згубна для раслін, бо ад празмернага паліву яны могуць загінуць. У ацепленых памяшканнях зямля ў вазоне хутка сохне, але толькі зверху, глыбей яна можа аказацца вільготнай.

Каб даведацца, ці час паліваць расліну, раскапайце зямлю ў вазоне ўглыб сантыметры на 2—3 і памацайце глебу пальцам. Калі зямля вільготная, расліну не трэба пакуль паліваць.

Стан спакою — неад'емная частка цыкла росту расліны. Нічога з гэтым нельга зрабіць, хіба што чакаць цёплых дзён. Расліны выйдуць з спячкі, як толькі пацяплее, і вы заўважыце новыя прыкметы жыцця. А пакуль можна абрэзаць мёртвыя сцёблы, каб вызваліць месца для новых парасткаў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.