Вы тут

Віцебская «вольніца»


Гэту цікавую тэму — гісторыю гарадскога самакіравання Віцебшчыны — шмат гадоў даследуе старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў. Пры яго дапамозе мы раскажам пра Віцебск, Полацк, Дзісну, Сураж, Улу, Веліж (калісьці ўваходзіў у склад Віцебшчыны). Сёння — пра мінулае абласнога цэнтра.


Эле­мен­ты мас­тац­ка­га афарм­лен­ня — пры­ві­лея Ві­цеб­ску на Маг­дэ­бург­скае пра­ва (17 са­ка­ві­ка 1597 го­да).

Адзіная ў сваім родзе

Вы чулі пра старадаўні еўрапейскі прынцып: «Паветра горада робіць свабодным»? Маецца на ўвазе права тутэйшых жыхароў захоўваць асабістую вольнасць, вызначаць, як жыць у горадзе, выбіраць кіраўнікоў улады. Пры гэтым гарадское самакіраванне спалучалася з цэнтралізаваным.

— У другой палове XVІ стагоддзя ў Віцебску сфарміравалася і дзейнічала адзіная ў сваім родзе на землях Вялікага Княства Літоўскага (далей — ВКЛ. — Аўт.) арыгінальная мясцовая сістэма гарадскога права. Да чэрвеня 1561 года, калі Віцебск атрымаў свой першы гарадскі прывілей, свабоднае насельніцтва карысталася віцебскім земскім правам. Яго асноўныя нормы былі зафіксаваныя ў адпаведным земскім прывілеі. Іншыя ж дзейнічалі ў рамках няпісанага права.

Шэраг нормаў віцебскага земскага права рэгуляваў прававое становішча мяшчанства. Апошняе ўжо аформілася ў саслоўную групу і нават мела ўласныя органы самакіравання. «Начальнікамі» былі войт і «старшыя мяшчане», — расказвае Максім Макараў.

Цікава, што за магчымасць захоўваць у сябе арыгінал земскага прывілея нават судзіліся. Каля 1540 года ён знаходзіўся ў мяшчан. Але князі і баяры таксама марылі валодаць «канстытуцыяй».

У 1541 годзе суд паноў—рады ВКЛ загадаў зберагаць земскі прывілей у спецыяльнай скрыні. Адзін ключ ад яе атрымалі князі і баяры, а другі — войт і мяшчане. Арыгіналам можна было карыстацца ў найбольш урачыстыя моманты. Для паўсядзённай практыкі былі створаны дзве копіі...

— Потым феадалы пацвердзілі сваю копію ў караля. Адпаведна надалі ёй прававую моц. Мяшчане зрабілі аналагічнае. І 6 чэрвеня 1561 года атрымалі першы выключна гарадскі прывілей. Дакумент фармальна зраўняў іх у правах з князямі і баярамі, — працягвае гісторык.

Такім чынам, віцебскае гарадское права «выводзілася» з мясцовага земскага.

Прэстыжная павіннасць

У далейшым віцебскае гарадское права ў выглядзе гатовай мадэлі «імпартавалася» ў іншыя гарады Падзвіння. У 1570 годзе яго атрымалі мяшчане Суража, у 1577-м — Улы, у 1582-м — Веліжа.

Унікальнасць гэтага права ў тым, што мяшчане займелі вельмі высокі прававы статус — на ўзроўні князёў і баяр. Яны таксама не плацілі большасці падаткаў. А іх асноўнай павіннасцю з'яўлялася прэстыжная конная вайсковая служба. Мяшчане фактычна карысталіся рыцарскім правам. Але было такое нядоўга.

— Віцебскае права атрымала распаўсюджанне ў гады Лівонскай вайны. Тады ўлады ВКЛ былі востра зацікаўленыя ў папаўненні ўзброеных сіл на паўночнай і ўсходняй межах. Пасля завяршэння вайны збор падаткаў стаў для дзяржавы прыярытэтам. І адносіны з мяшчанствам неабходна было вярнуць у эканамічную сферу. Да таго ж у мірны час ва ўмовах шляхецкага грамадства сістэма, у рамках якой мяшчане карысталіся практычна шляхецкім наборам правоў, не магла праіснаваць доўга. У 1597 годзе пасля працяглых канфліктаў у Віцебску ўлады ВКЛ перавялі горад на агульнапрыняты ў дзяржаве стандарт, — тлумачыць суразмоўца.

Працэс афармлення шляхецкага саслоўя суправаджаўся стратай іншымі катэгорыямі свабоднага насельніцтва сваіх правоў. Тыя ж мяшчане, звыклыя да амаль баярскіх вольнасцяў, апынуліся ў неспрыяльным прававым становішчы... У рамках сістэмы віцебскага гарадскога права яны па-ранейшаму прысутнічалі на пасяджэннях мясцовага сходу-сойма і суда намесніка-ваяводы, захоўвалі пэўны ўплыў на «кіраванне» зямлёй. Аднак у хуткім часе ўсё змянілася — пасля надання гораду Магдэбургскага права.

Пасля 17 сакавіка 1597 года насельніцтва Віцебска перадалі пад юрысдыкцыю магдэбургскага войта (намеснік манарха з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі).

Тагачасная «калегія выбаршчыкаў»

Адносіны паміж войтам як стаўленікам вярхоўнай улады і мяшчанскай абшчынай могуць служыць паказчыкам таго, у якой ступені апошняй удалося рэалізаваць свой камунальны суверэнітэт. Дарэчы, у большасці гарадоў Цэнтральнай Еўропы войтаўства выкупілі мяшчане. У Віцебску такога не адбылося. Прызначаны каралём войт выконваў дамінуючую ролю ў кіраванні.

Дзейнічаў і магістрат — орган самакіравання мяшчанскай абшчыны, які складаўся з бурмістраў, райцаў (саветнікаў) і лаўнікаў (прысяжных засядацеляў).

— Аднак адкрытым застаецца пытанне: у якой ступені насельніцтва горада магло ўплываць на фарміраванне персанальнага складу гэтага органа. Адказаць дакладна немагчыма, бо няма адпаведных дакументальных крыніц. Але вядома, што ў ліпені 1750 года прысягалі шэсць новаабраных бурмістраў і райцаў. Хоць у гэтым выпадку адзіным членам «калегіі выбаршчыкаў» хутчэй за ўсё з'яўляўся войт Юзаф Сасноўскі. Ён на кароткі час прыехаў у горад, — разважае Максім Макараў.

«Магдэбургскую мадэль» горада як аўтаномнай мяшчанскай абшчыны не рэалізавалі ў Віцебску ў поўным аб'ёме. Новыя парадкі ўваходзілі ў жыццё гараджан з вялікімі цяжкасцямі. Спробы пашырыць суверэнітэт мяшчанскай абшчыны на ўсю гарадскую тэрыторыю сутыкнуліся з кансалідаванай апазіцыяй прадстаўнікоў інстытутаў земскага кіравання. Для іх аўтаномія мяшчанства азначала матэрыяльныя страты.

Мела месца актыўнае супраціўленне свецкіх і духоўных феадалаў, якія валодалі гарадской нерухомасцю...

Што тут скажаш? Ва ўсе часы прасцей было ствараць нешта «з нуля», чым мадэрнізаваць і рэфармаваць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота з архіва А.Б. ДОЎНАРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?