Вы тут

Хто трапляе на ўлік непаўналетніх?


Летась у школе, дзе вучыцца мой сын, надарыўся скандал. Адзін з вучняў «пачараваў» на камп'ютары з фатаграфіямі аднакласніка і размясціў іх у інтэрнэце. Непрыстойныя здымкі пэўны час маглі назіраць усе вучні, што заходзілі ў сацыяльныя сеткі. Неўзабаве пра гэта даведалася і маці пакрыўджанага хлопчыка. Справу замяць не ўдалося. Пасля яе звароту ў міліцыю дурны жарт пачаў разглядацца як распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі. Сям'і вінаватага давялося плаціць штраф за «фотажабы». А сам «жартаўнік», якому 12 гадоў, быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці, але пастаўлены на ўлік непаўналетніх.


Без флікера, але з «чупа-чупсам»

Здавалася, недарэчная сітуацыя. Але, на жаль, даволі часта дзеці не заўважаюць, дзе тая мяжа, за якую нельга пераступаць. І як разабрацца, дзе хлопчыкі і дзяўчаткі заслугоўваюць пакарання, а дзе варта проста дапамагчы ў заблытанай сітуацыі. За што могуць паставіць на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх і чым гэта можа пагражаць «дрэнным дзеткам», спрабуем разабрацца разам з начальнікам аддзялення прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх УАПП УУС Мінаблвыканкама Аляксандрам Чарным.

— У законе прапісана, за якія адміністрацыйныя парушэнні непаўналетнія могуць быць пастаўлены на ўлік. Гэта даволі вялікі пералік. Але кожную сітуацыю мы разбіраем індывідуальна, каб не траўмаваць псіхіку дзяцей і бацькоў. Тэарэтычна можна паставіць на ўлік нават за пераход вуліцы без флікера. Тут можна сказаць, што здзейснена правапарушэнне, і, на жаль, на сёння статыстыка па дзіцячым траўматызме ў дарожна-транспартных здарэннях не зусім добрая. Безумоўна, неабходна даводзіць да бацькоў, што святлоадбівальны элемент засцеражэ дзіця. Але ці трэба караць за флікер? А ёсць і такія выпадкі, як, напрыклад, распіванне спіртных напояў, ужыванне наркотыкаў, калі пастаноўка на ўлік дазваляе засцерагчы падлетка, каб ён не здзейсніў больш цяжкіх злачынстваў.

— З якога ўзросту дзеці ставяцца на ўлік?

— Некаторыя стаяць на ўліку з 11—12 гадоў. Да самых юных трэба падыходзіць спагадліва. Напрыклад, пяці-васьмігадовая дзяўчынка ўзяла ў краме «чупа-чупс». Так, яна здзейсніла дробны крадзеж, але мы выдатна разумеем, што зрабіла гэта неўсвядомлена. Пакараннямі ў такім узросце ні на што паўплываць не зможам. Тут больш трэба працаваць з бацькамі, каб яны вучылі дзяцей таму, што чужое браць нельга. На сёння ў законе не агаворана ніжняя мяжа ўзросту для пастаноўкі на ўлік.

— Ці могуць паставіць на ўлік за бойку? І ці варта бацькам, чыіх дзяцей аднагодкі збіваюць у школе, звяртацца ў міліцыю?

— Працэс распачынаецца толькі па патрабаванні, калі бацькі звернуцца, напрыклад, са скаргай, што ў дзіцяці ёсць пашкоджанні, і яны просяць прыцягнуць вінаватага да адказнасці. Калі паступае заява, супрацоўнікі інспекцыі праводзяць праверку. Даецца прававая ацэнка дзеянням дзяцей. Калі будзе відаць, што вінаваты наўмысна ўдарыў пацярпелага, пашкодзіў рэчы, парваў адзенне, гэта можа разглядацца як правапарушэнне. Адміністрацыйны працэс у адносінах да непаўналетняга не распачынаецца, але адказнасць панясуць яго бацькі, калі пацярпелы бок будзе на гэтым настойваць. Адпаведна, дзіця, якое здзейсніла правапарушэнне, паставяць на ўлік. Але справу можна спыніць прымірэннем на любой стадыі.

— Якія могуць быць выпадкі насілля ў дачыненні да дзіцяці з боку аднагодкаў?

— Псіхалагічнае. Калі дзіця раптам адмаўляецца ісці ў школу, закрываецца, гэта павінна насцярожыць бацькоў, ці не зневажаюць яго ў школе. З такімі сітуацыямі бацькі часам таксама звяртаюцца ў інспекцыю. Але, як правіла, такія справы спыняюцца. Найперш з гэтай праблемай трэба звярнуцца да класнага кіраўніка, псіхолага. І калі ў класе выявіліся дзеці, якія верхаводзяць, прыніжаюць іншых, на іх можна паўплываць. Часам дастаткова і гутаркі з такімі лідарамі ці іх бацькамі. А калі мікраклімат у класе не палепшыцца, можна развесці такіх дзяцей па розных класах.

— Што чакае «дрэнных дзетак», якія трапілі пад увагу міліцыі?

— На ўліку падлетак можа стаяць мінімум 6 месяцаў. Яго штомесячна будуць наведваць інспектары па месцы жыхарства і працаваць як з ім, так і з яго бацькамі. Безумоўна, па-іншаму да такіх вучняў ставяцца ў школе, з імі займаецца псіхолаг. Многае залежыць і ад паводзін падлетка, калі ён здзейсніць іншыя правапарушэнні, будуць прымацца адпаведныя меры. Натуральна, ёсць і тыя, хто не выпраўляецца. І такія паводзіны могуць давесці да турмы. Праўда, калі дзіця не дасягнула 14 гадоў, яно вызваляецца ад крымінальнай адказнасці. Калі непаўналетнія некалькі разоў здзяйсняюць адміністрацыйныя парушэнні, ужываюць наркотыкі, іх перыядычна застаюць за распіваннем спіртных напояў, ці яны былі задзейнічаны ў сур'ёзным злачынстве, іх могуць накіраваць у спецыяльную ўстанову. У Мінскай вобласці яна знаходзіцца ў пасёлку Крывічы Мядзельскага раёна. Гэта накшталт турмы для дзяцей. Аднолькавая вопратка, рэжым, ніякіх мабільнікаў, бацькоў можна ўбачыць у лепшым выпадку раз на месяц і тое за добрыя паводзіны. Навучацца ва ўстанове закрытага тыпу непаўналетнія могуць максімум два гады альбо знаходзіцца там да дасягнення паўналецця.

Дрэнныя паводзіны ў дзяцінстве могуць негатыўна адбіцца ў будучыні. Так, хлопец, што стаяў на ўліку, не зможа паступіць у навучальную ўстанову прававога характару, працаваць у міліцыі, а калі пойдзе ў армію, трапіць не ў тыя войскі, якія б хацеў.

Гульня «ў крутых пацаноў»

Сярод самых распаўсюджаных злачынстваў, якія здзяйсняюць падлеткі Мінскай вобласці, — крадзяжы. Цягнуць усё, што можна ўявіць, ад мабільнікаў да запчастак, інструментаў і веласіпедаў.

Часта падлеткі «робяць шкоду» ў кампаніях з больш дарослымі сябрамі. Многія пры гэтым не ўсведамляюць, чым можа закончыцца такая гульня «ў крутых пацаноў». Адна са спраў, у якой фігураваў непаўналетні, распачата ў кастрычніку. Ва Уздзе чацвёра навучэнцаў сельгастэхнікума сагналі машыну, сярод іх быў і хлопец 1999 года нараджэння.

На жаль, летась не абышлося і без самых цяжкіх злачынстваў, з удзелам падлеткаў. У Салігорску паўналетні і непаўналетні залезлі ў дом да бабулі і так моцна яе збілі, што старая памерла. А ў Барысаве падлетак стаў саўдзельнікам забойства разам са сваім бацькам, прычым хлопец ужо стаяў на ўліку ў інспекцыі.

— Безумоўна, здзяйсняць правапарушэнні і злачынствы могуць розныя дзеці, але большы працэнт тых, хто трапляе на ўлік, — з сем'яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, дзе бацькі злоўжываюць спіртнымі напоямі. Часта цяжкім падлеткам самім патрэбна дапамога. Можа, іншым разам дзіця і ўрокі не зрабіла таму, што ўвесь вечар праседзела пад ложкам, пакуль бацька ганяў, біў маці. Такім хлопчыкам і дзяўчатам не ўдзяляецца ўвага, яны бачаць, што ў аднакласнікаў і адзенне можа быць лепшае, і тэлефоны новыя, і ім хочацца таго ж самага. Праблемнымі могуць быць і дзеці ў няпоўных сем'ях ці там, дзе тата і мама забываюцца пра свае абавязкі, ухіляюцца ад выхавання. Ні школа, ні інспекцыя не змогуць вывесці дзіця ў нармальны стан, каб яно стала законапаслухмяным, калі выпадае адно звяно — бацькі, — заўважае Аляксандр Чарны.

— А што могуць зрабіць бацькі, каб засцерагчы дзіця ад небяспекі?

— Кантроль інтэрнэту адназначны. Перапіска — самае лепшае люстэрка любога чалавека, які вядзе актыўнае жыццё ў камп'ютарным свеце. Часам падлеткі вышукваюць у інтэрнэце кампаненты выбуховага ўстройства, безумоўна, гэта павінна насцярожыць: для чаго яны гэта робяць і з кім падтрымліваюць кантакты. Бацькоў павінен насцярожыць слэнг у перапісцы дзіцяці, напрыклад, такія словы, як «закладкі», «спайсы», «кропкі», «трава». Як правіла, у 99 працэнтах выпадкаў становіцца ясна, ці ўжывае падлетак наркотыкі. Пажадана, каб бацькі ведалі паролі і доступ да акаўнтаў дзіцяці ва «УКантакце», «Фэйсбуку», «Аднакласніках», і пры гэтым каб яно не здагадвалася, што яго перапіска правяраецца. Камп'ютар дома адзін, падлетак адкрывае свае старонкі і, як правіла, не выходзіць з іх. Але, як толькі даведваецца, што бацькі лазяць у яго акаўнт, робіцца ўсё, каб тыя нічога не знайшлі, — перапіска выдаляецца, мяняюцца паролі. Трэба быць уважлівым да паводзін дзіцяці. Насцярожыць павінны раздражнёнасць, непрадказальнасць, неадэкватнасць. Калі дзіця ўжывае наркотыкі, мяняецца міміка, з'яўляецца жэстыкуляцыя ці наадварот яно становіцца вельмі замкнёным. І першае, на што трэба звярнуць увагу, — вочы, моцна расшыраныя зрэнкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дрэнныя дзеткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?