Вы тут

Усё, што вы хацелі спытаць аб жыллёвым заканадаўстве


Ці можна прадаць кватэру, пабудаваную з дапамогай ільготнага крэдытавання? Як падзяліць асабовыя рахункі? Што рабіць, калі суседзі пастаянна шумяць? Ці магчыма выселіць уласніка з кватэры? Гэтыя і іншыя пытанні можна было задаць на прамой тэлефоннай лініі, што праходзіла ў «Звяздзе». Госцем нашай рэдакцыі была адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі №3 па прававым забеспячэнні здзелак з нерухомасцю Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Святлана Касцевіч.


— Добры дзень! Мяне завуць Таццяна, я з Мінска. У мяне ёсць кватэра, якую мы пабудавалі ў 2008 годзе з дапамогай ільготнага крэдыту. Ці магу я здаваць яе ў арэнду?

— А крэдыт вы пагасілі?

— Яшчэ не да канца.

— Пакуль крэдыт не пагашаны, вы не маеце права здаваць па дагаворы найму гэтую кватэру. У выпадку датэрміновага пагашэння крэдыту вы не зможаце прадаць гэтую кватэру яшчэ на працягу 5 гадоў. Заканадаўства кажа, што купля, продаж, дарэнне, мена альбо іншая здзелка па адчужэнні такой кватэры ажыццяўляецца толькі з дазволу мясцовага выканкама. На здачу кватэры гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца, гэта значыць, здаваць яе вы зможаце.

— Не мае значэння, на суткі я буду здаваць або на працяглы тэрмін?

— Калі вы хочаце здаваць кватэру на суткі, трэба будзе зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і плаціць адпаведны падатак. А калі будзеце здаваць кватэру як фізасоба іншай фізічнай асобе, вы павінны будзеце заключыць дагавор найму і зарэгістраваць яго ў выканкаме.

***

— Мяне завуць Бальшакова Вераніка Сяргееўна, я з Гродзенскай вобласці вам тэлефаную. Справа ў тым, што я з'яўляюся ўласнікам 1/2 долі ў прыватызаванай кватэры. Уласнікам другой 1/2 долі з'яўляецца мой брат. Кватэра двухпакаёвая. Я хацела б аплачваць камунальныя паслугі асобна, а таксама каб мне вызначылі ў карыстанне адзін з пакояў. Што я павінна зрабіць для гэтага? І як быць у выпадку, калі брат не захоча вырашаць гэтае пытанне добраахвотна? Неабходна падаваць іскавую заяву ў суд? Як правільна падзяліць асабовыя рахункі на аплату паслуг?

— Калі дасягняце з братам згоды, вы можаце звярнуцца ў ЖЭС па месцы знаходжання кватэры і заключыць пісьмовае пагадненне аб парадку карыстання кватэрай.

У выпадку, калі такой згоды не будзе, вам давядзецца падаць заяву ў суд аб падзеле жылога памяшкання з просьбай выдзеліць вам ва ўласнасць асобны пакой. Месцы агульнага карыстання пры гэтым застануцца ў долевай уласнасці. На падставе рашэння суда асабовы рахунак на кватэру будзе падзелены.

***

— Мяне завуць Вольга, я жыву ў Мінску. Днямі пагасіла льготны крэдыт, які мы атрымалі 10 гадоў таму як шматдзетная сям'я. Крэдыт быў дадзены на 40 гадоў. Скажыце, калі я змагу распараджацца гэтай кватэрай, напрыклад, падарыць яе сыну або палепшыць жыллёвыя ўмовы, абмяняўшы на большую з даплатай?

— На працягу 5 гадоў вы можаце прадаць кватэру толькі мясцоваму заканадаўча-распарадчаму органу. Але калі будуць нейкія выключныя прычыны, як, напрыклад, пераезд у іншую мясцовасць, скасаванне шлюбу, смерць уласніка жылога памяшкання і інш., або ў выпадку паляпшэння жыллёвых умоў шляхам будаўніцтва ці набыцця жылога памяшкання мясцовы выканкам можа выдаць дазвол на здзяйсненне такой здзелкі. Гэта значыць, падарыць дадзеную кватэру вы можаце толькі з дазволу мясцовага выканкама, даказаўшы важкую прычыну. Калі ж вы захочаце палепшыць жыллёвыя ўмовы як уласнік, выканкам павінен даць вам дазвол на адчужэнне кватэры.

— Значыць, я павінна папярэдне заключыць дагавор аб куплі большай кватэры, потым прынесці і паказаць яго выканкаму?

— Так, і гэта будзе дазвол на куплю той канкрэтнай кватэры, на якую вы папярэдне заключылі дагавор. Але калі вы знайшлі адну кватэру, заключылі дагавор на яе куплю, вам далі дазвол, а вы вырашылі купіць потым другую кватэру, то гэтага вы зрабіць не зможаце...

***

— Добры дзень! Мяне завуць Ліна Іванаўна Нагорная, з Любані тэлефаную. Я пражываю ў пяціпавярховым доме. У нашым пад'ездзе 15 кватэр, ёсць маленькія дзеці. Скажыце, як правільна рабіць рамонт, каб не перашкаджаць суседзям? Калі я магу стукаць, свідраваць і г.д.?

— Ліна Іванаўна, у нашай краіне дзейнічае Палажэнне аб умовах і парадку перабудовы і (або) перапланіроўкі, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2013 г. № 384. Згодна з ім у перыяд правядзення пераўладкавання і (або) перапланіроўкі ў шматкватэрных і блакіраваных жылых дамах забараняецца:

— здзяйсняць у выхадныя і святочныя дні работы па пераўладкаванні і (або) перапланіроўцы, якія ствараюць шум або вібрацыю, а таксама пачынаць такія работы раней за 9 гадзін і заканчваць іх пазней за 19 гадзін у працоўныя дні. Такім чынам, у названыя дні і час вы абавязаны забяспечваць цішыню. А ў астатні час спакойна займайцеся рамонтам, вы маеце на гэта права.

***

— З Маладзечна вас турбуюць, мяне завуць Ірына Алегаўна. Мы з маці прыватызавалі ўдзвюх кватэру. Мая сястра ў прыватызацыі не ўдзельнічала і выпісана. Ці мае яна права на кватэру, на маю долю або долю маці? Ці можа яна пасля смерці маці аспрэчыць яе долю?

— У гэтым канкрэтным выпадку ваша сястра не мае правоў на прыватызаваную кватэру. Пытанне аб аспрэчванні долі пасля смерці маці некарэктнае, мяркую, вы маеце на ўвазе атрыманне ў спадчыну долі. У гэтым выпадку яна, як спадчыннік першай чаргі, мае права прэтэндаваць на частку долі пры атрыманні ў спадчыну па законе.

***

— Суседзі здалі сваю кватэру на працяглы тэрмін, але кватаранты аказаліся вельмі шумнымі, не даюць начамі спаць. Гаварылі пра гэта гаспадарам кватэры, але толку ніякага. Апошнім часам яны нават не падымаюць тэлефонную трубку. Што рабіць? Няўжо няма ніякага спосабу пакараць такіх жыхароў (або гаспадароў кватэры)? (А.С., Мінскі р-н, пытанне зададзена па электроннай пошце.)

— З 23 і да 7 гадзін не павінны адбывацца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку шляхам ігры на музычных інструментах, гучных размоў і спеваў, прымянення піратэхнічных сродкаў, выканання бытавых (рамонтных) работ, правядзення ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкага закрыцця дзвярэй, утрымання свойскіх жывёл і іншых дзеянняў. (Гэта п. 7 Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.05.2013 г. №399). Таму, калі за сценкай начамі шумяць, вы можаце звярнуцца ў праваахоўныя органы па абароне сваіх правоў.

***

— Добры дзень! Гэта Смык Валянціна з Бабруйска. Я развялася з мужам, у судовым парадку падзялілі кватэру. Асабовыя рахункі я таксама падзяліла. Праблема заключаецца ў тым, што ён не плаціць па лічыльніках. Я штомесяц аплачваю палову. За нявыплату яго паловы налічваецца пеня. Як мне быць у такой сітуацыі?

— Абавязак па выплаце пені ў гэтым выпадку ўскладаецца на былога мужа. Таксама, згодна з арт. 155 Жыллёвага кодэкса, калі ўласнік кватэры мае без важкіх прычын шасцімесячную запазычанасць па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі, мясцовы выканкам абавязаны ў пісьмовай форме папярэдзіць яго аб неабходнасці пагасіць запазычанасць.

Калі ўласнік на працягу аднаго месяца з даты атрымання папярэджання не пагасіў запазычанасці па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме, а магчымасці пагашэння доўгу за кошт яго маёмасці няма, мясцовы выканкам мае права падаць іск у суд аб прымушэнні ўласніка кватэры да яе адчужэння.

Такім чынам, пры наяўнасці названых вышэй абставін частка кватэры, якая належыць вашаму былому мужу, можа быць прададзеная з публічных таргоў.

***

— Маё пытанне датычыцца чэкаў «Жыллё». У мяне ва ўласнасці знаходзіцца дом у Мінску. Гэты дом у стадыі рэканструкцыі (летась атрыманы ўсе адпаведныя дазволы ў адміністрацыі). Мая маці хоча аформіць дагавор дарэння на чэкі «Жыллё» і аддаць іх мне. Я нядаўна ажаніўся, і мы з жонкай збіраемся стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў як маладая сям'я. Ці змагу я скарыстацца чэкамі «Жыллё», каб завяршыць рэканструкцыю свайго дома (купіць вокны, усталяваць камунікацыі і г.д.), бо дом знаходзіцца ў стадыі незавершанага будаўніцтва (рэканструкцыі). (Валерый Бурачонак, па электроннай пошце.)

— Згодна з арт.143 Жыллёвага кодэкса імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» выкарыстоўваюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь для прыватызацыі займаных імі жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду, а таксама грамадзянамі і членамі іх сем'яў, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, для выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва; рэканструкцыі блакіраваных, аднакватэрных жылых дамоў; долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве, набыцця жылых памяшканняў шляхам куплі, пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў (уключаючы выплату працэнтаў за карыстанне імі) і пазыках арганізацый, узятых і выкарыстаных на названыя мэты.

Імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» не падлягаюць адчужэнню за выключэннем дарэння іх па натарыяльна засведчаным дагаворы мужу (жонцы), бацькам, дзецям, усынавіцелям (удачарыцелям), усыноўленым, родным братам і сёстрам, дзеду, бабулі, унукам, пераходу права ўласнасці ў спадчыну або па рашэнні суда.

У выпадку рэканструкцыі вамі блакіраванага, аднакватэрнага жылога дома, пры тым што вы стаіце на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, вы можаце скарыстацца чэкамі «Жыллё», падоранымі вам вашай маці па натарыяльна засведчаным дагаворы.

***

— Добры дзень! Гэта Вольга Мікалаеўна з Мінска. Я з сям'ёй (я, муж і дачка) пражываем у кватэры, набытай па льготным крэдыце. Крэдыт да снежня 2028 года. З мужам я 3 гады ў разводзе. У кватэры прапісаныя толькі мы з дачкой. Былы муж прапісаны ў іншай кватэры (яна ў яго ў прыватнай уласнасці). Сыходзіць ён не хоча, абражае мяне і пагражае. Крэдыт аформлены на мяне, выплачваю яго я. Ці ёсць у мяне шанц прадаць гэтую кватэру, каб мы маглі раз'ехацца?

— Вольга Мікалаеўна, згодна з дзейным заканадаўствам да поўнага пагашэння льготнага крэдыту продаж жылога памяшкання, пабудаванага з яго прыцягненнем, забаронены, у сувязі з чым вы, на жаль, не зможаце здзейсніць гэтую здзелку.

***

— У 1992 годзе муж з'ехаў даглядаць маці і прапісаўся ў яе доме. Маці памерла ў тым жа годзе і не пакінула завяшчання. Цяпер у гэтым доме жыве наша сям'я (з 1992 г.) — гэта значыць мой 81-гадовы муж (інвалід 1 групы), сын (1987 г.н., інвалід з дзяцінства) і я. Яны прапісаны ў гэтым доме, я прапісаная ў Вілейцы. У 2014 годзе сястра мужа аформіла завяшчанне на гэты дом (зарэгістравала) на свайго сына. Нам старшыня сельсавета сказаў, што яно несапраўднае, таму што няма подпісу маці. Тым не менш цяпер гэты дом сястра мужа хоча прадаць. Ці мае яна права выселіць нашу сям'ю? (Юркевіч Ванда Пятроўна, Вілейскі р-н, в. Жары, пытанне зададзена папярэдне.)

— У выпадку наяўнасці сумненняў у сапраўднасці завяшчання вы маеце права аспрэчваць яго ў судовым парадку. Разам з тым паўналетнія члены сям'і ўласніка жылога памяшкання, якія пражываюць сумесна з ім і якія не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэтае жылое памяшканне, падлягаюць высяленню па патрабаванні ўласніка ў іншае жылое памяшканне, якое належыць ім альбо ўласніку на праве ўласнасці ў дадзеным населеным пункце і адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, у сувязі з чым вашу сям'ю могуць выселіць у іншае жылое памяшканне.

***

– Алё, гэта Прамая лінія? Вам тэлефануе Ірына, з Лідскага раёна. У мяне да вас такое пытанне: каб узяць крэдыт у банку на будаўніцтва жылля, трэба прадаставіць пэўныя дакументы, у тым ліку дагавор аб стварэнні аб'екта долевага будаўніцтва паміж заяўнікам і забудоўшчыкам. Але калі ты разлічваеш на гэты крэдыт, каб будавацца, і ўжо заключыў дагавор, а банк па пэўных прычынах яго не ўхваліць, то ці можна скасаваць гэты дагавор? Ці, можа, нейкія гарантыі ёсць?

– Вы маеце на ўвазе льготны крэдыт або крэдыт на агульных падставах?

– Я маю на ўвазе не льготны крэдыт. Я хачу купіць кватэру ў якога-небудзь забудоўшчыка, хутчэй за ўсё, прыватнага. Банкі прадастаўляюць крэдыты на іх. Але, каб далі гэты крэдыт, трэба прадаставіць дагавор.

– Вы, калі будзеце звяртацца да юрыстаў забудоўшчыка і заключаць дагавор на будаўніцтва, акрамя цаны і тэрміну ўвода дома ў эксплуатацыю звярніце ўвагу на парадак скасавання дагавора і парадак унясення сродкаў. Забудоўшчыкі падстрахоўваюцца ад тых, хто плаціць несвоечасова, штрафнымі санкцыямі. То бок, калі вы разлічваеце атрымаць крэдыт, напрыклад, 10-га чысла, а ў банку вам скажуць, што гэта будзе 20-га, чытайце ўважліва дагавор: магчыма, вам за гэтыя 10 дзён налічаць пеню або штраф такога памеру, што ён будзе раўняцца кошту квадратнага метра. Гэта па-першае.

Далей, звярніце ўвагу на парадак унясення аплаты і парадак скасавання дагавора, менавіта ў аднабаковым парадку: якія могуць быць наступствы. Часам прадугледжваецца вяртанне грошай у доларавым эквіваленце па курсе Нацбанка на дату ўнясення, і калі курс будзе вагацца, вы можаце страціць на гэтым грошы.

 Але, па агульным правіле, ніхто не можа вас прымусіць будавацца, г.зн. скасаваць дагавор вы можаце. Пытанне толькі наконт вяртання грошай. Вы можаце страціць на банкаўскіх камісіях, і гэта, як правіла, немаленькія сумы. Калі вас не задавальняе парадак скасавання і вяртання грошай, вы павінны пры складанні дагавора абмеркаваць гэты момант з забудоўшчыкам, каб вяртанне грошай прайшло для вас з мінімальнымі стратамі.

– Яшчэ такое пытанне: калі ў дагаворы забудоўшчык першапачаткова паказвае суму будаўніцтва, яна можа неяк змяніцца ў працэсе будаўніцтва?

– Вам трэба ўважліва вывучыць дагавор наконт таго, ці магчыма змяненне цаны і пры якіх абставінах. Але, як правіла, зараз дагаворы ідуць на канкрэтную суму ў доларавым эквіваленце, і гэтая сума не падвышаецца – пры ўмове, калі не было нейкіх форсмажорных абставінаў.

Так што самае галоўнае – уважліва чытаць дагавор (і лепш рабіць гэта з юрыстам), таму што ў ім можа быць шмат нюансаў. Асабліва гэта тычыцца тэрмінаў уводу дома ў эксплуатацыю.

***

– Добры дзень! Гэта Фёдараў Міхаіл Аляксандравіч вас турбуе, жыву ў Баранавічах. Я развёўся з жонкай. Пражываю з ёй у непрыватызаванай кватэры. Кватэру атрымліваў яе бацька, ён жыве разам з намі. У мяне няма іншага жылля, куды я мог бы прапісацца. Мяне могуць выпісаць у нікуды?

– Міхаіл Аляксандравіч, згодна з арт. 57 Жыллёвага кодэкса члены сям'і наймальніка жылога памяшкання страчваюць правы і абавязкі, якія вынікаюць з дагавора найму жылога памяшкання, і могуць быць прызнаныя ў судовым парадку страціўшымі права валодання і карыстання жылым памяшканнем у выпадку выезду на месца жыхарства ў іншае жылое памяшканне. Але калі вы фактычна пражываеце ў кватэры былой жонкі і пры гэтым не парушаеце правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, падстаў для вашага высялення няма.

– Дзякуй вялікі!

***

– Гэта вам з Навагрудку тэлефануюць, завуць мяне Аляўціна. Такая праблема: мы жывем у прыватызаванай двухпакаёвай кватэры разам з былым мужам. Ён у кватэры зарэгістраваны, але ў прыватызацыі не ўдзельнічаў, кватэра прыватызаваная на мяне. Ніякай камуналкі не плаціць. Я хачу прадаць гэтую кватэру, але не ведаю, ці можна выпісаць адтуль мужа без яго згоды?

– Закон кажа, што члены альбо былыя члены сям'і ўласніка прыватызаванага жылога памяшкання, якія пражывалі сумесна з ім на момант прыватызацыі, але не прымалі ўдзелу ў прыватызацыі (а таксама члены альбо былыя члены сям'і ўласніка жылога памяшкання, якое пабудавана з дзяржпадтрымкай, выдзеленай уласніку , у склад сям'і якога ўваходзілі гэтыя члены альбо былыя члены сям'і), не падлягаюць высяленню, калі яны не парушаюць правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў (арт. 95 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Такім чынам, калі ваш былы муж не парушае правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, то падстаў для яго высялення не маецца.

– Зразумела…

***

– Суседзі з ніжняга паверха ўвесь час кураць каля акна паміж паверхамі. На заўвагі не рэагуюць. Што можна зрабіць? (Таццяна Аляксееўна Гарчакова, г. Барысаў, пытанне зададзена папярэдне)

– Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў забараняецца курыць ў дапаможных памяшканнях жылога дома (напрыклад у пад'ездах). Згодна з арт. 21.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне дадзенага правіла цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад трыццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Так што вы мае права звярнуцца ў праваахоўныя органы з адпаведнай заявай.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.