Вы тут

Урачыста адкрылася Мінская кніжная выстава-кірмаш


Спадчына Францыска Скарыны і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў літаратуры і найноўшыя выданні для дзяцей, даследаванні нашай культуры і практычныя дапаможнікі па стварэнні нацыянальнага касцюма. Вось асноўныя акцэнты аб'яднанага стэнда беларускіх дзяржаўных выдавецтваў. Але калі зірнуць на кніжную выстаўку шырэй, тут можна заўважыць не толькі і не столькі кнігі, колькі жаданне экспанентаў з 31 краіны праз выданні расказаць пра ўласную культуру. Таму часта на стэндах — поруч з кнігамі — мастацкія вырабы, артэфакты, а самі выдаўцы і пісьменнікі — у касцюмах з элементамі традыцыйных строяў свайго народа.


Так, выстаўка ў беларускай сталіцы яшчэ раз паказала: кніга мае здольнасць яднаць літаратуры, культуры, народы не толькі праз прысутнасць у пэўным месцы ў пэўны час, але і праз важныя пагадненні, перамовы, якія становяцца магчымымі дзякуючы форуму. Сёлета ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прымаюць удзел некалькі соцень экспанентаў з 31 краіны. Гэта Беларусь, Азербайджан, Венесуэла, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан, Рэспубліка Карэя, Кітай, Куба, Малдова, Пакістан, Палесціна, Польшча, Расія, Сербія, Сірыя, Славакія, ЗША, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эквадор. Ганаровым госцем выстаўкі стала Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.

Традыцыйна мінскі кніжны форум прыцягвае ўвагу шырокай грамадскасці, а ва ўрачыстай цырымоніі яго адкрыцця прымаюць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, пісьменнікі, выдаўцы.

Так, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ, адкрываючы форум, зачытаў прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён таксама дадаў: «Для некага кніга — гэта проста падручнік, для некага — добры прадмет інтэр'ера. Але самае галоўнае, што ва ўсе часы і ўсе стагоддзі кніга — самы вялікі памочнік у жыцці».

«З дапамогай кнігі мы будзем казаць, што слова вызначае, што слова — гэта веды і сіла, наш духоўны запавет нашчадкам. Спадзяюся, што пасланнікі ў сферы кнігавыдання і гуманітарнага супрацоўніцтва, якія завіталі ў Мінск больш як з трох дзясяткаў краін, зробяць важкі ўнёсак у развіццё сяброўскіх, добрасуседскіх адносін і ўмацаванне самага вялікага здабытку — міру», — зазначыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. Міністр таксама расказала, што менавіта падчас выстаўкі распачынаецца шырокае святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое пройдзе не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Вялікую ўвагу наведвальнікаў падчас адкрыцця кніжнага кірмашу прыцягваў друкарскі станок з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, які ўзнаўляе тэхналогію друку XVІ стагоддзя, госці выстаўкі імкнуліся пакаштаваць салодкія прысмакі з Усходу, але безумоўным лідарам масавага прызнання сталі музыкі з шатландскімі валынкамі. Так, Вялікабрытанія, краіна — Ганаровы госць форуму, не толькі прадставіла яркі выставачны стэнд, але і падрыхтавала вялікую праграму. «Быць Ганаровым госцем Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу — вельмі значна для нашай краіны, — падкрэсліла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі спадарыня Фіёна ГІБ. — На нашым стэндзе вас чакаюць сустрэчы, майстар-класы, прэзентацыі, мы запланавалі круглыя сталы. Спадзяюся, што ў нашай праграме кожны знойдзе нешта цікавае і карыснае для сябе».

І сапраўды, міжнародны форум — выдатная нагода здзейсніць падарожжа ў свет кнігі, завесці новыя знаёмствы, паўдзельнічаць у конкурсах, атрымаць аўтограф любімага пісьменніка. А яшчэ ён дае магчымасць і самім літаратарам, выдаўцам пагутарыць пра самыя актуальныя пытанні галіны. Ужо сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць пленарнае пасяджэнне Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі». У Мінск завіталі і маладыя літаратары, каб прыняць удзел у семінары, пачуць парады старэйшых калег і пазнаёміць сваіх равеснікаў з творчымі напрацоўкамі.

Нагадаем, што Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш праходзіць да 12 лютага ў Адміністрацыйным комплексе па адрасе: праспект Пераможцаў, 14. Уваход на кніжную выстаўку свабодны.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фотаздымкі Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Місія кнігі — яднаць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў. 

Эканоміка

Наколькі лёгка знайсці кватэру ў сталіцы за дзень?

Наколькі лёгка знайсці кватэру ў сталіцы за дзень?

Не за гарамі верасень з традыцыйным «студэнцкім бумам», а гэта азначае, што рынак арэнднага жылля чакае рух.

Грамадства

У Бешанковічах адкрылі навукова-вытворчы комплекс «Націвіта»

У Бешанковічах адкрылі навукова-вытворчы комплекс «Націвіта»

Такой вытворчасці няма больш нідзе ў нашай краіне. 

Калейдаскоп

Парады для беларускіх аматараў жанру Stand-up

Парады для беларускіх аматараў жанру Stand-up

Гумарыстычнымі праграмамі ў жанры stand-up сёння не здзівіш еўрапейскага, расійскага і ўкраінскага тэлегледача.