Вы тут

Плюсы і мінусы ўзбуйнення сельсаветаў


Чатыры гады таму з трох сельсаветаў Капыльскага раёна стварылі адзін — Цімкавіцкі. У выніку насельніцтва тэрыторыі, за якую адказвае старшыня, павялічылася больш чым у два разы. А колькасць населеных пунктаў — у пяць. Аб тым, як змянілася жыццё пасля ўзбуйнення, мы пагаварылі са старшынёй Цімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Аленай ОСТРЫКАВАЙ.


Тры ў адным

— У летні час, калі займаемся пытаннямі добраўпарадкавання на некалькіх аб'ектах, на дзень даводзіцца і па 130 км дарогі пераадольваць, — расказвае старшыня. — На вялікае шчасце, калі аб'ядналіся, нам адна з мясцовых гаспадарак дапамагла набыць аўтамабіль. Да гэтага машыны не было — прыходзілася выкарыстоўваць асабісты транспарт. Спачатку людзей хвалявала вельмі шмат пытанняў, і трэба было ўсе вырашаць.

Сельвыканкам — заўсёды цэнтр прыцягнення, у які звяртаюцца з надзённымі праблемамі. Каб людзі не адчувалі сябе пакінутымі пасля таго, як гэтыя «цэнтры» былых Вялікараёўскага і Браткаўскага сельсаветаў пераехалі ў Цімкавічы, старшыня арганізуе выязныя прыёмныя дні. Пасля аб'яднання ў новы сельвыканкам прыйшлі два супрацоўнікі з Браткаўскага сельвыканкама. Яны добра ведалі сваё насельніцтва, таму працаваць з гэтай часткай новай тэрыторыі было лягчэй, а вось з людзьмі з Вялікараёўскага сельсавета давялося знаёміцца з чыстага ліста.

Алена Острыкава адзначае, што даволі часта дапамагаюць старасты. «Яны неабыякавыя да таго, што робіцца на тэрыторыі іх населенага пункта. Даюць сігналы па рабоце з сацыяльна небяспечнымі людзьмі. Калі бачаць у сям'і непаладкі — мы рэагуем. Асабліва, калі там ёсць малыя дзеці. Дзе наводзіць парадак, падказваюць, дапамагаюць у правядзенні суботнікаў. Найбольш актыўныя старасты — Зоя Лявар у Цімкавічах, Ганна Лупанос у Вялікай Раёўцы, Жанна Белавусава ў Агародніках, Галіна Рычык у Куцаўшчыне, Зінаіда Станкевіч у Чарнагубаве. Адчуваем падтрымку і з раёна — ад старшынь Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірыны Кісляк і райвыканкама Анатоля Ліневіча».

Свята ў хату

Удалы прыклад сумеснай працы раённых і мясцовых улад — вёска Савічы. Гэта адзін з праблемных населеных пунктаў. Сёння там жывуць 15 чалавек. Распараджэннем старшыні райвыканкама вёска падзелена на 28 участкаў, і за кожным замацавана арганізацыя для навядзення парадку. Вясной выдаляць пустазелле і выкарчуюць старыя дрэвы, потым зямлю ўвядуць у севазварот. Пад гэты праект выдзелена 7000 рублёў.

Савічы — вёска з гісторыяй. У ёй жыў Эдвард Вайніловіч, заснавальнік касцёла Святых Сымона і Алены ў сталіцы, тут пахаваны і яго дзеці. Летась сельвыканкам сумесна з мясцовымі арганізацыямі добраўпарадкаваў мясцовыя могілкі. Дарэчы, на гэта месца заязджаюць і турысты. Калі ўся работа будзе скончана, у Савічах пройдзе свята вёскі — мяркуюць, яно адбудзецца ў пачатку лета. Сёлета плануюць прывесці ў парадак яшчэ і вёску Калодзезнае.

— У нас штогод праходзяць святы вёсак. Летась яно было ў Вялікай Раёўцы. Людзі засталіся вельмі задаволеныя, паколькі апошніх гадоў дзесяць там падобных свят не адзначалі. Вёску прывялі ў парадак, брацкую магілу добраўпарадкавалі, высеклі непатрэбныя дрэвы, дарожку праклалі, пустуючыя падмуркі пазносілі... Людзі дапамагалі, бо загадзя ведалі, што будзе свята. Напрыклад, самі замянілі ці падфарбавалі агароджы, — паведамляе Алена Острыкава.

У лютым і сакавіку ў сельсавеце праходзіць конкурс самадзейнасці. На працягу некалькіх тыдняў кожную пятніцу супрацоўнікі арганізацый і мясцовыя жыхары даюць канцэрты. Штогод гэта мерапрыемства асаблівае: ці з тэатральнымі сцэнкамі, ці з народнымі абрадамі.

— Акрамя асноўнага конкурсу, з канцэртамі выязджаем і ў іншыя населеныя пункты — у гэтым годзе наш агляд пачнём з 10 лютага. Акрамя гэтага, у нас задзейнічаны сельскія клубы. Калі мы два разы на год праводзім сходы грамадзян і выязджаем у маланаселеныя пункты, заўсёды бяром з сабой такі «канцэрт». Людзі чакаюць гэтага, каб атрымаць зарад энергіі.

Дамы і дарогі

Адно з надзённых пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне, — дарогі. Грошы пад іх рамонт выдзяляюцца зусім невялікія, таму правесці якасную работу на ўсіх участках складана. Звяртаюцца ў сельвыканкам і па пытанні вулічнага асвятлення. «Гэтыя праблемы вырашаем аператыўна, таму што ў нас ёсць схемы па кожным населеным пункце, дзе пазначаны ліхтары, а абслугоўванне выконвае раённая арганізацыя. Раней былі пытанні па ацяпленні, набыцці паліва — цяпер яны знятыя. Восенню мы правяраем хатнія гаспадаркі, звяртаем увагу на спраўнасць пячнога ацяплення, электраправодкі, заходзім у кожны дом. Стараемся адразу вырашаць і іншыя пытанні».

Людзі тэлефануюць і па асабістых праблемах. Напрыклад, на мінулым тыдні мясцовая ўлада аказала дапамогу ў афармленні медыцынскай даведкі для назначэння сацыяльнага работніка. На зімовы перыяд тыя, у каго дрэнныя ўмовы пражывання, маюць патрэбу ў сацыяльным ложку. Звычайна так дапамагаюць адзінокім людзям, у якіх няма сваякоў.

Колькасць насельніцтва ў сельсавеце памяншаецца з-за таго, што людзей нараджаецца менш, чым памірае. Да таго ж моладзь пасля вучобы не заўсёды вяртаецца ў родныя мясціны. Аднак ёсць і станоўчая тэндэнцыя: пазалетась газіфікавалі вёску Чарнагубава — і там пачаўся прыток насельніцтва, людзі пачалі раскупляць пустыя дамы, бо жыць стала зручней. У Агародніках — тое ж самае.

А ўвогуле Цімкавіцкі сельсавет — самы густанаселены ў раёне, аднак з-за гэтага і колькасць пустых дамоў самая вялікая — 611. «Вялікую работу мы вядзём з нашчадкамі. Толькі перад Новым годам 23 заказныя апавяшчэнні паслалі, за студзень — яшчэ 18. Знаходзім іх і ў Прыбалтыцы, і ў Расіі... Трэба высвятляць, адмаўляюцца яны ад зямлі ці будуць яе даглядаць».

З новых пабудоў летась за кошт сродкаў прыхаджан у Цімкавічах пабудавалі царкву. «У нас побач з ёй ёсць помнік гісторыі. Гэта два будынкі, якія былі ўзведзены яшчэ да адмены прыгоннага права, — капліца і званіца. Мы плануем сёлета іх адрамантаваць, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкаваць».

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сельсавет пасля аб'яднання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?