Вы тут

Што трэба ўлічваць пры выбары гальштука-матылька?


А вы ўжо прыдумалі, як будзеце віншаваць сваіх каханых і абаронцаў 14 і 23 лютага? У пошуках арыгінальнага падарунка я на днях завітала ў краму хэндмэйд-вырабаў. Прадавец убачыла мой азадачаны погляд і параіла звярнуць увагу на стойку з рознакаляровымі гальштукамі-«матылькамі». «Не ведаю, можа, гэта піск моды такі, але толькі за апошнія дні ў мяне з дзясятак купілі. Прычым бяруць не толькі для салідных мужчын, але і для маладых хлопцаў. Я таксама не ўтрымалася, свайму тату адзін пакінула, ён у мяне гарманіст, часта на сцэне выступае».

Што трэба ўлічваць пры выбары гальштука-матылька? З гэтым пытаннем я звярнулася да дызайнеркі з Оршы Веранікі Машарскай, якая вырабляе мужчынскія аксесуары.


— Мужчына, які носіць матылёк, не толькі эфектна выглядае, але і без сумнення пройдзе любы дрэс-код, — кажа Вераніка. — Нават на прыём у каралевы. Без жартаў. У Англіі выкарыстоўваецца так званы дрэс-код «Whіte tіe», дзе мужчыну неабходна надзяваць фрак з белым матыльком, каб удастоіцца прыёму ў каралевы Вялікабрытаніі. У Беларусі ж, лічу, неблагой альтэрнатывай можа быць матылёк з арнаментам (усміхаецца). Праўда, асабіста мне хацелася б, каб у нас людзі насілі іх не толькі на святы, а штодзень. Праўда, адразу папярэджваю, трэба быць гатовым да павышанай увагі з боку навакольных. У нас у офісах прынята хадзіць у гальштуках, а вось матылёк — гэта ўжо экзотыка.

Упершыню я ўбачыла Вераніку Машарскую на Дні вышыванкі ў Мінску. Як высветлілася, пачынала дзяўчына са звычайных гальштукаў-матылькоў.

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце я захаплялася дызайнам і пашывам жаночай бялізны. Неяк брат прапанаваў пашыць гальштукі-матылькі, маўляў, мужчыны ж таксама хочуць быць моднымі. Потым Ян, а ён у нас цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй, падкінуў новую ідэю: «А давай паспрабуем рабіць матылькі з арнаментам». Мне ідэя спадабалася. А мама падказала: «Раней арнамент насіў не столькі эстэтычную функцыю, колькі абарончую. Вышыўка рабілася ў тым ліку і на каўняры. Таму матылёк на шыі можа быць не толькі прыгожым аксесуарам, але і своеасаблівым абярэгам».

Так, дзякуючы сваім блізкім, Вераніка пачала больш глыбока вывучаць беларускі арнамент.

Ве­ра­ні­ка Ма­шар­ская: «Аса­біс­та мне ха­це­ла­ся б, каб муж­чы­ны на­сі­лі ма­тыль­кі не толь­кі па свя­тах».

— Сёння мне не цікава выкарыстоўваць асобныя сімвалы, якія вы бачыце на тых самых магнітах: «багацце», «шчасце», «сям'я». Я бяру, як правіла, самадастатковы элемент вялікай вышыўкі, капірую ўзоры з бабуліных ручнікоў, дываноў, выявы якіх знаходжу ў кнігах... Вышываю пры дапамозе швейнай машынкі, аднак у астатнім увесь працэс вырабу матылька — ручная праца.

Што цікава, Вераніка працягвае рабіць розныя матылькі, але менавіта экзэмпляры з арнаментам карыстаюцца найбольшай папулярнасцю.

— Усе прызвычаіліся, што арнамент цудоўна глядзіцца на льняной тканіне. Але я пастаянна эксперыментую: спалучаю розныя колеры, фактуры і віды тканін. Нядаўна паспрабавала вышыць беларускія ўзоры на бархаце, джынсе. І ведаеце — гэта неймаверна прыгожа.

— Мне вельмі падабаецца, калі жанчына надзявае сукенку, а ў яе кавалера — матылёк і нагрудная хусцінка для пінжака з такога ж матэрыялу.

— Мне таксама. Гэта мала таго, што глядзіцца крэатыўна, але і на мерапрыемстве адразу відаць, што яны пара. Гэтай ідэяй вельмі актыўна карыстаюцца маладыя на вяселлях. Аднойчы да мяне звярнуўся малады чалавек і папрасіў пашыць ільняны матылёк з ружовым арнаментам. Я здзівілася, пытаюся ў яго: «А вы дзяўчыне сваёй?» — «Не, сабе. У нас вяселле будзе ў ружовым колеры. Мая будучая жонка так захацела». Вось гэта каханне, я разумею! (усміхаецца). А яшчэ адна пара прынесла бабулін ручнік з арнаментам і папрасіла зрабіць па яго матывах матылёк для жаніха і пояс для нявесты.

Што цікава, гальштук-матылёк — мужчынскі аксесуар, але матылькі сям'і Машарскіх карыстаюцца папулярнасцю і сярод дзяўчат. Прычым яны іх надзяваюць не толькі пад класічную блузку. (Важна, каб яна была з каўнерыкам. Бо калі яго няма ці занадта кароткі, то матылёк будзе глядзецца не вельмі прыгожа.) Некаторыя прымацоўваюць матылёк замест пояса, хтосьці на валасы замест абруча.

— Апошнім часам матылькі з арнаментам часта бачу на хлопчыках, якія ідуць у першы клас. Класічная чырвона-белая і чырвона-бела-чорная вышыўка ідэальна спалучаецца з белай кашуляй. А калі арнамент на матыльку, напрыклад, сіні, то я параіла б аддаць перавагу блакітнай. Летась бачыла ў інтэрнэце навіну, што студэнты Брэсцкага каледжа сувязі надзелі матылькі з беларускім арнаментам на дзень прысвячэння ў першакурснікі. Прыемна, што з кожным годам быць беларусам становіцца больш модна.

Апош­нім ча­сам баць­кі ўсё час­цей на­бы­ва­юць сва­ім дзе­цям ма­тыль­кі з ар­на­мен­там.

Тым, хто выбірае матылёк у падарунак, Вераніка раіць не купляць яго проста таму, што спадабаўся малюнак.

— Спачатку зазірніце ў шафу да мужчыны, каб падабраць аксесуар у тон яго адзення. Калі гэта першы матылёк у яго гардэробе, то лепш, каб ён пасаваў пад некалькі кашуль і касцюмаў.


Папярэдне завязаны матылёк

Да недахопаў папярэдне завязанага гальштука-матылька можна аднесці занадта ідэальны вузел і суадносіны бакоў. Аднак, калі няма мэты праславіцца як знаўца моды, гэты варыянт заўсёды падыдзе для пачаткоўца.

Матылёк-самавяз

Класічны тып гальштука-матылька ўяўляе сабой простую стужку тканіны з невялікім патаўшчэннем па краях, якую вам неабходна завязваць самастойна. На захадзе яе яшчэ называюць «freestyle», г.зн. «вольны стыль». Як правіла, матылёк, завязаны ўласнаручна, валодае найбольшым шармам і індывідуальнасцю. Акрамя таго, па заканчэнні вечара джэнтльмены часам развязваюць яго і проста вешаюць на шыю. Так робяць у кіно, напрыклад, акцёр Джордж Клуні або Пірс Броснан.

Вучымся завязваць самастойна


«У ідэале матылькоў, як і звычайных гальштукаў, павінна быць некалькі, — лічыць Вераніка. — Кожны для сваёй нагоды».

Матылёк і фармальны дрэс-код

Адзін з самых распаўсюджаных выпадкаў, калі можна сустрэць мужчын у гальштуку-матыльку, — афіцыйнае мерапрыемства. Найбольш вядомы дрэс-код — так званы «Black tіe»: чорны смокінг, белая кашуля і чорны гальштук-матылёк. У дадатак неабходна надзець камізэльку або спецыяльны пояс «камербанд».

«Whіte tіe» — гэта найбольш фармальны і строгі дрэс-код. Каб яму адпавядаць, вам спатрэбяцца: белы матылёк-самавяз (толькі такі тып, ніякіх зашпілек), чорны фрак і белая кашуля. Гэта не вельмі распаўсюджаны дрэс-код, але ён існуе і пра яго неабходна ведаць.

Напаўафіцыйны дрэс-код і матылёк

У напаўафіцыйным дрэс-кодзе няма такіх строгіх правілаў, як у фармальным, таму ёсць месца для эксперыментаў. Напрыклад, можна падабраць пад дзелавы касцюм гальштук-матылёк у гарошак.

Штодзённае адзенне і матылёк

Для паўсядзённага стылю няма рамак і правілаў. Хочаце надзець гальштук у клетку з яркай кашуляй і кардыганам? Або матылёк з турэцкімі агуркамі пад ільняны касцюм? Няма праблем! Можна падтрымаць выбраны стыль рознымі аксесуарамі, такімі як падцяжкі, каляровыя шкарпэткі, яркія шнуркі. А вы калі-небудзь бачылі гальштукі-матылькі з дрэва? Цяпер яны, дарэчы, на піку папулярнасці сярод стыльнай моладзі.

Драў­ля­ныя галь­шту­кі-ма­тыль­кі ця­пер у мо­дзе.

5 тыпаў гальштукаў-матылькоў

Матылёк (The Butterfly)

Класічны варыянт. Па форме нагадвае крылы матылька. У сярэднім шырыня банта складае 5,5—6,5 сантыметраў. І падыходзіць большасці мужчын.

Вялікі матылёк (The Bіg Butterfly)

Памер вялікага гальштука-матылька прыкладна 8—8,5 сантыметраў. Таму ён падыдзе мужчыну з буйной шыяй і галавой.

Кажан (The Batwіng)

Гальштук-матылёк у форме кажана — самы вузкі з усіх тыпаў. Ён менш фармальны ў параўнанні з «The Butterfly», але ён таксама падыходзіць пад дрэс-код «Black tіe».

Гэта любімы матылёк былога прэзідэнта ЗША Аўраама Лінкальна, а таксама Джэймса Бонда з фільма пра агента 007.

Форма брыльянта (The Dіamond Poіnt)

Гальштук, што па форме нагадвае брыльянт, — гэта ўдалае спалучэнне класічнай формы і вуглаватых канцоў, падобных да ромба. Матылёк — асіметрычны, таму, калі яго завязваюць самастойна, заўсёды набывае сваю індывідуальнасць у кожнага мужчыны.

Клубны круглявы (The Rounded Club)

Ужо з назвы вынікае, што краі матылька прымаюць круглявую форму. Такі гальштук падыдзе на вечарынку ў клуб або пад напаўафіцыйны стыль.

Выбар форм гальштука-матылька, паводле слоў дызайнера, больш залежыць ад вашага густу і жадання, чым ад строгіх правілаў і дрэс-коду. «Выберыце форму, якая больш за ўсё падабаецца вам, і навучыцеся правільна яе завязваць. Гэта і будзе найлепшым выбарам, які створыць вам індывідуальнасць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эфект матылька, або Мужчыны таксама хочуць быць моднымі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.