Вы тут

…Як мы без Шырмы?


Не даць загаснуць полымю — рэдкі дар. Агонь у печы, які спатрэбіцца толькі зімняй сцюжай, нехта павінен без перапынку падтрымліваць. Гэта — дар. Рытуал даўжынёю ў жыццё. Гарачыя вуглі ў далонях кагосьці сагрэюць. Хай не сёння, а ўсё ж…


Жыццё без страху. Ці магчыма? Страх апярэджвае любы інстынкт. Страх фізічнай немачы, страх холаду, судовага працэсу, турмы, адзіноты, вар’яцтва, страх абуджэння свядомасці, страх смерці. Страх захварэць і страх выжыць. Страх сустрэць і страх не сустрэць. Выпасці з утульнага гнязда драмлівага небыцця — страх. Можна загінуць. Альбо навучыцца лятаць.

…Адрынутаму загадалі пакінуць краіну пад страхам смерці. А ён пераапрануўся, каб не пазналі, і зноў гэтай краіне служыць. Жыццё без страху. Ратаванне — пераадолець яго. Тут — асалода. Нязгасны ліхтар духу, неабмежаваны зямным прыцяжэннем. Разумець гэта неабавязкова. Дастаткова адчуваць: узмежкам сваёй душы, зіхоткім памежжам, што мігціць імшарным срэбрам…

Не кожнаму выпадае лёсам нарадзіцца блізу слаўнага месца, некалі ўганараванага гербам, пячаткай ды магдэбургскім правам. Горад, які помніць легендарную Бону Сфорцу і яе няўдалы праезд праз мост ракі Мухаўца. Горад з трыма брукаванымі вулкамі, лазняй Янкеля Гольдбэрга, 9 млынамі, 4 корчмамі, 12 шынкамі і следам генерала Рэнье.

15 капеек у кішэні, бітая сцежка, халодны росны ранак, хуткая хада і няўцямнае хваляванне дзіцячага сэрца прывядуць у Пружаны. Там, у гарадской вучэльні, у якую трэба самастойна паступіць, у якой нясцерпна захочацца стаць лепшым вучнем, трэба абавязкова навучыцца граць на скрыпцы, набыць інструментальны і спеўны досвед, скончыць навучанне на ўсе пяцёркі.

Не кожнаму выпадае лёсам з 6-гадовага ўзросту спяваць у хоры. Хто спяваў, той ведае: на хвалях музыкі, на хуткасных акустычных віражах можна лунаць не толькі голасам: кранацца глыбінь і вынырваць на паверхню, бачыць невядомы, іншы чароўны свет, быць часткай гукавой стыхіі, якая то паглынае, то вызваляе. Уласны голас чуць і губляць, узмацняць і сцішваць, знікаць і зноў з’яўляцца, накрывацца гукавымі хвалямі, свідраваць і пераадольваць іх пругкасць і, урэшце, узляцець высока-высока, і там, на высачэзнай ноце-ўзнясенні, прыпыніцца, агледзецца і… зноў абрынуцца долу, падабраным, нібы пер’е, чыімсьці неабдымным крылом, і вярнуцца ва ўстойлівую гарызанталь мелодыі.

Так пачынаўся Рыгор Шырма. Не кожнаму выпадае ў дзяцінстве атрымаць порцыю пагарды і шавіністычных наскокаў, здзекаў і смехаў з родных песень. Не кожнаму выпадае трываць крыўды і прыніжэнні ад атачэння, якое ўспрымала родную мову і песні як перакручаныя расійскія. Гэта жыццё падавала знак. Балюча гартавала моц, каб абуджанае сэрца палымнела і не скамянела ў трыванні.

Кемлівага вучня цяжка не прыкмеціць. Настаўнік літаратуры Манцэвіч, чыё імя захавала гісторыя, заўважыўшы рэакцыю Рыгоркі на беларускую песню, заахвоціў малога ўзяць ды самому запісваць песні. «Як запісваць?» — «А вось так! Ты ж ноты ведаеш?» — «Ведаю…» — «Мелодыю чуеш?» — «Чую…» — «Запамінаеш?» — «Запамінаю…» — «Ну, дык намалюй пяць палосачак-стужачак, пастаў скрыпічны ключ, вазьмі аловак дый запісвай! Усё проста!»

Парада тая, прамоўленая настаўнікам, паўстала пазней чатырма тамамі самаруч запісаных песень, агульнай колькасцю звыш дзвюх тысяч. Першыя запісаныя песні — ад гаспадыні хаты, у якой кватараваў малады збіральнік, — Ганны Дудзейка. Першая фальклорная экспедыцыя — найбліжэйшым летам. Куды? Як куды? У Белавежскую пушчу!

 *** Высокі суд! Залежны «незалежнік»!

Паглянь! Перад табой стаіць бунтар-мяцежнік

 з вачыма гордымі і поўнымі агню.

В.Таўлай

«Станем флейтай, станем кіфарай!» — заклікаў Златавуст. Калі гучыш, трапляеш у патрэбны тон, суладдзе. З кім супадаеш? З кім дысануеш? У Пружанах — ні флейты, ні кіфары. У Пружанах — царква і спеўны люд. У Пружанах — малады, поўны захаплення Рыгор, які прагне цуду: «Бог загадаў, каб тваё жыццё стала псальмай…»

Дырыжорская кар’ера. «Туляюся з сям’ёю ў свіронку…». Рэгенцтва ў пружанскай царкве: не хадзіць жа лесарубам у Белавежскую пушчу! Умельства і сіла згаладнелага студэнта ў асветніцтве: «Настрой насельніцтва спрыяльны… патрэбна толькі глыбей правесці ў масы прапаганду. …па воласцях работы няма яшчэ ніякай. …Газет няма ніякіх. Пераканальна прашу выслаць “Беларускі звон” і ўсё, што можа быць карысным у перадвыбарнай кампаніі».

Лісты да Браніслава Тарашкевіча. Знаёмства. Сустрэчы. Яны супалі не толькі поглядамі. Яны нарадзіліся ў адзін год і дзень — 20 студзеня 1892 года: на Прывадохрышча — акурат, як Каляды заканчваюцца, а Малая вясельніца пачынаецца. Прасці дазваляецца: «тыкпрытык кудзелю прывалык». Дык і пралі сваю «кудзелю»: Б. Тарашкевіч, уважлівы слухач харавых пружанскіх канцэртаў, і Рыгор Шырма — уражаны перакананым словам аднадумцы: «Пазастаюцца два шляхі: або павольнае нацыянальнае кананне, або ўпартае змаганне за сваю мову.… Даю Вам слова, што буду карысным як настаўнік, а значыць, і як працаўнік па адраджэнню Беларусі».

— Хто такі Шырма?

— Схадзі ў Вільню — паглядзі, не пашкадуеш!..

Вільня. Вялікія спадзяванні. Рабіць бездакорна і бескарысліва. Так жыць — шчасліва жыць: «каб у братніх сэрцах сярод цемры і бяспуцця загараліся новыя агні, каб паліліся крыніцаю новыя бадзёрыя думы... Бо песня злучае народ, яна ўсведамляе яго і дае сілы змагацца за лепшае заўтра». Галоўнай мэтай дзейнасці Віленскай беларускай гімназіі было захаванне беларускай нацыянальнай самабытнасці, развіццё роднай мовы. Варункі віленскага жыцця Рыгора Шырмы абавязвалі быць не толькі абачлівым, але і рызыкоўна рашучым. Побач — тытаны, магутныя постаці — Максім Гарэцкі, С. Рак-Міхайлоўскі, С. Паўлоўскі.

Стваральны дух натхняў на з’яўленне гімназічнага і студэнцкага хароў. У адным з іх свае першыя крокі зрабіў сусветна вядомы ў будучыні оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Узнікалі драматычныя спектаклі, выдаваліся гімназічныя часопісы. Імпэту хапіла і на стварэнне духавога аркестра! Мастацтва шчаслівага жыцця — бездакорнасць і бескарыслівасць.

Ахвярнасць. Рэальнасць не адбіваецца, не люструецца, а — ствараецца. Імператыў Духа, з нязменнай аскезай жыцця. Варыяцыі сюжэтаў. Варыянтнасць чалавечага існавання. Так па вясне зацвітае шыпшына, так наліваецца зерне ў жніво.

Грунтоўная праца завершаная. Шчасце — лёгкае, а радасць — птушкай на плячы. І тут — выпрабаванне. Ці здолееш ад гэтай кранальнай радасці… адмовіцца? Рыгор Шырма змог. Прачытаўшы першыя вершы Максіма Танка, захапіўшыся імі, адчуўшы тонамі сваёй душы магутны талент нікому не вядомага паэта, здолеў адкласці падрыхтаваны да друку зборнік беларускіх народных песень на карысць вершаў маладога Яўгена Скурко: «Песні няхай крыху пачакаюць. Бо ў паэта было ўсё такое жывое, балючае. Так і дыхала бунтам чорных скіб. I пералівалася бурнымі хвалямі Нарачы. Я як узяў у рукі той сшытак, ды як пачытаў толькі пару рэчаў, то й зразумеў, што гэта пэрлы…»

Кнігу друк абышоў. Не прапусціла цэнзура. Але не бяды! Анёлавы крылы (і не толькі Шырмавы!) шапацелі апладысментамі, зіхацелі шчасцем. Сакатала радасцю Душа. Яе мінула сірочая доля.

***

«Гукі хаваюць нешта значна большае —

святасць, якую нельга дасягнуць разуменнем»

Э.Толе

Душа вяла. Цела рабіла. Душа нібы ведала, што наперадзе. Душа ведала, што ў цьмяным пакуль 1939 годзе створыцца харавая капэла, роўнай якой няма і не будзе ніколі. Захапленне. З яго вымошчваецца жыццёвая дарога. З яго можа паўстаць храм. Ім можа стаць годна завершанае жыццё. І кніга — храм. Сімфонія — храм. Створаная Рыгорам Шырмам Акадэмічная харавая капэла пачалася з захаплення і вымасціла будучыню, здабытак, гісторыю. Абсалютны слых і мастацкі густ У. У. Алоўнікава пазней засведчыць: «Яе можна было адрозніць па гучанні, па духу і танальнасці ад усіх калектываў краіны». Рыгор Шырма апрацоўваў, сістэматызаваў і ствараў рэпертуар свайму калектыву. Не прапускаў магчымасці натхніць кампазітара на стварэнне новага твора. Душа ведала і вяла. Першыя «залатыя яйкі» капэле прынеслі А. Туранкоў і М. Чуркін. Адзін толькі А. Багатыроў зрабіў 150 апрацовак народных песень, якія пазней і склалі аснову рэпертуару Акадэмічнай капэлы. Спраўджвалася мара: «ад Масквы да самых да акраін» гучалі беларускія народныя песні. «Не спыніць, не стрымаць» было маладога музыканта, дырыжора, фалькларыста. Не спынілі ні разгром Таварыства беларускай школы, ні тры судовыя працэсы, ні краты віленскіх Лукішкаў, ні муры Лубянкі, адкуль вызваліў Якуб Колас. Не спыніла нават тое, што ўсе зробленыя да Першай сусветнай вайны палявыя запісы народных песень згарэлі. Разам з хатай у Шакунах.

 Быў аблашчаны і не абыдзены ўвагай уладаў, перажыў часы сталіншчыны, дзівацтвы савецкага ладу, тое, як ідэі інтэрнацыяналізму выцясняюць культурныя адметнасці беларусаў. Не стамляўся ствараць, гучаць і, урэшце, абвясціў беларускую песню душой народа, надаўшы ёй новы статус і паважнае стаўленне.

Новае ўсведамленне, бачанне неабходнасці спадчыны, культуры, якое тонкім абрысам ледзь-ледзь праяўлялася на гістарычным культурным небасхіле, займела працяг. Узнікла цэлае пакаленне этнамузыказнаўцаў, сярод якіх З. Я. Мажэйка, В. І. Ялатаў, Л. П. Касцюкавец, У. І. Раговіч, Т. Б. Варфаламеева, Г. В. Таўлай. З фальклорных экспедыцый, з палявых запісаў, занатовак, запісаных на слых, з захаплення паўстае манументальны помнік — збор народных песень — сінтэз жыццёвага здабытку, апраўдання доўгага жыццёвага шляху. Апраўдання жыцця. Апраўданне жыццём. Прынашэнне пакутна-святых дароў.

Завершанасць жыццёвага адмежку з усёй разнастайнасцю і непрадказальнасцю падзей, сустрэч, здарэнняў, з вонкавымі і схаванымі супярэчнасцямі, адпаведнасцямі і супрацьстаяннямі. Жыццё паэтычнай душы, дзе за выпадковым і нязначным паўстае мастацкае азарэнне і бачанне будучыні.

Брэйгель ствараў свае карціны не дзеля забавы сялян. Дастаеўскі пісаў свае раманы не для збяднелых людзей і злодзеяў. І песні збіраюцца для будучыні, для тых, хто імкнецца чыніць тое, што дыктуе высокі дух… Кажуць, гэта азначае быць залічаным у анёльскую школу, дзе некаторых узнагароджваюць прамяністымі крыламі…

***

Жыццё Рыгора Раманавіча Шырмы даўно заслугоўвае мастацкага рамана альбо оперы. Такім насычаным, такім рызыкоўным, такім духоўным яно было.

Надыдзе час, і вернуцца да нас тыя, хто ствараў нашу гісторыю, дбаў пра яе. Абавязкова прыйдзе той «новы гісторык». Прыйдзем іншыя «мы» — з прыроджаным імператывам ганарыцца высакародным жыццём папярэднікаў. Іх увасобленая прысутнасць у сучаснасці будзе сведчыць і пра нашу дачыненасць да яркага незвычайнага лёсу сваёй зямлі.

Горшым вынікам жыцця, напэўна, было б жыццё раскідзістай яблыні, чые яблыкі ніхто не пазбіраў.

Ларыса СІМАКОВІЧ, кампазітар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».