Вы тут

Як зарэгістраваць дзіця ў інтэрнаце?


— Мы з мужам прапісаны і жывём у інтэрнаце ад яго работы. Гэта інтэрнат сямейнага тыпу, у нас асобны блок. Нядаўна нарадзілася дзіця. Ці можам мы зарэгістраваць яго па месцы нашага жыхарства? Куды для гэтага трэба звярнуцца і якія прадставіць дакументы? Калі малога можна будзе зарэгістраваць у іншай кватэры, асобна ад нас?

Маргарыта Мятліцкая, Гомельская вобласць.


На пытанне адказвае Надзея МАЎЧУН, намеснік начальніка ўпраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Несумненна, вы маеце права зарэгістраваць дзіця па месцы свайго пражывання. Згодна з пунктам 29 Палажэння аб інтэрнатах (зацверджанага пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 5 красавіка 2013 года № 269) наймальнік, які займае ізаляванае жылое памяшканне ў інтэрнаце, якое прызначана для пражывання сем'яў і знаходзіцца ў іх адасобленым валоданні і карыстанні, мае права прадастаўляць гэтую плошчу ва ўладанне і карыстанне сваім непаўналетнім дзецям, якія не маюць ва ўласнасці і (ці) уладанні і карыстанні жылых памяшканняў у гэтым населеным пункце.

Хачу нагадаць, што рэгістрацыя па месцы жыхарства не з'яўляецца падставай для ўзнікнення права валодання і карыстання жылым памяшканнем (артыкул 23 Жыллёвага кодэкса Беларусі). Такім правам непаўналетнія дзеці наймальніка памяшкання ў інтэрнаце надзяляюцца толькі са згоды адміністрацыі арганізацыі, у распараджэнні якой знаходзіцца інтэрнат, і прафсаюзнага камітэта (пры яго наяўнасці).

Пытанні рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання рэгулююцца Палажэннем аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, зацверджаным Указам Прэзідэнта Беларусі ад 7 верасня 2007 г. № 413 «Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання» (далей — Палажэнне аб рэгістрацыі).

Дзеці, якія не дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту, рэгіструюцца па месцы жыхарства або месцы знаходжання іх бацькоў (законных прадстаўнікоў) ці аднаго з іх са згоды другога або па рашэнні суда, якім вызначаецца, з кім з законных прадстаўнікоў будуць пражываць малыя.

Непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў таксама можна зарэгістраваць па месцы жыхарства іх бацькоў ці аднаго з іх са згоды другога або па рашэнні суда, якім вызначаецца, з кім будуць пражываць малыя. Аднак пасля 14 гадоў непаўналетняга (са згоды яго прадстаўнікоў) можна зарэгістраваць не па месцы жыхарства бацькоў.

Каб зарэгістраваць дзіця па месцы жыхарства ці месцы знаходжання яго прадстаўнікоў ці аднаго з іх, не патрабуецца згода ўласніка (наймальніка) жылога памяшкання і паўналетніх членаў яго сям'і, якія маюць права карыстання гэтай плошчай. Адпаведна з падпунктам 3.4 пункта 3 названага Указа непаўналетнія вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю па месцы жыхарства або месцы знаходжання.

Дакументы для рэгістрацыі дзіцяці па месцы жыхарства вы павінны прадставіць асобе, адказнай за рэгістрацыю, у арганізацыі, што распараджаецца інтэрнатам.

Вам спатрэбяцца:

заява аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ўстаноўленай формы;

дакумент, які пацвярджае асобу (пасведчанне аб нараджэнні);

пісьмовая згода аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняга на яго рэгістрацыю па месцы жыхарства другога законнага прадстаўніка, якая засведчана асобай, адказнай за рэгістрацыю.

Звяртаю вашу ўвагу, што, згодна з пунктам 7 Палажэння аб рэгістрацыі непаўналетні павінен быць зарэгістраваны бацькамі па месцы жыхарства не пазней аднаго месяца з дня рэгістрацыі нараджэння або з дня прыбыцця на новае месца жыхарства.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Загаловак у газеце: Дзіця зарэгіструюць усюды, дзе жывуць яго бацькі, — бясплатна і без згоды ўласніка памяшкання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».