Вы тут

Грамадская кампанія склала чорна-зялёную карту Мінска


Наяўнасць інфармацыі пра эканамічную выгаду ад зялёных зон можа дапамагчы гараджанам пры абмеркаванні планаў забудовы Мінска, упэўнены актывісты грамадскай кампаніі «Гарадскі Ляснічы». Для гэтых мэт яны стварылі так званую чорна-зялёную карту, на якой першым колерам пазначаны прамысловыя зоны, закінутыя прадпрыемствы і пусткі, а другім — паркі і скверы. Для апошніх падлічана тая самая эканамічная выгада, якую яны прыносяць сталіцы і яе жыхарам. Так, напрыклад, зялёны ўчастак памерам 12 гектараў можа захоўваць у гарадскім бюджэце да 240 тысяч рублёў у год. І гэта без уліку грошай, сэканомленых на медыцынскіх паслугах, якія спатрэбяцца жыхарам, што пражываюць у раёнах з дрэннай экалогіяй.


Чорна-зялёная карта ўжо даступная ў інтэрнэце па адрасе map.urbanforester.by. Праўда, пакуль што на ёй пазначаны звесткі толькі па адным раёне — Ленінскім. Актывісты «Гарадскога Ляснічага» правялі карпатлівую працу па зборы інфармацыі з усіх зялёных зон адміністрацыйнай адзінкі, а для некаторых з іх падлічылі кошт экасістэмных паслуг, якія яны даюць гораду. Гэтак жа падлічаны прыбыткі (ці страты) прадпрыемстваў, што знаходзяцца ў «чорных» зонах.

— Галоўная мэта нашай работы — выкарыстанне гэтых звестак падчас грамадскага абмеркавання праектаў па забудове горада, — гаворыць удзельнік кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Дзмітрый ГЕРЫЛОВІЧ. — На маю думку, мы павінны падтрымліваць тэндэнцыю захавання зялёных насаджэнняў. Часта даводзіцца чуць, што Мінск — зялёны горад, але статыстыка гэтага не пацвярджае. Калі б не ўключаныя нядаўна ў гарадскую рысу новыя тэрыторыі (напрыклад, у раёне Заслаўскага вадасховішча), то сталіца нават на паперы не заставалася б «зялёнай».

Якім чынам падлічваецца эканамічная выгада ад захавання зялёных зон? Актывісты кампаніі карысталіся тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі, распрацаваным вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук. Як расказала навуковы супрацоўнік сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Вольга ЯФІМАВА, чалавек у сярэднім спажывае каля 270 кілаграмаў чыстага кіслароду за год. Столькі ж гэтага газу выдзяляе адна дарослая таполя ці дуб. Яшчэ адна ключавая функцыя дрэў — асаджэнне пылу: яны затрымліваюць да 70 працэнтаў гэтага забруджвальніка.

Пры гэтым не браўся ў разлік непрамы эканамічны эфект зялёных зон. Справа ў тым, што паркі і скверы з'яўляюцца натуральнымі рэкрэатыўнымі зонамі, і жыхарам не трэба траціцца на паездкі за горад, каб паправіць здароўе ці проста адпачыць. Таму замест ушчыльнення гарадской забудовы за кошт дрэў варта шукаць варыянты на ўжо занятых прадпрыемствамі тэрыторыях, якія выкарыстоўваюцца нерацыянальна.

Плануецца, што ўжо ў 2019 годзе чорна-зялёная карта будзе ахопліваць усю сталіцу. А ў перспектыве — і ўсю краіну. Аднак для гэтага актывістам патрэбна дапамога валанцёраў па ўліку дрэў і прамысловых зон сталіцы. Ужо сёлета павінна з'явіцца вэб-праграма, пры дапамозе якой кожны ахвотны зможа нанесці на карту зялёныя насаджэнні ў сваім раёне. Дадатковую інфармацыю па далучэнні да картаграфавання можна знайсці на сайце «Гарадскога Ляснічага».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дрэва як крыніца прыбытку, або Навошта патрэбна чорна-зялёная карта?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.