Вы тут

Гэта рана не загойваецца...


Калі-нікалі я бяру ў рукі наш сямейны альбом і, углядаючыся ў фотаздымкі, адчуваю, як шчыміць на душы, як тужліва пульсуе памяць, як перад вачыма нібы праплываюць старонкі жыцця — майго і дарагіх мне людзей. Так было і гэтым разам...


Мне споўнілася шэсць гадоў, калі наша вёска Куклічы, што ў Чачэрскім раёне, апынулася пад фашысцкім ботам. Дзіцячая памяць учэплівая і надоўга — а здараецца, і назаўсёды — утрымлівае ў сабе трагічныя эпізоды. Такім, напрыклад, з'яўляецца той дзень — 15 студзеня 1943-га (мне тады ўжо было амаль восем гадоў), — калі з райцэнтра ў Куклічы прыбыў нейкі вялікі спецыяльны атрад з сабакамі і бацьку як старасту вёскі было загадана тэрмінова сабраць людзей на сход. Маці ўстрывожылася: не да дабра гэта, сказала. Бо немцы ў нашу лясную вёску наведваліся зрэдку і толькі днём, таму што баяліся начных вылазак партызан. А тут цэлы атрад. З сабакамі.

Маці скамандавала старэйшым дзецям — Архіпу, Надзі і Алёшу — бегчы ў лес, куды ўжо кінуліся і некаторыя іншыя вяскоўцы. А мяне (я ў той час моцна хварэў) паклала на падлогу і накінула цэлую кучу розных лахманоў, рыззя і строга наказала, каб не варушыўся, калі хто зойдзе ў хату. Сама ж накіравалася на сход.

Нашы бацькі — Яфрэм Фёдаравіч і Кацярына Піменаўна — да вайны працавалі ў мясцовым калгасе і карысталіся вялікай павагай у людзей. І калі немцы на парадак дня паставілі пытанне, хто ў вёсцы будзе старастам, усе назвалі майго бацьку. Адмовіцца ад гэтай «пасады» азначала вынесці смяротны прысуд самому сабе.

Бацька неўзабаве наладзіў сувязь з партызанамі, падключыўшы да гэтага самых надзейных аднавяскоўцаў, дакладваў народным мсціўцам аб сітуацыі ў навакольных населеных пунктах і настроі людзей, аб рознага роду прымусах і здзеках фашыстаў. Маці ж выпякала хлеб, які трапляў у партызанскі атрад. Неаднойчы лясныя салдаты мелі магчымасць мыцца начамі ў лазні.

Але аднойчы паліцай па прозвішчы Галубоўскі падпільнаваў бацьку, калі ён па лесе вёз у мяшках боханы хлеба. Так у Куклічах з'явіўся карны атрад.

Маўклівы і перапалоханы натоўп вяскоўцаў у акружэнні аўтаматчыкаў, грозна ашчэраныя пашчы аўчарак, што рвуцца на людзей з павадкоў і гатовыя загрызці іх... Крыклівы афіцэр рэйха з паперай у руках, голас якога падымаецца да высокіх нот... Заглядваючы ў той спіс, ён называе прозвішчы, і з натоўпу выцягваюць Яўмена Дзямідавіча Тарасенку, Яфрэма Фёдаравіча, Уладзіміра Міхайлавіча, Пятра Яфімавіча і Гарпіну Ігнатаўну Сувалавых.

Нашай маме пашанцавала (калі можна так сказаць). Яна стаяла побач з маладым салдатам, які з нейкай прычыны спытаў, колькі ў яе «кіндэраў». Яна паказала чатыры пальцы (пра пятага, Дзмітрыя, які ваяваў у дзеючай арміі, вядома ж, змаўчала). І тады ён даў ёй фуфайку і загадаў: «Шнэль, нах хаўзе» (хутка дадому). Але тут са словамі «брот, брот» (хлеб, хлеб) у маці ўчапіўся той самы прыхвасцень Галубоўскі. Салдат паўтарыў загад, але паліцай зноў за сваё. І тады немец з такой сілай штурхануў Галубоўскага ў грудзі, што той паляцеў потарч на зямлю. Мама то ціхай хадой, то подбегам пераадолела палавіну дарогі (прыкладна 250 м), як наваколле разарвалі аўтаматныя чэргі. Яна аб усім здагадалася і ўпала, страціўшы прытомнасць. Доўгае знаходжанне ў лужыне каля калодзежа (тады была адліга) выклікала цяжкую хваробу, а праз чатыры месяцы мама памерла...

Так пачалося наша сіроцкае жыццё. На каго было спадзявацца? Праўда, дапамагалі родзічы, спагадлівыя аднавяскоўцы, чым маглі. Але ў іх саміх было па некалькі галодных ратоў і яны самі перабіваліся з вады і шчаўя на скарынку хлеба. Бацькам і маці для мяне, Надзі і Алёшы стаў Архіп, якому не было яшчэ 17 гадоў. Ён адправіў нас у школу. Але я быў такі хваравіты, што ледзь трымаўся на нагах, і мая настаўніца Арына Якаўлеўна Тарасенка падкормлівала мяне і адагравала мае рукі. У школу я хадзіў у такім абутку: на адной назе — стары чаравік, на другой — галош. Голад, холад, нястача... Каб выкараскацца з яе, сваякі ўгаварылі Архіпа ажаніцца, але гэта не вельмі дапамагло: у разбураным калгасе заробкі былі як кот наплакаў. І тады Алёша і я апынуліся ў дзіцячым прытулку, які знаходзіўся ў вёсцы Паддабранка Гомельскага раёна. Там мы вельмі сумавалі, хадзілі паўгалодныя. Ад такога жыцця Алёша збег дадому і, каб яго не злавілі па дарозе і не вярнулі назад, больш як стокіламетровую вандроўку ён завяршыў за дзесяць дзён. Па лясах, балотах, лугавінах... Ад чаго падхапіў рэўматызм і пайшоў на той свет у 54-гадовым узросце.

Пазбавіўшыся апекі старэйшага брата, я адчуў такую няўтульнасць у тым дзіцячым доме, што плакаў дзень і ноч. Тады я, як той чэхаўскі Ванька Жукаў, напісаў слёзнае пісьмо Архіпу: «Богам прашу, калі ласка, забяры мяне дадому». Так я зноў апынуўся ў Куклічах. Але не надоўга. Бо там па-ранейшаму гаспадарылі голад, холад і нястача.

У выніку ў верасні 1944 года мы з Алёшам былі адпраўлены ў дзіцячы дом у вёсцы Глыбочыца Чачэрскага раёна. А потым у маі 1945-га нас перавялі ў Кармянскі спецыяльны дзіцячы дом. Там умовы жыцця былі нашмат лепшыя. І там, у г.п. Карма, я адчуў матчыну пяшчоту завуча дзіцячага дома Настассі Ларыёнаўны Чэчыкавай. У яе не было сваіх дзяцей, і яна нярэдка брала мяне да сябе дадому. Гэта быў вялікай душы чалавек. Я лічыў яе сваёй другой матуляй і цяпер так лічу.

У 1950 годзе я скончыў сямігодку з добрымі ведамі, і паўстала пытанне: што далей? Маіх аднакласнікаў адправілі ў рамесныя вучылішчы, а мне рэкамендавалі паступаць у педагагічнае, бо на педсавеце Настасся Ларыёнаўна расказала, што я часцяком «праяўляў настаўніцкія здольнасці»: збіраў групку малодшых дзяцей, даваў ім заданні, правяраў іх веды і ставіў ім адзнакі.

Яна сама павезла мяне ў Гомель, дзе я паспяхова здаў экзамены. А напярэдадні навучальнага года павезла мяне ў Рэчыцу, дзе, у адрозненне ад Гомеля, пры педвучылішчы быў інтэрнат, у якім жылі такія ж дзетдомаўцы, як і я.

Пасля заканчэння Рэчыцкага педвучылішча я працаваў настаўнікам у Драгічынскім раёне. Потым — служба ў арміі, вучоба на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Чкалава. Пасля скончыў яшчэ ў Мінску дэфекталагічны факультэт педінстытута імя М. Танка, атрымаўшы спецыяльнасці лагапеда і настаўніка-дэфектолага. Так вось і атрымалася, што сельскім і гарадскім вучням я прысвяціў 46 гадоў свайго жыцця. Неўзабаве мне споўніцца 82 гады.

Пасля смерці любай жонкі жыву ў Гомелі адзін у кватэры. З'яўляюся інвалідам II групы. З-за хворых ног дрэнна рухаюся, рэдка бываю на свежым паветры. Вельмі падводзіць мяне яшчэ і слых. Адна ўцеха, што пра мяне не забываюць любы мой пасынак Валянцін, які даўно стаў родным, а таксама пляменнікі.

Здаецца, апошнім часам усё наладжваецца: і пенсія добрая, і да хлеба ўсё ёсць. Адна толькі балючая рана: ніколі ўжо не ўдасца пабачыцца (хіба толькі на нябёсах) з бацькамі, Дзмітрыем, які даслужыўся да палкоўніка, Алёшам і Архіпам. 86-гадовая сястра Надзя, якую Дзмітрый у свой час забраў да сябе на Далёкі Усход, па-ранейшаму пражывае там. І вось гэтыя даўнія фотаздымкі, на адным з якіх сям'я Дзмітрыя, а на другім — Архіп, Алёша і я.

Іван СУВАЛАЎ

Віншуем пераможцаў!

2016 год завяршыўся — таму самы час падвесці вынікі конкурсу, які так палюбіўся нашым чытачам (аб гэтым сведчаць здымкі, якія прыходзяць на адрас рэдакцыі, а таксама званкі з пытаннем: «Чаму вы не ставіце маё фота з гісторыяй?»). А не ставім — бо не дайшла яшчэ яго чарга (чакайце). Другая прычына: строгі конкурсны адбор. Часам чытачы дасылаюць пашпартныя здымкі альбо вельмі «афіцыйныя» гісторыі да фота, якія нагадваюць больш выпіску з энцыклапедычнага даведніка. Але, на шчасце, такіх адзінкі. Збольшага пажоўклыя ад часу фотаздымкі вельмі цікавыя, а гісторыі — вельмі кранальныя. Амаль усе лісты нам пішуць ад рукі. І хоць гэта дадатковая праца для нашых наборшчыкаў, асабіста я, калі шчыра, вельмі люблю іх атрымліваць. Бо ў іх, у адрозненне ад надрукаваных, ёсць нейкая загадка і настальгія.

Сярод такіх кранальных і запамінальных — лісты нашых пераможцаў. На гэты раз іх трое: Валянціна ГУДАЧКОВА з Жыткавічаў («Адна дарога ў маладосці», «Звязда» ад 28.04.2016), Таіса НЕСЦЯРОВІЧ з вёскі Кляннік Смалявіцкага раёна («Шчыравалі дружна, з запалам», «Звязда» ад 10.03.2016) і Зоя ВЯЛЬКО з вёскі Хорастава («Іх запал вядзе па жыцці», «Звязда» ад 11.02.2016). Цёплыя і ў прамым, і ў пераносным сэнсе прэзенты ім неўзабаве (спадзяёмся, разам са свежым нумарам «Звязды») прынясуць паштальёны. Здымкі, якія гэтыя жанчыны даслалі на конкурс, — сапраўдная знаходка для этнографаў! Калі вы іх не бачылі, раю пагартаць падшыўку «Звязды».

Пагартаць і, магчыма, натхніцца: дастаць з трэльяжа свой сямейны альбом і здзейсніць вандроўку ў мінулае. Бо конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. І мы па-ранейшаму чакаем ад вас лістоў. Цікавыя карткі (не больш за тры) з невялічкай (!) гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».