Вы тут

«Я не супраць слова «каханне»...


Ды Радзіму лепей любіць.

З нечага арыгінальнага гэтую размову, відаць, не пачнеш: прыйдзецца (услед за Сіманавым) паўтарыць яго прыгожае:

«Письма пишут разные:

Слёзные, болезные,

Иногда прекрасные,

Чаще — бесполезные...»

І рэдакцыі тут не выключэнне.

Што лічыць памылкай?


Беларуская мова ў Беларусі, — піша, у прыватнасці, спадар К., — не займае пакуль таго месца, якое належыць (хто б спрачаўся, як той казаў...). І вінаваты ў гэтым, на мой погляд, так званыя новаўтварэнні.

Цяпер у газетах можна прачытаць: «Гулец Іваноў даў пас». Па інтэрнэце таксама спартыўныя рэпартажы ўсё часцей ідуць на роднай мове. Там футбольныя вароты часам называюцца брамамі, вуглавы ўдар — кутавым, а бакавая лінія — стужкай. Думаю, каментатарам не пашкодзіла б спачатку зазірнуць у слоўнікі...

Слушная парада, прычым не толькі для каментатараў. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (возьмем пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы) ёсць і слова «іграць» (на музычных інструментах, на сцэнах, на нервах, біржах) і «гуляць»: забаўляцца, прагульвацца, быць свабодным ад работы, весяліцца, любіцца... У гэтым шэрагу — і «праводзіць час за якім-небудзь заняткам з мэтай адпачынку, забавы». Прыклады — гуляць у жмуркі, у шахматы, у карты. Да месца тут і «футбол», бо беларусы ў яго хутчэй гулялі і гуляюць, а не іграюць. Значыць, слова «гулец» апраўдана. Апроч таго, яно засведчана ў апошніх акадэмічных слоўніках, у «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы», у перакладным «Русско-белорусском словаре» (цытата: «Игрок — гулец»)... Як — заўважце — «касец» ад слова «касіць», «прадавец» ад «прадаваць», «плывец» ад «плыць», «курэц» ад «курыць»...

«Гулец» гучыць непрывычна?

Згодны. І нават ведаем, чаму. Беларуская мова (цытуючы спадара К.) не займае пакуль таго месца, якое належыць, а жывучы ў рускамоўным асяроддзі, людзі Беларусі болей чуюць словы «игрок», «играть» і менавіта іх (як і безліч іншых) успрымаюць хутчэй.

Тады (працягваючы тэму футбола) «вароты» ці «брама», «лінія» ці «стужка»? Тут і ў слоўнік можна не глядзець... Хіба для таго, каб пераканацца: ну вядома ж, «вароты» і, вядома ж, «лінія».

Не выклікаюць сумненняў і словы «вугал» ды «кут». Ва ўсякім разе ў тых, хто ведае, што абразы спрадвеку віселі ў куце, што менавіта туды строгія бацькі ставілі дзяцей, якія ў нечым правініліся.

Месца, з якога наносіцца ўдар, таксама знаходзіцца ў межах поля, у куце. Таму па-беларуску і ўдар больш лагічна называць «куткавым» альбо «кутнім».

Гэта непрывычна гучыць? А калі было прывыкаць, калі трансляцыі па-беларуску і сапраўды амаль не вяліся і, толькі пачынаючы гэта рабіць, рускае слова «угловой» менавіта перакладаецца, паводле слоўніка, як «вуглавы», хоць у нашай мове паміж ім, вуглом, і яго (скажам так) унутранай часткай — кутам — розніца ёсць.

Пра яго тут дарэчы прымаўка: «Добраму чалавечку добра і ў запечку, а як свалаце, дык дрэнна і на куце». Гэта значыць, на покуці, пад абразамі, на самым ганаровым месцы, на самым прыгожым.

У беларускай мове ёсць (як правільна заўважае спадар К.) і слова «красны». «Мне ўспамінаецца, — піша ён, — цудоўная беларуская песня: «Каліна красная да долу сцелецца...» І слова «красная» тут дарэчы. (Стоп: але ці можа каліна — слацца? Інтэрнэт падказвае, што ёсць песня са словамі — адчуйце розніцу! — «Каліна красная марозам спеліцца...»). Супраць слова «каханне» я таксама нічога не маю (Дзякуй!), хоць ёсць і «любоў». (І сапраўды, кахаць — значыць, мець вялікае пачуццё да асобы іншага полу, а пра маці, мову, Радзіму лепей казаць «люблю»). Але ж у мяне, — чытаем далей, — іншы раз складваецца ўражанне, што мы адрываемся ад народа. Нядаўна па радыё я пачуў словазлучэнне: «Прышчэпкі ад грыпу». Да яблыні — разумею, ад грыпу трэба казаць «прывіўка». Можна спрачацца і аб тым, якое слова гучыць лепш «шаша» ці «шасэ», «ладонь» ці «далонь»? У беларускіх слоў «зала і фасоля» канчаткі таксама нейкія штучныя... Ва ўсякім разе, думаю, не трэба лічыць памылкай, калі чалавек піша ці вымаўляе так, як лічыць неабходным, асабліва, калі гэтыя словы не рэжуць слых, гучаць мякка.

Ну, што тут сказаць апроч таго, што, раячы некаму зазіраць у слоўнікі, аўтар не глядзеў туды сам. Бо інакш убачыў бы, што словы «зал» і «фасоль» (без «штучных» канчаткаў — рускія (пры жаданні можна даведацца, якое адкуль прыйшло), «прывіўка» — таксама. А вось «прышчэпка» — наша, і прышчапіць, апроч іншага, значыць, «увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую-небудзь хваробу».

Ужыванне рускіх слоў у беларускай мове не трэба лічыць памылкай? А як тады настаўнікам ды выкладчыкам ацэньваць веды вучняў, абітурыентаў і студэнтаў, як выдаваць газеты і кніжкі — на трасянцы?

І ўжо зусім вар'яцкае пытанне: куды дзець тытанічную, карпатлівую, самаахвярную працу — справу жыцця нашых папярэднікаў: класікаў літаратуры, мовазнаўцаў, аўтараў падручнікаў і шматлікіх слоўнікаў? Свят-свят-свят, адрынуць, як нешта непатрэбнае?

...Нам засталася спадчына

«Рэжа вушы, — працягвае аўтар ліста, — і слова «напой». Мне думаецца, што яго можна ўжываць толькі тады, калі размова ідзе пра жывёлу, а мы, людзі, п'ём «напіткі». І навошта нам выраз «так бы мовіць», калі ёсць «можна сказаць», навошта — «мае рацыю», калі ёсць слова «згодзен»... А хіба гучыць слова «маўляў»?

Вось тут спадар К. і сапраўды мае рацыю: «маўляў» не гучыць (дакладней — гучыць вельмі рэдка), як і безліч іншых беларускіх слоў у нашых штодзённых размовах, на вуліцах, у крамах, па радыё ды тэлебачанні. І з гэтай прычыны рэжа некаму вушы...

А калі разабрацца, калі сапраўды любіць сваю краіну і мову, то ў чым немілагучнасць? Слова як слова: наша, беларускае, даўно вядомае, як, дарэчы, і слова «напой», зафіксаванае больш як сто гадоў таму ў слоўніку Івана Насовіча, як выразы «так бы мовіць» і «мае рацыю».

Але ж чытаем далей. «У сваёй вёсцы, ідучы за пакупкай (у беларускай мове ходзяць па некага ці па нешта, а за — хіба ўслед), мы гаварылі, як каму ўздумаецца. Адзін казаў, што ідзе ў краму, другі — у лаўку, трэці — у магазін. Гэтыя словы і сёння ўспрымаюцца большасцю жыхароў Беларусі.

Усміхніцеся: выраз «можна сказаць» спадар К. прапануе пакінуць, а «так бы мовіць» — «выкінуць». А чаму б тады і гэты «рад» не прапалоць? Чаму б не пакінуць адно слова? І не змяніць шыльды?..

Усялякае параўнанне кульгае. Гэтае, магчыма, на абедзве нагі. Але ў кожнай сям'і (асобная сям'я — асобная дзяржава) ёсць нейкія набыткі, ёсць грошы. Не будзем разважаць на тэму, колькі, адкуль і дзе яны ляжаць. Уявім сабе: нехта прызнаў, што пяцірублёўкі, напрыклад, «рэжуць вока», што іх трэба... канфіскаваць.

Не вазьмуся ўявіць, а тым больш апісаць, што канкрэтна той чалавек пачуе ў свой адрас і дзе апынецца, бо гэта ж грошы!

А мова, атрымліваецца, не набытак, не скарб, які нам давалі ў спадчыну?

Але ж мы ці прынялі яго, бо часам такое ўражанне, што ён, нібы тая дзедава хата — недзе стаіць ды ціха развальваецца.

І вось тут што здзіўляе: варта некаму ўзяцца за рыштунак, за шыфер і дошкі, за пэндзаль, каб паправіць, прыбіць, пафарбаваць — адразу ж з'яўляецца «група дарадцаў» з іх заўсёдным «не тое робіш», «не так», «не ўмееш — не бярыся» і наогул: «Злазь з даху, не псуй гонту»... Альбо — калі да тэмы — «няправільна», «у нашай вёсцы так не казалі...», «паглядзі ў слоўнік», «спачатку навучыся размаўляць, авалодай мовай...»

Спадару К., трэба разумець, зрабіць гэта было зусім няцяжка, бо вырас ён у вёсцы, хадзіў там і «ў краму», і «ў лаўку», і «ў магазін», то-бок засвойваў мову без ніякага напружання — з малаком маці.

Сённяшнім маладым, вывучаючы беларускую мову амаль як замежную, кожнае слоўца трэба засвоіць, зразумець, зафіксаваць у памяці... А яшчэ горш — адолець неразуменне, а то і сапраўдную крытыку, бо менавіта ёй — крытыкай — будзе сустракацца ці не кожная спроба па-беларуску размаўляць, нешта пісаць, весці рэпартажы, ствараць рэкламу ды іншае.

Мы не таварышы. І не спадары?

«Каб наша мова ўспрымалася і гучала, — чытаем у лісце, — не трэба засмечваць яе няўдалымі словамі-калекамі. У праграме тэлеперадач бачу «Гонка пераследу». Калі хочаце, каб нашы словы адрозніваліся ад рускіх, напішыце «гонка наўздагонкі (так у аўтара) ці «наўздагон па следу».

Слова «спадар» таксама штучнае. У дачыненні да чалавека фізічнай працы, можа, яно і гучыць. Але нават у гэтым выпадку я скажу: «Іван Іванавіч сапраўдны гаспадар. У яго і ў доме, і ў гародзе парадак».

Крыўдна, што даросламу і, трэба разумець, адукаванаму (у мове) чалавеку сёння трэба тлумачыць, што словы «спадар» і «гаспадар» — розныя, што яны ў нашай першай з дзвюх дзяржаўных моў фіксуюцца з ХVІ стагоддзя (прынамсі, у тады напісанай Баркулабаўскай хроніцы можна прачытаць, як у галодную вясну па хатах хадзілі жабракі і як прасілі (пачуйце — найперш самі словы...): «Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподаріня, солнце, месяц, звездухно, дай крошку хлеба!»

Дык ці трэба тады дзівіцца, што ў свой час на змену савецкім «таварышам» прыйшлі словы «спадар», «спадарыня», «спадарства», што менавіта яны сталі выкарыстоўвацца ў якасці зваротаў. Наша газета пра гэты «працэс» пісала. Артыкул так і называўся тады «Спадарыня, дазвольце ёй застацца!». На сайце альбо ў падшыўках той нумар («Звязда» ад 8 красавіка 2009 года) можна знайсці, як і водгукі, якія друкаваліся потым, і, спадзяёмся, паспрыялі таму, што слова гучыць.

Кажаце, што пакуль нясмела?

І сапраўды, бо адна-дзве газеты мала што зменяць, адзін-два вялікія канцэрты з беларускамоўнымі вядучымі таксама. Трэба, каб да «працэсу» далучаліся іншыя СМІ, а яшчэ лепш, каб міністэрствы... гандлю і транспарту.

Прычым тут яны? А ўявіце, што заўтра ва ўсіх цягніках, аўтобусах, тралейбусах, трамваях, метро замест (дзякуй Богу, беларускага), але ж нейтральнага «Паважаныя пасажыры» (у крамах «Уважаемые покупатели») па гучнай сувязі загучыць «Шаноўнае спадарства!».

Чым яно лепш?

Тым, што гэта (загінайце пальцы) сапраўды па-нашаму, па-беларуску; тым, што стымулюе самапавагу — не толькі ў пасажыраў, але і ў транспартнікаў (бо «шаноўныя» — гэта не проста паважаныя, а вельмі паважаныя), тым што гэта, так бы мовіць, ператварае пэўную частку насельніцтва ў людзей, у асоб — у тых жа «мадам» і «месье», «сеньёраў» і «сеньярыт», у «паноў» і «паненак», у «дам» і «господ» ці «сударей» і «сударынь»...

А ўрэшце тым, што гучыць гэта куды прыгажэй, карацей і цікавей — у тым ліку для гасцей краіны, якія хіба тут, у Беларусі, могуць пабыць спадарствам...

Да людзей... Па параду...

Зрэшты, да новаўвядзенняў і надання новага подыху архаізмам трэба ставіцца вельмі ўважліва, — піша аўтар. — Нельга спасылацца (?!) толькі на сваю інтуіцыю, як гэта іншы раз робіць тэлеканал «Беларусь 3», «выкалупваючы» словы накшталт «шэрхнуць», «рына» і інш.

Першае слова, паводле слоўніка, — станавіцца цвёрдым, падсыхаць (пра глебу, напрыклад), другое — сінонім да «вадасцёка». Дык чаму іх нельга ўжываць?

З гэтай нагоды ўспамінаю, што адзін вядомы кампазітар з новай песняй прыходзіў у дзіцячы сад і назіраў, як дзеці ўспрымалі яго твор: радаваліся і плёскалі (так у аўтара) у далоні — даваў яму зялёную вуліцу, а калі калупалі ў носе — кідаў у кошык (трэба разумець, у сметніцу?). Дык вось, — робіць выснову аўтар, — узбагачаць мову за кошт некім прыдуманага сіноніма, можа, і трэба, калі ў гэтым ёсць вострая неабходнасць, калі слова ўспрымаюць людзі рознага ўзросту і адукацыі. Я не гавару ўжо пра тое, што перш, чым выдаваць новыя перакладніцкія (так у лісце) і тлумачальныя слоўнікі, наведайце, паважаныя навукоўцы, працоўныя калектывы.

Ісці ў дзіцячыя садкі з новымі дзіцячымі песнямі, магчыма, і варта. Слухаць жывую беларускую мову ад непасрэдных носьбітаў — і пагатоў, але ж...

Розных — у тым ліку самых, скажам так, нечаканых — ініцыятыў нашы людзі зазналі шмат. Але ж каб сёння пайсці — умоўна — да рабочых трактарнага завода ці СВК «Старынкі» і спытацца, ці не трэба нам уключыць у слоўнік «гонку наўздагонкі» і ці не «выключыць» адтуль «маўляў»...

Усміхніцеся. І ўявіце, што правялі такі «народны рэферэндум» (да гэтай адказнай працы спадар К. гатовы, відаць, прычыніцца?), прыбралі слова «маўляў». А чым яго замянілі? Больш прыгожымі рускімі «мол» і «дескать»? Нечым англійскім, польскім, кітайскім? Зноў трэба пайсці ў працоўныя калектывы, каб параіцца з людзьмі? І зноў пазычыць — яшчэ і слоў?

Кажуць, што Кацярына Фурцава, міністр культуры ў былым Саюзе, лічыла, што прафесійнае мастацтва людзям без патрэбы, што на змену яму абавязкова прыйдзе мастацкая самадзейнасць.

У той час даводзіць іншае было смерці падобна, але ж аднойчы ў яе спыталі: калі б спатрэбілася (прабачце) зрабіць аборт, то да каго яна пайшла б — да прафесійнага гінеколага ці да доктара-аматара?

І сапраўды, лёгкую прастуду, паслухаўшы людзей, можна палячыць малінавым варэннем ці гарэлкай з перцам. Што датычыцца сур'ёзных хвароб, трэба шукаць спецыялістаў.

Праца над слоўнікамі — гэта, кажаце, нешта іншае? Так. Але ж давайце «ўзважым» менш ці ўсё-такі больш важнае, калі ў першым выпадку размова ідзе пра здароўе і лёс асобнага чалавека (пры ўсёй любові да яго!), а ў другім — пра лёс мовы — багатай, прыгожай, мілагучнай, якую мы атрымалі ад папярэднікаў, каб потым перадаць нашчадкам.

Толькі пытанне: якой?

...З нечага арыгінальнага пачаць гэтую размову не атрымалася, а вось завяршыць...

Амаль адначасова з першым лістом спадара К. у рэдакцыю прыйшоў яшчэ адзін, таксама ад настаўніка, Івана Курсевіча (светлай памяці!) з вершам-пытаннем, вершам-роздумам, вершам-заклікам... Чытайце:

Матчына мова, што ж з табой стала?

Дзе ты падзелася, дзе ты прапала?

Выйдзеш на вуліцу — чуеш там словы

Толькі не з нашай, не з роднае мовы.

Песні дзяцінства... Іх вельмі нямала

Па-беларуску мне маці спявала.

Дзядуля на печы казкі чытаў —

Змалку сваё любіць прывучаў.

Помняцца й вершы... Купала і Колас...

Нам іх чыталі ў школе ўголас...

Цёплай і роднай мова здавалася.

Дзе ж ты прапала, куды падзявалася?..

Што ж мы за людзі, што з намі стала?

Скарбы губляем, і клопату мала.

Як жа будзіць, каб нарэшце прачнуліся,

Тварам да мовы сваёй павярнуліся?

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

P.S. Тым, чые маці і нават бабулі па-беларуску не размаўлялі, застаецца хіба нагадаць пра нашу агульную маці-радзіму, пра Беларусь. Ставіцца да яе, ну вядома ж, можна па-рознаму, па мне — найлепей любіць. Што гэта значыць?

Тут дарэчы азначэнне Льва Талстога: «Любоў — гэта дзейнае жаданне дабра...» Можна — асобе іншага полу (чытай каханай), можна — Радзіме, а значыць, мове.

P.P.S. Прозвішча і зваротны адрас спадара К. не друкуем з этычных меркаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».