Вы тут

Кітайскі фільм "Вялікая сцяна" паказваецца ў беларускім пракаце


"Вялікая сцяна" называюць самым дарагім фільмам у гісторыі кітайскага кінематографа: на рэалізацыю буйнога фэнтэзійнага праекта выдаткавана каля 150 мільёнаў долараў. Увасабленне на экране легенды пра гарнізон, які на Вялікай кітайскай сцяне абараняў імперыю ад ненасытных пачвар, таго каштавала: Чжан Імоу лёгкай рукой майстра здолеў без прэтэнзій на "глыбокае" кіно зрабіць захапляльнае відовішча, у якім усё — забаўляльны складнік, драматычнасць, казачная павучальнасць, бравіраванне спецэфектамі, сентыментальнасць, дэманстрацыя пышных касцюмаў — дазавана правільна. Парадокс толькі ў тым, што мараль самага дарагога кітайскага фільма накіравана супраць сквапнасці, якую быццам сімвалізуюць істоты, што кожныя шэсцьдзясят гадоў пагражаюць імперыі.


Не дзіўна, што амбіцыйную "Вялікую сцяну" даверылі менавіта Чжану Імоу, бо ён — адзін з самых вядомых і тытулаваных рэжысёраў Кітая. Гэта Імоу па матывах кніг Мо Яня стварыў фільм "Чырвоны гаалян", які ў 1988 годзе атрымаў "Залатога Мядзведзя" Берлінскага кінафестывалю і трапіў у спіс ужо, можна сказаць, класікі сусветнага кіно. Гэта Імоу зняў такія фільмы як "Жыць", "Шанхайская трыяда", "Дарога дадому", "Герой", "Дом лятаючых кінжалаў" і іншыя, што альбо намінаваліся, альбо атрымалі ўзнагароды найважнейшых міжнародных кінафестываляў. Работы Чжана Імоу не раз значыліся сярод прэтэндэнтаў на Оскар і Залатую пальмавую галіну, шматкроць атрымлівалі ўзнагароды Канскага, Венецыянскага, Берлінскага і іншых кінафестываляў. "Вялікая сцяна" — не аўтарскі фільм, больш таго, у кантэксце фільмаграфіі Імоу ён выглядае ўнікальным — бо з'яўляецца чыста глядацкім, камерцыйным — праектам. Прэм'ера адбылася ў Кітаі яшчэ ў сярэдзіне снежня, а на вялікі экран у Беларусі фільм трапіў раней, чым у Расіі і ЗША.

На экране расказваецца гісторыя двух еўрапейцаў, што разам з групай прыехалі ў Кітай за чорным порахам, а ў выніку, калі ўсе астатнія памерлі ад невядомай істоты, увязаліся ў барацьбу гарнізона, які на Вялікай сцяне абараняе імперыю, з зялёнымі пачварамі. Па легендзе гэтая бяда пагражае кожнаму пакаленню: нашэсце здараецца раз на шэсцьдзясят гадоў. Чалавек з туманным мінулым трапляе на Вялікую сцяну як пленнік, які занадта шмат ведае, але з дапамогай свайго ваеннага майстэрства, меткасці і смеласці выходзіць з гэтай заварухі героем. У гэты ж час персанажы, што паддаюцца прагнасці, церпяць, вядома ж, няўдачы. Такая крыху павучальнасць, як у казцы. Фільм апелюе і да сучаснасці: імперыю, якую абараняе спецыяльны гарнізон, можна параўнаць з закрытай камуністычнай кітайскай сістэмай, у якую складана трапіць чужынцу.

Гэты праект з разлікам на сусветны пракат у нечым, вядома, касмапалітычны, гэта значыць універсальны, як дыхтоўны галівудскі экшэн, які карыстаецца агульнымі формуламі і марыць скарыць свет. Галоўную ролю ў "Вялікай сцяне" сыграў галівудская зорка Мэт Дэйман ("Разумнік Уіл Хантынг", "Адступнікі", "Марсіянін"), на ролі другога плана былі запрошаны вядомыя акцёры Пэдра Паскаль ды Уілем Дэфо. Сюжэт будуецца на пэўных шаблонах, накшталт "выратавання ў апошні момант", якія культывуюцца зноў жа Галівудам. Але не хочацца называць фільм для сваёй нішы звычайным, бо ў гэты ж час тут праяўляюцца асаблівасці менавіта кітайскага кіно. Гэта традыцыйная павага кітайцаў да сваёй культуры, што відаць па заснаванасці на нацыянальных міфах, дбайнае вывучэнне крыніц і малюнкаў, філіграннасць і зладжанасць, асабліва калі казаць пра эпізоды з арміяй і сцэны баёў. Па форме экшэн гэты ў той жа час тонкі, далікатны, вытанчаны твор, які не выкарыстоўвае магчымасць выматаць нервы жорсткімі ваеннымі сцэнамі і не песціць прагных да сантыментаў гледачоў рамантычнай лініяй, а ўтрымлівае ўсё на належным узроўні, кіруючыся толькі жаданнем расказаць гісторыю. Вось гэта незвычайная вытрыманасць становіцца галоўнай якасцю звычайнага ў гэтым выпадку жанру.

Далікатны экшэн, масавы прадукт як маляўнічая экранізацыя казкі, фільм, разлічаны на ўвесь свет, але без звычайных для гэтага перагібаў — вось што атрымліваецца, калі за камерцыйны праект бярэцца "фестывальны" кітайскі рэжысёр.

У пракаце да 22 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.