Вы тут

Бедная Ліза


Ці патрэбны дзецям нашы ахвяры дзеля іх будучыні?


З сямігадовай Лізай мы пазнаёміліся ў берлінскай кватэры маіх сяброў. Маці, спяшаючыся па справах, прывяла яе пасля школы, сказала некалькі дзяжурна-ветлівых фраз: маўляў, вельмі выручылі, што б я без вас рабіла, і ўзнёслая, задаволеная сама сабой, панеслася да ажыццяўлення сваёй мары. Ліза ў чужой сям'і пачувала сябе як дома: тут жа пабегла ў дзіцячы пакой гуляць са сваёй сяброўкай Машай. Пасля прыйшла на кухню і папрасіла есці. «Што б ты хацела?», — спытала гаспадыня кватэры. «Макароны», — адказала малая. «Можна і макароны, але паглядзі, якая ў нас бульбачка прыгожая ёсць», — паказваючы патэльню з запечанай у духоўцы са спецыямі і сырам бульбай, спакушала Лізу «мама Іра». «Не, лепей макароны, — упарцілася дзяўчынка. — Я не каштавала такую бульбу, таму не ведаю, ці хачу...» Гучала гэта так разважліва па-даросламу, але так па-дзіцячаму бездапаможна, што нейкі жаль агарнуў да гэтага дзіцяці. «І так кожны раз, — бачачы маё здзіўленне, тлумачыла Ірына. — Даводзіцца кожны раз угаворваць паесці чагосьці іншага, і да ўсяго яна ставіцца з недаверам, бо ніколі не каштавала. Просіць толькі макароны, бо гэта, бадай, адзінае, што ўмее гатаваць яе маці...»

Маці Лізы, Лада, яшчэ гадоў дзесяць таму была зоркай еўрапейскай опернай сцэны. Родам яна з Ціраспаля, што ў Прыднястроўі, скончыўшы школу за некалькі гадоў да развалу Саюза і пачатку вайны на сваёй радзіме, паспела атрымаць адукацыю ў маскоўскай кансерваторыі. Пасля пачаліся праблемы з грамадзянствам, вяртацца не было куды, і яна падалася шукаць шчасця на Захад. Удалося ўладкавацца дзякуючы добраму голасу, зрабіць імя ў асяроддзі тэатралаў. Былі і запрашэнні вядучых оперных сцэн, і неблагія грошы, і багемнае жыццё. Пасля, вырашыўшы ўкласці сабраныя сродкі ў нерухомасць — кватэру ў Маскве, яна стала ахвярай махляра: засталася і без грошай, і без жылплошчы. Яшчэ і з разбітай верай у чалавечыя пачуцці і адносіны: махляром аказаўся каханы чалавек. Трэба было ўсё пачынаць спачатку, амаль у сорак...

У жудаснай дэпрэсіі яна паехала ў сваю маленькую кватэру ў Берліне (аднапакаёўку на апошнім паверсе з мінімальнымі выгодамі купіла калісьці, каб было дзе пераначаваць у сваіх еўрапейскіх гастрольных вандроўках). Блукаючы па старонках інтэрнэту, яна пазнаёмілася з Енсам, прадаўцом кнігарні з нямецкага Магдэбурга. Пачалі сустракацца, і калі даведалася, што цяжарная, рашыла нараджаць, тым больш што бацька ад дзіцяці не адмаўляўся, а зрабіў прапанову пажаніцца. Яна планавала, што праз пару месяцаў пасля родаў зможа выйсці на сцэну зноў.

Але атрымалася ўсё па-іншаму. Дзяўчынка нарадзілася кволенькая, часта хварэла. Пра сцэну давялося забыцца на два гады. Калі ж усё наладзілася, пра такую спявачку, як Лада Бірукова, ужо ніхто і не помніў. Пачынаць працаваць на імя з нуля ў сорак два гады з малым дзіцем на руках здавалася бессэнсоўным. І яна вырашыла прысвяціць жыццё дачцэ. Прынамсі, яна так думае.

Так яны і жывуць цяпер — маці з Лізай у берлінскай аднапакаёўцы, бацька — у сваім доме, які атрымаў у спадчыну ад бацькоў, у Магдэбургу. Бацьку Ліза бачыць на выхадныя, калі ён прыязджае да іх, маці — фактычна не бачыць. Бо маці, як яна сама гаворыць, працуе дзеля будучыні дачкі. Цяпер у яе ідэя — перасяліць сям'ю ў большую кватэру, каб у Лізы быў свой пакой. Яна набрала прыватных урокаў па ўсім Берліне і носіцца са сваёй віяланчэллю па розных адрасах з абеду да вечара — акурат тады, калі малая прыходзіць са школы. Яна закідвае яе да маіх сяброў, і Ліза, часам памыляючыся, называе Ірыну мамай, а яе мужа — татам. Толькі ў гэтым доме дзяўчынка бачыць, як гэта бывае — калі за сталом збіраецца ўся сям'я, калі мама на кухні гатуе штосьці смачнае, калі бацькі разам — размаўляюць, жартуюць... Яе маці за гады сваёй «ахвярнасці» не навучылася гатаваць нічога, акрамя макаронаў. Але затое яна прыходзіць забіраць яе позна ўвечары, калі ўжо дзеці гаспадароў кладуцца спаць, і з радаснай усмешкай паведамляе: «Ну вось, зроблены яшчэ адзін крок да нашай мары. Усё для цябе, мая дарагая, я ахвяравала сваім талентам, каб у цябе ўсё было добра...» (Здаецца, яна сапраўды шчыра ў гэта верыць, хоць кожнаму зразумела, што на прыватных уроках шмат не заробіш.) Так яны і сыходзяць у цемру — стомленая, але задаволеная сабой, узнёслая жанчына з паставай опернай дзівы і яе маленькая дзяўчынка, падобная на недалашчанага звярка...

А як жа бацька, спытаеце вы. Бацька чакае іх у прасторным доме з садам у невялікім горадзе. Дом стары, патрабуе рамонту, але там у Лізы гарантавана будзе свой пакой. Там ёсць свой тэатр, дзе Лада з яе бліскучым мінулым заняла б належнае месца, зноў магла б спяваць. Там у бацькі пастаянная работа, якая прыносіць не шыкоўны, але дастатковы для нармальнага жыцця даход. Чаму б не пераехаць туды? «Дзеля будучыні Лізы» гэтага не хоча яе маці. Дзіця павінна вырасці і атрымаць адукацыю ў сталіцы — перакананая яна. «Вось хутка пераедзем на новую кватэру і жыццё наладзіцца. Усё ж дзеля цябе, мая дарагая», — з дня ў дзень, месяц за месяцам паўтарае яна дачцэ, не думаючы (ці не хочучы думаць) пра тое, што аднойчы ўбачыць замест сваёй маленькай дачушкі ўжо зусім дарослага і абсалютна чужога чалавека, які наўрад ці скажа ёй «дзякуй». І выправіць штосьці ўжо будзе немагчыма, таму што — беззваротна позна.

Якія адносіны мае гэта берлінская гісторыя да нашай рэчаіснасці? Адкіньце геаграфію падзей і прафесію галоўнай гераіні. І паспрабуйце знайсці падабенства з тым, што адбываецца ў вашай сям'і. Нічога агульнага? У такім выпадку, вашым дзецям (унукам) пашанцавала. Або проста вам хочацца так думаць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».