Вы тут

Знаёмімся з найяскравейшымі дзіцячымі выданнямі на роднай мове


Больш як стагоддзе таму, у 1906 годзе, беларуская пісьменніца, настаўніца Цётка падрыхтавала знакавае для нашай літаратуры выданне — «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Тая кніга, што змяшчала забаўляльныя, павучальныя і развіваючыя тэксты для дзяцей, напісаныя на аснове нашага фальклору, стала адным з першых падручнікаў, па якіх малыя маглі навучыцца чытаць па-беларуску. «Першае чытанне» ў свой час было сапраўдным бестселерам, таму ўжо праз тры гады Якуб Колас, таксама настаўнік па адукацыі, прапанаваў складзенае ім «Другое чытанне для дзетак беларусаў».

Сёння часта кажуць, што кніга для дзяцей у нашай краіне перажывае час росквіту: тут выходзяць арыгінальныя беларускія выданні, перакладаюцца творы замежных аўтараў, развіваецца мастацтва афармлення. Таму бацькам, настаўнікам падчас бывае няпроста адсачыць усе навінкі і выбраць сапраўды самыя цікавыя і карысныя з іх. Наша новая рубрыка «Чытанка для дзетак-беларусаў» дапаможа ў гэтым. Тут мы будзем знаёміць з найяскравейшымі дзіцячымі выданнямі на роднай мове, што пабачылі свет на працягу апошняга часу.


Эва Суса. Снежны чалавек у Мінску. Мастак Кацярына Дубовік, пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса. — Мінск: Кнігазбор, 2016. — 36 с.

У літаратуры для дарослых выдатна спрацоўвае правіла: чытач больш увагі ўдзяляе кнігам, падзеі якіх адбываюцца ў знаёмых яму мясцінах. Так, жыхар Гродна, напэўна, зверне ўвагу на твор, дзе героямі з'яўляюцца менавіта гродзенцы ці хоць бы госці яго роднага горада. Гэтая ж заканамернасць нават лепш стасуецца з творамі для дзяцей: маленькі чытач з радасцю, нават з азартам згуляе ў гульню «на пазнаванне» ў тэксце і на ілюстрацыях вуліц, плошчаў, краявідаў роднага горада. Таму кнізе шведскай пісьменніцы Эвы Суса, што расказвае гісторыю Снежнага чалавека, які выпадкова трапіў у Мінск, было наканавана шырокае прызнанне. Больш таго, на напісанне гэтай гісторыі аўтарку натхніла падарожжа ў нашу краіну, а ілюстрацыі для выдання зрабіла беларуская мастачка. Шведска-беларускі тандэм (і ў камандзе герояў, і ў калектыве аўтараў) спрацаваў выдатна, і Снежнага чалавека, яго сяброў — школьнікаў Алеся і Барыса — цёпла прынялі ў беларускай сталіцы. Думаецца, спадабаецца кніга і вашым дзеткам.

Надзя Бука. Бася і Піглас. Малюнкі аўтара. — Мінск: Звязда, 2016. — 32 с.

Якая можа быць карысць з уяўных сяброў у рэальным жыцці? Хутчэй больш клопату, чым станоўчага. Ну падумайце: з імі трэба размаўляць, бавіць разам час, гуляць у прыдуманыя гульні. Але ж на тое яны і ўяўныя сябры, што бачыць іх толькі адно дзіця. Бацькам, яго аднакласнікам і рэальным сябрам з такіх «стасункаў» — аніякіх «бонусаў». Але ж уяўны таварыш Басі, гераіні кнігі пісьменніцы і мастачкі Надзі Букі, прыносіць карысць не толькі дзяўчынцы. Ён здольны натхняць, дапамагаць знаходзіць дарогу, а таксама ненавязліва вучыць ветлівасці і добрым паводзінам. А яшчэ Піглас — сам па сабе істота незвычайная. Ён мае выгляд вока з крыламі, размаўляе бурбалкамі і харчуецца... драўлянымі прышчэпкамі. У канцы гісторыі ў Пігласа нараджаюцца дзеткі, таму цалкам магчыма, што новы ўяўны сябар-натхняльнік пасля прачытання казкі завітае і ў ваш дом.

Мікалай Плавінскі. Прыгоды Васількі з Брачыслаўля. Малюнкі Кацярыны Фурс. — Мінск: Беларусь, 2016. — 68 с.

Зацікавіць дзяцей гісторыяй роднага краю — справа не з самых лёгкіх. Пісьменніку трэба быць вельмі добрым апавядальнікам і пажадана знаёміць у творы з героямі, блізкімі сучасным дзецям па характары і ўзросце. Але калі ў адной кнізе мы бачым выдатнае майстэрства аўтара расказваць пра мінуўшчыну, а яе героем становіцца сімпатычны хлопчык з Сярэднявечча, то гэта, як кажуць, забівае адразу двух зайцаў. Аўтар твора, пра які ідзе гаворка, кандыдат гістарычных навук, вядомы археолаг Мікалай Плавінскі тут паўстае перад чытачом у не зусім звыклым амплуа дзіцячага пісьменніка (і ў гэтай ролі ён пачуваецца выдатна). Вось чаму «Прыгоды Васількі з Брачыслаўля» захопліваюць увагу літаральна з першай старонкі. А можа — справа якраз у прывабнасці героя? Васілька жыве ў Брачыслаўлі, адным з гарадоў славутага Полацкага княства, у пачатку ХІ стагоддзя. Як і ўсе хлопчыкі яго ўзросту, любіць вандраваць па наваколлі, майструе дудачкі, а таксама марыць, як і тата, стаць дружыннікам князя. Аўтар паспрабаваў уявіць (вядома, на аснове гістарычных ведаў), як на нашых землях у Сярэднявеччы адбывалася навучанне вайсковай справе, як дзеці бавілі час у сям'і і з сябрамі. Таму, безумоўна, Васілька стане выдатным сябрам сучасным хлопчыкам і дзяўчаткам.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сяб­ры: уяў­ныя і са­праўд­ныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».