Вы тут

Як мы з міліцыяй «наведалі» сталічных «начных матылькоў»


Найстаражытнейшая прафесія аказалася яшчэ і адной з самых стойкіх: ні сексуальная рэвалюцыя, ні свабодныя сучасныя норавы, ні нават крызіс не змаглі пазбавіць «прадажнае каханне» запатрабаванасці. Аднак уплыў прагрэсу ўсё ж такі адчуваецца: з вуліц большасць «неагетэр» перайшлі ў інтэрнэт. Замест таго каб стаяць на марозе (а якімі яны могуць быць зімой, беларусы ведаюць не па чутках!), дзяўчаты размяшчаюць сваю анкету на спецыялізаваных сайтах і чакаюць «гасцей».


Па прызнанні Каці і Паліны,  яны чакалі не «кліента»,  а сантэхніка.

Супрацоўнікам міліцыі ўсе інтэрнэтныя «паролі і яўкі» добра знаёмыя. Падобныя заданні нават не выклікаюць у іх весялосці — гэта штотыднёвая руціна, ды і схема работы даўно адпрацаваная. Адшукаць у Мінску прастытутку можна за дзве хвіліны. З выбарам складаней: ён велізарны, прапановы ёсць як на розны кашалёк (ад 40 долараў і вышэй, дзе 500 — гэта далёка не мяжа), так і на розны густ. Праўда, зазірнуць у вочы — люстэрка душы — атрымаецца толькі пры асабістай сустрэчы: свой твар, мабыць, з-за сціпласці, дзяўчаты не дэманструюць.

Прагледзеўшы некалькі анкет, спыняем свой выбар на «дуэце» пад арыгінальнай назвай «Салодзенькія». Дзяўчаты гатовыя працаваць як у пары, так і паасобку. Нам гэта толькі на руку: зараз можна затрымаць адразу абедзвюх.

Далей усё да смешнага проста. Набіраем нумар:

— Добры дзень. Хацеў бы пад'ехаць да вас. Праз колькі? Ды на працягу 20 хвілін. Добра, запісваю адрас.

Па прызнанні супрацоўнікаў міліцыі, дзённы час — самая гарачая пара для «дамашніх» прастытутак. Мужчыны, якія шукаюць вострых адчуванняў, часта прыязджаюць да іх падчас абедзеннага перапынку або паміж дзелавымі сустрэчамі, таму што потым будзе не да таго — чакае вячэра ў цёплым сямейным коле.

Звычайна прастытуткі асцярожнічаюць, адразу называюць толькі нумар дома, з акна выглядаючы, на якім аўтамабілі прыехаў кліент і ці адзін ён. Калі нешта выклікае падазрэнні, альбо не адчыняюць дзверы, альбо наогул выключаюць тэлефон. Ведаючы пра гэта, адпраўляемся да іх на дзвюх машынах. Супрацоўнік міліцыі, якому выпала роля кліента, падымаецца ў кватэру адзін.

Яго задача — асабіста атрымаць інфармацыю, якая пацвярджае незаконнасць роду заняткаў «прадпрымальніцы». Як толькі гаворка заходзіць аб кошце або відзе сексуальных паслуг, супрацоўнік міліцыі дастае службовае пасведчанне.

Цяпер за тым, што адбываецца, можна паназіраць не хаваючыся. Калі мы заходзім у кватэру, там пануе напружаная атмасфера.

— Яшчэ прыйшлі! Вас не вучылі разувацца, калі ў дом заходзіце? Мы тут басанож ходзім, а вы бруду са двара нанеслі. Бярыце швабру і прыбірайце! — абураецца адна з дзяўчат.

Яна, апранутая ў адкрытую начнушку, скрыжаваўшы рукі на грудзях, сядзіць за кухонным сталом і спрачаецца з міліцыянерамі. Яе сяброўка паводзіць сябе больш спакойна і моўчкі збіраецца.

— Галоўнае, пашпарты не забудзьце, — некалькі разоў паўтарае супрацоўнік міліцыі.

Здымная кватэра выглядае нежылой, у ёй практычна няма асабістых рэчаў.

Нават гэтая фраза выводзіць эмацыйную дзяўчыну з сябе.

— Мы што падобныя на адсталых? Не трэба адно і тое ж казаць дзесяць разоў! — яна амаль пераходзіць на крык, пры гэтым бярэцца за швабру і дэманстратыўна выцірае падлогу там, дзе засталіся сляды ад абутку. Скончыўшы прыбіранне і, мабыць, змірыўшыся ўсё-такі з непазбежным, пачынае пераадзявацца, але ні на секунду не спыняе гнеўную гаворку.

Тым часам аглядаем кватэру. Адразу ж становіцца відавочным, што яна нежылая: асабістых рэчаў — мінімум. Увагу прыцягвае вялікі, разасланы днём ложак. Злавіўшы нашы погляды, адна з дзяўчат заўважае: «Што? І падрамаць нельга?»

Патраціўшы на зборы хвілін 20, нарэшце адпраўляемся ў аддзяленне міліцыі. Па дарозе адна з дзяўчат, тая, што больш дзёрзкая, — назавём яе Каця — гуляе на тэлефоне ў карты. Другая, скажам, Паліна, прыкметна нервуецца і просіць адказаць на адзін «вельмі-вельмі важны» званок, але дазволу не атрымлівае — не паложана.

Нават трапіўшы ў аддзяленне, дзяўчаты сваю віну так і не прызнаюць.

— Мы чакалі сантэхніка, у нас зліў забіты, таму вас і ўпусцілі. Я ўвогуле ў душы была. Паглядзіце, валасы мокрыя, — апраўдваецца Каця.

— Я дзверы нікому не адчыняла і па тэлефоне ні з кім не размаўляла. Што там Каця ў душы рабіла, я не ведаю, — падтаквае ёй Паліна.

Прызнаваць сваю віну,  як і паказваць  твар на камеру,  дзяўчаты  катэгарычна адмовіліся.

Па версіі дзяўчат, у сталіцу яны прыехалі з аднаго з раённых гарадоў Гомельскай вобласці, адкуль абедзве родам, за дзень да гэтага — уладкоўваліся на працу ў краму. Ужо паспелі схадзіць на гутарку, і менавіта званка ад магчымага наймальніка і чакала Паліна.

— У нас у горадзе працы зусім няма, таму даводзіцца ездзіць у Мінск. Але я б, вядома, лепш дома жыла, там спакайней, ды і ў міліцыю ніхто не забірае. Вы паглядзіце на мяне: ува мне 70 кілаграмаў тлушчу! Якая я прастытутка? — жартаўліва скардзіцца Паліна.

На безыменным пальцы ў маладой жанчыны кальцо. З радаснай усмешкай яна паведамляе, што нявеста, хутка вяселле. Жаніх займаецца дрэвам, працуе з Расіяй.

У абедзвюх дзяўчат — сярэдняя спецыяльная адукацыя: Паліна повар, у Кацярыны — цяжка вымаўляльная тэхнічная спецыяльнасць, па якой працуюць пераважна мужчыны. Пакуль супрацоўнік міліцыі запаўняе дакументы, паспяваем абмеркаваць з дзяўчатамі закон аб дармаедстве (яны рашуча супраць, маўляў, усе тавары ў краме і так абкладаюцца ПДВ, ды і працу не знайсці) і легалізацыю прастытуцыі (на іх думку, гэта бессэнсоўна: усё адно падаткі плаціць ніхто не захоча, ды і разабрацца з вызначэннем, што адносіцца да прастытуцыі, а што не, занадта складана).

— Ведаеце, я калі на мінулым месцы работы была на пасадзе адміністратара, са скандалам выгнала адну супрацоўніцу. З тых часоў — мы ворагі. Напэўна, гэта яна нас падставіла, — нібы здагадваецца Паліна.

Каця любіць чытаць,  яе апошні выбар —  кніга пад назвай «Экстрэмальныя адносіны».

Я ўжо амаль гатовая шчыра паверыць, што ўся гэтая сітуацыя — недарэчная выпадковасць, але справа даходзіць да агляду асабістых рэчаў. Змесціва сумкі быццам бы не выклікае падазрэнняў, звычайны «жаночы» набор: ключы, навушнікі, памада, гумка для валасоў, аднак у кашальку знаходзіцца доказ таго, што жанчыны ўсё ж такі зарабляюць забароненым рамяством: у кожнай — па вялікім стосе тэлефонных SІM-картак.

— Звычайна прастытуткі мяняюць працоўны тэлефонны нумар раз на некалькі дзён. Тое ж датычыцца і кватэры: часцей за ўсё яны здымаюць яе на суткі. Распаўсюджаная практыка, калі дзяўчаты з перыферыі прыязджаюць у сталіцу ўсяго на некалькі дзён, каб падзарабіць, — адзначаюць супрацоўнікі міліцыі.

Размова заходзіць пра бацькоў.

— Я даўно дарослы чалавек. Мне 26 гадоў! З маці ўжо некалькі гадоў не маю зносін, але хваляваць яе ўсё адно не хачу. За свае ўчынкі я адказваю толькі сама! — павышае голас Кацярына. Відаць, што гэтая тэма яе вельмі моцна кранае.

Разбіранні доўжацца дзве гадзіны, пасля чаго дзяўчат адпраўляюць да ўчастковага, ноч ім давядзецца правесці ў ізалятары часовага ўтрымання. Адразу ж на наступную раніцу — суд: як растлумачыў намеснік начальніка Савецкага РУУС Аляксандр ФІЛІПЧЫК, згодна з артыкулам 17.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях займанне прастытуцыяй цягне накладанне штрафу ў памеры ад шасці да дваццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, за паўторнае парушэнне на працягу года — штраф ад трыццаці да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Савецкага РУУС сталіцы праводзяць падобныя рэйды рэгулярна, некалькі разоў на месяц — затрымліваюць такім чынам каля 15 чалавек. Акрамя таго, правяраюць яшчэ і вулічныя «пункты» з благой славай: іх становіцца ўсё менш, але пакуль яны яшчэ не зніклі канчаткова.

— Большасць сайтаў, на якіх размяшчаюцца анкеты, зарэгістраваны не ў Беларусі, таму досыць складана абмяжоўваць да іх доступ. Так што, калі задацца мэтай... Аднак самі затрыманыя, якія прызнаюць сваю віну, адзначаюць, што з-за крызісу кліентаў усё ж такі стала менш, а дзяўчат, якія прыехалі ў сталіцу з правінцыі за лёгкімі грашыма — больш, — расказваюць спецыялісты.

Канчаткова паверыць у невінаватасць дзяўчат перашкодзіла  вялікая колькасць SIM-карт, знойдзеная ў кожнай.

Уцягнутымі ў прастытуцыю аказваюцца жанчыны з розных сацыяльных слаёў і ўзроставых груп. Часта ў анкеце ўпішуць недакладную інфармацыю, прыбіраючы да пары дзясяткаў лішніх гадоў, ці ж загружаюць чужыя фотаздымкі. Так што цалкам магчыма, што замест юнай стройнай німфы на месцы вас будзе чакаць жанчына «з формамі», блізкая да перадпенсійнага ўзросту. Але тут ужо нічога не зробіш: назваўся груздом — лезь у кош.

Усяго летась у Мінску было складзена 619 адміністрацыйных пратаколаў. 207 асоб панеслі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, астатнія — заплацілі штраф агульным памерам у 176 тысяч 855 рублёў. На цяперашні момант на аператыўным уліку стаіць каля тысячы чалавек.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Не вінаватая я, ён сам прыйшоў! А я сантэхніка чакала...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

За апошнія 30 гадоў у нас у краіне ў параўнанні з нормай 1961—1990 гадоў, якая ўжываецца як апорная пры ацэнцы значэнняў змены клімату, пацяплела на 1,3 градуса.

Грамадства

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Міністэрства транспарту і камунікацый цяпер распрацоўвае генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу да 2025 года.

Грамадства

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гэты аповед даслаў нам у рэдакцыю наш даўні чытач з Вялікай Бераставіцы Міхаіл Маскальчук.

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.